Міфалогія крывічаў у нацыянальным сувеніры

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

“Ад прадзедаў спакон вякоў” нам дасталася наша народная культура. Многае, праўда, забыта, многае згублена, але многае і пакрысе вяртаецца. Так, цягам апошніх шасці гадоў на Віцебшчыне адраджаліся старажытныя вобразы і мастацтва вырабу гліняных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння: адраджаліся супрацоўнікамі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і мясцовымі майстрамі. У 70-х гадах мінулага стагоддзя гэтая архаічная культура, што бярэ свой пачатак яшчэ ў часы неаліту, на Віцебшчыне была ўжо амаль страчана — як знікалі ганчарныя цэнтры, так знікала і традыцыя народнай цацкі. Але на гэты момант ёсць дасягненні, якімі можна пахваліцца.

/i/content/pi/cult/834/17778/7.jpgЗняць шалупінне папсы

У кастрычніку мінулага года гліняным народным цацкам Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, на пачатку ўжо гэтага года пад час цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне” калектыў Віцебскага АМЦНТ на чале з дырэктарам Кацярынай Лабука атрымаў спецыяльную прэмію за адраджэнне традыцыйнай тэхналогіі вырабу гэтых цацак. Можна падвесці вынікі зробленай працы і прызнаць, што кавалак нашай беларускай спадчыны вернуты з забыцця. Але з іншага боку — гэта толькі пачатак вялікага шляху.

Вось зараз у Віцебскай вобласці ўжо сем майстроў займаюцца рэканструкцыяй менавіта архаічнай, традыцыйнай глінянай цацкі, уласцівай гэтым мясцінам яшчэ ў далёкіх-далёкіх стагоддзях. Хаця, зразумела, проста глінянай цацкай, свістулькай зараз нікога не здзівіш, на розных кірмашах падобных вырабаў хапае — і коцікаў, і мульцяшных персанажаў, і каго заўгодна. Але ж такіх вобразаў не было ў беларускай традыцыі, а былі — прынамсі ў віцебскім рэгіёне, пра які ў нас гаворка — волат, птушка-конь, вершнік, мядзведзь і гэтак далей. У іншых абласцях Беларусі гліняныя цацкі мелі свае асаблівасці, у іншых краінах — свае. Бо, зразумела, людзі па ўсім свеце стваралі іх яшчэ з дагістарычных часоў. І зараз паўсюль вялікая цікавасць менавіта да самых архаічных вобразаў без пазнейшага нагрувашчвання дэкору: найбольшую каштоўнасць маюць цацкі, якія адкрываюць неалітычную форму і неалітычны дэкор, геаметрычны па свайму характару. І ў Беларусі таксама ёсць патрэба ачысціць народную цацку ад уплыву поп-культуры.

Занурыцца углыб гісторыі

Нават на прыкладзе нашых суседзяў — Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы — мы можам бачыць, з якой павагай і ўвагай краіны ставяцца да сваіх традыцый гліняных цацак, як ствараюць з цацак сапраўдныя брэнды, узводзяць у статус нацыянальнага сувеніра. У Расіі, напрыклад, усе ведаюць пра дымкаўскую цацку, філімонаўскую, каргопальскую, тульскую і гэтак далей. Але чаму б нам, ды й усяму свету, не ведаць пра аршанскую цацку, полацкую цацку, бабінавіцкую свістульку? У іншых абласцях Беларусі і свае брэнды з сувенірамі маглі б быць. Бадай што першымі такую працу па аднаўленні традыцый глінянай цацкі пачалі менавіта ў Віцебску, пачалі — і дасягнулі сапраўдных поспехаў.

У 2015 годзе Віцебскі АМЦНТ правёў першае адкрытае абласное свята глінянай цацкі “Салавейка”, якое стала штогадовым, і правёў у Дуброўне — бо ў мінулым гэты гарадок быў адным з ганчарных цэнтраў, што славіўся сярод іншага і цацкамі. “Салавейка” якраз падштурхнуў майстроў да актыўнай працы. Бо, зразумела, керамічным мастацтвам у ХХІ стагоддзі людзі працягваюць займацца, і цацкі лепяць. Але ж як было заахвоціць майстроў звярнуць увагу менавіта на народныя, архаічныя традыцыі, як вярнуць ва ўжытак старажытныя вобразы, уласцівыя гэтым віцебскім мясцінам, і адрадзіць такую ж старажытную тэхналогію лепкі? А проста прыдумалі “Салавейку” і распрацавалі для яго палажэнне, у якім было напісана, што на конкурс прымаюцца работы — рэканструкцыі архаічных гліняных цацак. І майстры адклалі на пэўны час свае аўтарскія сучасныя задумкі і паглядзелі ўглыб нашай гісторыі. Узоры яны знайшлі ў музеях, у кнігах — гісторыя беларускіх гліняных цацак апісана, вывучана. Да таго ж цяперашнія майстры керамічных спраў — людзі як правіла са спецыялізаванай адукацыяй: выпускнікі каледжаў, Універсітэта культуры і мастацтваў, і працуюць яны менавіта ў мясцовых Дамах рамёстваў і Дамах культуры. На гэты момант праведзена ўжо пяць “Салавейкаў” і створаны ўнушальныя калекцыі цацак, рэканструяваных паводле старажытных этнаграфічных і археалагічных узораў.

Статус новага стагоддзя

Канешне, у Віцебскім Цэнтры народнай творчасці пра гліняныя цацкі не забываліся і раней, і даўно спрабавалі арыентаваць майстроў на традыцыйныя вобразы. Напрыклад, мастацтвазнаўца Людміла Вакар, якая працуе ў Цэнтры з 1982 года, згадвае: яшчэ тады было відавочным, што традыцыю трэба адраджаць. Бо ў другой палове ХХ стагоддзя ў нашай народнай культуры быў сапраўдны заняпад — дзяржава ў тыя часы аддавала перавагу самадзейнасці. А як напрыканцы 80-х — пачатку 90-х пачыналася наша нацыянальнае Адраджэнне, так больш актуальнымі і цікавымі для людзей рабіліся і пытанні вяртання народных традыцый. З часам прыйшло разуменне, што фальклор, народная культура забяспечваюць імідж дзяржавы, абуджаюць нацыянальную свядомасць, а ў часы глабалізацыі набываюць асобую каштоўнасць: так было не толькі ў Беларусі, але менавіта ў нас вяртаць даводзіцца асабліва шмат. Што тычыцца той жа глінянай цацкі — то ў Расіі работа па стварэнні з яе брэндаў, калі казаць сучаснай мовай, пачалася яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя.

У 80-я гады мінулага стагоддзя на Віцебшчыне яшчэ жылі патомныя ганчары, але працавалі яны ўжо не на продаж, а на заказ устаноў культуры, і ўстановы прапаноўвалі рабіць менавіта традыцыйныя цацкі — так і стварылася невялічкая калекцыя. У тыя ж гады Цэнтр правёў чатыры практычныя семінары, з 1986 года традыцыйнымі сталі разнастайныя выставы і конкурсы ганчарства і цацак, у 1996-м у Бачэйкаве Бешанковіцкага раёна адбылося і першае рэспубліканскае свята ганчарства, ужо ў новым стагоддзі праходзілі конкурсы-агляды народнага сувеніра Віцебшчыны… Такім чынам, мінулы 2020 год, калі цацкі атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, падвёў вынік даўняй працы, якая яшчэ далёка не скончана.

Брэндавасць артэфакта

Чым жа вылучаюцца старажытныя керамічныя цацкі менавіта Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння? — У іх багатая сімволіка, звязаная з міфалагічнымі ўяўленнямі крывіцкіх плямёнаў, што жылі ў вярхоўях Дняпра і Заходняй Дзвіны. Калісьці ўсе гэтыя свістулькі і бразготкі мелі рытуальнае значэнне — гукам і свістам выклікаліся вецер і дождж, адганяліся злыя духі… А яшчэ цацкі былі абярэгамі. У ХХ стагоддзі магічныя функцыі ў іх ужо практычна зніклі. Самыя старажытныя вобразы — гэта, канешне, антрапаморфныя: маці і волата, а яшчэ — вобразы жывёлін і птушак. Калі фарміравалася гарадская культура, то папулярнымі сталі вобразы камедыянтаў, мядзведзяў і да таго падобнае.

Самыя архаічныя цацкі, па сведчанні навукоўцаў — дубровенска-аршанскія. І з дубровенскай цацкі захавалася, напрыклад, 16 вобразаў. З іх самая старажытная — свістулька “птушка-конь” (тулава каня, галава птушкі). Ёсць іншыя свойскія жывёлы, а ёсць антрапаморфныя цацкі — “лялька”, “баба з дзіцяці”, “дзед з унукам” — яны ўжо не маюць свісткоў. Ёсць чатыры варыянты “вершнікаў”: асабліва адметны вершнік не на кані, а на птушцы.

— “Вершнік на птушцы” — найунікальнейшы вобраз, — расказвае Людміла Вакар. — Я заўсёды згадваю Марка Шагала, у якога герой лятае ў нябёсах на пеўні. Некаторыя расійскія даследчыкі пішуць, што гэта ён падглядзеў у рускім лубку. Але я ўпэўнена, што — у народнай культуры Віцебшчыны. Хаця і той жа лубок у Расію быў прывезены нашым дубровенскім разьбяром і друкаром Васілём Коранем.

Бабінавіцкія свістулькі, якія вырабляюцца на Лёзненшчыне, адрозніваюцца наіўна-рэалістычным характарам вобраза пры захаванні традыцыйнай формы: вершнікі, птушкі, вужы, мядзведзі. Паводле археалагічных артэфактаў адноўлена і 7 вобразаў аршанскай цацкі, 7 — сенненскай: арыгінальным сенненскім з’яўляецца конь на трох апорах тулава і свінка са свістком у лычыку. Дарэчы, сенненскія “жаўранак” і “паўлін” з каронамі на галаве нагадваюць знакамітую раманаўскую цацку з Ліпецкай вобласці Расіі. “Але ў Раманаве промысел узнік у ХVII стагоддзі, а гэта час масавага перасялення беларусаў у Маскоўскую дзяржаву, — зазначае Людміла Вакар. — І я ўпэўненая ў тым, што ўзнік ён менавіта ў выніку гэтага перасялення, што раманаўская цацка мае нашы віцебскія, сенненскія карані”.

Бешанковіцкі раён прадстаўляе 6 гістарычных вобразаў, адметных ангобным дэкорам у выглядзе кропак і маленькіх плям. Знойдзеная паблізу аграгарадка Ула антрапаморфная свісцёлка-бразготка датуецца ажно сярэдзінай ХV стагоддзя. 5 віцебскіх цацак адноўлены паводле археалагічных артэфактаў, знойдзеных пад час раскопак Ніжняга замку і раёна Задунаўе ў Віцебску. Сярод іх унікальная цацка з умоўнай назвай “малец”, адметная лаканічнай пластыкай сваёй постаці, абрысы якой набліжаны да формы пентаграмы. Паказальнай з’яўляецца свістулька “конь з сядлом”, які апіраецца на дзве пярэднія нагі, а тулава пераходзіць у свісток. 8 вобразаў полацкіх цацак таксама адноўлены паводле музейных артэфактаў і археалагічных знаходак на тэрыторыі Полацка. Найбольш яркія вобразы — свістулькі “конік” у двух варыянтах: са спаранымі пярэднімі нагамі і на расстаўленых нагах з выцягнутай дугой шыяй. Рэдкім узорам народнай смехавай культуры з’яўляецца цацка “камедыянт”.

Тэма гліняных цацак багатая на цікавосткі, і пра ўсе падрабязна не раскажаш. Дзякуючы сучасным майстрам Віцебшчыны з’яўляецца ўсё больш магчымасцяў пабачыць традыцыйныя беларускія творы і, магчыма, дачакацца моманту, калі яны таксама стануць нашымі брэндамі, знакамітымі ва ўсім свеце. Дарэчы, у Грузіі і Румыніі ўжо стварылі і добрыя анімацыйныя фільмы, знятыя паводле пластыкі іх народнай глінянай цацкі. Можа, і для беларускіх майстроў анімацыіі гэта будзе добрай падказкай — звярнуць увагу на нашы традыцыі ў гэтай галіне.