“Рамэа…” у Музычным 50 гадоў пазней

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Заўтра Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр вялікім святочным канцэртам адзначае сваё паўстагоддзе — акурат дзень у дзень свайго афіцыйнага адкрыцця, што прыпала на 17 студзеня 1971 года. А яшчэ адным падарункам, што тэатр зрабіў гледачам і самому сабе да юбілею, можна лічыць нядаўнюю прэм’еру расійскага мюзікла “Рамэа vs. Джульета. ХХ гадоў пазней”. Чым не нагода пагаварыць пра каханне, любоў да тэатра і мюзікла — і праверку часам?

/i/content/pi/cult/833/17762/15.jpgПра што спяваў “… Жаўранак”

Насамрэч багатая гісторыя айчыннага тэатра музкамедыі пачалася куды раней. Бо ў студзені 1971-га прайшоў першы спектакль, а створаны тэатр быў, вядома, напярэдадні — у 1970-м. Але трупа, дзе ставіліся аперэты, існавала і дагэтуль, хіба пад іншымі назвамі: Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Нават гераічная музычная камедыя “Пяе Жаўранак” Юрыя Семянякі, з дня прэм’еры якой цяперашні тэатр афіцыйна пачынае адлік, была напісана і пастаўлена ў 1968-м. Абраныя ж на ролю “першаадкрывальніка”, бо тут і беларускае аўтарства, і партызанская тэма, твор і яго пастаноўка атрымалі другую, больш дасканалую рэдакцыю.

Так што рэбрэндынг для гэтага тэатра — справа звычная. У выніку некалькіх “пераўвасабленняў” з былога тэатра музкамедыі ўзрос цяперашні Музычны, у рэпертуары якога — усе магчымыя і немагчымыя жанры. Гэта разнастайныя канцэртныя праграмы, класічныя аперэты, музкамедыі і проста музычныя спектаклі — не толькі для дзяцей, але і для дарослых. А таксама мюзіклы, оперы, балеты, нават драматычныя спектаклі, аздобленыя музыкай і жывымі спевамі. Уся гэтая размаітасць жанравай палітры і будзе адлюстравана ў заўтрашнім гала-канцэрце, што змесціць лепшыя нумары са спектакляў розных гадоў.

Зразумела, спрэсаваць паўстагоддзя ў адну вечарыну не проста цяжка — немагчыма. Але тэатр імкнецца захаваць сваё мінулае, і гэта бачна нават па анонсе юбілейнага канцэрта, змешчаным на сайце. Перайшоўшы па спасылцы на спектакль Ю.Семянякі, можна ўбачыць не толькі поўную інфармацыю пра тую гістарычную пастаноўку, але і ўвесь зрэз рэцэнзій і журналісцкіх паведамленняў, змешчаных у тагачаснай прэсе, прычым не толькі сталічнай. Гэты бібліяграфічны спіс — інтэрактыўны: усе матэрыялы даступны ў інтэрнэце. І тое, што тэатр некалькі гадоў таму зрабіў такую неацэнную “базу дадзеных”, прычым менавіта ўсяго перыяду свайго існавання, і рупліва працягвае яе папаўняць, дае магчымасць не толькі даследчыкам і спецыялістам, але і самаму шырокаму колу наведвальнікаў спрычыніцца да ранейшых пастановак. І адначасова паразважаць пра змены ў галіне беларускай музычна-тэатральнай крытыкі.

Рэцэнзіі на таго “… Жаўранка” былі даволі “зубастымі”: адзначаць “прыкрыя дробязі” спектакля, як сказана ў адным з матэрыялаў, не перашкаджала ні тэма Вялікай Айчыннай, ні факт адкрыцця гэтай пастаноўкай новага тэатра. Прычым недахопы фіксаваліся не толькі спецыялізаванымі выданнямі, але і, да прыкладу, “Гомельскай праўдай”: тэатр ездзіў на гастролі ў абласны цэнтр. Прычым усе заўвагі — добра аргументаваныя, а не па прынцыпе: “штосьці мне не спадабалася”. Чым не майстар-клас для некаторых цяперашніх аўтараў, што любяць пераказваць сюжэт — і гэтым абмяжоўваюцца?

Ды ўсё ж юбілей — гэта не толькі гісторыя, але і сучаснасць. Менавіта апошнія пастаноўкі — паказальнік таго, што было дасягнута за гэты час. І ці не марнымі былі пераадоленні ўсіх складанасцяў. Дарэчы, нядаўняя прэм’ера “Рамэа vs. Джульета. ХХ гадоў пазней” — акурат пра гэта.

Пра што пяе Шэкспір

Мюзікл пра выжыўшых і пасталелых закаханых прапанаваў нашаму тэатру заслужаны артыст Расіі Аркадзь Укупнік — той самы, які ў адным са сваіх хітоў шмат гадоў запар пагражаў “з’есці перад ЗАГСам свой пашпарт” (што зусім не перашкодзіла яму тройчы ўзяць шлюб). Выхадзец з Украіны, больш вядомы па сваіх песнях і кінамузыцы, свайго “Рамэа…”, першую спробу пяра ў жанры мюзікла, ён паставіў спярша ў Маскоўскім тэатры аперэты — у чэрвені 2019-га. Але ў нас — зусім не перанос таго спектакля (яго фрагменты можна знайсці ў інтэрнэце), а цалкам новае ўвасабленне, з іншай пастаноўчай камандай. І вельмі ўдалае!

“Рамэа…” выкананы па ўсіх законах жанру, пачынаючы з музыкі. Гэта не “падробка”, што ўяўляе з сябе звыклы драмспектакль, аздоблены песнямі, а менавіта мюзікл. У ім мінімум размоўных дыялогаў, дый тыя часцей ідуць на фоне музыкі. Шмат разгорнутых ансамблевых, харавых сцэн, якія рухаюць дзеянне. Некалькі пазнавальных лейтматываў, скразное правядзенне якіх цэментуе музычную драматургію. Што ж, Укупнік спазнаў заканамернасці жанру на ўзроўнях не толькі кампазітарскай тэорыі, але і ўласнай выканальніцкай практыкі: у маскоўскай пастаноўцы “Чыкага” ён іграў ролю Эймаса Харта — мужа галоўнай гераіні.

Укупнік — знаўца джаза, адзін з арганізатараў World Jazz Festival у Рызе. Але ў мюзікле пра гэта сведчаць хіба асобныя элементы. Стылістыка тут — звыклая пап-музыка з адценнем рэтра, прычым як мінімум 20-гадовай даўніны, як і пазначана ў назве спектакля (пагадзіцеся, рымскія лічбы ХХ адразу асацыююцца з ХХ стагоддзем, а не з сучаснасцю). У той жа эстраднай стылістыцы вырашана малітва Джульеты, хіба званы дададзены для антуражу. Мелодыі не вызначаюцца арыгінальнасцю, усе яны пабудаваны на самых, бадай, распаўсюджаных клішэ, што вядуць свой адлік з часоў рамантызму, набываючы значэнне сімвалаў: “поўзлыя” храматызмы — нагнятанне драматызму, танга — адмоўныя персанажы, узыходзячая “ўзлётная” інтанацыя, як у знакамітай Застольнай з “Травіяты” Вердзі, — каханне. Праз такую другаснасць, уласцівую эстрадзе, дасягаецца імгненная запамінальнасць і “счытванне” гэткіх “штрых-кодаў”. Я ж кажу, усё па правілах! У адрозненне, да прыкладу, ад нашага Уладзіміра Кандрусевіча, які сваёй “фішкай” вызначыў полістылістыку.

Многім беларускім музычна-тэатральным творам (у тым ліку, згаданаму “… Жаўранку”) бракавала добрага лібрэта. У “Рамэа…”, дзе за гэта адказваў знакаміты Карэн Кавалеран, праблем няма. Закручаны, шмат у чым непрадказальны сюжэт. Кідкія вершы з простымі, ды запамінальнымі рыфмамі: “Мы команда, / Наше дело — контрабанда”, “Безотказно, почти без звука / Жалит в сердце ревность-гадюка”. Постмадэрнісцкі ўхіл, што падтрыманы пастаноўчым рашэннем: спасылкі на шэкспіраўскіх “Атэла”, “Гамлета” (у тэксце арый), “Дуэнью” Шэрыдана (Ларэнца і астатнія манахі з самагонам), “Кармэн” Бізе (Рамэа і яго сябры — кантрабандысты, імя ракавой прыгажуні — Кармэла, чырвоная кветка ў яе як сімвал спакушэння), “Пунсовыя ветразі” Грына (Віялета на карабліку, хаця і з белымі палотнішчамі).

Пастаноўку вызначаюць добры темпарытм, максімум руху. Імгненную змену месца дзеяння забяспечваюць відэапраекцыі Яўгена Станкевіча, шматфункцыянальныя лесвіцы-масты, што сталі фірменным знакам мастака Андрэя Меранкова. Сцэнічныя збудаванні таксама “танчаць”. Падобна самалётным трапам, раз’язджаюць, круцяцца разам з артыстамі на іх. Праз такія своеасаблівыя “фуэтэ” металаканструкцый вырашаюцца многія сцэны, уключаючы сутычку на рапірах.

Рамэа і Джульета маюць балетных двайнікоў — прыём не новы. Але тут ён успрымаецца разыначкай за кошт адметнай, “смачнай” пластыкі — папраўдзе сучаснай, з эстрадным адценнем. Такі акцэнт на харэаграфіі — вынік таго, што рэжысёрам выступіў балетмайстар, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ілья Усцьянцаў (Расія). Ён галоўная знаходка прэм’еры!

Відовішчнасці надаюць стыльныя, прыгожыя сцэнічныя строі Валянціны Праўдзінай, што балансуюць між эпохай Адраджэння і сучаснасцю.

Дырыжор Юрый Галяс вядзе спектакль вельмі спакойна і ўпэўнена. Артысты пачуваюць сябе так, бы гэта не першы-другі, а па меншай меры соты паказ: усё добра адрэпетавана, за кожным штрыхом — жывое жыццё, а не вучнёўская стараннасць. Калі і ёсць дзе некаторыя хібы, яны будуць хутка пераадолены, бо артыстам відавочна падабаецца ўдзельнічаць у гэтай пастаноўцы.

Спектакль вымусіў творчую моладзь працаваць на роўных з прызнанымі салістамі. Бо ў шэкспіраўскіх герояў выраслі дзеці, якія імкнуцца паўтарыць — і не паўтарыць лёс бацькоў. Джульету, якой цяпер 34 гады, спявалі заслужаная артыстка Беларусі Маргарыта Александровіч ці, у іншым складзе, Наталля Дзяменцьева (яна, дарэчы, чаргуе гэтую лірычную пакутніцу з яе антаганісткай Кармэлай, што змагаецца за ўвагу Рамэа). Дачку Віялету, якой 19, — Наталля Чабёлка, што паспела пабываць у дзіцячых казках Папялушкай, Царэўнай, і Ілона Капусцінская, якая па заканчэнні Акадэміі мастацтваў пачала працаваць у мімансе тэатра. Але ў прызначэнні на ролю галоўным быў не ўзрост артыста, а яго магчымасці. Таму гледачы не здагадваліся, што Парыс (выпускнік Універсітэта культуры і мастацтваў Андрэй Асімовіч) аказаўся на шэсць гадоў малодшы за свайго сцэнічнага сына Франчэску (Дзмітрый Маціеўскі, які 14 гадоў спяваў у хоры тэатра).

Імпазантнымі паўсталі абодва Рамэа (Сяргей Спруць, Арцём Хамічонак). У характарнай партыі яго сябра Джаванні, акрамя добра спрактыкаванага на такіх ролях Сяргея Жарава, нечакана выйшаў Сяргей Спруць, які больш спецыялізаваўся на лірыка-драматычных вобразах. Антон Заянчкоўскі паўстаў высакародным закаханым Дожам, Кацярына Дзегцярова — запальнай Фяліцыяй, карміліцай Віялеты, якая таксама знаходзіць сваё каханне.

Вакальныя партыі мюзікла шмат у чым скіраваны на эстраднае выканальніцтва, так званыя “акцёрскія спевы”, асабліва па дыяпазоне, нязвыклым для оперных салістаў. Гэта спрыяла артыстам з “некансерваторскай” адукацыяй. А вось тым, у каго за плячыма добрая акадэмічная падрыхтоўка, давялося пераадольваць складанасці, звязаныя з нязручнасцю рэгістраў. Але ў выніку прорва між “бацькамі і дзецьмі”, “опернікамі і эстраднікамі” стала незаўважнай.

А самым загадкавым персанажам застаўся… Шэкспір. Ён нават пазначаны ў праграмцы няўцямна: Чалавек у чорным (што адразу асацыюецца з гісторыяй стварэння моцартаўскага Рэквіема). З дапіскай: магчыма, сэр Уільям Шэкспір. Яўген Ермакоў малюе свайго героя найперш апавядальнікам. А ў Віктара Цыркуновіча той больш нагадвае кардынала Рышэлье, які робіць добра прадуманыя ходы, нечаканыя для супернікаў: гэткая шахматная гульня “супраць усіх”. Пры такім раскладзе шчаслівы фінал успрымаецца пройгрышам таямнічага незнаёмца, умела прыпаднесеным ім як дасягненне мэты. Дык што ж задумваў насамрэч Шэкспір? Прыходзьце і расшыфруйце.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"