А зімой думаем пра вясну...

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

У акадэмічнай фальклорнай серыі “Беларуская народная творчасць” выйшаў 48-ы том “Масленіца. Абрад. Песні. Напевы”
Выдавецтва “Беларуская навука” на мінулым тыдні надрукавала кнігу, над якой я працавала з 2014-га года. Гэта зборнік, які змяшчае апісанні абрадаў, тэксты і ноты масленічных песень. Матэрыял я расчытвала з захаваннем дыялектных асаблівасцей з архіўных і ўласных экспедыцыйных аўдыязапісаў, частку перадрукавалі з ужо апублікаваных крыніц, у тым ліку мала дасяжных. Музычную частку выдання (натацыі, тэматычны ўступны артыкул) рабіла этнамузыколаг Васіліна Прыбылова.

/i/content/pi/cult/832/17753/20.jpg

Структура кнігі

Том атрымаўся вялікі (816 старонак) і даволі дарагі. Набудзе яго хіба зацікаўлены спецыяліст. Для больш шырокай публікі, ужо разумею, трэба рабіць нейкае “выбранае”. У той жа час, для бібліятэк і ўстаноў культуры зборнік можа стаць праўдзівай энцыклапедыяй, якая дапаможа рэканструяваць святкаванне Масленіцы ў пэўнай мясцовасці.

Том з’яўляецца першым навукова атрыбутаваным зборам, прысвечаным абрадавым традыцыям перыяду Масленіцы ў Беларусі. Заснаваны на багатай факталогіі ХІХ - ХХІ стст., збор уключае тры раздзелы, у якіх даецца комплекснае апісанне абрадавых дзеянняў масленічнага перыяду, прымеркаваных да іх песень і напеваў. Уступны артыкул раскрывае гісторыю збірання масленічных песень і апісанняў святкавання Масленіцы, дае іх класіфікацыю, акрэслівае сімволіку і лакальныя адметнасці. Распаўсюджванне найбольш істотных элементаў масленічнай абраднасці адлюстравана на картах. Асобна паказваецца этнамузычная спецыфіка песенна-абрадавых масленічных традыцый, акрэсліваецца тыпалогія і мелагеаграфія абрадавых напеваў, адлюстраваная як у арганізацыі нотна-тэкставага раздзела, так і на спецыяльных картах.

У раздзеле “Абрад” змешчаны апісанні святкаванняў Масленіцы, вялікая частка якіх набрана з архіўных і маіх уласных экспедыцыйных аўдыязапісаў з захаваннем асаблівасцей мясцовых гаворак. Публікуюцца таксама апісанні з выданняў канца ХІХ - пачатку ХХ стст. (у маім перакладзе на беларускую з рускай і польскай моў) і з сучасных друкаваных крыніц. І публікацыі класікаў беларускай этнаграфіі канца ХІХ - пачатку ХХ стст., а яшчэ сучасныя метадычныя выданні ўстаноў культуры і адукацыі, якія часта выходзяць зусім малымі накладамі, мала дасяжныя шырокай публіцы. Іх перадрук у адным зборніку дазволіць чытачу атрымаць цэльнае ўяўленне пра беларускую Масленіцу. Раздзел “Песні” фарміраваўся па такім жа прынцыпе.

У раздзеле “Напевы” — нотныя расшыфроўкі 117 масленічных песень, зробленыя пераважна з экспедыцыйных матэрыялаў. 22 натацыі ўзяты з друкаваных крыніц і прыводзяцца ў рэдакцыі Васіліны Міхайлаўны Прыбыловай з максімальным захаваннем аўтарскіх версій.

Найбольш падрабязныя, комплексныя апісанні масленічных святкаванняў у зборніку ўзятыя з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі (цяпер у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН) і з маіх уласных палявых запісаў. Большасць звестак архіву паходзіць з Віцебшчыны. Я даследавала 51 вёску ў 22 раёнах Беларусі: Аршанскім, Віцебскім і Талачынскім Віцебскай вобласці, Асіповіцкім, Горацкім, Клічаўскім, Краснапольскім, Круглянскім і Мсціслаўскім Магілёўскай вобласці, Жыткавіцкім і Лельчыцкім Гомельскай вобласці, Бярэзінскім, Капыльскім, Крупскім, Любанскім і Маладзечанскім Мінскай вобласці, Мастоўскім Гродзенскай вобласці, Драгічынскім, Камянецкім, Лунінецкім, Пінскім і Столінскім Брэсцкай вобласці. Частка запісаў зроблена ў экспедыцыях рэспубліканскага моладзевага грамадскага аб’яднання “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” і маладзечанскага этнаграфічнага клуба “Кола”.

У том увайшлі звесткі пра святкаванне Масленіцы з усёй беларускай этнічнай тэрыторыі (адпаведна картам Мітрафана Доўнар-Запольскага і Яўхіма Карскага), не абмяжоўваючыся сучаснымі межамі Рэспублікі Беларусь. То бок ёсць звесткі са Смаленшчыны, Пскоўшчыны, Беласточчыны, Віленскага краю. Аднак, найбольш увагі надаецца запісам, зробленым у сучасных адміністрацыйных межах Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя цікавосткі выдання

Багацце прадстаўленага ў томе матэрыялу па Масленіцы дазваляе сцвярджаць, што перыяд перад Вялікім постам так ці інакш вылучаўся па ўсёй Беларусі. Масленіца — святочны перыяд на мяжы зімовага і веснавога каляндарных цыклаў, час якога разлічваецца залежна ад даты Вялікадня. Масленічны абрадавы комплекс мае складана арганізаваную ўнутраную структуру і багатую сімволіку; для назваў свята, песень і абрадаў характэрны выразныя рэгіянальна-лакальныя асаблівасці. Найменне “Масленіца” ў кнізе выкарыстоўваецца як агульнабеларускае для перыяда, які вылучалі перад Вялікім постам і праваслаўныя, і католікі. У шэрагу лакальных традыцый назва невядомая, могуць бытаваць хранонімы кшталту “Запусты” ці “Улас” (і іх варыянты), а найменне “Масленіца” асацыявацца толькі з сучаснымі праявамі масавай культуры, а не з даўнімі мясцовымі звычаямі. Разумеючы ўмоўнасць такога абагульнення, даецца цэльнае ўяўленне пра масленічны перыяд у разнастайнасці яго лакальных назваў і варянтаў.

Да ХІХ ст. у большасці выпадкаў фігуруе толькі назва свята, без апісання абрадаў ці песень. “Масленая неделя” згадваецца ў Аповесці мінулых часоў пад 1074 і 1112 гг.: «Феодосий имел обычай с наступлением поста, в воскресенье на Масленой неделе вечером, по обычаю прощаясь со всей братией, поучать ее, как проводить время поста”; “И повелел князь митрополиту поставить его с радостью игуменом. И поставлен он был на Масленой неделе в четверг, февраля 9”; назва “Мясапуст” — пад 1092 г.: “В те же времена многие люди умирали от различных недугов, так что говорили продающие гробы, что “продали мы гробов от Филиппова дня до Мясопуста 7 тысяч”. Масленіца згадваецца ў Цвярскім летапісе пад 1177 г. У XV ст. Пскоўскі летапіс паведамляе: “Народны звычай падзяляў зіму на тры вясёлыя перыяды: Каляды, вяселлі і Масленіцу, у якіх прыкметныя рэшткі паганскіх абрадаў”.

Першае разгорнутае апісанне Масленіцы змешчана ў часопісе Рускага геаграфічнага таварыства “Этнаграфічны зборнік”. У 1853 годзе там апублікаваны нарыс Івана Юркевіча “Астрынскі прыход Віленскай губерні Лідскага павета”, дзе аўтар апісвае масленічныя ігрышчы моладзі, катанні, прывязванне “калодкі”. Першым надрукаваў беларускія масленічныя песні Пётр Бяссонаў у 1871 годзе. Гэта 40 тэкстаў, сабраных у Слуцкім і Барысаўскім паветах Мінскай губерні. Большасць твораў мае любоўна-шлюбную і сямейна-побытавую тэматыку, сем песень — абыходныя.

У “Апісанні Барысаўскага павета” Яўстах Тышкевіч згадвае “Зімовыя Дзяды”, якія прыпадаюць перад Запустамі, і піша, што на стол падавалі ногі вепрука і бліны. Гэта першае вядомае апісанне Масленічных Дзядоў. Яно мае паралелі ў сучасных запісах пра “Буркаўскія Дзяды”, “Буркаўкі” — назва Масленічных Дзядоў, якая фіксуецца ў ваколіцах Бягомля (тэрыторыя ўваходзіла ў склад Барысаўскага павета, цяпер — Докшыцкі раён). На Буркаўкі варылі свіныя ногі, якія таксама маглі называць “буркаўкі”: “Калі буркаўкі вараць, то тады завіруха. Ну, дык жа ж буркаіць тады” (вёска Брадок Докшыцкага раёна). Такая ж назва сустракаецца ў дачыненні да дзіцячых забавак са свіной костачкі: “З костачкі такой прадалгаваценькай буркаўкі дзелалі. І буркалі, вродзе, штоб свінні вяліся. На нітачку навязавалі. Цягаеш, яны буркаюць, костачка круціцца. [Гэта гульня такая?] Не, дзеці, гэта не гульня. Былі такія старыя людзі, і вот яны як якая варажба ці што такоя. Пабуркаць нада абізацельна на Дяды гэтай костачкай, каб вялася скаціна. Дзеці потым з ей вазіліся” (вёска Сасновая Докшыцкага раёна). Таццяна Валодзіна, аналізуючы лексему “буркаўкі”, адзначае складаныя ўзаемадачыненні матываў ушанавання памерлых, атмасферных з’яў і магіі плоднасці.

Для крыніц ХІХ - 1-ай пал. ХХ стст. характэрная перадача тэкстаў песень без асаблівай увагі да дыялектных асаблівасцяў, апісанні абрадаў ад імя збіральніка, літаратурнай мовай. Не праводзілася дакладнай пашпартызацыі запісаных звестак. Да сярэдзіны ХХ ст. назапасіўся значны масіў матэрыялаў па святкаванні Масленіцы ў розных рэгіёнах Беларусі, аднак толькі сабраныя пазней звесткі дазволілі акрэсліць арэалы бытавання і асаблівасці некаторых масленічных песень і абрадаў. Таму істотна не спыняцца, нягледзячы на вялікую колькасць назапашаных дадзеных, і працягваць распытваць старажылаў пра традыцыі святкавання Масленіцы ў вашай мясцовасці.

Абрадавая частка Масленіцы мае супольныя рысы на вялікіх тэрыторыях, у той час як сюжэты песень лакалізаваны больш вузка, мелас жа беларускай Масленіцы вылучаецца найбольшай разнастайнасцю мясцовых варыянтаў. Усходняя Беларусь выступае як тэрыторыя бытавання ўласна масленічных абрадавых напеваў, на Палессі падчас Масленіцы выконвалі загукальныя і веснавыя песні; на астатняй тэрыторыі краіны да гэтага перыяду прымяркоўваліся песні з любоўна-шлюбнымі і сямейна-побытавымі сюжэтамі.

Масленічныя песні адлюстроўваюць настрой перыяду, абрадавыя рэаліі, апяваюць працэсы, якія адбываліся ў сялянскім соцыуме (завяршэнне пераходу маладой жонкі ў сям’ю мужа, якое распачалося нядаўнім вяселлем). У песнях можа ўтрымлівацца зварот да персаніфікаванага вобраза Масленіцы, у гуканнях — зварот да Бога ці вясны.

Даведка

Серыя “Беларуская народная творчасць” выдаецца з 1970 г. Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН. Выйшла 47 тамоў, прысвечаных розным жанрам беларускага фальклору (песням і абрадам каляндарнага і сямейнага цыклу, казкам, прымаўкам, выслоўям, прыпеўкам, пазаабрадавым песням). Апошні том, “Народная медыцына”, выдадзены ў 2007 г., укладальніца — Таццяна Валодзіна. І вось праз 13 год серыя працягваецца! “Масленіца” стала 48-м томам.


Алена ЛЯШКЕВІЧ,

супрацоўніца Цэнтра
даследаванняў беларускай культуры, мовы
і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара