“А нуце, нуце, скарэй дарыце! Шчодры вечар, святы Васілёк!”

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Сімволіка каляднага карнавалу на Палессі
У каляднай традыцыі на Палессі асабліва шануюць першы дзень Новага года — Васілле. Менавіта тут захаваўся дагэтуль калядны карнавал з архаічнымі маскамі ў Шчодры вечар з 13 на 14 студзеня. Гэта найперш Дзед і Баба, якія сімвалізуюць продкаў — Дзед вядзе Казу, а Баба засявае хату жытам дзеля таго, каб усё ў гаспадарцы і ў сям’і пладзілася, множылася, як гэтае зерне.

/i/content/pi/cult/832/17750/17.jpgПерсанажы

Конь — спрадвечны спадарожнік сонечнага боства Ярылы, ваяра ўсіх часоў, памочнік у працы селяніна на зямлі. Але ў каляднай абраднасці маску Каня трэба суадносіць яшчэ з назвай Палярнай зоркі — Кол-зоркі, якую ўяўлялі як слуп, які злучае неба з зямлёй. Таму традыцыйную куццю пачыналі, як толькі ўбачаць на небе гэтую зорку.

Маска Мядзведзя сімвалізуе не толькі самага моцнага драпежнага звера нашых лясоў, але найперш жывёлу, якая зімой памірае (засынае) і вясной уваскрасае. Ён быў сімвалам продка чалавечага роду, яго заснавальнікам, таму шанаваўся як татэм. А калі зірнуць на зорнае неба, то на ім ёсць усім вядомае сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, якое мела народныя назвы Воз або Кола.

Журавель і Бусел — птушкі іншасвету, якія, паводле міфалагічных уяўленняў, судакранаюцца з вышэйшай сакральнай істотай, якая забяспечвае ўраджай на зямлі. Нездарма на Палессі, сустракаючы бусла, яго заклікаюць: “Бусел, бусел, на тобі галёпу, а мне дай жыта копу!” Галёпа — печыва ў выглядзе бусловай лапы. Адлятаючы ў вырай, гэтыя птушкі судакранаюцца з продкамі, таму іх з’яўленне ў выглядзе калядных масак натуральнае. Калі пры гэтым прыгадаць абрад “Каляду на дуба” ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна, які спраўляюць у знак заканчэння калядных святкаванняў, то ў ім дуб трэба ўспрымаць як сімвал Сусветнага дрэва, на вяршыне якога гняздуюцца птушкі, якія звязаны з душамі памерлых, бо адлятаюць у вырай, а таму з’яўляюцца пасярэднікамі паміж намі і іншасветам.

Цыганы, продкі якіх паходзяць з Індыі, доўгі час жылі на Блізкім Усходзе, а ў сярэдзіне XVI стагоддзя з’явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Як і іншыя інародцы, яны надзяляліся звышнатуральнымі якасцямі, але і насамрэч валодалі навыкамі варажбы і знахарства. Да таго ж былі выдатнымі музыкантамі і танцорамі, дрэсіроўшчыкамі мядзведзяў, каняводамі і кавалямі, шорнікамі, шаўцамі, валодалі іншымі рамёствамі. Уключэнне ў калядны карнавал масак Цыгана, які прадае Каня або муштруе Мядзведзя, і Цыганкі з дзіцем можа быць звязаны з маскамі гэтых жывёл. Але не выключана, што і з паходжаннем цыганоў з Індыі, што мае значэнне для нас як індаеўрапейцаў. Цыганоў у народзе баяліся, але заўсёды адорвалі, як і старцоў, высока цанілі іх дар прадбачання і знахарства, што можна растлумачыць параўнаннем цыганоў з айчыннымі знахарамі.

Асноўны персанаж абраду шчадравання — Каза (хоць была і маска Казла) — сімвал урадлівасці, багацця, дастатку, плоднасці нівы: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць”. Гэта асноўны персанаж каляднага карнавалу. Каза памірае падчас абраду, затым ажывае, дзякуючы адорванню яе традыцыйнымі пачастункамі. Здавалася б, не вельмі шанаваная жывёла ў сялянскай гаспадарцы, бо коз трымалі толькі беднякі. Але казу прыручылі яшчэ на зары цывілізацыі ў Малой Азіі, дзе гэтая жывёла лічылася божышчам урадлівасці. Магчыма, адтуль разам з самой жывёлай да нас прыйшла традыцыя яе ўшаноўвання ў каляднай абраднасці.

А калі зноў зірнуць на зорнае неба, якое так добра ведалі нашы продкі, то аказваецца, што самая яркая зорка ў сузор’і Вознік мае на Віцебшчыне назву Козачка (калька з лацінскага Capella). Гэтае сузор’е якраз узыходзіць падчас калядных святкаванняў. Пік традыцыі — другая калядная куцця на Шчодры вечар — называецца на Палессі Куцця святога козліка. Тое, што адбываецца ў гэты час на зорным небе, адлюстроўваецца ў многіх шчадроўках, напрыклад: “На гарэ каза з казлянятамі, а ў даліне воўк з ваўчанятамі. Выскачыў ваўчок — казу за бачок, а ваўчанята — за казлянята”.

Шукай на памежжы

Усе характэрныя для Палесся калядныя маскі захаваліся ў абрадзе шчадравання ў вёсцы Восава Салігорскага раёна, хоць і знаходзяцца на самай мяжы Палесся і Цэнтральнай Беларусі. Дарэчы, тэндэнцыю захоўвання народных гаворак і абрадаў менавіта на этнічнай мяжы падказаў мне ў 90-я гады калега па Інстытуце мовазнаўства прафесар Генадзь Цыхун, знакаміты славіст і дыялектолаг. Дагэтуль з удзячнасцю карыстаюся яго слушнай парадай.

А маскі тут незвычайныя — некаторыя нагадваюць цацкі. Каза — гэта пудзіла свойскай казы на драўляных ножках, набітае саломай. Калі спяваюць традыцыйную шчадроўку “Гогого, каза”, стукаюць яе ножкамі па падлозе ў знак абуджэння зямлі. Дзед таксама з гэтай мэтай стукае сваім бярозавым кіем. Казу нясуць у руках. Цыган вядзе Каня — галава і дуга над ім падобныя на цацку, а зверху два мужыкі пакрываюць сябе посцілкай. Падчас шчадравання Цыган просіць даць каню аўса і вады. Цыганка з дзіцём варожыць. А маска Жураўля — гэта кій з крывым канцом і дзюбай, які трымае чалавек, пакрыты белай прасціной. Гаспадароў таксама просяць яго напаіць і накарміць. А яшчэ ў гурце ідзе Механоша, музыканты, спявачкі. Наперадзе ўсёй працэсіі — Дзед у берасцяной масцы і вывернутым кажуху, а таксама Баба ў традыцыйным адзенні з палатнянай торбай праз плячо. Пачынаючы з усходу, яны па сонцу абыходзяць вёску.

Як Васіль і Таня захавалі “Шчадрэц”

Усе маскі, як і сам абрад, захаваліся, дзякуючы Васілю Гаўрылавічу (1923г.н.) і Таццяне Навумаўне (1920 г.н.) Хаміцэвічам з вёскі Рог. У іх вялікай хаце заўсёды збіраліся на вячоркі, тут адбываліся танцы і гульні на ўсе святы. Асабліва дарагім быў для іх Шчодры вечар. Яшчэ дзецьмі бегалі шчадраваць, а завадатарамі сталі тады, калі пажаніліся ў 1947 годзе. Васіль Гаўрылавіч успамінаў: “Раней ганялі, не дазвалялі шчадраваць. А як мы пажаніліся, то ўжо не ганялі. А мы любілі песні, танцы, гульні, хацелі самі павесяліцца і людзей павесяліць. Убачылі, што ўсе маскі ўжо знасіліся, амаль развальваюцца, і папрасілі аднаго старога дзеда, каб пасобіў зрабіць новыя”. Зрабіць козачку як пудзіла — гэта іх ідэя: суседка забіла казляня і аддала скуру, а Васіль Гаўрылавіч вырабіў яе і зрабіў козачку. Да гэтага галаву Казы (морда і рогі) насаджвалі на кій, на які вярхом садзіўся мужык ці баба, апранутыя ў вывернуты кажух. Каня таксама яны прыдумалі зрабіць з дугой, званочак падвесілі.

Таццяна Навумаўна ўспамінала:“Мы прыдумалі такую козачку з драўлянымі ножкамі, каб танцавала, стукала нагамі. Я тожэ зрабіла Жураўліка з дрэва, туды сенца трошкі і абматала дзюбу чорным. З дзяцінства помню, што цыганка насіла “колбель”(калыску), у якой ляжала лялька”. Так што дзякуючы гэтым людзям абрад захоўваецца і з 2009 года мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі.

А нос — з морквы

У вёсцы Рог на ролю Дзеда заўсёды выбіралі высокага мужчыну, апраналі ў вывернуты доўгі кажух, у рукі давалі бярозавы кій са званочкам і чырвоным бантам зверху. Гэтым кіем ён стукае ў акно з таго боку, дзе Чырвоны кут, а шчадрухі спяваюць: “Ой, устань, устань, сам пан гаспадар! Шчодры вечар, святы Васілёк!” Калі гаспадары дазволілі шчадраваць, Дзед вядзе ўсіх у хату і перш за ўсё стукае кіем у столь — знак, звернуты да продкаў. Хоць ён і кажа жартам, што, магчыма, у гэтай хаце схаваны скарб. На галаву яму надзявалі шапку ў выглядзе цыліндра, на якую прыклеена ў выглядзе крыжа бяроста (крыж —сімвал сонца), у ёй — проразі для вачэй і рота. Раней нос рабілі з морквы. Шапку выраблялі з цэльнага куска бяросты, вывернутай “левым” бокам, таму яна мае бежавы колер.Бяросту трэба загатаўляць вясной, калі кара добра аддзяляецца, а дрэва павінна быць без сучкоў. Цыліндравай формы шапка робіцца ў два слоі кары, якая распарваецца, а па шву мацуецца швом “у пальцы”, як казалі мясцовыя майстры: з аднаго боку пікі, з другога дзіркі, у якія заходзяць гэтыя пікі. Па такому тыпу рабілі некалі туясок — ёмкасць на 5 — 6 літраў з накрыўкай — для мёду, вады або ягад, якая не прапускала вільгаць. Дзед у такой берасцяной масцы і кажуху выглядае вельмі архаічна.

Страта і аднаўленне берасцяной маскі

Абрад быў зафіксаваны ў 1995 годзе ў перадачы з цыкла “Радавод” на БТ “Новы год у Салігорскім раёне”. Тады Дзедам хадзіў Мікалай Мікалаевіч Хаміцэвіч (1938г.н.) — чалавек вялікага росту і моцнага целаскладу. Да таго ж, у яго быў спадчынны руды кажух аж да пят, таму часцей за Дзеда хадзіў ён. Але аднойчы жонка, узлаваўшыся на яго, спаліла маску Дзеда, забараніўшы яму ўдзельнічаць у абрадзе, каб не выпіў лішку. Маску зрабіў некалі Сцяпан Хаміцэвіч, і яго ўжо не было ў жывых. Калі ў 2008 годзе фотакарэспандэнт газеты “Звязда” Анатоль Кляшчук рабіў фотафіксацыю абраду, гурт быў амаль у тым жа складзе, што і ў 1995 годзе, толькі маску Дзеда зрабілі ўжо з кардону. У 2009 годзе яе аднавіў мясцовы настаўнік працы Аляксандр Дубіцкі разам з Мікалаем Хаміцэвічам, чый бацька ўмеў вырабляць туяскі, і яны разам загатаўлялі бяросту. Засвоіўшы тэхналогію вырабу гэтай маскі, Дубіцкі і па сённяшні дзень вырабляе гэтыя маскі як сувенір, а сам ходзіць за Дзеда. Мастак, майстар на ўсе рукі, вучыць дзяцей у школе і ў клубе жывапісу, роспісу на шкле, вырабу масак, керамічных цацак. А клубнай работай у Восава кіруе зараз Сяргей Каваленя.

Берасцяная маска яшчэ ў 90-я гады была і ў абрадзе шчадравання ў вёсцы Дзякавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, што на процілеглым баку Чырвонага возера. Толькі яе рабілі плоскай і белай, бо выразалі з “правага” боку бярозавай кары. Абрад зафіксаваны ў 1998 годзе і адлюстраваны ў перадачы БТ “Каляды ў Жыткавіцкім раёне” з цыкла “Радавод”.

Пераемнікі

У Рогу засталося зусім мала жыхароў, таму ад іх традыцыю перанялі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Палескія крыніцы”пад кіраўніцтвам Валянціны Саротнік, а затым і Валянціны Цяляк з вёскі Восава, што знаходзіцца за 4 кіламетры ад Рога, і разам з імі шчадруюць у абедзвюх вёсках. Раней мужыкі шчадравалі асобна, апранаючы маскі калядных персанажаў (казалі: “у казлы хадзіць”), а дзеўкі і жанчыны — шчадрухі — спявалі пад вокнамі сваім гуртом. Потым утварыліся змешаныя гурты. Возера замерзне — на санях ездзілі шчадраваць у іншыя вёскі па той бок. Музыканты ігралі тады на дудках, каровіных ражках, кароў пасвілі з пастуховай трубой, былі і гарманісты, якія ігралі вяселлі, танцы, — успамінаў Васіль Каваленя (1931г.н.), які сам на турэцкім барабане такія штукі вырабляе! А калі і гарманіст яму пад стаць, то такога барабаншчыка больш нідзе не знайсці.

Восаўскія і рогаўскія спявачкі выгадавалі дзіцячы гурт “Раўчук” і цяпер маюць пераемніц у спевах. На Шчодры вечар дзеўкі заўсёды варожаць. Нехта доўгую жардзіну паставіць, а ўсе разбягаюцца: у чый бок упадзе, тая першая замуж пойдзе. А то на дрывотні, не лічачы, ухопяць дровы і ў хату — калі няцотная колькасць, то замуж ніхто не пакліча ў гэтым годзе. А яшчэ бабы напякуць бліноў і раздадуць дзеўкам, а каторая з дома першы блін ухопіць, дык пакладуць у рад свае бліны і сочаць — чый блін сабака першым з’есць, той пара збірацца замуж. Навагодняя ноч чароўная — што загадаеш, тое і збудзецца. І ляціць па наваколлі спрадвечная песня-шчадроўка: “Прачыстая йдзе, трох гасцей вядзе. Першы госцічок — ясна сонейка, другі госцічок — ясны месячок, трэці госцічок — дробны дожджычок”.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ

Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ