Свістулькі ад Скарыны

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Сёлета калектыву Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці за выдатныя дасягненні ў справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ды адраджэнне традыцыйнай тэхналогіі вырабу гліняных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння была таксама прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/832/17740/opt.jpegЯк адзначыла “К” дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука, праца над згаданай тэхналогіяй вырабу гліняных цацак распачалася яшчэ пяць гадоў таму — у 2015 годзе.

— Не сакрэт, што традыцыйная гліняная народная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння з’яўляецца старажытным відам народнай культуры, — кажа Кацярына Лабука. — Таму мы пастараліся захаваць гэтую старадаўнюю тэхналогію вырабу гліняных цацак для наступных пакаленняў.

Калі хто не ведае, дык старадаўнія свістулькі робяцца трыма метадамі: “на палец”, “на палачку” і спосабам “пельмень”. Носьбітамі элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебшчыны, які займеў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі ў 2020 годзе, з’яўляюцца на сённяшні дзень, па словах Кацярыны Лабука, 7 майстроў рэгіёна. Мяркую, што назваць іх імёны трэба абавязкова. Так, гэта Алеся Аўчыннікава з г.п. Бешанковічы, Вольга Аляксеева з Дубровенскага раёна, Ірына Варона з г.п. Бабінавічы Лёзненскага раёна, Кацярына Зяленская з Полацка, Уладзімір Квашко з Сянно (на здымку), Алеся Сарбаш з Віцебскага раёна і Таццяна Шынкарова з Оршы.

Як адзначыла Кацярына Лабука, майстры не толькі захавалі тэхналогію вырабу свістулькі, а нават пасправабалі рэканструяваць архаічныя свістулькі, якія рабілі нашы далёкія продкі.

Так, некаторыя з майстроў на сёння рэканструявалі свістулькі, вядомыя яшчэ з XVI стагоддзя! Гэта значыць такія, у якія, магчыма, у свой час свісцеў і пачатковец-шкаляр Францішак са слаўнага горада Полацка — будучы першадрукар Скарына... Што ж, мабыць, кожны з нас хацеў бы заліцца свістам “а-ля Скарына”, уявіўшы сябе хоць бы на імгненне на месцы старадаўняга беларуса. З дапамогай супрацоўнікаў Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці ды мясцовых народных майстроў сёння гэта можна зрабіць без усялякіх цяжкасцяў і перашкод.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"