Таццяна Катовіч: “Малевіч і яго вучні былі б задаволеныя”

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Сёлета ў Беларусі гучна святкавалася 100-годдзе авангарднага мастацкага аб’яднання УНОВИС, створанага ў Віцебску Казімірам Малевічам. Многія дзесяцігоддзі гэтая гісторыя была забытай і за савецкім часам увогуле забароненай. Але — як паступова “вяртаўся” ў Віцебск Шагал, так “вяртаўся” і Малевіч са сваімі вучнямі. Кульмінацыяй 30-гадовай працы многіх і многіх энтузіястаў сталі сёлетнія юбілейныя мерапрыемствы. Не будзе перабольшаннем сказаць, што ў Беларусі самы галоўны спецыяліст па Казіміру Малевічу і УНОВИС - доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна КАТОВІЧ, аўтар мноства кніг, манаграфій і артыкулаў, а яшчэ і непасрэдны і актыўны ўдзельнік усіх падзей, скіраваных на папулярызацыю і вяртанне ў нашу рэчаіснасць творчай спадчыны УНОВИС. З Таццянай Катовіч мы падвядзём вынікі юбілейнага года і ацэнім зробленае.

/i/content/pi/cult/830/17717/7.jpg— Год быў складаны, многія планы парушыліся. Але свята ў Віцебску ўсё ж адбылося…

— Сапраўды — нейкім цудам у лютым, незадоўга да пачатку каранціну, мы паспелі правесці асноўныя мерапрыемствы: навукова-практычную канферэнцыю, на якую з’ехаліся навукоўцы з розных краін свету і нашчадкі саміх унавістаў, мастацка-тэатральны “Supremшторм” з цэнтральнай яго падзеяй — перформансам “Уна дачка Казіміра”. І ўвогуле, практычна ўсё, што было запланавана ў сувязі са стагоддзем УНОВИС, мы зрабілі, у тым ліку і выставу Лазара Хідэкеля “Нас зразумеюць праз сто год” у Нацыянальным мастацкім музеі. Цягам года былі розныя акцыі: у ФК “Віцебск” з’явілася форма, для якой дызайнер Уладзімір Горз пераасэнсаваў знакаміты плакат Эль Лісіцкага “Клином красным бей белых!”, “Лятучы ўніверсітэт” падрыхтаваў шэраг маіх анлайн-лекцый, Нацбанк выпусціў памятную манету, а завод “Луч” гадзіннікі, прысвечаныя юбілею УНОВИС, і г. д. Напрыканцы года быў выдадзены каталог выставы Хідэкеля — аднаго з віцебскіх вучняў Малевіча, а ў выдавецтве “Беларусь” выйшла мая кніга “Утвердители нового искусства”.

/i/content/pi/cult/830/17717/8.jpg— І Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва сёлета была прысвечана 100-годдзю УНОВИС. Ваша тэтралогія — чатыры кнігі пра творчасць Казіміра Малевіча і УНОВИС — намінавалася ў раздзеле “мастацтвазнаўства”, але прэмію вы так і не атрымалі.

— Мне цяжка каментаваць гэты момант, але прызнаюся, што такое рашэнне журы для мяне і для тых, хто вылучаў мае кнігі на прэмію — унучатых пляменнікаў Малевіча і захавальнікаў яго творчай спадчыны (а рэцэнзаваў праект знакаміты мастацтвазнаўца Барыс Крэпак), было нечаканым. Але цяпер я думаю, што ўсё да лепшага, і бачу ў гэтым нават нейкую нябесную волю.

Галоўнае, я лічу, нам удалося годна адзначыць юбілей і нагадаць, што ў Беларусі ёсць такая жамчужына, статусная кропка міжнароднага ўзроўню, месца сілы, адкуль вядзе адлік час і мысленне ў сучасным мастацтве. Канешне, у цэнтры ўсёй гэтай юбілейнай гісторыі стаіць музей “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” і яго дырэктар — мастак Андрэй Духоўнікаў, чалавек, які ўмее натхняць і арганізоўваць іншых. Мне дагэтуль здаецца неверагодным тое, што ўсё атрымалася. Думаю, так захацелі Малевіч і яго вучні, і яны цяпер задаволеныя — нішто не знікла і прарасло, хоць і здавалася, што сто гадоў таму гэтае насенне было кінутае ў глебу зусім няплодную — з наймацнейшым парывам, але ў глухой правінцыі і ў неспрыяльны час.

— Пры згадках Малевіча і супрэматызму заўсёды знаходзіцца месца для нейкай містыкі. Вось і вы не абмінаеце падобных выказванняў.

 — Малевіча і пры жыцці неаднойчы папракалі містыцызмам. Напрыклад, Аляксандр Родчанка пасля прадстаўлення ў красавіку 1919 года белага супрэматызму казаў, што “тут нейкая містыка”. І калі ў Віцебску выйшла брашура “Бог не скинут”, Іван Клюн пісаў пра яе як пра містычную. Многія даследчыкі адзначалі падобнае. Але варта зазначыць, што найперш трэба казаць не пра містыку ў звыклым сэнсе, а пра філасофію, якая даволі блізкая да філасофіі нямецкага рамантызму. Канешне, Казімір Малевіч не быў паслядоўнікам Фіхтэ, Канта і Гегеля — ён ішоў самастойным шляхам, і сваю філасофскую канцэпцыю свету выводзіў праз уласную мастацкую практыку. Ён спачатку напісаў на палатне і толькі потым сфармуляваў ідэю белага супрэматызму як выхад ў прастору над — над паверхняй зямлі, у стратасферу і вышэй, у самую сутнасць ідэй: супрэматызмам ён стварыў матэматычную матрыцу свету. Калі ты ўжо па-над аблокамі і адчуваеш, што ёсць толькі “вялікае нішто” і “белае на белым”. Сучаснай мовай мы маглі б гэта назваць інфармацыйна-энергетычным полем. Але як гэта намаляваць? Малевіч значна апярэдзіў свой час — уявіце сабе такія думкі і вобразы сто гадоў таму! Тады не было камп’ютараў, і ён на палатне стварыў тую рэальнасць, якую мы бачым, напрыклад, у сучасных інтэрфэйсах. Таму нядзіўна, што камусьці гэта здавалася містычным.

Але ёсць і такая містыка, калі раптам адбываюцца падзеі, якія, здавалася б, не павінны былі адбыцца, калі здараюцца нейкія супадзенні і ўзнікае дзіўны сімвалізм. Як не ўбачыць знак у тым, што самое месца пахавання парэшткаў Казіміра Малевіча (ён быў крэміраваны) знайшлі толькі зусім нядаўна! А як не заўважыць сімвалы, звязаныя са 100-годдзем? Напрыклад, у 1920-м мастак ў лістах пісаў пра дзве вялікія і страшныя эпідэміі іспанкі ў Віцебску. Шэраг супадзенняў і знакаў можна доўжыць і доўжыць.

Па вялікім рахунку, містычна самое вяртанне яго ідэй і імені ў Віцебск, які ўвосень 22-га года забыўся пра Малевіча і УНОВИС імгненна — усё знікла, развеялася ў прасторы, як і не было. Вучні паехалі ўслед за настаўнікам у Петраград, а супрэматызм на многія дзесяцігоддзі быў забаронены.

— Наколькі значным, а можа, і сімвалічным вы лічыце тое, што лёс абраў для Малевіча менавіта Віцебск?

— У гэтым выпадку абсалютна няважна, дзе мастак нарадзіўся, кім быў па нацыянальнасці і дзе жыў, — такія моманты тычацца, так скажам, краязнаўства. З кім іншым было б справядліва ўлічваць падобныя фактары — бо Шагала, напрыклад, немагчыма ўявіць без Віцебска, без дзіцячых адчуванняў, без сувязі з гісторыяй горада і мясцовага яўрэйства. А мастацтва Малевіча не звязанае ні з кім і ні з чым. Ён сам казаў, што яго “Чорны квадрат” нельга выкарыстаць нідзе і ніяк, гэта — чыстае мастацтва. Такім чынам, мог быць Віцебск, а мог быць і які іншы горад. Хаця, калі 25 кастрычніка 1919 года мастак сюды прыехаў, ён прыехаў не на пустое месца — горад ужо быў узбуджаны Шагалам: аздабленнем вуліц да Кастрычніцкіх святаў 1918 года, стварэннем мастацкай вучэльні і камунальнай майстэрні, артыкуламі і пракламацыямі. З гэтага ўсяго вакол Малевіча пачало фарміравацца атачэнне.

— Калі імя Казіміра Малевіча пачало вяртацца ў Віцебск? Калі і як вы ўвайшлі ў гэтую тэму?

— Як і ўсе “левыя” цячэнні, супрэматызм на пачатку 30-х гадоў таксама быў забаронены. Вучні, жывыя к 70-м гадам, расказвалі, што любая згадка пра іх сувязь з Малевічам пагражала адлучэннем ад статусу і афіцыйнага прызнання. Хідэкель, да прыкладу, хаваў свае працы былых часоў і нікому, барані Божа, не паказваў. А чаго вартая гісторыя, як ужо напрыканцы 80-х да ўдавы Малевіча ў Ленінградзе заехалі мастакі з Віцебска і пачалі казаць, што памятаюць, паважаюць і хочуць пра многае даведацца, а яна ім насцярожана — давайце лепей не будзем пра гэта, ён жа “левы” мастак, нельга.

Калі пачалася перабудова, усё навокал заварушылася, ажыло. У мастацкіх колах у Віцебску, канешне, ведалі пра існаванне Шагала, Малевіча, пра свяшчэнны дом — будынак народнай мастацкай вучэльні: у паветры гэта заўсёды лунала, але ўслых не прамаўлялася. Недзе з 86-га года пайшлі першыя спробы вяртання імя Марка Шагала, а ў 87-м утварылася аб’яднанне “Квадрат”, мастакі якога абвясцілі сябе творчымі спадкаемцамі УНОВИС: яны першымі пачалі гэтую дзейнасць. А я знаходзілася побач з імі, бо працавала тады на віцебскім тэлебачанні — і перадачы рабіла, і артыкулы пісала. У 92-м годзе, калі праходзіў першы фестываль “Славянскі базар”, “Квадрат” здзейсніў акцыю “Сцяна Малевіча”, распісаўшы паводле яго эскіза сцяну ў цэнтры горада. У 94-м мы правялі першы міжнародны пленэр “Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць” — я ўзначальвала прэс-цэнтр і тады ж арганізавала першую міжнародную канферэнцыю. Вось так мая асабістая гісторыя вырасла з гэтай нашай агульнай дзейнасці. Я працягвала весці даследаванні, пісаць, і ў выніку выпусціла 15 нумароў альманаха “Малевіч. Класічны авангард. Віцебск”. У 98-м быў створаны Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, які атрымаў два пакойчыкі ў тым самым будынку вучылішча — і гэта была першая афіцыйная структура. Да адкрыцця музея заставалася роўна 20 гадоў.

Рэканструкцыя для будучага музея пачалася ў 2012 годзе — з’явіліся сродкі, з’явілася разуменне ў адміністрацыйных колах, што УНОВИС — гэта наша багацце, і надышоў чароўны час, калі мы з мэрам і Андрэем Духоўнікавым кожную раніцу пачыналі ў ботах на гэтай будоўлі. Ізноў жа, як не сказаць пра нейкае містычнае адчуванне ад таго, як натхнёна і хутка ішлі справы! Андрэй проста там на месцы праводзіў для будаўнікоў лекцыі — і яны ўсе шчыра прасякнуліся, Малевіч нібыта ўзбудзіў іх супрэматызмам. І менавіта з’яўленне гэтага музея — крэатыўнага, з цікавай канцэпцыяй, які сам па сабе мастацкі твор — найбольш значнае нашае дасягненне па вяртанні Малевіча і УНОВИС у Віцебск.

— Юбілейны год завяршаецца выхадам вашай кнігі “Утвердители нового искусства”. Якая яна па ліку для вас?

— Калі казаць менавіта пра кнігі гэтай тэматыкі, то 15-я. У ёй я суміравала ўсё тое, пра што мы даведаліся, што зразумелі за гады і дзесяцігоддзі. На думку тых, хто ўжо прачытаў, яна нейкім чынам дапасоўваецца да маёй “Энцыклапедыі рускага авангарда”, якая выйшла ў 2003 годзе. На гэты раз я паспрабавала для вялікага кола чытачоў, а не толькі для спецыялістаў, выбудаваць нейкія схемы ў вялікай колькасці інфармацыі — бо гэта найперш энцыклапедычнае выданне. Якраз пра тое, чаму Віцебск і што было ў Віцебску, і ідзе гаворка. Самае галоўнае, што аб’яднанне УНОВИС было школай, чым і вылучаецца, — на гэтым я раблю акцэнт. І яшчэ на тым, як праз 60 з нечым гадоў тыя зерні прараслі ў творчым аб’яднанні “Квадрат”, якое ізноў пачало рабіць у Віцебску калектыўныя мастацкія дзеянні — акцыі, перформансы, праекты — як рабіў гэта і УНОВИС. Я прапаную новы ракурс, новыя, больш шырокія погляды, даводжу гісторыю да нашага часу. Кніга мае багаты ілюстратыўны матэрыял, і будзе цікавай, паўтаруся, шырокаму колу чытачоў.