Музеі мяняюць фармат, або Што такое інтэрнэт-камунікацыя

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Нататкі з нагоды калегіі Міністэрства культуры Беларусі
21 студзеня адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Беларусі, прысвечанае музейнай справе. Мерапрыемства пад назвай “Аб стане і перспектывах развіцця дзяржаўных музеяў” прайшло ў выязным фармаце ў сценах Замкавага комплексу “Мір”. Натуральна, “К” не магла прапусціць названае пасяджэнне і, разам з удзельнікамі калегіі, папрысутнічала на ім падчас абмеркавання шматлікіх праблем і перспектыўных кірункаў працы айчыннай музейнай галіны.

/i/content/pi/cult/830/17714/3.jpgАктуальны кантэкст музейнай справы

Пасяджэнне калегіі адкрыў міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч, які падкрэсліў значнасць культурнага чынніка ў развіцці сучаснага беларускага грамадства. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на пытанні выхавання маладога пакалення праз станоўчыя прыклады, заснаваныя на эпахальных момантах нашай гісторыі і культуры. І ў гэтай справе патрыятычнага накірунку значную ідэалагічную ролю адыгрываюць музеі — захавальнікі гістарычнай памяці. У сваю чаргу, з тых пастулатаў вынікае, што статус музейнага работніка павінен адпавядаць самым высокім прафесійным крытэрыям сучаснай цывілізацыі.

У лічбах і фактах пра колькасць і якасць

А пасля з паведамленнем пра стан і перспектывы развіцця дзяржаўных музеяў выступіла начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Наталля Задзяркоўская.

Так, за апошнія 5 гадоў быў адкрыты шэраг новых музеяў і музейных экспазіцый. Гэта Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (філіял музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”), Музей гісторыі прыватнага калекцыянавання (філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея), Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (філіял Нацыянальнага мастацкага музея), Археалагічны музей “Бярэсце” і музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” (філіялы Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея), Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей (Мінская вобласць), Дубровенскі краязнаўчы музей (Віцебская вобласць), Літаратурны музей Максіма Багдановіча (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы” і некаторыя іншыя.

Вядуцца работы па будаўніцтве Музейнага квартала Нацыянальнага мастацкага музея, новага будынка для Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея (Гродзенская вобласць), рэстаўрацыі Старога замка Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама па стварэнні новых экспазіцый філіяла “Музей 5 форт” Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, Слуцкага краязнаўчага музея (Мінская вобласць), музейна-выставачнай экспазіцыі ў аграгарадку Юравічы (Гомельская вобласць) і іншыя.

Музейны фонд Рэспублікі Беларусь за перыяд 2016 год — 10 месяцаў 2020 года павялічыўся на 7,5 працэнтаў і склаў 3 441 883 музейных прадмета. Паказчыкі па павелічэнні музейнага фонду, прадугледжаныя Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, стабільна выконваюцца.

Прырост колькасці наведванняў музеяў за перыяд 2016 — 2019 гадоў склаў 511 785 наведванняў (або 8,3 працэнты). Пры гэтым суадносіны платных і бясплатных наведванняў музеяў складае прыкладна 60 працэнтаў да 40 працэнтаў.

Найбольш наведвальнымі музеямі краіны па выніках апошніх трох гадоў з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Музей “Замкавы комплекс “Мір”.

Рэзкае зніжэнне наведвальнасці музеяў было зафіксавана ў 2020 годзе. Так, паводле аператыўнай інфармацыі, за 11 месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года наведвальнасць музеяў паменшылася на 55 працэнтаў, колькасць экскурсій на 29 працэнтаў, аб’ём пазабюджэтных даходаў на 53 працэнты. Пры гэтым адмоўная дынаміка па наведваннях найбольш характэрная для рэспубліканскіх музеяў.

У мэтах стабілізацыі сітуацыі і выхаду музеяў на неабходныя параметры працы, кожнаму музею неабходна прадугледзець у планах работы на 2021 год комплекс антыкрызісных мер, якія ўключаюць актывізацыю працы ў рамках унутранага турызму, прыцягненне ў музей на сістэмнай аснове навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі, у тым ліку у рамках сумесных культурна-адукацыйных праектаў, удасканаленне паслуг, накіраваных на прыцягненне індывідуальных наведвальнікаў, “сямейнага наведвальніка” (малыя групы), а таксама развіццё віртуальнага музейнага абслугоўвання.

У рамках інфарматызацыі сёння ажыццяўляецца работа па стварэнні аўтаматызаванай музейнай сістэмы па ўлікова-фондавай дзейнасці (АМС), вядзецца планамерная работа па папаўненні Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь найбольш каштоўнымі музейнымі прадметамі.

У цэлым дынаміку інфарматызацыі дзяржаўных музеяў можна ацаніць станоўча. Так, напрыклад, досыць актыўна выкарыстоўваюцца ў музеях такія тэхнічныя сродкі, як аўдыягіды. Па стане на 1 студзеня 2020 года ў рэспубліканскіх музеях налічвалася 415 аўдыягідаў, у рэгіянальных — 342, аднак пры гэтым размеркаванне аўдыягідаў па абласцях — нераўнамернае.

У музеях рэспублікі па стане на 1 студзеня 2020 года працуе амаль чатыры тысячы чалавек, у тым ліку 976 навуковых супрацоўнікаў (з іх 92,4 працэнты — супрацоўнікі з вышэйшай адукацыяй).

Асноўнай прычынай адтоку спецыялістаў з’яўляецца невысокая заработная плата. Адначасова, вынік праведзенай у 2018 — 2019 гадах Навукова-даследчым інстытутам працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па замове Міністэрства культуры Беларусі навукова-даследчай работы “Нармаванне працы музейных работнікаў” паказаў недастатковасць штатных адзінак у рэгіянальных музеях.

У апошнія гады становяцца ўсё больш важкімі спонсарскія сродкі, якія працягваюцца музеямі, прычым, як раённымі і гарадскімі, так і рэспубліканскімі. Так, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь узаемадзейнічае з групай кампаній “А-100”, інвестыцыйнай кампаніяй “Гальперын і сыны” і іншымі. Ключавым партнёрам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларускае падраздзяленне міжнароднай карпарацыі JTI. Спонсарская дапамога выкарыстоўваецца для закупкі прадметаў музейнага значэння і тэхнічнага абсталявання, фінансавання экспазіцыйных і выдавецкіх праектаў, правядзення культурна-адукацыйных мерапрыемстваў.

Міжнароднае супрацоўніцтва ў прыярытэце

Былі і іншыя выступленні. Так, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька звярнуўся да прысутных з дакладам, у якім закрануў тэму міжнароднага супрацоўніцтва музеяў краіны цягам апошніх пяці гадоў і перспектыў падобнага супрацоўніцтва ў наступныя гады.

Паводле выступоўцы, міжнародныя міжмузейныя адносіны грунтуюцца на шырокай геаграфіі супрацоўніцтва, шматвектарнасці, разнастайнасці фарматаў мерапрыемстваў, прыярытэце дэманстрацыі ўнікальнага і самабытнага нацыянальнага матэрыялу пры арганізацыі праграм музейнага абмену.

Замежнай аўдыторыі былі прадстаўлены шматлікія знакавыя праекты з беларускай “прапіскай”. Напрыклад, са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — “Іканапіс Беларусі XVII — XXI стст.” у Музеі Ватыкана, “Апосталы і прарокі” — у Музеі Эль Грэка ў Таледа (Іспанія), са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — “Узоры і сімвалы: спадчына беларускага арнаменту” ў Нацыянальным музеі Султаната Аман, са збору Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — “Людзі хочуць ведаць” (да 40-годдзя “Блакаднай кнігі” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна) у Дзяржаўным музеі палітычнай гісторыі Расіі ды ў іншых краінах.

На думку Паўла Сапоцькі, вельмі ўдала сябе зарэкамендаваў вопыт правядзення міжнародных выстаў, прымеркаваных да святкавання юбілеяў, што ўнесены ў Каляндар памятных дат UNESCO (150 гадоў з дня нараджэння Льва Бакста (2016), 200 гадоў з дня нараджэння Станіслава Манюшкі (2019), 150 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца (2020) ды іншыя.

На перспектыву беларускімі музеямі запланавана правядзенне абменных і сумесных выставак.

Да слова, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў 2021 — 2022 гадах плануе прыцягненне сродкаў ад замежных спонсарскіх фондаў па аднаўленні гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-ой катэгорыі “Фрагмент мячэці з в. Доўбучкі Смаргонскага раёна”, для чаго былі наладжаныя кантакты з Міністэрствам па справах рэлігій Турцыі.

Названыя праекты замежнай спонсарскай дапамогі і міжнароднай тэхнічнай дапамогі, адзначыў Павел Сапоцька, накіраваны на правядзенне будаўнічых і рэстаўрацыйных работ на аб’ектах культурнай спадчыны, папаўненне музейных фондаў, падрыхтоўку буйных выданняў на розных замежных мовах, развіццё трансгранічнага турызму, правядзенне маштабных экспазіцый, арганізацыю адукацыйных і іншых праграм.

Акрамя таго, па словах дакладчыка, у бягучай пяцігодцы істотная ўвага будзе нададзена пытанням рэстытуцыі. Рашэннем Камісіі па выяўленні, вяртанні, абмену і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за мяжой, прадугледжаны арганізацыя перамоваў з Дзяржаўным Эрмітажам, Ваенна-гістарычным музеем артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі ў Санкт-Пецярбургу, Музеем арміі ў Парыжы, Ізраільскім музеем, Упсальскім універсітэтам (Швецыя) аб магчымасці правядзення ў Беларусі выстаў гістарычных артэфактаў, якія адбываюцца з Беларусі і знаходзяцца за мяжой, ажыццяўлення навукова-даследчай работы, стварэння факсімільных копій помнікаў кніжнай культуры.

Адукацыя і музеі: шляхі супрацоўніцтва

Пра культурна-адукацыйную дзейнасць музеяў сумесна з установамі адукацыі распавяла загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Вольга Пархімовіч.

— Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што беларускія музеі з’яўляюцца і часткай адукацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, — адзначыла дакладчыца. — Так, аналіз статыстычных дадзеных за 2019 год (да пандэміі COVID-19) паказаў, што рэальная музейная аўдыторыя — школьнікі (больш за 60 працэнтаў ад агульнай колькасці наведвальнікаў). Безумоўна, трэба пашыраць мэтавую аўдыторыю, надалей працаваць над паляпшэннем ўзаемадзеяння школы і музея, які можна разглядаць і як дадатковую пляцоўку для правядзення ўрокаў па розных дысцыплінах.

Так, зазначыла Вольга Пархімовіч, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ёсць вопыт правядзення як рабочага, так і адкрытага ўрока для вучняў 9 класаў пры вывучэнні драмы “Раскіданае гняздо”, а інтэрактыўныя музейна-педагагічныя заняткі “Калядкі ў Купалавым доме”, “Багач”, “Гуканне вясны”, распрацаваныя на аснове каляндарна-абрадавых святаў беларусаў і па матывах твораў Янкі Купалы, нязменна прывабліваюць вучняў 1 — 5 класаў і карысныя пры вывучэнні народных традыцый.

Заўважны і вялікі патэнцыял у правядзенні пазаўрочнай работы ў музейнай прасторы. Літаратурныя музеі неаднаразова станавіліся пляцоўкай для правядзення паэтычных конкурсаў, справаздачных канцэртаў, майстар-класаў, віктарын, прыёму ў першакласнікі і гімназісты. Існуюць і доўгатэрміновыя праекты: напрыклад, грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, якую Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзіць з 2012 года і ў якой ужо ўзялі ўдзел звыш 10 тысяч чалавек.

Яшчэ прыклад: сёлета да Дня роднай мовы Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пры падтрымцы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ладзіў ІІ Вучнёўскую навукова-практычную канферэнцыю. А Дом-музей Адама Міцкевіча неаднаразова станавіўся пляцоўкай для правядзення выставак творчых работ школьнікаў Навагрудка.

Па словах дакладчыцы, музейная педагогіка ўсё больш інтэгруецца ў практыку беларускага музея. З 2014 года паспяхова рэалізуе цыкл адукацыйна-развівальных заняткаў “Крочым у школу разам з Коласам” Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. “Кватэрнік у дзядзькі Якуба” — сучасны моладзевы праект, фармат якога прадугледжвае творчыя зносіны ў нязмушанай атмасферы.

Дадатковыя магчымасці пры правядзенні музейна-педагагічных заняткаў даюць і ўключаныя ў стацыянарныя экспазіцыі інтэрактыўныя зоны для дзяцей, як, напрыклад, “Хлопчык і лётчык” у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Даводзіцца беларускім музеям працаваць і з замежнымі наведвальнікамі школьнага ўзросту. Так, у 2018 годзе Купалаўскі музей падрыхтаваў спецыяльную праграму для сустрэчы ўдзельнікаў і гасцей дзіцячага Еўрабачання.

Актыўна рэалізуюцца музеямі Беларусі і інклюзіўныя праекты. Большасць устаноў праводзіць асобныя мерапрыемствы, але шэраг музеяў прапануе і цэласныя праграмы. Скажам, у 2017 годзе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы паспяхова рэалізаваў інклюзіўную музейна-педагагічную праграму “Побач і разам” для дзяцей з аўтызмам. Заняткі ладзіліся пры кансультацыйнай падтрымцы Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”, пра што, дарэчы, пісала і “К”.

Культурна-адукацыйная работа музеяў шырока папулярызуецца не толькі на сайтах, але і ў сацыяльных сетках, і на інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсах. Так, з 2018 года у Літаратурным музеі Петруся Броўкі дзейнічае выбітны анлайн-праект па папулярызацыі музейных калекцый — “Фондавая пятніца”.

Узаемадзеянне музеяў з навучальнымі ўстановамі, на думку Вольгі Пархімовіч, неабходна і надалей развіваць ды ўдасканальваць. З гэтай мэтай дакладчыца прапанавала цэлы шэраг захадаў на перспектыву. Сярод іх — складанне плана супрацоўніцтва з музеямі на навучальны год, уключэнне наведвання музеяў у рэйтынг паспяховасці школы, што станоўча паўплывае на матывацыю настаўнікаў і дазволіць музеям выконваць асноўны паказчык Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, выкарыстанне музейнай прасторы для правядзення пазаўрочнай работы, падрыхтоўка спецыялістаў у музейнай педагогіцы, арганізацыя сумеснай працы музея і школы па правядзенні канферэнцый, семінараў, круглых сталоў ды некаторыя іншыя.

Як выхаваць патрыётаў?

Спынюся яшчэ на некалькіх дакладах, што прагучалі на калегіі Міністэрства культуры ў Міры.

Напрыклад, выступленне дырэктара Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгора Бысюка было прысвечана грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі як аднаму з кірункаў дзейнасці ваенна-гістарычных музеяў.

Так, толькі за мінулы год супрацоўнікі мемарыяла правялі звыш дзвюхсот лекцый і звыш 150 музейна-педагагічных заняткаў для больш чым васьмі тысяч навучэнцаў з Брэста, Баранавічаў, Лунінецкага, Столінскага і Бярозаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці. А для таго, каб пазнаёміць навучэнцаў з багатай падзеямі гісторыяй Брэсцкай крэпасці, распавесці пра няпростыя чалавечыя лёсы, музейшчыкі стварылі шэраг перасоўных выставаў “Брэсцкая крэпасць. Дарогамі памяці”, “Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фотаздымках”, “Памяць, абпаленая вайной” ды некаторыя іншыя.

— Працуючы ўвесь час з турыстамі, наведвальнікамі, выконваючы задачу патрыятычнага выхавання моладзі, можна сказаць, што голымі дэкларацыямі моладзі патрыятызм не прывіць, — адзначыў Рыгор Бысюк. — Заахвоціць маладога чалавека трэба на ўзроўні падсвядомасці, падвесці яго да разумення і захавання гераічных старонак. Таму ў штомесячнай метадычнай рабоце, вучобе з навуковымі супрацоўнікамі звяртаем увагу на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства, улік узроставых асаблівасцяў аўдыторыі.

Вялікай папулярнасцю сярод навучэнцаў, па словах дакладчыка, карыстаюцца музейна-педагагічныя заняткі. На сёння распрацаваны пяць музейна-педагагічных комплексаў-праграм.

Як адзначыў Рыгор Бысюк, многія мерапрыемствы сталі ўжо традыцыйнымі. Напрыклад, з 2008 года ў Міжнародны дзень абароны дзяцей — 1 чэрвеня — праходзіць творчая акцыя-пленэр “Малююць дзеці”. У акцыі ўдзельнічаюць школьнікі агульнаадукацыйных і мастацкіх школ, студыі выяўленчага мастацтва горада Брэста і вобласці. За ўсе гады ў акцыі прынялі ўдзел больш за 1 200 навучэнцаў, штогод — каля 100 творчых талентаў.

Традыцыйнымі сталі рытуалы прыняцця школьнікаў у шэрагі акцябрат і піянераў, пасвячэнне ў навучэнцы і ў студэнты. Ва ўрачыстай абстаноўцы на плошчы Цырыманіялаў юным акцябратам выдаюцца значкі, піянерам завязваюцца гальштукі, а студэнтам уручаюцца студэнцкія білеты.

На працягу многіх гадоў, па словах дырэктара, сумесна з Інстытутам пагранічнай службы праводзіцца акцыя “Баявы разлік”, што ладзіцца напярэдадні 22 чэрвеня.

У год 75-годдзя Перамогі музейшчыкамі былі праведзены патрыятычныя акцыі і мерапрыемствы — такія, як мітынг-рэквіем патрыятычнага праекта “У славу агульнай Перамогі”, Рэспубліканскі маладзёжны цягнік “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”.

У музеі вядзецца актыўнае супрацоўніцтва з філіялам Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці — Маладзёжным патрыятычным цэнтрам, на базе якога праходзяць ваенна-патрыятычныя зборы навучэнцаў Брэсцкай вобласці “Пераможца”. Для ўдзельнікаў навуковымі супрацоўнікамі практыкуецца экскурсія-гульня па тэрыторыі мемарыяла.

Больш за 48 гадоў Вахту Памяці ля Вечнага агню мемарыяльнага комплексу нясуць брэсцкія школьнікі і навучэнцы. За гэты час амаль сто тысяч чалавек прайшло праз гарадскі цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання — Пост Памяці Брэсцкай крэпасці-героя. Школьнікі і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў не толькі нясуць ганаровую вахту, але і займаюцца даследчай працай (збіраюць матэрыял пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці, пра партызанаў і падпольшчыкаў Брэстчыны), пішуць рэфераты, афармляюць і дапаўняюць экспазіцыю музея Паста Памяці “Хлапчукі несмяротнага Брэста”.

Камунікацыя — гэта перспектыўна

Дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў расказаў у сваім выступленні пра камунікацыйную палітыку музея, узяўшы ў якасці прыкладу дзейнасць сваёй установы.

— Разглядаючы адзін са складнікаў музейнай камунікацыі — узаемадзеянне з музейнай аўдыторыяй — неабходна адзначыць, што на сёння ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі распрацаваны і паспяхова рэалізуюцца 70 формаў навукова-асветніцкай дзейнасці, — сказаў Аляксей Міцюкоў. — Гэта розныя тыпы экскурсій (аглядныя, тэматычныя, інтэрактыўныя, сямейныя, экскурсіі-гульні, квэсты), музейна-педагагічныя праграмы і заняткі, лекцыі, урокі ў музеі, музейныя святы і іншыя мерапрыемствы, культурна-адукацыйныя праекты. А для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжана работа сацыяльных праектаў “Інклюзія ў краязнаўчым музеі”, “Добры дзень, музей!”, “Гэта нашы дзеці”.

Дакладчык згадаў, што цягам некалькіх гадоў назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці людзей у экскурсійных групах. Турысты аддаюць перавагу самастойным падарожжам, вандроўкам сем’ямі, невялікімі кампаніямі. Таму для працы з падобнымі катэгорыямі супрацоўнікамі музея былі распрацаваны сямейныя экскурсіі. Яны прадугледжваюць наведванне экспазіцый музея і філіялаў невялікімі групамі (да 10 чалавек), без суправаджэння экскурсавода, з выкарыстаннем даведніка, які змяшчае шэраг заданняў. Падобныя экскурсіі распрацаваны для экспазіцый усіх аб’ектаў музея. І можна сказаць, што гэты тып экскурсій стаў сёлета запатрабаваным.

Таксама сёлета была распрацавана экскурсія па тэрыторыі Археалагічнага музея “Бярэсце” ў фармаце open-air, на адкрытым паветры. Новая экскурсія знаёміць турыстаў з гісторыяй правядзення археалагічных раскопак на тэрыторыі старажытнага Бярэсця, гісторыяй развіцця гэтай тэрыторыі (будаўніцтва замка, крэпасці, абарончых збудаванняў) на аснове малых архітэктурных формаў, размешчаных на тэрыторыі, паказвае кароткую гісторыю горада і яго назваў.

Як адзначыў Аляксей Міцюкоў, сёлета працягнулася традыцыя правядзення мерапрыемстваў сярэднявечнай рэканструкцыі “Ажыўшая гісторыя”. Так, у 2020 годзе на музейнай тэрыторыі была зладжана рэканструкцыя сярэднявечнага лагера, якая ўключала ў сябе дэманстрацыю побыту, жылля, кухні тагачаснага жыхара, працавала фотазона, дзе можна прымерыць рыцарскі рыштунак, кожны ахвотны мог выпрабаваць свае сілы ў якасці воінаў Сярэднявечча і пазмагацца “на мячах”.

Акрамя таго, па словах дакладчыка, можна сказаць, што сёлета значна пашырыўся музейны анлайн-кантэнт. Скажам, у сакавіку 2020 года музейшчыкі пачалі ладзіць анлайн-стрымы экскурсій па экспазіцыях усіх аб’ектаў музея. Таксама быў распрацаваны праект “Віртуальныя экскурсіі”, які знаёміць наведвальнікаў з экспазіцыямі музея і філіялаў анлайн, і віртуальны выставачны праект “З цемры на святло”, падчас якога можна пазнаёміцца з найбольш каштоўнымі прадметамі з музейных калекцый. Да слова, і адкрыццё традыцыйных музейных выстаў таксама праходзіла ў анлайн-фармаце. Усе названыя анлайн-мерапрыемствы можна было паглядзець на старонцы музея на канале YouTube.

Напрыканцы Аляксей Міцюкоў адзначыў, што названыя формы працы з музейнай аўдыторыяй не з’яўляюцца выключнай з’явай, характэрнай толькі для гэтага года.

— Гэта перспектыўныя напрамкі развіцця камунікацыйных формаў, якія будуць актуальныя і далей, — упэўнены дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. — Безумоўна, віртуальныя экскурсіі і выставы не змогуць замяніць непасрэдны кантакт наведвальніка і музейнага прадмета, эмоцыі ад цікавай экскурсіі і зносін з экскурсаводам. Тым не менш, гэтыя формы работы дапамагаюць пастаянна падтрымліваць цікавасць да музея і музейнай дзейнасці, дапамагаюць музею заставацца ў інфармацыйнай прасторы.

Піяр праз інтэрнэт

І апошні даклад, які прагучаў на калегіі, і пра які хочацца згадаць, быў ад дырэктара Музея-сядзібы М. К. Агінскага Людмілы Градзіцкай. Яна нагадала, што аднаўленне былога ансамбля Агінскіх распачалося яшчэ ў 2010 годзе, а ў 2014 годзе Смаргонскім райвыканкамам разам з Тракайскім нацыянальным гістарычным паркам быў напісаны трансгранічны праект. У выніку рэалізацыі яго была адрэстаўравана тэатральна-музычная зала.

— Першае, з чаго мы стартавалі — гэта з рэкламы аб пачатку правядзення экскурсіі па парку з праглядам фільма “Рана ў сэрцы” праз мясцовую газету і сайт райвыканкама, — сказала Людміла Градзіцкая. — У першыя суботу і нядзелю мне давялося праводзіць па 8 экскурсій у дзень. Адначасова ішлі рэстаўрацыйныя работы ў палацы і добраўпарадкаванне тэрыторыі сядзібы. Дапамагалі нам усім раёнам, прыязджалі валанцёры з Мінска і Маладзечна.

Дадам, што ледзь не пра ўсе этапы рэстаўрацыі сядзібы “К” пісала неаднаразова.

У 2014 годзе пачалася музеефікацыя і стварэнне экспазіцыі, а 25 верасня 2015 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі, прымеркаванай да 250-годдзя з дня нараджэння М. К. Агінскага. Пасля адкрыцця экспазіцыі музейшчыкі запрасілі на тэатралізаваную экскурсію кіраўнікоў турыстычных фірмаў. Адзначу, што паўдзельнічаць у названым мерапрыемстве выказалі жаданне прыкладна 40 турфірм.

Якім жа чынам наладжана дзейнасць установы сёння? Па словах Людмілы Градзіцкай, для таго, каб прыцягнуць наведвальнікаў, у музейнай установе былі распрацаваны новыя віды паслуг і брэндавыя мерапрыемствы. Сярод іншага дакладчыца ўзгадала баль для дарослых і дзіцячы баль, фестываль “Вяргіні да Дня нараджэння Міхала”, свята “Вяртанне “Паўночных Афін”, Ноч музеяў “Вечарына ў Міхала” ды іншыя музейныя акцыі.

Сёлета, як і ўсе музеі Беларусі, Музей-сядзіба М.К.Агінскага працавала ў неспрыяльных эпідэміялагічных умовах, таму ладзіла асноўныя мерапрыемствы на свежым паветры. Гэта былі і музычныя вечары, і канцэрты, і выставы, і музейныя сустрэчы. Натуральна, ладзіліся і мерапрыемствы ў анлайн-рэжыме (віртуальныя экскурсіі і відэарэпартажы).

Акрамя таго, установа працавала з патэнцынымі наведвальнікамі з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій: сайт музея, анлайн-браніраванне, YouTube, сацыяльныя сеткі.

Дарэчы, як адзначыла Людміла Градзіцкая, ва ўмовах COVID-19 турысты больш сталі карыстацца аўдыягідамі і праграмай “izi.TRAVEL”. Асноўны кантынгент наведвальнікаў установы складаюць арганізаваныя экскурсійныя групы і індывідуальныя наведвальнікі з ліку беларускіх і замежных грамадзян. Наведвальнікамі музея сталі турысты з Ізраіля, Францыі, Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Кітая, Украіны, Венесуэлы, Сірыі і многіх іншых.

Як бачна, многія даклады яшчэ раз пацвердзілі выснову пра тое, што музейная супольнасць сёння актыўна развіваецца, шукае новыя шляхі работы з наведвальнікамі, выкарыстоўваючы для гэтага найноўшыя тэхнічныя магчымасці, звязаныя, у першую чаргу, з інтэрнэт-камунікацыяй. Што ж, у неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі гэтую тэндэнцыю можна толькі вітаць. Тым больш, як адзначалі дакладчыкі, названыя новыя формы працы з наведвальнікамі сапраўды маюць вялікія перспектывы і значны патэнцыял.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"