Не зашкодзіць падсумаваць

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Пра даты, праекты, ініцыятывы, набыткі
Значныя юбілеі, форумы адмыслоўцаў у афлайне і ў сеціве, новыя тэхналогіі ў новых абставінах, грамадскія ініцыятывы і аб’яднанні — пра ўсё, чым запомніўся 2020 год у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/833/17759/8.jpgПамяць — справа ўсенародная

У Беларусі, дзе памяць аб апошняй вайне як ніколі актуальная, мінулы год не мог не прайсці пад знакам святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі над нацызмам. Пералічыць усе мерапрыемствы, выданні і праекты, прысвечаныя гэтай даце, не ўяўляецца магчымым, але варта звярнуць увагу перадусім на тое, што акцэнт па ўвекавечанні памяці аб вайне ўсё часцей і паслядоўней робіцца на прыватных гісторыях сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей.

Так, у пачатку года Нацыянальная акадэмія навук выступіла ініцыятарам Усебеларускай акцыі па стварэнні “Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны”. У рамках гэтага праекта быў арганізаваны збор матэрыялаў, звязаных з тымі трагічнымі, але гераічнымі падзеямі — усім зацікаўленым было прапанавана перадаваць успаміны сведкаў, дакументы і фотаздымкі, датычныя перыяду Вялікай Айчыннай вайны, у Інстытут гісторыі НАН. Там гэтыя звесткі былі сістэматызаваныя і прааналізаваныя ў рамках адмысловай электроннай базы. У выніку з’явілася першая кніга “Народнага летапісу”, дзе прадстаўленыя сорак тэкстаў, якія распавядаюць аб шасці дзясятках удзельнікаў вайны. Збор матэрыялаў для наступных кніг серыі працягваецца, кожны ахвочы можа даслаць іх на паштовы ці электронны адрасы Інстытута гісторыі.

Сярод іншых юбілеяў, якімі запомніцца мінулы год — 90-годдзе з дня нараджэння выдатнага нашага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, 100-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а таксама 550-годдзе здабыцця цудатворнага абраза Жыровіцкай Божай Маці і 500-годдзе Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Усе гэтыя памятныя падзеі адзначыліся цэлым шэрагам урачыстых мерапрыемстваў і выхадам некалькіх грунтоўных выданняў, прымеркаваных да гэтых дат.

Яднанне аднадумцаў

/i/content/pi/cult/833/17759/9.jpgУ галіне захавання гістарычнай памяці, як і ў іншых сферах грамадскага жыцця, усё большую актуальнасць набывалі пытанні дыгіталізацыі і анлайн-камунікацыі, што было выклікана новымі эпідэміялагічнымі абставінамі. Тым не менш, як і раней, ладзіліся форумы адмыслоўцаў у самых розных галінах і дысцыплінах — але, найчасцей, часткова ці цалкам у фармаце аддаленага доступу па відэасувязі.

У сакавіку ў рамках падвядзення вынікаў трохгодкі малой радзімы адбыўся першы Рэспубліканскі краязнаўчы форум Беларусі, у якім прынялі ўдзел каля дзвухсот трыццаці адмыслоўцаў, якія абмеркавалі ролю краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай працы і вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі, пытанні экалагічнага краязнаўства і турызму.

Тэме краязнаўства быў прысвечаны і сёмы Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, які адбыўся ў кастрычніку на базе Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Асноўнымі разгледжанымі пытаннямі падчас яго зрабіліся бібліяграфічнае краязнаўства і арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк.

У анлайн-фармаце прайшоў у лістападзе першы пашыраны з’езд Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання рэстаўратараў, якое аб’ядноўвае каля паўсотні адмыслоўцаў. Асаблівая ўвага была нададзеная патрэбе наладжвання супрацоўніцтва з профільнымі навучальнымі ўстановамі, што займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў, якія могуць быць занятыя ў сферы рэстаўрацыі. Удзельнікі аб’яднання звяртаюць увагу на тое, што каардынацыя дзеянняў з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і сумесная распрацоўка вучэбных праграм дазволіла б палепшыць сітуацыю з падрыхтоўкай кадраў і дала магчымасць аднавіць айчынную школу рэстаўрацыі і прэстыж прафесіі рэстаўратара ў вачах моладзі.

Сярод айчынных архівістаў і адмыслоўцаў у сферы генеалогіі таксама распачалася падрыхтоўка да ўзнікнення Беларускага гісторыка-генеалагічнага таварыства, была створаная валанцёрская група, закліканая аказаць дапамогу калектыву Нацыянальнага гістарычнага архіва ў справе стварэння паказальнікаў да асобных вопісаў НГАБ, якія слаба ўведзены ў зварот.

Заўважнай пляцоўкай для цэлага шэрагу археалагічных канферэнцый і семінараў у 2020 годзе зрабіўся аддзел археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея. Цягам года ім былі зладжаныя навуковыя семінары, прысвечаныя пытанням археалогіі паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга рэгіёнаў краіны, а таксама шэраг выстаў, на якіх былі прадстаўленыя як новаадшуканыя артэфакты, так і малавядомыя знаходкі з калекцый археолагаў ранейшых пакаленняў.

Спадчына на міжнароднай арэне

Працягвае расці зацікаўленасць да нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымалі традыцыі выпякання грачанага хлеба ў Маларыцкім раёне, тэхналогіі і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў Любанскім раёне, абрад “Розгары” з аграгарадка Лукомль Чашніцкага раёна, а таксама такія комплексныя элементы, як беларускія мастацкія практыкі саломапляцення, традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны ды традыцыйныя вобразы і тэхналогіі вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння. Усё большую актуальнасць набываюць захады па выкарыстанні патэнцыялу нематэрыяльнай спадчыны ў турыстычнай сферы.

А напрыканцы года з’явілася навіна аб прызнанні чарговага элемента беларускай нематэрыяльнай спадчыны і на сусветным узроўні — традыцыі ляснога бортніцтва Палесся, як сумесная намінацыя Беларусі і Польшчы, былі ўхваленыя да ўнясення ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO, зрабіўшыся чацвёртым элементам, якім нашая краіна прадстаўленая ў гэтым дакуменце.

Замкі набываюць трывалыя абрысы

Працягваліся і рэстаўрацыйныя работы на шэрагу найвыбітнейшых аб’ектаў архітэктурнай спадчыны ў самых розных кутках краіны. У Гальшанах, што ў Ашмянскім раёне, падышла да заканчэння першая чарга кансервацыі з рэстаўрацыяй у славутым замку Сапегаў XVI стагоддзя. Адбываліся ўнутраныя рэстаўрацыйныя работы на паўночнай вежы палаца, былі ўсталяваныя вонкавае асвятленне і сістэма відэаназірання. Неўзабаве тут мае адкрыцца музейная экспазіцыя, дзе можна будзе пабачыць артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак, што адбываліся на тэрыторыі замка і яго ваколіцах. У хуткім часе распачне сваю працу і візіт-цэнтр, дзе наведвальнікі змогуць набыць сувенірную прадукцыю.

Адбываліся работы і на замку XIV стагоддзя ў Крэве Смаргонскага раёна — тут прайшла кансервацыя паўночна-ўсходняй сцяны і была адноўленая ўязная брама. А ў суседнім Лідскім замку, тым часам, была адкрытая новая экспазіцыя ў вежы Гедыміна, дзе паказаная гісторыя фартэцыі і ўсяго горада ад яго заснавання ў 1323 годзе і да сярэдзіны XX стагоддзя, а таксама распавядаецца аб замкавым будаўніцтве на беларускіх землях у сярэднявеччы. У Гродне ж завяршаецца першы этап рэстаўрацыі Старога замка — тут, у выніку археалагічных даследаванняў, якія праходзяць паралельна з будаўнічымі работамі, былі зробленыя цікавыя знаходкі, як і на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку, дзе падчас будаўніцтва новага корпуса кадэцкага вучылішча праводзіліся даследаванні рэштак княжацкага храма XII стагоддзя.

Вяртанне вобразаў старога Мінска

У сталіцы рэканструкцыя з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі была праведзеная на будынку Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, што на плошчы Свабоды, 7. Гэты будынак, збудаваны ў XVIII стагоддзі для школы каталіцкага ордэна езуітаў як двухпавярховы, у 1960-я гады быў істотна перабудаваны, тут з’явіліся яшчэ два паверхі. Сродкамі рэстаўрацыі галоўнаму фасаду будынка ўдалося вярнуць гістарычны выгляд, не закранаючы прытым пазней надбудаваных аб’ёмаў.

Працягваюцца работы па стварэнні новай экспазіцыі Музея гісторыі Мінска ў рэстаўраваным будынку па Ракаўскай вуліцы, 17, дзе да рэвалюцыі месцілася зала для яўрэйскіх вясельных і бальных вечароў. Экспазіцыя будзе прысвечаная паўсядзённаму жыццю ў савецкім Мінску, а напаўненне яе адбываецца з дапамогай саміх мінчукоў — супрацоўнікі музея ў свой час звярнуліся з заклікам перадаваць для захавання і экспанавання найбольш цікавыя і адметныя прадметы савецкага побыту, і на гэтую прапанову адгукнуліся многія жыхары сталіцы.

Рэстаўрацыйныя работы і рэканструкцыі адбываліся і на шэрагу іншых аб’ектаў — так працягвалася ўзнаўленне гістарычнага вобліку будынкаў базыльянскага кляштара XVII стагоддзя па вуліцы Багдановіча, якія яшчэ не так даўно былі карпусамі другога гарадскога шпіталя. Распачалася рэканструкцыя будынка “Белай дачы” — колішняй сядзібы пачатку XX стагоддзя ў Курасоўшчыне, ужо сёлета тут мае з’явіцца культурна-асветны цэнтр. Адбылася і чарговая рэканструкцыя сталічнай лошчы Перамогі — тут былі адноўленыя дэталі манумента і абноўлены знешні выгляд падземнага ўзроўню помніка, дзе з’явілася гістарычная экспазіцыя, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі.

З усіх канцоў краіны

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі месцы памяці добраўпарадкаваліся не толькі ў сталіцы. Новы мемарыял з’явіўся на тэрыторыі знішчанай разам з жыхарамі вёскі Ала Светлагорскага раёна, быў істотна абноўлены мемарыял у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна, памяць аб трагедыі якой была ўвекавечаная ў рамане “Карнікі” Алеся Адамовіча. Распачалася работа над стварэннем новай музейнай экспазіцыі ў пятым форце мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Цікавыя змены адбыліся ў сувязі са святкаваннем Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах — тут быў адкрыты новы будынак Бялыніцкага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Адна з разынак экспазіцыі — баракальная фрэска “Нясенне крыжа” або “Узыходжанне на Галгофу”, якая яшчэ ў 1970-я гады была ўратаваная з разбуранага мясцовага каталіцкага кляштара кармелітаў, доўгі час захоўвалася ў музеях Магілёва, а ў нашыя дні была адрэстаўраваная мастакамі са Мсціслава Юрыем і Мікалаем Маліноўскімі.

Падыходзяць да завяршэння рэстаўрацыйныя работы ў палацава-паркавым комплексе Валовічаў XVIII стагоддзя ў Свяцку Гродзенскага раёна, працягваецца аднаўленне неагатычнага палаца Пуслоўскіх у Косаве Івацэвіцкага раёна, палаца Булгакаў XVIII стагоддзя ў Жылічах, што ў Кіраўскім раёне, палаца Наркевічаў-Ёдкаў у вёсцы Наднёман на Уздзеншчыне. Распачалася ў 2020 годзе рэстаўрацыя капліцы-пахавальні Ажэшкаў у Закозелі Драгічынскага раёна, сядзібнага дому і капліцы Рэйтанаў у Грушаўцы на Ляхавіччыне. У Ружанах Пружанскага раёна працягваюцца рэстаўрацыйныя работы ў палацы Сапегаў, распачатае аднаўленне колішняга корпуса кляштара базыльянаў васямнаццатага стагоддзя. Распачалася летась таксама рэстаўрацыя фасадных роспісаў унікальнага помніка ранняга барока ў Беларусі — касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.

Шэраг аб’ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны ў розных мясцовасцях краіны атрымаў у 2020 годзе новых гаспадароў — сярод найбольш адметных помнікаў можна згадаць палац Радзівілаў пачатку XІХ стагоддзя ў Паланечцы Баранавіцкага раёна, альбо славутую слонімскую сінагогу — адзін з найвыдатнейшых узораў абарончага дойлідства яўрэяў Беларусі сярэдзіны XVII стагоддзя. Спадзяемся, што гэтыя змены прывядуць да лепшага і будуць спрыяць далейшай актывізацыі захадаў па захаванні і аднаўленні гістарычных будынкаў.

Нам застаецца толькі нагадаць, што ўсе гэтыя падзеі ды ініцыятывы знайшлі адлюстраванне на старонках газеты “Культура” ў 2020 годзе.