Вяртанне тутэйшай Атлантыды

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Беларусь — краіна шматнацыянальная, і таму яе культурная спадчына складаецца з гістарычнага набытку не толькі беларусаў, але і мноства іншых народаў, якія цягам доўгіх стагоддзяў жывуць побач на нашай зямлі. Вялікая ўвага сёння надаецца помнікам, якія сведчаць аб мірным суіснаванні ў Беларусі самых розных народаў і веравызнанняў. Але між іх можна вылучыць адну групу, гістарычны лёс якой выразна адрозніваецца ад іншых. Гаворка, вядома, пра беларускіх яўрэяў, якія жылі ў нашых гарадах і мястэчках яшчэ з XIV стагоддзя, і доўгі час складалі значную частку тутэйшага гарадскога насельніцтва.

/i/content/pi/cult/834/17777/5.jpg27 студзеня свет адзначае Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Як вядома, у гады нацысцкай акупацыі менавіта яўрэяў у Беларусі напаткаў жахлівы лёс — ім пагражала поўнае знішчэнне па нацыянальнай прыкмеце. Масавыя забойствы, зладжаныя нацыстамі, прынеслі беларускаму яўрэйству непапраўныя страты — а ў перспектыве такія ж страты былі нанесеныя і яўрэйскай культурнай спадчыне, якая згубіла пераважную большасць сваіх стваральнікаў і носьбітаў.

У выніку, праблема зберажэння гэтай спадчыны застаецца асабліва вострай ды актуальнай і сёння. У розных кутках краіны ўзнікаюць цікавыя ініцыятывы па захаванні і аднаўленні помнікаў яўрэйскай культуры, прычым супольнымі сіламі яўрэяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Не застаюцца ўбаку і музеі — так, на мяжы старога і новага гадоў, амаль адначасова, акурат з’явіліся дзве цікавыя выставы, прысвечаныя менавіта яўрэйскай культуры Беларусі.

Па цаглінках

/i/content/pi/cult/834/17777/6.jpgУ Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася экспазіцыя “Другое нараджэнне”, прысвечаная рэканструкцыі яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея, якая існавала ў 1920 — 1930-я гады. Праект быў падрыхтаваны ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музеем гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным мастацкім музеем.

Як распавяла старшы навуковы супрацоўнік, куратар выставы Дар’я Сяліцкая, пазалетась у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі перададзеныя два дзясяткі прадметаў яўрэйскай нацыянальнай культуры. Уліковыя нумары сведчылі, што гэтыя артэфакты паходзяць з даваеннага збору Беларускага дзяржаўнага музея, які дзейнічаў у міжваенныя гады ў Мінску і меў у сваім складзе, у тым ліку, яўрэйскі аддзел.

Адначасова з тым, пра яшчэ адну знаходку з уліковым нумарам БДМ паведамілі з Ізраільскага музея ў Іерусаліме. У выніку далейшых пошукаў супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага музея ва ўзаемадзеянні з ізраільскімі калегамі ўдалося выявіць яшчэ дзясятак прадметаў з яўрэйскай калекцыі міжваеннага музея. Цяпер вядуцца перамовы аб “мяккай рэстытуцыі” гэтых прадметаў — магчыма, некалі іх таксама можна будзе пабачыць у часовай экспазіцыі музея ў Мінску.

Гісторыя рассеяння

Яўрэйскі аддзел Беларускага дзяржаўнага музея існаваў з 1924 па 1933 год і папаўняўся самымі рознымі шляхамі — як у выніку экспедыцый, так і праз набыццё прадметаў у грамадзян, ахвяраванні, перадачу артэфактаў з іншых музеяў. На жаль, у 1930-я гады, у выніку рэструктурызацыі, яўрэйскі аддзел музея быў ліквідаваны, яго калекцыя прыйшла ў заняпад. Ды й Беларускі дзяржаўны музей неўзабаве спыніў сваё існаванне — у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны частку яго калекцый разрабавалі захопнікі, частку — марадзёры з мясцовых жыхароў, а рэшту акупанты вывезлі з Мінска, уцякаючы перад наступам Чырвонай арміі ў 1944 годзе. След гэтых рэчаў згубіўся на абшарах Заходняй Еўропы, і яны дагэтуль застаюцца неадшуканымі. Зрэшты, як паказвае вышэйзгаданы прыклад са знаходкамі ў Ізраілі, губляць надзеі нельга — магчыма, у будучыні адшукаецца і што-нішто з гэтай часткі калекцыі.

На жаль, у першыя пасляваенныя гады Беларускі дзяржаўны музей так і не быў адноўлены — таму артэфакты, якія адразу пасля вайны ўдалося вярнуць на радзіму, трапілі ў іншыя музейныя зборы. Але і іх вярнулася небагата — у 1947 годзе ў Мінск прыбылі з Берліна толькі два вагоны з музейнымі прадметамі, некалі нарабаванымі гітлераўцамі ў Беларусі. Пазней іх размеркавалі паміж Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным мастацкім музеем і Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем. У выніку, пасля таго, як быў створаны Дзяржаўны музей БССР, нашчадкам якога з’яўляецца сённяшні Нацыянальны гістарычны, сюды трапілі толькі каля сямі дзясяткаў прадметаў са складу колішняй яўрэйскай калекцыі міжваеннага Беларускага дзяржаўнага музея, і пераважную большасць сярод іх складалі творы выяўленчага мастацтва.

Рэканструкцыя традыцый

Толькі ў нашыя дні яўрэйская калекцыя БДМ пакрысе пачынае набываць ранейшыя абрысы. Калі да вайны яна налічвала не менш за дзве тысячы прадметаў, то сёння іх лік у Нацыянальным гістарычным музеі не перавышае сотні. Але ж дакладна невядома, колькі яшчэ артэфактаў з такім самым паходжаннем могуць захоўвацца ў фондах іншых музейных устаноў Беларусі і замежжа.

Прастора экспазіцыі ўмоўна падзеленая на дзве часткі — калі адзін бок залы прысвечаны гісторыі яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея і ўяўляе з сябе своеасаблівую часавую лінейку яе развіцця, заняпаду і адраджэння, то адмысловыя плакаты і інфаграфіка, змешчаныя ля супрацьлеглай сцяны, распавядаюць аб культуры і рэлігіі яўрэяў, паслядоўна знаёмячы наведвальніка з найважнейшымі рытуаламі ды святамі іудаізму і асноўнымі этапамі жыцця веруючых яўрэяў.

На падлозе можна пабачыць абрысы плана будынка, дзе ў міжваенныя гады размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей — пазней ён быў перабудаваны і ўвайшоў у аб’ём Дома афіцэраў. Дапаўняюць экспазіцыю графічныя работы мастачкі Ганны Раманенка, якія перамяшчаюць гледача ў свет яўрэйскай традыцыйнай культуры. Таксама ў экспазіцыі можна азнаёміцца з копіямі і тэкстамі дакументаў унутранага абароту Беларускага дзяржаўнага музея, якія праліваюць святло на лёс яго яўрэйскай калекцыі ў міжваенныя гады і падчас нацысцкай акупацыі.

Уцекачы з невараці

Экспазіцыя адкрываецца шэрагам графічных і жывапісных работ, створаных у міжваенныя гады яўрэйскімі мастакамі, сярод якіх знакамітыя Юдэль Пэн і Янкель Кругер, а таксама працы беларускіх мастакоў на яўрэйскую тэматыку. Акрамя гэтага, тут можна пабачыць цэлы шэраг рытуальных прыладаў: калекцыю тасаў — адмысловых шчыткоў для скруткаў Торы, датаваных XIX стагоддзем, ханукальныя свяцільні XVIII стагоддзя, старадаўнія падсвечнікі і разнастайны посуд.

Цэнтральнае ж месца ў экспазіцыі займае сапраўдная перліна яўрэйскай калекцыі міжваеннага музея — драўляны арон а-кадэш, адмысловы каўчэг для скруткаў Торы, які датуецца XVIII стагоддзем. Ён паходзіць з разбуранай у 1930-я гады сінагогі ва Узлянах — цяпер гэта вёска ў Пухавіцкім раёне. Гэты сакральны прадмет мае даволі незвычайны лёс — у 1920-я супрацоўнікі музея абмянялі яго на значна навейшы арон а-кадэш з мінскай Харальнай сінагогі — на той момант ён, відаць, не ўяўляў для іх асаблівай гістарычнай цікавасці.

Святы горад за акном

А ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстава прадметаў яўрэйскай культуры “Тутэйшы Іерусалім”. Усе прадстаўленыя тут экспанаты паходзяць з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага. Пераважную большасць са ста трыццаці прадметаў, якія можна пабачыць на выставе, складаюць датаваныя XIX стагоддзем адмысловыя срэбныя кубкі для кідуша. Так у іўдзейскай традыцыі завецца абрад асвячэння віна з падзякай Богу за дараваныя народу Ізраіля святочныя дні і суботу, калі веруючыя яўрэі адпачываюць. Таксама кідуш здзяйсняўся падчас яўрэйскага вяселля, калі маладыя пілі віно з аднаго кубка, які адрозніваўся ад звычайных кідушных сасудаў наяўнасцю ножкі.

Кубкі для кідуша, якія паходзяць з нашага рэгіёна, маюць цікавую адметнасць. Калі на заходнееўрапейскіх вырабах такога кшталту можна было пабачыць арнамент з выявамі раслін альбо жывёл, то ў Расійскай імперыі, за рысай аседласці, на кубках для кідуша змяшчалі выявы Іерусаліма. Вядома, рабілася гэта ў адпаведнасці з асабістымі ўяўленнямі майстроў, таму святы горад набываў рысы мясцовых гарадскіх краявідаў.

Нездарма, відаць, сярод сотні экспанатаў такога кшталту, якія прадстаўленыя на выставе, найбольш уражвае нічым не адметны, на першы погляд, срэбны кубак — аказваецца, ён быў знойдзены на месцы Халоднай сінагогі — найстарэйшай іўдзейскай малельні Мінска, якая была збудаваная ў XVII стагоддзі і да 1966 года стаяла на Нямізе, зусім непадалёк ад месца, дзе праходзіць выстава.

Каштоўнасць розуму і хараства

Таксама тут можна пабачыць цдакі — адмысловыя скарбонкі, якія дарылі яўрэйскім хлопцам-падлеткам у дзень бар-міцвы, калі ім спаўнялася трынаццаць і яны пачыналі лічыцца дарослымі. Скарбонка-цдака прызначалася для таго, каб збіраць у яе грошы на будучае навучанне. На выставе можна азнаёміцца таксама з біяграфіяй аднаго з вядомых мясцовых майстроў, якія выраблялі рытуальныя і побытавыя прадметы са срэбра — вядомага ювеліра Ізраэля Заходэра, які паходзіў са Шклова, а пазней працаваў у Маскве. Побач прадстаўленыя прыклады такога майстэрства — падсвечнікі, падносы, графіны, цукарніцы.

Акрамя срэбных твораў мастацтва, тут можна пабачыць і іншыя сведчанні яўрэйскай культуры — кнігу-гербарый з травамі і кветкамі Святой зямлі з Іерусаліма, датаваную 1890 годам, пергаментны скрутак Торы з Ваўкавыска, датаваны XIX стагоддзем, гравюру з выявай Іерусаліма ў XVIII стагоддзі, а таксама рэканструяваны фрагмент інтэр’ера ў яўрэйскім доме — кухню з мэбляй і медным посудам пачатку дваццатага стагоддзя. Абедзве выставы можна пабачыць да 28 лютага.