На адной мове, на адной хвалі…

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Апошні тыдзень снежня і першую палову студзеня ў сталічнай галерэі “Мастацтва”, што на праспекце Незалежнасці, праходзіла выстава жывапісных твораў Людмілы Шчамялёвай. Але на вялікі жаль, калі вярстаўся нумар, прыйшла сумная навіна: памёр Леанід Шчамялёў, бацька мастачкі. З гэтай нагоды наш тэкст набыў нечаканы сэнс — даніна памяці і сведчанне вялікай павагі да ўсяго таго добрага, што зрабіў у жыцці і мастацтве Леанід Дзмітрыевіч...

/i/content/pi/cult/833/17766/21.jpgЁсць меркаванне, што прырода, добра папрацаваўшы над людзьмі геніяльнымі ці надзвычай таленавітымі, потым адпачывае ў іхніх нашчадках. Можа яно недзе і так, але ў дачыненні сям’і нашага класіка, народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва гэта правіла (калі тое насамрэч правіла) не спрацоўвае. І спецыяліст па мастацкім ткацтве Маргарыта Леанідаўна, і яе сястра жывапісец Людміла Леанідаўна ў творчым сэнсе — асобы самадастковыя і паспяховыя. Ідуць сваім шляхам і жывуць сваім розумам. Дарэчы, і ўнукі Леаніда Дзмітрыевіча падтрымліваюць гонар знакамітай фаміліі.

/i/content/pi/cult/833/17766/22.jpgПра спадарыню Людмілу, для якой мінулы год быў юбілейным, я скажу, што як творца яна шчаслівая, бо яшчэ ў маладосці знайшла сваю тэму і ўласцівы сваёй натуры вобразны лад. Такое ўражанне, што знайшла адразу, не марнуючы час на хістанні, плён якіх не відавочны і якія ў большай ці меншай ступені прысутнічаюць шмат у якіх мастакоўскіх біяграфіях. Тут, безумоўна, адыграла сваю ролю наяўнасць “пачатковага капіталу” ў выглядзе моцнага творчага досведу бацькі. Было ад чаго адштурхоўвацца. Вектар быў вызначаны зыходна, але дарогу ўсё ж трэба было пратаптываць сваю. Людміла абрала ў якасці формы самарэалізацыі так званае “наіўнае мастацтва”. Пішу “так званае”, бо чалавек, які мае за плячыма мастацкую школу, прафесійную адукацыю, можа заставацца наіўным у побытавых праблемах і стасунках з іншымі людзьмі, але не ў справе, якой сумленна навучаўся. Наіўнасць дылетанта і “наіўнасць” прафесіянала — рэчы розныя. Сваімі творамі Людміла Шчамялёва дэманструе здольнасць гаварыць з людзьмі пра тое, што іх хвалюе, што складае іх звыклыя штодзённыя клопаты. Прычым, гаворыць яна на мове, зразумелай людзям простым, у пытаннях элітарнай эстэтыкі не надта дасведчаным. Як кажуць у народзе, будзь прасцей, і да цябе пацягнуцца людзі.

/i/content/pi/cult/833/17766/23.jpgСпадарыня Людміла малюе штодзённае жыццё. Праўда, сёння, калі да грамадскіх спраў далучылася мноства людзей, што раней былі засяроджаны выключна на ўласным побыце, пэўныя карэктывы адбыліся і ў творчасці мастачкі. Сваё бачанне яна нікому не навязвае, але ўласную аўдыторыю — сваіх гледачоў, што ўважліва і зацікаўлена ўглядаюцца ў яе творы, мае. Вялікая справа знайсці агульную мову з грамадой і быць з людзьмі на адной эмацыйнай хвалі…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"