“Знакам якасці” ўзнагароджвае глядач

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Гамяльчане, як і мінчане, можна быць упэўненым, наведваюць цырк нашмат часцей за жыхароў астатніх абласцей. “Нехта звычайна наведвае прэм’еры, нехта — заключныя імпрэзы сезона, некаторых людзей мы бачым раз у год, Але ёсць і такая група гледачоў, што прыходзяць на прадстаўленні вельмі часта”, — гаворыць галоўны адміністратар Гомельскага дзяржаўнага цырка Віктар Валасевіч.

Карэспандэнт “К” наведала Гомель, каб даведацца, чым жыве гэты відовішчна-культурны комплекс, а трапіла туды на прэм’еру. Ды, папраўдзе, нагод наведаць калектыў менавіта цяпер дастаткова.

 
Чаму “Усе білеты прададзены”?

Найважнейшая падзея для любога творчага калектыву - прэм’ера. Пра новы сезон у Гомельскім дзяржаўным цырку паведамляе вялізная яркая расцяжка над уваходам ва ўстанову: будзе выступаць маскоўскі цырк Юрыя Нікуліна з праграмай “Дзівацтвы клоуна”. Падыходжу да касы: усе білеты прададзены на некалькі прадстаўленняў наперад. Працуе славуты нікулінскі брэнд? Так, без сумневу, але ж гледачы ідуць акурат у Гомельскі дзяржаўны цырк, які, мяркуючы па мностве сем’яў з дзецьмі, благога не прапануе.

 /i/content/pi/cult/179/1774/Cyrk1.jpg
Дарэчы, сёлета новы сезон установа культуры “Відовішчна-культурны комплекс “Гомельскі дзяржаўны цырк” распачала з навіны класса “А”: яе генеральнаму дырэктару і мастацкаму кіраўніку заслужанаму дзеячу культуры краіны Якаву Лабовічу прысвоена званне акадэміка і Сапраўднага члена Акадэміі цыркавога мастацтва. “За значны ўклад у развіццё сусветнага цырка і буйныя поспехі ў справе папулярызацыі цыркавога мастацтва” — пазначана ў дыпломе. “Гэтую ўзнагароду я ўспрымаю толькі як адзнаку працы ўсяго калектыву нашага цырка, — падкрэслівае беларускі акадэмік. — Бо кім бы былі ўсе дырэктары без свайго калектыву і артыстаў? Хіба працавалі б загадчыкамі гаспадарак”.

“Гомель — гэта цыркавы горад”

За дзве гадзіны да прэм’еры гутарым з Віктарам Валасевічам.

“Хоць цяпер яшчэ далёка да ацяпляльнага сезона, але мы накіравалі гарадскім уладам просьбу ўключыць у памяшканні цяпло, бо надвор’е вельмі халоднае. І яны адгукнуліся — цяпер у цырку гледачы будуць адчуваць сябе камфортна. Вялікія вокны, якія з’яўляюцца адначасова і сценамі фае, выглядаюць дастаткова добра, але мы плануем замяніць іх на шклопакеты, каб усё было абсалютна сучасна і каб зімой стала больш утульна”.

Чырвоныя цяжкія шторы прапускаюць нас у глядзельную залу. Тут можна ўбачыць новыя крэслы, пастаўленыя пазалетась. Абнаўляць-рамантаваць для гэтага сезона іх амаль не было патрэбы.

Ціхенька прыстройваюся ў паўзмроку пакуль што пустых радоў.

Артысты цырка ў гэты час размінаюцца, адпрацоўваюць апошні раз элементы нумароў, музыканты настройваюць інструменты. Дзіўна бачыць усіх у паўсядзённым адзенні:праз гадзіну многія будуць рабіць такія дзівацтвы, якіх ад іх зусім не чакаеш.

Праз колькі часу перамяшчаемся ў памяшканне, адкуль выходзяць на манеж артысты. Як і ва ўсіх цырках, тут вісіць “Авіза”, дзе можна прачытаць экспрэс-паведамленні для выступоўцаў.

Рыхтуецца тэхніка, крыху далей адпачываюць жывёлы: малпы, яноты-насухі, папугаі, нават грыф, а побач — перасоўны гардэроб для шымпанзэ. Дарэчы, адзенне для калматых артыстаў дрэсіроўшчыка Азіза Аскарана, які будзе выступаць, рабіў не хто іншы, як Валянцін Юдашкін.

Дарэчы, менавіта ў Азіза АСКАРАНА, народнага артыста Расіі, лаўрэата Нацыянальнай прэміі “Циркъ”, мне і давялося запытацца пра ўражанні ад гомельскай арэны.

 /i/content/pi/cult/179/1774/Cyrk2.jpg
Азіз Аскаран са сваім “ансамблем”.

— Пра Гомельскі цырк я ведаў толькі па аповедах сяброў. Вельмі сюды імкнуўся, таму што яны мяне зацікавілі. У Мінску я працаваў ужо 4 разы. Гомель — гэта цыркавы горад. Тут вельмі шмат дзяцей, якія шчыра рэагуюць на прадстаўленне, таму выступаць лёгка і прыемна.

Каманда цырка падрыхтаваная, з ёй працаваць — адна асалода.

Аляксандру ХАЙЛАФАВУ, заслужанаму артысту Расіі, кіраўніку групы эквілібрыстаў на пяршах (шастах) “Узыходжанне”, якая адзначана Гран-пры на конкурсе ў Італіі, наадварот, ужо даводзілася бываць у Гомелі:

— Я тут выступаю другі раз, і хачу адзначыць, што ў Беларусі глядач вельмі цёпла адгукаецца на ўсе складаныя моманты ў нашых нумарах.

Не ўсюды такое бывае — дзесьці людзі не любяць цырк, сядзяць з каменнымі тварамі. У Мінску я выступаў разоў дзесяць, і калі мне прапанавалі прыехаць у Гомельскі цырк, я з задавальненнем пагадзіўся, таму што ў яго выдатная рэпутацыя.

Падобнае і меркаванне солажанглёра Дзмітрыя ХАЙЛАФАВА:

— Я сам з Масквы, але ў дзяцінстве жыў і вучыўся ў Мінску, а дзесяць гадоў назад працаваў у Гомелі, калі быў з бацькамі на гастролях (яны таксама цыркачы). Мне вельмі прыемна, што я мог сюды прыехаць зноў, ужо як артыст.

Цудоўны цырк: тут камфортна, зручна, ёсць усё неабходнае абсталяванне, дагледжаная зала, прыгожае фае, добры манеж і прыязная публіка. Мне больш падабаюцца стацыянарныя цыркі ў параўнанні з перасоўнымі, у якіх не так лёгка выступаць. Гэты — адзін з самых лепшых, якія я наведваў.

Затрымаць папугая за хвост!

Пачуўшы меркаванні артыстаў, засталося яшчэ пагутарыць хіба са сталымі наведвальнікамі ўстановы. Падыходжу да юных гамяльчан з просьбай расказаць пра свае адносіны да цырка.

— Сюды я прыходжу з мамай раз у год з самага маленства, і заўсёды мне тут вельмі падабаецца, — кажа 12-гадовая Даша. — Мы сядаем на першыя рады, і я заўсёды бачу жывёл блізка-блізка!

А Максіму 16 гадоў. Дзіўна, падавалася б, — не “цыркавы” ўжо ўзрост. “Я, хоць ужо трохі вырас з таго ўзросту, калі можна захапляцца дзівацтвамі клоунаў, але прыйшоў сюды проста ўзняць настрой. Я давяраю “знаку якасці” нашага цырка”.

 /i/content/pi/cult/179/1774/Cyrk3.jpg

Пад час прадстаўлення.

Разам з юнымі гледачамі застаецца хіба паспяшацца ў залу, дзе пачынаецца прэм’ерны парадале. Пад час прадстаўлення мы пабачылі, як клоун па мянушцы Бо (Барыс Аскоцкі, лаўрэат Нацыянальнай прэміі “Циркъ”) авалодвае ўвагай абсалютна ўсіх маленькіх (ды, папраўдзе, і не толькі) гледачоў, і яны крычаць ад задавальнення, жадаючы пажартаваць разам з ім. Давялося падзівіцца неверагоднай моцы і ўменню захоўваць раўнавагу эквілібрыстаў, што з дапамогай пяршоў выконвалі унікальныя трукі, якія дагэтуль нідзе не паказвалі. Моцныя тут і дзяўчаты-акрабаткі: згадзіцеся, не кожная здолее ўтрымаць на адной руцэ вагу другога чалавека. А аргенцінскія папугаі пазнаёміліся з большасцю глядацкай залы: яны проста праляталі амаль перад тварамі, выклікаючы шквал станоўчых эмоцыі ў дзяцей. І канешне ж, самым вясёлым нумарам быў атракцыён “Шоу малпаў”, дзе гэтыя прыгажуні танцавалі ў самых розных касцюмах і гралі на музычных інструментах.

Гэта цырк, уважлівы да людзей, цырк, артысты, якога пастаянна прымушаюць суперажываць, і безумоўна, што гледачам спадабалася да піску і болю ў далонях. І калі госці выходзілі на вуліцу, іх сустракала не вечаровая цемра, а фантан з унікальнай падсветкай, які можна назваць яшчэ адным гонарам установы.

***

Але карэспандэнт “К” яшчэ не пакінула Гомельскі дзяржаўны цырк, не пацікавіўшыся ўражаннямі генеральнага дырэктара ўстановы Якава Лабовіча. Толькі пасля прадстаўлення, калі ўся каманда, што прымала ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята, сабралася на традыцыйны для прэм’еры вялізны торт, знайшоўся час длясустрэчы з кіраўніком калектыву. “Ведаеце, — кажа ён, — неяк адзін наш работнік расказаў мне, як ён заўважыў перагарэлую лямпачку у адным з памяшканняў цырка і замяніў яе. Пасля я пачуў, як ён расказвае аб гэтым іншым супрацоўнікам... Сам я працую некалькі інакш, не на словах. Мая прысутнасць тут часам нябачная, але ўся наша каманда ведае, што я побач і кантралюю ўсе дзеянні, пільна сочачы за тым, каб абсалютна ўсё было на высокім узроўні, бо ў цырку, як гэта ні банальна гучыць, дробязей няма”.

А вось цяпер сапраўды прадстаўленне закончылася. З прэм’ерай, Гомель!


Алена САБАЛЕЎСКАЯ,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Гомель — Мінск