Няпросты шлях у брэнды

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Нематэрыяльная культурная спадчына: пагрозы і ахова
Выйшаў зборнік “Місія выканальная-2”, у якім перспектывы вывучэння фальклору разглядаюцца навукоўцамі з Беларусі і Эстоніі. Некаторыя артыкулы акрамя тэарэтычнай маюць вялікую практычную значнасць, у тым ліку для работнікаў сферы культуры на месцах. Адзін з такіх тэкстаў — “Пагрозы інстытуялізацыі народнай творчасці ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі” Таццяны Мармыш.

/i/content/pi/cult/834/17779/8.jpgНазву “Місія выканальная” меў першы беларуска-эстонскі зборнік навуковых артыкулаў, выдадзены ў 2018 годзе. Яна перафразуе назву фільма “Місія невыканальная”, сцвярджаючы, што фалькларыстыка — навука актуальная і перспектыўная, прыдатная і для аналізу з’яў традыцыйнай культуры, і стракатых інфармацыйных плыняў у сучасным свеце. Таццяна Мармыш у названым артыкуле абагульняе свой шматгадовы вопыт і ў якасці даследчыка-тэарэтыка, і метадыста-практыка. Калісьці мы разам працавалі ў аддзеле забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі (раней Інстытут праблем культуры, цяпер структурнае падраздзяленне Універсітэта культуры і мастацтваў).

/i/content/pi/cult/834/17779/9.jpgТаццяна даводзіць, што ўнясенне элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі спрыяе не толькі іх ахове, але і ўзнікненню шэрагу пагроз: канструяванне мадэлі нацыянальнай культуры шляхам пашырэння спісу, камадыфікацыя і камерцыялізацыя народнага мастацтва, дэкантэкстуалізацыя, вынаходніцтва традыцый, канкурэнцыя рэгіёнаў, перакручанае разуменне аўтэнтычнасці праяў народнай культуры. Для тэарэтычнага асэнсавання пазначаных праблем Таццяна Мармыш прыцягвае і замежныя публікацыі. Пры гэтым пагрозы аналізуюцца на беларускім матэрыяле, што абумоўлівае спецыфіку іх выдзялення аўтаркай адрозна ад больш агульных пастулатаў UNESCO.

Канструяванне мадэлі нацыянальнай культуры

Таццяна Мармыш адзначае, што ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры элементы нематэрыяльнай спадчыны, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, разглядаюцца хутчэй як спадчына, якая належыць дзяржаве, а не носьбітам, і як агульнабеларуская з’ява, а не дасягненне лакальнай культуры. Даследчыца таксама піша пра перавагу ініцыятывы зверху над ініцыятывай знізу у справе ўнясення элементаў у Дзяржаўны спіс. Усё гэта супярэчыць духу Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

На маю думку, тут праблема больш шырокая: на жаль, не толькі ў сферы культуры нацыянальнае беларускае заканадаўства не адпавядае міжнародным дакументам, якія Рэспубліка Беларусь ратыфікавала і абавязалася выконваць. Гэта поле дзейнасці для юрыстаў. Што да ініцыятывы знізу — то яе, безумоўна, хацелася б бачыць больш. Выдатны прыклад — Таварыства босых бортнікаў, якое фактычна “прасунула” беларускае бортніцтва ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, шмат зрабіла для таго, каб гэты файл стаў інтэрнацыянальным, наладзіўшы сувязі з польскімі бортнікамі. У той жа час, варта разумець, што носьбіты - не заўсёды маладыя ды ініцыятыўныя, а часта - людзі сталага веку, абцяжараныя клопатамі па гаспадарцы. Таму ініцыятарамі ўнясення спадчыны ў спіс могуць стаць работнікі мясцовых ці раённых устаноў культуры, якія часам з’яўляюцца пераймальнікамі традыцый, але ў любым выпадку — прадстаўнікамі мясцовай супольнасці, не чакаючы, пакуль іх спадчыну “заўважаць” з вобласці.

Камадыфікацыя і камерцыялізацыя народнага мастацтва

Гэтыя з’явы, на думку Таццяны Мармыш, характэрныя ў першую чаргу для рамесных традыцый, якія часта выкарыстоўваюць у турызме. Традыцыйныя практыкі, навыкі і веды ацэньваюцца ў першую чаргу з эканамічнага боку. Як прыклад даследчыца прыводзіць практыку продажу ў Мінску велікодных вербаў-“пальмаў”, зробленых па ўзоры з Гродзенскага раёна (мясцовая практыка ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей).

Агулам пагаджуся з тэзісам, што камерцыялізацыя - сапраўды сур’ёзная пагроза для традыцыйных рамёстваў. Жаданне зрабіць больш на продаж вядзе да спрашчэння і, у выніку, страты тэхналогій, ахвота дагадзіць пакупніку - да выкарыстання аляпаватых, нехарактэрных для традыцыйнай культуры колераў. Аднак, з прыкладам, які прыводзіць Таццяна, пагадзіцца не магу. “Нацыянальныя брэнды” ці не ўсіх краін праходзілі шлях з мясцовай культуры ў нацыянальную, гэта датычыцца не толькі рамёстваў, а і танцаў, песень… Проста гэта іншы ўзровень бытавання традыцыі. Канечне, замежнікам часта ўсё роўна, з якой часткі Беларусі паходзіць тая ці іншая з’ява. Але не ўсё роўна павінна быць самім беларусам. Галоўнай праблемай мне бачыцца недахоп інфармавання і майстроў, і турыстаў пра традыцыйныя, мясцовыя формы культуры.

Вынаходніцтва традыцый

Недаацэнка мясцовай спадчыны, імкненне далучыцца да “высокага ўзору” прыводзіць, на думку Таццяны Мармыш, да ўнядрэння новых, нехарактэрных элементаў у тканіну народнага мастацтва. Як прыклад даследчыца прыводзіць калядны карнавал у Давыд-Гарадку (Столінскі раён), дзе разам з традыцыйнымі “конікамі” на Шодры вечар 13 студзеня дамы абыходзяць персанажы, пераапранутыя ў герояў амерыканскай і савецкай поп-культуры (Чабурашка, Мікі Маус, капітан Джэк Верабей і г. д.).

Зноў жа пагаджаючыся з тэзісам, не пагаджуся з прыкладам, які яго ілюструе. “Вынаходніцтва традыцый” — сапраўды праблема, але, на маю думку, часцей яна выклікана ідэямі з папулярнай эзатэрычнай літаратуры, з прац па своеасабліва зразуметым язычніцтве ці, наадварот, уплывам рэлігійных устаноў (найперш праваслаўнай царквы). Традыцыі інтэрпрэтуюць і робяць “больш духоўнымі”, арыентуючыся на неўласцівыя для мясцовай культуры ўзоры. Што да Давыд-Гарадка, то, мяркую, з’яўленне там сучасных калядных персанажаў разам з традыцыйнымі - заканамерны працэс, які сведчыць пра жывы стан карнавальнай традыцыі. У свой час так жа ў калядных гуртах з’явіліся цыганы ды жыды, вайскоўцы пад рознымі імёнамі (Салдат, Афіцэр). Той жа давыд-гарадоцкі Конік — не такі ўжо і “стары” персанаж, бо выяўляе вайскоўца на кані.

Разумнае рашэнне

Таццяна Мармыш піша, што змена прасторава-часавага вымярэння нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая выяўляецца ў “экспарце” носьбітаў на канцэрты, фестывалі, кірмашы, здараецца, ва неўласцівы для бытавання элемента час (дэманстрацыя Калядаў улетку), надае праявам традыцый забаўляльную функцыю і адмоўна ўплывае на каштоўнасць спадчыны ў грамадстве. Даследчыца не адмаўляе станоўчых момантаў, звязаных з дэманстрацыяй традыцый па-за натуральным для іх кантэкстам: носьбіты адчуваюць сябе запатрабаванымі, часта з’яўляецца магчымасць дадатковага заробку для іх, распаўсюджваюцца веды пра спадчыну.

Рашэннем, на маю думку, можа быць “дэкантэкстуалізацыя з розумам”. Складана адмаўляць каштоўнасць фестываляў ды іншых мерапрыемстваў і тое, што прысутнасць носьбітаў традыцый — на карысць такім імпрэзам. Істотна, каб была карысць і для носьбітаў, і для спадчыны ў цэлым. Напрыклад, у Любанскім раёне робяць тэматычныя калядныя фестывалі, калі гурты з розных вёсак дэманструюць свае традыцыі на сцэне ў райцэнтры. З аднаго боку — так, дэманстрацыя. З другога — магчымасць носьбітам паказаць сябе, а гледачам — далучыцца да традыцый. Істотна, каб такія мерапрыемствы не адрывалі гурты ад выканання неабходных абрадавых дзеянняў дома ўласна ў святочны дзень, калі яны павінны здзяйсняцца, адначасова праходзячы блізка да ўрачыстай даты. У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна ладзіўся фальклорны фестываль уласна на свята Юр’я 6 мая. Гэта не спрыяла ні захаванню мясцовай традыцыі (людзі замест таго, каб чакаць абыходны гурт на падворку, ішлі да сцэны), ні традыцый населеных пунктаў, адкуль прыязджалі гурты-госці (тыя замест абыходу ўласных вёсак выступалі на сцэне ў чужым сяле).

Канкурэнцыя рэгіёнаў

Не сакрэт, што вобласці змагаюцца між сабой па колькасці элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта часам прыводзіць да падачы на разгляд апісання “мёртвых душ” (інфармацыі з навуковай літаратуры, якая не адлюстроўвае актуальнага стану культуры) замест жывых традыцый. Таццяна Мармыш тлумачыць гэта недакладным разуменнем прынцыпаў аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны і імкненнем адшукаць як мага больш яе элементаў у рэгіёне. Тут магу толькі пагадзіцца з даследчыцай: лепш менш, ды лепш.

Перакручанае разуменне аўтэнтычнасці праяў народнай культуры

Крытэрый аўтэнтычнасці не адпавядае прынцыпам Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Таццяна Мармыш праблематызуе гэта паняцце, паказвае, што нават ва ўмовах беларускага Інвентара, скіраванага на праявы сельскай, даіндустрыяльнай па паходжанні, культуры, немагчыма пацвердзіць “аўтэнтычнасць”, бо спадчына жыве і мяняецца ў часе. Паняцце сапраўды праблемнае, патрабуе далейшага навуковага асэнсавання і перагляду прынцыпаў фарміравання Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара