Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза прыгадвае, што ідэя стварэння археалагічнага музея пад адкрытым небам з’явілася яшчэ ў 1995 годзе. На тэрыторыі Беларусі ёсць вялікае мноства помнікаў археалогіі, якія вартыя ўключэння ў турыстычныя маршруты. Існуе неабходнасць развіцця археалагічнага турызму, папулярызацыі навуковых даследаванняў, якія праводзяцца на помніках археалогіі.
Археалагічныя аб’екты, вартыя стварэння аналагічных скансэнаў, ёсць і ў іншых абласцях Беларусі, але менавіта Белавежская пушча была абраная для стварэння першага музея такога кшталту. Гэта тлумачыцца не толькі вялікай колькасцю помнікаў археалогіі на тэрыторыі нацыянальнага парка, але і добрай інфраструктурай ды папулярнасцю гэтых мясцін у турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа.
Захады па вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны Белавежскай пушчы і распрацоўка праекта практычнага выкарыстання яе патэнцыялу былі распачатыя ў 2007-м, а да непасрэднай практычнай рэалізацыі праекта прыступілі ў 2015 годзе. Прытым канцэпцыя стварэння скансэну прадугледжвала максімальнае захаванне культурных напластаванняў на тэрыторыі помнікаў археалогіі.
У 2018 годзе была завершаная першая чарга будаўніцтва, а 1 чэрвеня 2019 года ўжо адкрытая экспазіцыя гарадзішча позняга бронзавага — ранняга жалезнага веку на археалагічным помніку “Камянюкі-1”. 2019 год быў прысвечаны археалагічным даследаванням з далейшым будаўніцтвам другой чаргі, і ў 2020 годзе наведвальнікі музея змаглі азнаёміцца з жыццём і побытам, духоўным светам, прыладамі працы і ўпрыгожваннямі людзей, якія жылі на тэрыторыі Белавежскай пушчы ў старажытнарымскі час і ў эпоху сярэднявечча, на двух аб’ектах музея — старажытнагерманскім падвор’і рымскага часу і ў славянскай вёсцы.
Таксама ў мінулым годзе, пачынаючы з канца лютага, праводзіліся археалагічныя даследаванні на тэрыторыі трох помнікаў археалогіі, дзе сёння пабудаваная ўжо наступная чарга музея — стаянкі эпох мезаліта і неаліта, а таксама вёска бронзавага веку. Такім чынам, падыхозіць да завяршэння рэалізацыя ідэі археалагічнага музея, які дазваляе сваім наведвальнікам, нібы з дапамогай машыны часу, перанесціся з сучаснасці ў далёкае мінулае.
Ступіўшы з асфальту на драўляныя насцілы эпохі сярэднявечча, а затым — трапіўшы ў вёскі жалезнага ды бронзавага часу і часоў неаліту, далей турысты могуць пазнаёміцца з культурамі шнуравой керамікі і шарападобных амфар, а таксама днепра-данецкай культурай, і завяршыць сваё падарожжа ў часе на стаянцы эпохі мезаліту.