Велічная гісторыя малых вёсак

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Пра Магілёўскую абласную бібліятэку імя У.І. Леніна “К” пісала ўжо неаднойчы. На гэты раз нагода для згадкі знакавай абласной “кніжніцы” — больш чым пачэсная, бо аўтарскі калектыў установы культуры атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/832/17741/pt.jpegУзнагародай адзначаны галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы Юлія Касцюк і вядучы бібліятэкар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Іван Малінін.

— Калектыў, які складаецца з Юліі Касцюк і Івана Малініна, атрымаў прэмію за стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы, — адзначыла “К” дырэктар установы культуры Ілона Сарокіна. — Праца была складанай, доўжылася не адзін год і запатрабавала вялікай колькасці намаганняў.

Усе гэтыя праекты — іх ажно чатыры! — можна сёння ўбачыць на старонцы Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна ў інтэрнэце. Гэта віртуальны праект, прысвечаны Дню беларускага пісьменства, што прайшоў летась у Бялынічах, а таксама і віртуальны музей народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова.

Яшчэ адзін праект пад назвай “Жывая памяць пакаленняў” змяшчае ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну жыхароў Магілёўшчыны. А адметны і цікавы праект “Малая радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй” знаёміць наведвальнікаў з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай невялікіх сельскіх паселішчаў Магілёўскай вобласці.

Напрыклад, завітаўшы на інтэрнэт-старонку згаданага праекта, я з цікавасцю дазнаўся, што ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці — паселішчу, да слова, больш за 1000 гадоў! — адшукалі калісьці скарб, датаваны 980 годам. А яшчэ ў гэтай вёсцы можна пабачыць абрад “Закліканне дажджу”, які мясцовыя жыхары ладзяць ужо больш за сто гадоў… Так што любога краязнаўцу — хоць пачаткоўца, хоць сталага аматара гісторыі малой радзімы — на старонцы Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна ў інтэрнэце чакае шмат цікавых адкрыццяў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"