Ён жыў як тварыў і спяваў — натхнёна, пранікнёна

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

12 студзеня адбылася цырымонія ўскладання вянкоў да помніка народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну ў Мінску.

/i/content/pi/cult/833/17763/17.jpgПаводле Telegram-канала Мінкульт Беларусі, падчас мерапрыемства міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч адзначыў, што Уладзімір Мулявін стаў сапраўдным творцам, бо стварыў брэнд культуры Беларусі, унікальны дзяржаўны ансамбль “Песняры”, вядомасць якога выйшла далёка за межы роднай краіны.

“Дзякуючы “Песнярам” пра наш край даведаўся ўвесь свет. Для беларусаў творы ансамбля сталі народнымі песнямі, якія дазваляюць падзяляць радасць і падтрымліваць настрой у хвіліны смутку. Уладзімір Георгіевіч навучыў нас ганарыцца тым, што мы, беларусы, народ, які мае тысячагадовую гісторыю і найвялікшую спадчыну, — падкрэсліў міністр. — У дзень 80-годдзя з дня нараджэння музыканта мы ў чарговы раз аддаём даніну павагі і ўдзячнасці знакамітаму сыну беларускай зямлі. Наўрад ці яго бацькі думалі, што вельмі таленавіты хлопчык у будучыні пакладзе пачатак новай эры ў культурах Беларусі і Расіі. Нарадзіўшыся ў далёкім Свярдлоўску, у 1963 годзе, ён апынуўся ў Мінску і звязаў жыццёвы шлях менавіта з нашай цудоўнай беларускай зямлёй”.

/i/content/pi/cult/833/17763/18.jpg“Ён жыў як тварыў і спяваў — натхнёна, пранікнёна, не хаваючы уражанняў і пачуццяў. Сёння, у дзень нараджэння Мулявіна, ля помнікаў у Беларусі і Расіі будуць ускладзены кветкі як сімвал і даніна павагі легендарнаму чалавеку. Я хачу ўсіх заклікаць шанаваць памяць пра вялікага песняра беларускага народа”, — сказаў на заканчэнне Анатолій Маркевіч.

Ускладанне кветак да помніка прайшло на бульвары Мулявіна. У цырымоніі прынялі ўдзел сваякі і сябры артыста, старшы саветнік пасольства Расіі ў Беларусі Ігар Гірэнка, калектывы Белдзяржфілармоніі і Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ