Лясныя пчолы — дзікі мёд

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Элемент бортніцтва ўнесены UNESCO ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва
Старажытны лясны промысел — бортніцтва — гэта развядзенне і ўтрыманне лясных пчол-баровак у штучных дуплах-борцях. Людзей, якія займаюцца гэтым промыслам, называюць бортнікамі. Усе тэрміны паходзяць ад слова “бор” — стары сасновы лес. Менавіта такія лясы захаваліся на мяжы з Украінай на поўдні Беларусі ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Пра даўнасць традыцыі сведчыць і назва ракі Убарць — правы прыток Прыпяці, якая пачынаецца на тэрыторыі Украіны і працякае праз увесь Лельчыцкі раён. У гэтых мясцінах традыцыя спрадвеку жывая, таму з 2017 года гэты промысел мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і ўнесены ў Нацыянальны інвентар.

/i/content/pi/cult/830/17726/20.jpgПадрыхтоўчую работу па выяўленні, вывучэнні гэтага элемента і яго апісанне ажыццявіла творчая група ў складзе трох энтузіястаў. Сярод іх — аўтар дадзенага артыкула Рэгіна Гамзовіч, якая з 90-х гадоў назірае працу бортнікаў у складзе традыцыйнай культуры жыхароў гэтага краю як эксперт, журналістка і сцэнарыст дакументальнага кіно; Іван Восіпаў — аматар-бортнік і прапагандыст бортніцтва, які стварыў свой сайт у Інтэрнэце, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства — ён далучыўся да гэтай працы ў 2014 годзе і падрыхтаваў матэрыялы ў UNESCO сумесна з польскімі калегамі; Альфрэд Мікус — фотамастак, член праўлення народнага фотаклуба “Мінск”, пераможца і эксперт журы шматлікіх міжнародных фотаконкурсаў, які адлюстроўвае самабытнасць беларускіх абрадаў, рамёстваў і звычаяў, а лельчыцкіх бортнікаў стаў здымаць з 2017 года.

Кніга-альбом — вынік праекта

Вынік сумеснай працы — больш за 60 гадзін відэаматэрыялаў, звыш 6 тысяч фатаграфій, аўдыязапісы экспедыцый, на аснове якіх можна стварыць паўнаметражны дакументальны фільм і кнігу. Пры ўмове фінансавання, безумоўна. На шчасце, яно знайшлося на прэстыжнае каляровае выданне з серыі “Культурная спадчына Беларусі”, якую ажыццяўляе з 2015 года выдавецтва “Чатыры чвэрці” пры падтрымцы “Банка развіцця Рэспублікі Беларусь”. Творчы калектыў выдавецтва пад кіраўніцтвам яго дырэктара і галоўнага рэдактара Ліліяны Анцух самааддана працаваў над гэтай незвычайнай і складанай тэмай, што ўскладнілася пандэміяй COVID-19, калі неабходна было працаваць аддалена. Гэта перакладчыкі К.С. Голуб, М.Д.Ліпніцкая, А.А.Машкарова, М.К.Кроўлі, М.М.Бацян (альбом выйшаў на 4-х мовах — беларускай, рускай, англійскай і польскай), дызайн і вёрстка І.П. Бандаровіч, карэктары К.С.Голуб, М.Д.Ліпніцкая, Ж.Ю.Клімянок. Усе зазначаюць, што было цікава і пазнавальна.

Сацыяльны праект Банка развіцця “Культурная спадчына Беларусі” штогод папаўняе нацыянальную скарбонку кнігамі-альбомамі, якія прысвечаны адметным з’явам і славутым дзеячам беларускай культуры і мастацтва. Усе пяць папярэдніх выданняў адзначаны на рэспубліканскіх і міжнародных кніжных выставах. Іх уручаюць у якасці падарункаў замежным дыпламатычным прадстаўніцтвам і консульствам, міжнародным арганізацыям. Выданне “Бортніцтва — сувязь часоў” уручана абласным выканкамам, бібліятэкам і музеям, у якіх адлюстравана тэма бортніцтва. На жаль, яго няма ў продажы ў кнігарнях, можна набыць толькі ў выдавецтве. І гэта засмучае аўтараў, бо ў Лельчыцкім раёне, дзе на пачатку кастрычніка адбылася прэзентацыя кнігі-альбома, з ёй можна будзе азнаёміцца толькі ў раённай бібліятэцы, музеі і ў некаторых бортнікаў, якім аўтары падарылі некалькі экзэмпляраў. Хаця змест сабраных матэрыялаў там прадстаўлены абмежавана. Уся надзея на тое, што ўдасца іх прадставіць у асобным выданні, якое будзе даступным шырокаму колу чытачоў. І з працай бортнікаў, якую навукоўцы У.С.Гуркоў і С.Ф.Цярохін у свой час назвалі “заняткам, спрадвеку высакародным”, можна будзе азнаёміцца больш падрабязна.

Агульная з суседзямі традыцыя

Бортніцтва — традыцыя, якая аб’ядноўвае нас з суседнімі краінамі. Яно некалі было распаўсюджана не толькі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але і ва Украіне, у Расіі, Польшчы, Літве. Жывая традыцыя захавалася ў Башкірыі і на Украіне (памежная з беларускай тэрыторыя Убарцкага Палесся). Дацэнт гістфака ўкраінскага Усходнееўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта Ала Дзмітрэнка налічыла каля 30 вядомых ёй бортнікаў на Валыні. Мы таксама спачатку думалі, што ў Лельчыцкім раёне каля 30 бортнікаў. Аказалася — больш за 100. А разам з тымі, хто выехаў з раёна ў пошуках працы, але вяртаецца як мінімум 2 разы на год, каб дапамагчы сваякам даглядаць пчол, гэтую лічбу, згодна нашых апытанняў, можна падвоіць. Колькі бортнікаў у Башкірыі, нам невядома. Але хутчэй за ўсё менш, бо ў асноўным яны працуюць на тэрыторыі запаведнікаў. У Літве традыцыя бортніцтва страчана, але ёсць энтузіясты, якія хацелі б яе адрадзіць.

Што тычыцца бортніцтва ў Польшчы, то яно прыйшло ў заняпад яшчэ ў XIX стагоддзі, але праз 200 гадоў палякі вырашылі з дапамогай бортнікаў з Башкартастана ўзнавіць традыцыю. Па ініцыятыве Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF) з 2006 па 2008 гады пачалося ажыццяўленне праекта, скіраванага на аднаўленне папуляцый дзікіх пчол і апылення раслін, паляпшэння біяразнастайнасці.

Праект распрацоўваўся некалькімі польскімі ўніверсітэтамі пры фінансаванні шэрагу еўрапейскіх краін. Рэгіянальная дырэкцыя дзяржаўных лясоў у Беластоку (Польшча) у 2013 годзе падпісала дамову аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным запаведнікам “Шульган-Таш” у Башкірыі, пасля чаго ў 2016 годзе башкірскія бортнікі прыехалі ў Польшчу, навучалі работнікаў лясніцтваў, майстравалі борці ў сасновых лясах на ўсходзе краіны. Безумоўна, з мэтай устойлівага развіцця лясной гаспадаркі. Мы можам нешта пераняць у Польшчы, бо яны цікава арганізавалі экалагічную асвету, стварылі музеі бортніцтва, дзіцячыя пляцоўкі і экасцяжынкі, ладзяць святы, прысвечаныя бортніцтву, выпускаюць друкаваныя выданні з мэтай папулярызацыі гэтага ляснога промыслу.

Жывы палескі промысел

Сітуацыя з бортніцтвам у Беларусі зусім іншая. Мы маем феномен жывога народнага промыслу, які ніколі не перарываўся, існуе па запавету продкаў і развіваецца на пэўнай тэрыторыі, дзе сама прырода стварыла спрыяльныя ўмовы для жыццядзейнасці пчол. Уся традыцыйная культура Лельчыцкага раёна так ці інакш звязана з бортным промыслам. Пчолы і людзі вякамі жывуць у адным балотна-лясным асяроддзі, таму ад кожнага бортніка можна пачуць: “Мы адзіныя. Пчолы ад Бога — Божая сляза”. Продкі завяшчалі ім клапаціцца пра пчол, захоўваць інструменты для гэтага промыслу і берагчы іх як памяць. Хоць у наш час працу бортніка палягчае бензапіла, інструменты выкарыстоўваюцца тыя ж, што і тысячу гадоў таму, калі з вынаходніцтвам жалеза ўзнікла даўбёжнае рамяство і людзі сталі рабіць штучныя вуллі. Штогод усё больш маладых людзей далучаюцца да традыцыі, што дае спадзяванне на тое, што яна не знікне.

Але для таго, каб усе звесткі пра гісторыю развіцця бортніцтва захаваліся ў Лельчыцкім раёне, трэба шмат папрацаваць і работнікам культуры, і работнікам адукацыі, краязнаўцам, гаспадарам аграсядзіб, турыстычным арганізацыям. Не толькі ў плане папулярызацыі традыцыі сярод дзяцей і моладзі свайго раёна і Беларусі ў цэлым, але перш за ўсё па аднаўленні страчанага.

Як захаваць?

Бортніцтва — самы складаны элемент у нашым Нацыянальным інвентары, таму што з гэтым промыслам звязана захаванне прыроднага асяроддзя, шмат каляндарных і сямейных абрадаў і звычаяў, шмат рамёстваў. Некаторыя з іх існуюць і пасёння: цяслярскае, сталярнае, даўбежнае, пры вырабе калоднага вулея, пляценне карабоў (кашалёў), народная кулінарыя і народная медыцына. Але шмат рамёстваў страчаны: выраб прыстасаванняў ад мядзведзя — адзёр і іншыя, даўбежнае рамяство па вырабе драўлянага посуду (бочка-ліпаўка, міска, ступка, кубак, коўш, лыжка і іншае), бандарства (выраб бочак, дзежак і іншага посуду з клёпак), якое ўскосна звязана з бортніцтвам у абрадах і звычаях, выраб сасновай дранкі, якую некалі выкарыстоўвалі не толькі як гонту для даху хат, але накрывалі ёй і калодныя вуллі, стальмашнае рамяство (выраб колаў, абадоў да дзежак і іншага посуду)… І гэта далёка не ўсе страчаныя рамёствы.

Словам, ёсць што аднаўляць, каб не страцілася частка шматвекавой спадчыны. І рабіць гэта трэба ў школах, бо натуральная пераемнасць рамёстваў у сям’і ў многім страчана, як страчана і мноства рамёстваў.

Калі ў раёне ёсць элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, важна наладзіць на яго аснове этнавыхаванне дзяцей і моладзі. Для чаго? Людзі, якія валодаюць народнымі рамёствамі, запатрабаваныя зараз і з цягам часу будуць запатрабаваныя ўсё больш — у індустрыі турызму, у будаўніцтве катэджаў, этнаграфічных музеяў і іншага. Урэшце, па традыцыі паляшук павінен валодаць усімі мужчынскімі рамёствамі, а іх жонкі — жаночымі. Трэба выхоўваць у дзяцей пачуццё ўласнай годнасці і ўсведамленне сябе як жыхара пэўнай тэрыторыі, якую лічаць сваёй Малой Радзімай, веданне яе гісторыі і гісторыі свайго роду. У гэтым, а не толькі ў засваенні працоўных навыкаў заключаецца забеспячэнне пераемнасці традыцый бортніцтва. Неабходна скласці шматгадовую праграму па захаванні і развіцці рамёстваў, якія суправаджаюць бортнае рамяство, выканаць іншыя меры па захаванні элемента, якія ўзялі на сябе раённыя ўлады ў 2017 годзе. Менавіта ў гэтым — будучыня ўстойлівага развіцця Лельчыцкага раёна.

Чацвёрты элемент

17 снежня гэтага года Беларуска-польская намінацыя “Культура бортніцтва” разгледжана на 15-й сесіі Міжурадавага Камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якая адбылася ў рэжыме анлайн на Ямайцы і ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (UNESCO). Яна была рэкамендавана міжнародным Экспертным саветам і разглядалася апошняй з 42 намінацый. З іх 32 элемента папоўнілі спіс нематэрыяльнай спадчыны. А ўсяго ў гэтым спісе зараз налічваецца 492 элемента.

На працягу шасці дзён з 14 па 19 снежня на сайце UNESCO можна было паўдзельнічаць у дэбатах, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам Алівіі Грэйндж — старшыні Камітэта і міністра культуры, гендэрных пытанняў, забаў і спорту Ямайкі.

З 15.30 па 18.30 беларускага часу 17 снежня ў рэжыме анлайн ад Рэспублікі Беларусь у дэбатах удзельнічалі: Наталля Хвір — начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, Іван Восіпаў — бортнік-аматар, сябра Студэнцкага этаграфічнага таварыства, акрэдытаванага ў UNESCO, кіраўнік Братэрства босых бортнікаў. Іван выступіў ад імя супольнасці бортнікаў Лельчыцкага раёна, якія захавалі да нашага часу традыцыйны лясны промысел сваіх продкаў. Цікавасць да яго расце з года ў год.

Гэта чацвёрты элемент ад Беларусі, унесены UNESCO ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Раней у яго былі ўключаны традыцыйны абрад “Калядныя цары” на Шчодры вечар з вёскі Семежава Капыльскага раёна, Будслаўскі фэст і абрад “Карагод на свята Юр’я 6 мая ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна”.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ

Фота Альфрэда МІКУСА