Дайсці да сёмага неба

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Мінулы год для кіно быў неспрыяльны, нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” даўно змагаецца з крызісам, але — жыццё ідзе, і вялікія праекты, значныя ў маштабе ўсёй Беларусі, усё ж з’яўляюцца. Завершана праца над першым беларускім поўнаметражным анімацыйным мюзіклам “Зоркі сёмага неба”, прэм’ера якога павінна была адбыцца якраз на гэты Новы год. Праўда, цяпер з’яўлення фільма ў кінатэатрах давядзецца трошкі пачакаць да часоў, калі палепшыцца пандэмічная сітуацыя.

/i/content/pi/cult/832/17747/12.jpgАмаль пяць гадоў ішла праца над праектам, які сапраўды можна назваць унікальным для нашага кіно — ніколі ў Беларусі не было поўнаметражнага анімацыйнага мюзікла. Ды й проста поўнаметражная анімацыя ў нас рэдкасць: можна згадаць хіба што “Дэкамерон” 1993 года рэжысёра Алега Белавусава, зняты на ягонай жа студыі “АBC”, — зборнік гісторый, ці “Прыгоды Несцеркі” 2013 года рэжысёра Ігара Воўчака — зборнік народных казак. А ў аснове “Зорак сёмага неба” адзін цэльны сюжэт, які развіваецца ад пачатку да фіналу, і ў гэтым сэнсе новую стужку можна лічыць таксама першай.

Назву “Зоркі сёмага неба” ўжо чулі аматары тэатра — 11 гадоў таму на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М. Горкага адбылася прэм’ера такога музычнага спектакля, які паводле сваёй жа п’есы як рэжысёр паставіў Генадзь Давыдзька. Музыку стварыў знакаміты кампазітар Уладзімір Кур’ян. Яшчэ праз шэсць гадоў з’явілася і кніга з яскравымі ілюстрацыямі Веніяміна Маршака (ён быў мастаком-пастаноўшчыкам спектакля). Да таго і на сцэне філармоніі гучала гэтая гісторыя, а яшчэ на пачатку 2000-х існаваў сцэнарый для ігравога кіно, які так і не быў запушчаны ў вытворчасць. А вось у 2016 годзе, калі “Беларусьфільм” узначальваў Ігар Поршнеў, добра знаёмы з аўтарам кнігі і п’есы Генадзем Давыдзькам, пачалася праца над анімацыйнай стужкай. Як і спектакль, мультфільм таксама на рускай мове.

/i/content/pi/cult/832/17747/13.jpg— Я тады якраз думала вярнуцца ў вытворчасць пасля перапынку, — расказвае рэжысёр фільма “Зоркі сёмага неба” Алена Турава. — На той час у мяне яшчэ быў курс рэжысёраў у Акадэміі мастацтваў, а да таго я зняла тры ігравыя стужкі, і хацела запускацца з анімацыйным праектам “Акадэмія “Мультысон”. Але мне прапанавалі “Зоркі сёмага неба”, бо ўсе астатнія рэжысёры былі ці занятыя, ці яшчэ што, а наш дырэктар Ігар Поршнеў меў гарачае жаданне зрабіць такі фільм. У сумесным абмеркаванні ўзнікла ідэя, што гэта будзе поўнаметражны мюзікл, — мне стала цікава, і я пагадзілася.

Для студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільма” стварэнне поўнаметражнай анімацыі — праект сапраўды грандыёзны: бо нават такой колькасці работнікаў няма, каб усім узяцца і ў адзіным парыве, напрыклад, за год, стварыць стужку. Асаблівая бяда ў студыі, як кажа Алена Турава, з мультыплікатарамі: “Канешне, у нас былі і ёсць выдатныя спецыялісты, але па фінансавых прычынах яны ці сыходзяць у іншыя галіны — у камп’ютарныя гульні, рэкламу, ці ўвогуле з’язджаюць за мяжу. Так, Аляксей Казакоў цяпер жыве ў Канадзе, Аляксандр Бычкоўскі ў ЗША, Уладзімір Борахаў у Польшчы, Ірына Каўрыга, што нейкі час была на нашым праекце, ужо ў Вялікабрытаніі, многія працуюць у Расіі”. А знакаміты мультыплікатар Валерый Казлоў, які і пачынаў працу над стужкай “Зоркі сёмага неба”, зрабіўшы ў яе на самым першым этапе вялікі ўнёсак, на жаль, пакінуў гэты свет. Хоць і было вырашана ствараць поўнаметражную стужку па частках — умоўнымі серыямі, каб па завяршэнні працы сабраць з іх цэлы фільм, усё роўна — толькі над першай “серыяй” на працягу 11 месяцаў працавалі 50 чалавек. Нядаўна была скончана заключная пятая частка, і фільм, такім чынам, гатовы — хіба што для паказу ў кінатэатрах гук зараз удасканальваецца на студыі ў Маскве.

Пра што ж “Зоркі сёмага неба”? Натуральна, аднайменныя п’еса і кніга значна адрозніваюцца ад сцэнарыя анімацыйнай стужкі, многае даводзілася дарабляць і перарабляць — каб адаптаваць для кіно, а асабліва для мюзікла. Бо свой тэкст героі павінны былі і спяваць, песенныя нумары павінны былі рухаць дзеянне. Таму сааўтарам сцэнарыя стала сама рэжысёр Алена Турава, якая, акрамя ўсяго, мае вялікі вопыт як паэт-песеннік. Але агульная канва засталася той жа: тры цэнтральныя персанажы — хлопчык Саша, Лялька і Кот — ратуюць свет, праходзячы шэсць нябёсаў з пачварамі, якія ахуталі Зямлю. Мэта — дабрацца да сёмага і данесці да фей чароўны падсвечнік. Натуральна, Дабро ў выніку перамагае Зло.

І гэта менавіта мюзікл — усё дзеянне суправаджаецца музыкай і спевамі (хаця героі не толькі спяваюць, але і размаўляюць). Рэжысёр у сувязі са сваёй новай работай у першую чаргу згадвае не дыснееўскія поўнаметражныя мультфільмы з песнямі і галасамі сапраўдных зорак шоу-бізнесу, а савецкую класіку, на якой вырасла не адно пакаленне гледачоў,  — “Бременских музыкантов”, “Голубого щенка”, “Летучий корабль”… Тое ж, што гучыць у “Зорках сёмага неба”, Алена Турава параўноўвае з брадвейскім мюзіклам і не шкадуе пры гэтым захопленых слоў на адрас кампазітара фільма — Леаніда Шырына, аднаго з самых паважаных аўтараў у беларускай папулярнай музыцы. Рэжысёр ад самага пачатку працы над стужкай думала менавіта пра гэтую кандыдатуру на ролю кампазітара, і ўсё ж прадставіць свае музычныя эскізы да фільма было прапанавана многім музыкантам. У выніку мастацкі савет без сумненняў абраў творы Леаніда Шырына, які кажа, што для яго гэтая праца была далёка не шараговай: ён паставіўся да яе не проста з адказнасцю, а нават і з натхненнем, — бо гэта такі вялікі, цікавы, унікальны для Беларусі праект, у якім творца мае магчымасць паказаць сябе, стварыўшы сапраўды “вялікую форму”.

І хоць гаворым мы пра мюзікл, але гэта не значыць, што ў фільме не знойдзецца месца сучасным стылям, напрыклад рэпу, — знойдзецца. Але і запамінальныя песенькі таксама будуць. Пры гэтым Леанід Шырын не лічыць, што музыка ў “Зорках сёмага неба”, гэтак жа як і тэксты песень, атрымаліся нейкімі спецыяльна дзіцячымі. Склаўся ўдалы тандэм кампазітара і паэта-песенніка: як Алена Турава захапляецца працай Леаніда Шырына — мноствам прыгожых мелодый, цікавымі аранжыроўкамі, характарнымі песнямі для персанажаў, так і той здзіўляецца таленту Алены ствараць тэкст для дзіцячага мультфільма і ўсім зразумелым, і густоўным, і без сюсюкання, а яшчэ сучасным і цікавым.

Адну сусветную традыцыю, якая склалася, магчыма, не так з творчых прычын, колькі з улікам задач маркетынгу, — запрашаць на агучванне падобных анімацыйных праектаў папулярных спевакоў і акцёраў — каманда стваральнікаў “Зорак сёмага неба” падтрымала: у спісе тых, чыімі галасамі гавораць і спяваюць персанажы, многа медыйных імёнаў. І пры гэтым, паводле меркавання Алены Туравай, склалася вельмі моцная прафесійная каманда. Напрыклад, Іван Вабішчэвіч агучыў ажно чатыры разнапланавыя ролі, і агучыў абсалютна па-акцёрску: “Гэта проста наш Алег Ануфрыеў!” — гаворыць рэжысёр. Спявак і кампазітар Тэа стаў голасам Ката — аднаго з галоўных персанажаў, і зрабіў гэта настолькі ўдала, што ўявіць Ката іншым цяпер немагчыма, Тэа раскрыўся як сапраўдны акцёр. Святлана Бень-Залеская агучвала Ляльку ў першай частцы, але па прычыне занятасці не змагла працягваць працу, і далей голасам Лялькі стала Наталля Дзмітрыева. Дзяніс Дудзінскі не проста аддаў свой голас Вучонаму, а нават сам персанаж малявалі з гэтага папулярнага вядучага. Анатоль Длускі, Жора Воўчак, Вольга Рыжыкава — яшчэ нямала вядомых артыстаў паўдзельнічалі ў праекце. Асабліва трэба адзначыць Дзіяну Красуцкую, якая гаварыла і спявала за галоўнага героя — хлопчыка Сашу. За пяць гадоў працы над стужкай Дзіяна з маленькай дзяўчынкі ператварылася ў падлетка, і апошнія сесіі агучвання ёй даводзілася нават неяк спецыяльна падладжвацца пад свой ранейшы, яшчэ зусім дзіцячы галасок. Дарэчы, спевы для Дзіяны Красуцкай — справа звыклая, яна прафесійна займаецца вакалам і даўно выступае на сцэне.

“Зоркі сёмага неба”, як і дыснееўскія фільмы і творы студыі “Саюзмультфільм”, — гэта класічная маляваная анімацыя, ручная работа: не самая простая і танная, але ж адна з самых цікавых і прыгожых, і менавіта тая, што найбольш падабаецца дзецям. Такі від анімацыі вельмі працаёмкі, таму на мастака-пастаноўшчыка  — Святлану Кавалеўскую — лягла вялікая нагрузка.

— Проста нізкі паклон Святлане, што яна вытрымала такую працу, — кажа рэжысёр Алена Турава. — Мы не маглі сабе дазволіць вялікую каманду, і ўвесь асноўны цяжар лёг на плечы мастака-пастаноўшчыка. А фільм жа быў складаны яшчэ і ў тым сэнсе, што героі вандруюць па самых розных сусветах, якія не паўтараюцца, якія абсалютна фэнтэзійныя і незвычайныя. Трэба было стварыць многа розных лакацый, многа дадатковых персанажаў, усё гэта крэатыўна прыдумаць. Бо як, напрыклад, намаляваць царства Сытухі — царства ежы? Ці царства Страха, Наглюкі і гэтак далей? І кожны са сваёй колеравай гамай, сваімі выяўленчымі сродкамі і прынцыпамі пабудовы кадра… Я лічу, што па гэтай рабоце Святланы Кавалеўскай нават можна вучыць студэнтаў, бо на адным фільме мастак-пастаноўшчык напрацаваў адразу на некалькі.

Наша кінастудыя “Беларусьфільм” славіцца сваімі цудоўнымі, высокамастацкімі, так званымі фестывальнымі анімацыйнымі стужкамі. “Зоркі сёмага неба” ствараліся як сумленнае глядацкае кіно, кажа Алена Турава. Калі першы беларускі поўнаметражны мюзікл пойдзе ў пракат — меркавана недзе бліжэй да лета, ён павінны прывабіць у кінатэатры і дзяцей, і бацькоў. Сумна не будзе нікому — у фільме многа дзеяння, яскравых кадраў і запамінальнай музыкі. Варта толькі дачакацца прэм’еры. І ў гэтым сэнсе, трэба спадзявацца, “Зоркам сёмага неба”, у адрозненне ад апошніх па часе вялікіх работ нашай нацыянальнай кінастудыі, пашчасціць болей.