Таямніцы Занаў, герба “Ястрабец”

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Нягледзячы на такі загаловак, казаць пра “стары шляхецкі род Занаў”, на жаль, не выпадае. Продкі філамата і “архіпрамяністага” Тамаша Зана паходзілі з мяшчанаў і жылі ўвесь час у Радашковічах. У папярэдняй частцы мы разгледзелі карані роду, і галіну, якая ўсярэдзіне XVIII стагоддзя неяк сама па сабе знікла з далягляду. Запачаткаваў яе Міхал Зан, верагодна, старэйшы брат Францішка, які лічыцца прадзедам Тамаша. Прыйшоў час распавесці пра галіну “нашчадкаў” Францішка, якая, ператрываўшы ўсе катаклізмы XVIII — ХХ стагоддзяў, згасла ў 1989 годзе.

/i/content/pi/cult/832/17755/22.jpgГульня ў схованкі

Усё, што было вядома пра Францішка да сённяшняга дня — фальсіфікаты прывілеяў караля Яна ІІІ Сабескага “на чын ротмістра лёгкай кавалерыі (рэйтары) войск ВКЛ” (23 красавіка 1694 года) і “прадажнае права на маёнтак Васнёўка”, які нібыта Францішак набыў у каралеўскага двараніна Пятра Трызны (3 студзеня 1697 года). А што ж тады праўда?

А праўда ў наступным. Нарадзіўся Францішак у пачатку XVIII стагоддзя. 14 снежня 1745 года Францішак ажаніўся ў Радашковічах з Канстанцыяй Наць (Naciowna). У метрыцы шлюбу дадаткаў “пан”, “нобіль” няма — у адрозненне ад метрык шляхты, дзе такія “рэгаліі” пазначаліся амаль заўсёды.

Згодна з афіцыйным радаводам, Францішак меў аднаго сына — Тамаша (дзед філамата). Але Канстанцыя не магла быць яго маці, бо сам Тамаш павінен быў нарадзіцца да 1740 года, ажаніцца недзе ў 1759 годзе (да снежня), і першае дзіця нарадзіць ў 1760-м. Магчыма, Францішак быў жанаты двойчы і Канстанцыя была ўжо другой жонкай. Але ці не быў бацькам Тамаша Міхал, які ажаніўся першы раз у 1734 годзе? Адны загадкі. І ці будуць яны разгаданы —пытанне.

Гульня ў схованкі — 2

Будучы шчырым мешчанінам Тамаш (дзед філамата), мяркую, і падумаць не мог, што прыйдзе час, калі яго нашчадкі будуць падрабляць каралеўскія прывілеі, робячы з яго шляхціца. Так на свет з’явіўся прывілей караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (4 чэрвеня 1773 года). Ім, за заслугі перад айчынай “благароднага бацькі Францішка” і яго самога, Тамаша, “ўзнагародзілі” тытулам “чашніка Нурскай зямлі” (у Мазавецкім ваяводстве Польскага каралеўства). Рэальна такога прывілея не існавала. Дапытлівыя царскія ўраднікі, якіх Заны спрабавалі вадзіць за нос, правялі сваю праверку і згаданага прывілея ў кнігах Галоўнага Трыбунала ВКЛ не знайшлі. Яшчэ раз нагадаю, што і ў кнізе рэестра каралеўскіх прывілеяў за XVIII стагоддзе прозвішча Занаў не значыцца зусім.

Што ж можна пра яго сказаць дакладна?

А гэта ўжо факт

Тамаш пражыў нядоўгае жыццё і памёр у Радашковічах 23 студзеня 1788 года ва ўзросце 48 гадоў. Калі і дзе ён ажаніўся з Евай (яе прозвішча не знойдзена) высветліць пакуль не ўдалося. Хутчэй за ўсё гэта адбылося ў Радашковічах.Ева памерла 6 сакавіка 1773 года, як напісана ў метрыцы ва ўзросце “plusminustrintaseptem” (37 гадоў) . У “Гербоўніку Беларускай Шляхты” згадваецца толькі тры сыны Тамаша. Але дзяцей было значна болей. Удалося знайсці метрыкі чатырох дачок — Марыяны (хрост 10 жніўня 1760 года), Антаніны-Вікторыі (2 студзеня 1763 года), Алены (хрост 1 сакавіка 1765 года), Юстыны (нарадзілася 7-га, ахрышчана 10 студзеня 1771 года), і трох сыноў. Бацька філамата Тамаша быў найстарэйшы — Караль, Станіслаў-Костка нарадзіўся 2-га, і быў ахрышчаны 3 студзеня 1767 года. Будучы ксёндз Валянцін-Антон прыйшоў на свет 5-га, і быў ахрышчаны 7 красавіка 1769 года. Ужо ў лютым 1794 года ён распачаў сваю душпастырскую працу ў радашковіцкім касцёле.І такім чынам мог істотна паўплываць на змест некаторых метрычных запісаў.

Антон, які нарадзіўся 22-га, і быў ахрышчаны 23 студзеня 1772 года, ажаніўся недзе ў 1806 годзе з Вікторыяй Турчыновіч. У гэтым шлюбе нарадзіліся — Юстына, Петранэла, Тамаш і Аляксандр-Міхал. Апошні прыйшоў на свет 4 лютага 1817 года ў двары Белая (Стваловіцкая парафія), але хрост быў дапоўнены толькі праз дванаццаць гадоў 17 красавіка 1829 года. Прычым у Сталовічах ужо ніхто і не сумняваўся ў шляхецтве Занаў. Цікава, што Аляксандр у 1836 годзе абраў кар’еру вайскоўца, у 1843 годзе быў “прапаршчыкам Кабардзінскага егерскага палка”, а ў 1844-м ужо “падпаручнік генерал-лейтэнанта князя Чарнышова егерскага палка”. У 1838 годзе ўдава Аляксандра разам з дзецьмі жыла ў вёсцы Запалякі (блізу Залесся) у сваякоў.

Аказалася, што не толькі каралеўскія прывілеі і судовыя дакументы падрабляліся Занамі, але і метрычныя запісы. Пры параўноўванні метрыкі хросту Караля (бацька філамата) з метрычнай кнігі радашковіцкага касцёла і яе “копіі” з дваранскай справы была заўважана невялічкая праўка, унесеная ў “дваранскі варыянт”.

Калі ў арыгінале на лацінскай мове бацькі Караля “CiviumRadoszkovien”, то ў выпісе метрыкі, зробленай у 1837 годзе, яны ўжо “Благородные” (шляхта). Заверыў падмену асесар ксёндз Магільніцкі і іншыя чыноўнікі.

Білет у жыццё

Ці быў такі вялікі сэнс змагацца за “шляхецтва” ў тыя часы? Быў! Бо шляхецтва адчыняла перад чалавекам дзверы цывільнай і вайсковай кар’еры. Ні мяшчане, ні сяляне такіх шанцаў не мелі. Зноў-такі, і падаткі, здаецца, былі зусім іншыя. Сяляне ж, у якасці “бонуса”, з прыходам на беларускія землі расійскага панавання (у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай) атрымалі прыгон і рэкрутчыну.

Таму, сэнс ісці “ва-банк”, рызыкнуць усім, але дабіцца для сваіх дзяцей лепшай долі ў Караля Зана быў. І ён з гэтай задачай, з дапамогай брата-ксяндза, справіўся.

Што ж нам вядома пра бацькоў “архіпрамяністага”? Фактычна толькі тое, што напісана ў біяграфіі Тамаша Зана. І да пададзеных звестак, у свеце апошніх падзей, трэба ставіцца вельмі падазрона.

Афіцыйная версія сцвярджае, што Караль Зан, не маючы яшчэ 24 гадоў, але ўжо жанаты, меў сына Вінцэнта і чакаў неўзабаве другое дзіця (Тамаша), але быў “абраны паслом на Варшаўскі сойм”. Адправіўшыся на кані праз Коўна ў Варшаву, Караль даведаўся пра бітву пад Прагай (прадмесце Варшавы з усходняга берага Віслы). Гэта была жудасная бойня цывільных асобаў і паўстанцаў, якую здзейснілі “чудо-богатыри” расійскага генерала Аляксандра Суворава 4 лістапада 1794 года. Там, на Празе, баронячы мост, па якім на заходні бераг Віслы ўцякалі месцічы Варшавы, загінулі гераічнай смерцю кіраўнікі паўстання ў ВКЛ — генералы Якуб Ясінскі і Тадэвуш Корсак. На Каменкоўскіх могілках (на Празе) ёсць сімвалічная магіла гэтых герояў, нашых землякоў.

Не маючы ўжо чаго ехаць у Варшаву, а таксама магчымасці развітацца з жонкай, бо ўся ваколіца Радашковічаў была на той час пад пільным кантролем “маскавітаў”, Караль Зан змяніў каня на човен і адплыў у Каралявец (Кёнігсберг). Вярнуўся ён з выгнання толькі праз год пасля нараджэння сына Тамаша. Нагадаю, гэта афіцыйная версія, апублікаваная ў біяграфіі Тамаша Зана (Кракаў, 1863 год).

Але ці ўсё было так?

Па-першае, на момант пачатку паўстання 1794 года і “Бітвы пад Прагай” Караль меў поўных 27 гадоў. Ці мог быць паслом мешчанін? Вельмі няпэўна. Калі не памыляюся, толькі шляхціц мог быць паслом. Знайсці метрыку яго шлюбу не ўдалося, але вядома, што сын Вінцэнт нарадзіўся 21 сакавіка 1795 года і быў ахрышчаны 21 мая. Герой нашага апавядання Тамаш Зан нарадзіўся 21 снежня 1796 года (хрост дапоўнены 26 студзеня 1798 года), а яшчэ адзін сын Ігнат нарадзіўся 20 студзеня 1798 і быў ахрышчаны 28 студзеня разам з Тамашам. Былі яшчэ і іншыя дзеці — Стафан, Евеліна, Бенедыкта, Схаластыка.

Калі б Караль Зан сапраўды з’ехаў і вярнуўся толькі напрыканцы 1797 года, то і Тамаш, і Ігнат не нарадзіліся б зусім. Дык, ці быў той гераічны эпізод з “паслом на сойм”, “паўстаннем”, “эміграцыяй”?

Дарэчы, усе гэтыя пошукі слядоў прашчураў у славутых бітвах былі вельмі ўласцівы нашай шляхце. Узгадваюцца “рыцарскія латы і паўстанская экіпіроўка слаўных продкаў” Адама Міцкевіча, якія яго бацька захоўваў ў стайні. Дарэчы, у дакументах пра іх гераічныя чыны — аніякіх слядоў.

Дылеўскія,
Дулеўскія,
Дулебскія,
Дулепскія…

Што датычыцца маці Тамаша Зана Кацярыны Дылеўскай, то і тут, як аказалася, ёсць над чым паразважаць. Згодна афіцыйнай версіі яна паходзіла з уніяцкай шляхты і была звязана з родам Дылеўскіх з Уздзеншчыны. Праўда, дакументаў, якія б пацвердзілі гэтыя звесткі, пакуль не знойдзена.

Праглядаючы метрычную кнігу радашковіцкага касцёла напаткаліся мне шматлікія згадкі пра нейкіх Дылеўскіх. Праўда, прозвішча іх пісалася па рознаму — Дулеўскія, Дылеўскія, Дулепскія, Дулебскія і аднаго разу падаецца нават Дулькевічы (кумам іх сына быў дзед філамата Тамаш). Кола сяброў гэтых Дылеўскіх-Дулеўскіх… тыя самыя асобы, што і ў Занаў. Але галоўнае не гэта, а тое, што гэтыя Дылеўскія былі простымі сялянамі з Радашковічаў.

Спраўдзіць, ці паходзіць маці Тамаша з гэтага роду, пакуль не ўдалося. Але такая зухаватая думка сама просіцца на стол. Бо з якой нагоды ўздзенская шляхцянка пайшла б замуж за радашковіцкага мешчаніна, ды яшчэ зусім не заможнага. З другога боку, былі свае мясцовыя Дылеўскія, даволі разгалінаваныя, з якімі Заны, безумоўна, былі добра знаёмы.

Ускосна на карысць новай версіі можа сведчыць тое, што Тамаш Зан “Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасьць за адзін з найгалоўнейшых разьдзелаў свае паэтычнае праграмы”. Так напачатку ХХ стагоддзя напісаў пра творчасць Зана Станіслаў Станкевіч.

Падсумоўваючы здабыткі “Заніяны” можна сказаць наступнае — “загадкі множацца”. А ці будуць на іх адказы, ніякай пэўнасці, прынамсі ў мяне, няма.

Наперадзе нас чакае аповед пра сем’і Караля Зана і сына яго Тамаша.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар