Мікалай Пятровіч доўгі час ведаў Мітрапаліта Філарэта. Перш-наперш гэтае знаёмства было звязана з той важнай і адказнай працай над узнаўленнем Крыжа Еўфрасінні Полацкай, якую Мікалай Кузьміч зрабіў напачатку 1990-х гадоў. Ідэю ўзнаўлення Крыжа Еўфрасінні ў свой час актыўна падтрымаў Мітрапаліт Філарэт.
— Маё першае ўражанне ад сустрэчы з Мітрапалітам Філарэтам запоўнілася надоўга, бо мяне сустрэў добры, спакойны, цёплы чалавек, сапраўдны хрысціянін, — кажа Мікалай Кузьміч. — Ведаю, што ён дапамагаў у жыцці многім людзям, у тым ліку, і мне, цёпла сустракаў кожнага, хто да яго звяртаўся, быў сапраўдным айцом для многіх людзей. Таму яго смерць — вялікая страта.
Як вядома, Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай сёння захоўваецца ў алтары Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку. А праз некалькі гадоў Мікалай Пятровіч стварыў стаўратэку (сховішча для крыжа) і раку для мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай. Падчас працы над гэтым творам мастак-ювелір таксама адчуваў пастаянную і добразычлівую падтрымку з боку Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
— Мітрапаліт Філарэт неаднойчы прыязджаў у Брэст, сачыў за ўсімі этапамі работы і над Крыжам, і над ракай, — кажа Мікалй Кузьміч. — Таксама неаднойчы разам з ім мне давялося ездзіць у розныя падарожжы. Прыгадаю выпадак: калісьці мы ехалі ў Сафрыно, што ў Расіі. І недзе там, у паездцы, на дарозе паміж двума населенымі пунктамі, Мітрапаліт Філарэт спыніўся, каб падвезці падарожніцу, якая ішла ў тым кірунку, куды ехалі і мы. Пасадзіў яе побач з сабой, распытваў пра нешта, добразычліва развітаўся. І падобных выпадкаў я магу згадаць вельмі многа.
Па словах Мікалай Кузьміча, Мітрапаліт Філарэт — гэта цэлая эпоха. І вельмі шкада, што цяпер яна ад нас незваротна сыходзіць...