Віншаванні ад Зюзі, або Які кароль замовіў трон?

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Са здзіўленнем даведаўся, што першыя клубы, як забаўляльныя ўстановы, з’явіліся аж у XVI стагоддзі. Кажуць, адным з актыўных іх наведвальнікаў быў Уільям Шэкспір. Відаць, драматычны гурток узначальваў. Калі ж сур’ёзна казаць, досвед сівой мінуўшчыны — стымул для развіцця будучыні. Усё ж па спіралі ўдасканальваецца. Чаму б і нам не падумаць сёння пра шматпрофільныя ўстановы культуры? Тым больш, што такія ўжо калісьці існавалі. Да прыкладу — кніжныя клубы, дзе можна было не толькі літаратурай абмяняцца, але і мастацкі фільм паглядзець ды абмеркаваць прачытанае і пабачанае. І ствараліся кніжныя клубы на прадпрыемствах, у бібліятэках ды школах. Гэта пазней яны ператварыліся ў літаратурныя салоны для абраных. Дый клубы тады сталі закрытымі і пераўтварыліся з забаўляльных у ідэалагічныя. Дык мо час прыйшоў вяртаць колішнюю сінтэтычнасць? Уявіце ўстанову культуры аграгарадка, дзе бібліятэка і клуб аб’яднаны ў магутны духоўны кангламерат, дзе ў аснове дзейнасці — нацыянальная традыцыя. А транслюе і развівае яе адзіны штат з абавязковым наборам тэхнікі: ад аўтамабіля да апаратуры камп’ютарнай, прайгравальнай, узмацняльнай ды асвятляльнай. Без інвестыцый цяжка чакаць аддачы. Будзем спадзявацца, што ўкладанне грошай у нацыянальную культуру стане ў перспектыве справай прэстыжнай і паўсюднай.

/i/content/pi/cult/830/17725/19.jpgМары — рэч неблагая, калі за імі стаіць неўтаймоўнае жаданне зрабіць свет больш прыгажэйшым. І большасць нашых работнікаў культуры (я ведаю!) гэтым жаданнем і жывіцца. Мо я і не пісаў бы гэтых слоў, калі б не ліст ад загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай бібліятэкі Таццяны Маляўка. Прозвішча гэтае для многіх чытачоў “К” — знаёмае, бо Таццяна Уладзіміраўна часта і цікава піша пра надзённы бібліятэчны клопат. І на гэты раз допіс яе — шчыры і вельмі для нас важны. Зараз вы ў гэтым пераканаецеся. Таццяна прызнаецца ў любові да роднай мовы. А прызнанне сваё называе “ціхім”. Так, не яна першая, і не яна апошняя. Але вялізнае мора, як пісаў Уладзімір Караткевіч, складаецца з маленькіх кропелек вады. Вось “кропелька” Таццяны Маляўка: “Паверце — гэта набалелае. А пачалося ўсё з таго, што я, спецыяліст з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, вырашыла атрымаць і вышэйшую. Многія мяне не разумеюць: “Займееш вышэйшую адукацыю і пойдзеш на пенсію — навошта?” Але мары трэба ажыццяўляць. Вучоба мяне захапіла так, што і хвілінкі свабоднай няма. Здавалі іспыты па беларускай літаратуры. Заўважыла, як цяжка даваўся маім аднакурснікам гэты прадмет, хоць выкладчык — цудоўны чалавек і спецыяліст. Пасля іспыту дзяліліся ўражаннямі ў вайберы. Маладая жанчына распавяла: “Какое счастье, что я не буду читать эти белорусские книги!”Што можна адказаць на такое прызнанне? Ці ж зможа такі бібліятэкар прапагандаваць беларускую літаратуру? І ці варта яго ўвогуле называць бібліятэкарам? Вельмі хочацца спадзявацца, што такіх мала. Я ж ведаю, колькі можа прастаяць на паліцы кніга толькі таму, што бібліятэкар — некампетэнтны… Да заліку па тэхнічным прадмеце рыхтавалася на рускай мове, а здавала на той, на якой думаю. Пачула потым ад прафесара: “Дзякуй за мову!” Імгненна падумалася: “Што ж з намі робіцца, калі ў сваёй краіне, не ў Афрыцы, не ў Амерыцы, табе кажуць “дзякуй” за тое, што не павінна быць дзівам?”

Па сваёй шчырасці і надзённасці я назваў бы допіс Таццяны Маляўка самым прафесійным прызнаннем адыходзячага года. Калі б усе былі такімі бібліятэкарамі, беларускія выданні былі б сярод чытачоў самымі папулярнымі. І жыццё б наша трошкі змянілася б у лепшы бок.

Прыкладна такія спецыялісты і павінны працаваць ва ўстановах культуры будучыні. Справа не ва ўзросце, справа ў веданні таго, на якой слаўнай зямлі з векавымі традыцыямі мы жывем. Гэта, падаецца, і называецца патрыятызм.

Шмат ёсць меркаванняў пра тое, якія крытэрыі існуюць для больш дакладнай ацэнкі працы ўстановы культуры (клуба, мастацкай ці музычнай школы). Неаспрэчна, што іх — шмат. Але асноўныя, як мне падаецца, колькасць самадзейных калектываў са званнямі. Пра гэта і піша Святлана Ганчарова з Бераставіцы. Тут прайшоў прэзентацыйны агляд народных і ўзорных ансамбляў і аб’яднанняў раёна. Як вядома, такія атэстацыі ладзяцца кожныя тры гады. Стымул для творчага росту самы дзейсны. Дык як прайшла абарона. Па-першае, цікава. Па-другое, вельмі арганізавана. Усе пацвердзілі свой статус, а гэта тэатры “Магія гульні” Бераставіцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ды “Вяскоўцы” з аграгарадка Алекшыцы, аматарскае аб’яднанне з Бераставіцы “Вінт” па стварэнні і запуску радыёкіраваных мадэляў, ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі”, хор ветэранаў з раённага Цэнтра, ансамбль польскай песні з аграгарадка Макараўцы, тэатральны маладзёжны калектыў “Сонейка” з Малой Бераставіцы, эстрадна-інструментальны гурт Tutti, жаночы вакальны калектыў “Канцона”, хары “Кампанэлі” і “Манжэрок” з Бераставіцы.

Чарговы ліст — пра асобу. Сяргей Леўчанка з Быхава піша пра таленавітага народнага ўмельца Уладзіміра Гусева. Разьбяр па дрэве вырабляе рэчы для хатняга ўжытку, афармлення інтэр’ера ў кватэрах, дамах і аграсядзібах. Карацей, вельмі запатрабаваны на сёння рамеснік. Вось пра што ён распавядае аўтару ліста: “Кліенты з задавальненнем набываюць сталы, крэслы, лавы, паліцы для кветак, шэзлонгі, арэлі і іншыя мае вырабы, спіс якіх можна доўга пералічваць. А нядаўна, да прыкладу, паступіла замова на выраб — чаго б вы думалі? — …царскага трона! Пастараюся ўкласці ў яго ўсё сваё майстэрства. Людзі цэняць натуральны прыродны матэрыял. Таму стараюся выкарыстаць для працы дуб ці бярозу, радзей — хвойныя пароды”. Аўтар распавядае, што Уладзімір Яўгенавіч яшчэ шэсць гадоў таму адкрыў прыватную краму. Спачатку справы ішлі няблага, але праз час уласнік памяшкання павялічыў плату за арэнду. Займацца бізнесам стала нявыгадна. А як быць з развіццём прыватнага бізнесу? Гусеў прапаноўвае адвесці на гарадскім рынку месца для рэалізацыі рамесніцкіх вырабаў і спадзяецца, што прапанова будзе разгледжана адпаведнымі дзяржаўнымі службамі. Талент у рамесніка — ад бацькі, які вырабляў з дрэва дзівосныя шкатулкі. Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў упрыгожаны работамі Уладзіміра Гусева. Быў, памятаю, аддаю належнае.

Загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Умарава напісала пры выставу “Новы год на лясной палянцы”. У экспазіцыі — больш за 70 вырабаў майстроў Ірыны Дзерачынік, Аляксандра Ішчанкі, Ліліі Амяльянчык, Марыны Жоглік… Ліса, сава, бабёр, зайцы — з саломы, тканіны і гліны. І ўсе сабраліся на “палянцы” РЦК.

Святочную тэму працягвае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фондам Бераставіцкай раённай бібліятэкі Алена Огер. Яна распавядае пра дзейнасць навагодняй рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і Спадарыні Мяцеліцы. (Дзяды Марозы, вучыцеся быць беларусамі!) Пасяліліся казачныя героі на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Бераставіцкі”. Навучэнцы малодшых класаў ужо атрымалі ад Зюзі навагоднія віншаванні.

Вікторыя Гневышава, вядучы метадыст па вакальна-харавым жанры Смаргонскага раённага Цэнтра культуры, выйшла ў рэспубліканскі адборачны тур выканаўцаў эстраднай песні фэсту “Славянскі базар у Віцебску”. Вікторыя трапіла ў пяцёрку лепшых выканаўцаў Гродзенскай вобласці. Да слова, у абласным адборачным туры бралі ўдзел 40 вакалістаў. Пра перамогу калегі напісала нам метадыст згаданай установы Вольга Крывянкова.

Літаратурна-музычныя зазімкі — тэма допісу бібліятэкара аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярыны Сандаковай. Яна распавядае, што 17 снежня прайшлі зазімкі “Літаратурнае сузор’е Лідчыны”. Мэта мерапрыемства — папулярызацыя творчасці мясцовых празаікаў і паэтаў. Фармат сёлета быў незвычайным: удзел ў акцыі прынялі не пісьменнікі, а толькі супрацоўнікі бібліятэчных філіялаў. Была прааналізавана творчасць Віктара Бачарова, Алы Юшко, Святланы Тамашэвіч, Станіслава Судніка… Будзем спадзявацца, сцвярджае аўтар допісу, што мясцовыя літаратары застануцца для чытачоў запатрабаванымі і цікавымі.

Пішыце пра цікавае і беражыце сябе!

Сустрэнемся ў 2021-м.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"