Народны тэатр жыве і перамагае

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Абласны фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе — 2020”, які цягам амаль двух тыдняў праходзіў у анлайн-прасторы, вызначыў пераможцаў, назваўшы лепшыя пастаноўкі аматарскіх тэатраў Брэстчыны. Конкурс, які традыцыйна адбываецца раз на тры гады, не быў адменены і сёлета — хіба што перайшоў у інтэрнэт. Галоўны і вельмі прыемны вынік фестывалю, паводле слоў старшыні журы, дырэктара Палескага драматычнага тэатра Аляксандра Лукашэнкі: аматарскі тэатр жывы, людзей захопленых многа, а спектаклі ёсць проста выдатныя!

/i/content/pi/cult/829/17707/19.jpgУ “Тэатральнага Палесся” ўжо даволі даўнія традыцыі — першы фестываль адбыўся ў 1996 годзе. У свой час многа сіл у яго арганізацыю і правядзенне ўклала метадыст Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Вольга Антонаўна Зіновіч, якой ужо няма на гэтым свеце, але кіраўнікі аматарскіх тэатраў дагэтуль згадваюць яе імя з удзячнасцю. І зараз фестываль ладзіцца Цэнтрам сумесна з упраўленнем культуры Брэсцкага аблвыканкама. Калі б не пандэмія, і на гэты раз усё праходзіла б не ў інтэрнэце, а на сапраўднай сцэне — апошнім часам традыцыйным месцам правядзення стала пляцоўка Івацэвіцкага Дома культуры, дзе актыўна і натхнёна працуе народны драматычны калектыў “Авацыя” пад кіраўніцтвам Валянціны Кулецкай. Каб не перапыняць традыцыю, а галоўнае — каб не расчароўваць артыстаў і рэжысёраў, якія ўсе тры гады рыхтуюцца да фестывалю і для якіх гэта вельмі важная і значная падзея, было прынятае рашэнне перанесці конкурс у анлайн-прастору. Зразумела, ніводзін відэазапіс не заменіць жывой тэатральнай атмасферы, але ж ёсць і плюсы — цяпер гэтыя спектаклі на Youtube-канале Брэсцкага ГКЦ могуць паглядзець усе цікаўныя. А некаторыя відовішчы цалкам годныя і нават не патрабуючыя зніжак на самадзейнасць. Праўда, відэа рабілі самі тэатры, і ў фінале ўдзельнічаў нават спектакль, адзняты на камеру тэлефона. Але якасць відэаздымак, зразумела, не ўплывала на рашэнне журы.

Сёлета ў заключны трэці тур конкурсу “Тэатральнае Палессе” трапілі 28 спектакляў. І гэта сапраўды вельмі многа. Увогуле, на Брэстчыне толькі тэатраў са званнямі “народны” ці “ўзорны” больш за 30, а лік усіх тэатральных драматычных утварэнняў дык большы за сотню. Выбіраць было з каго. У журы, сярод іншых, акцёры і рэжысёры двух прафесійных тэатраў Брэстчыны — Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і Палескага драматычнага тэатра з Пінска. Старшыня — Аляксандр Лукашэнка, дырэктар Палескага тэатра, які добра ведае, што такое аматарскі тэатр, бо і сам калісьці іграў у папулярным народным тэатры ДК “Трыкатажнік” у Пінску, а яшчэ і многа гадоў загадваў аддзелам культуры ў Пінскім гарвыканкаме.

Брэст, Пінск, Кобрын, Столін, Драгічын, Бяроза, Івацэвічы, Ганцавічы, Мір, Іванава, Маларыта, Ляхавічы, Пружаны, Белаазёрск… — няхай мне даруюць неназваныя калектывы, але пра ўсіх расказаць немагчыма. У спісе ўдзельнікаў фінальнага трэцяга тура кідаецца ў вочы прысутнасць значнай колькасці канкурсантаў нават з маленькіх мястэчак — аграгарадкоў і вёсак: Тэльмы, Тухавічы, Вялікія Круговічы... Сярод адзначаных журы — аматарскае аб’яднанне “Мініацюра” сельскага Дома культуры аграгарадка Любішчыцы Івацэвіцкага раёна, якое паказвала эстрадныя мініацюры і атрымала дыплом. Узорны лялечны калектыў “Залаты ключык” з аграгарадка Аснежыцы быў узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі лялечных спектакляў. Народны тэатр з гарадскога пасёлка Целяханы паказаў пастаноўку пра вясковае жыццё і ўшанаваўся дыпломам “За вернасць і адданасць тэатральнаму мастацтву”. І сапраўды, немагчыма не ацаніць імпэт удзельнікаў целяханскага тэатра: як расказала метадыст БГКЦ Юлія Данілюк, у ім іграюць практычна адны пенсіянеры, але справе аддаюцца цалкам. Да таго ж, яны працуюць без кіраўніка тэатра — усё самі. І звяртаюцца да мясцовых характараў, тыпажоў і гісторый, чым вельмі радуюць гледачоў роднага пасёлка. У конкурсе тэатр удзельнічаў з пастаноўкай паводле п’есы свайго земляка Васіля Стральчука “Воительница Матрена, или Щас как дам!”

Нароўні з дарослымі калектывамі ўдзельнічалі і дзіцячыя, у іх былі свае намінацыі. І галоўным пераможцам тут стала ўзорная тэатральная студыя “Рытм” кобрынскага Палаца культуры. Яе спектакль “Казкі Дзеда-Барадзеда” я таксама мела на ўвазе, калі згадвала пра відовішчы, вартыя ўвагі. Думаю, многія дзеці з задавальненнем паглядзяць гэтую тэмпераментную, дасціпную і вельмі жывую пастаноўку паводле беларускіх народных казак, на беларускай мове і з юнымі артыстамі, якія з задавальненнем разыгрываюць забаўныя гісторыі.

— Кобрынская студыя “Рытм” мяне прыемна здзівіла, я з асалодай паглядзеў яе спектакль, — кажа старшыня журы Аляксандр Лукашэнка. — Мне нярэдка даводзіцца працаваць у журы школьных тэатраў, і — каб толькі не пакрыўдзіць настаўнікаў — скажу, што бывае адразу бачна, калі з дзецьмі ўсё ж працуюць прафесіяналы, рэжысёры. Так і тут, дзеці не проста выходзяць і прагаворваюць свой тэкст  — яны іграюць як акцёры, пражываюць ролі, у іх гараць вочы! І сама пастаноўка прафесійная, з удалай кампаноўкай і вытрыманым тэмпам, глядзіш — і радуешся. Дарэчы, хацеў бы адзначыць, як правільна для дзіцячага калектыву падабраны сам матэрыял. Ізноў жа згадваючы школьныя пастаноўкі — калі 13-гадовы “паліцай” дапытвае 14-гадовую “бабку”, патрабуючы сказаць “дзе твой сын-партызан”, мне гэта падаецца трохі дзікім. А ёсць жа выдатная дзіцячая літаратура! І няхай юныя акцёры лепей будуць зайчыкамі, ці падушкамі — як у спектаклі “Душа падушкі” з Мірскага СДК, які ў нас атрымаў дыплом трэцяй ступені, ці яшчэ кім адпаведным. “Казкі Дзеда-Барадзеда” — сапраўдная ўдача рэжысёра.

А рэжысёр гэты — Таццяна Дрык. Дырэктар Палескага драматычнага тэатра Аляксандр Лукашэнка як чалавек вопытны ў тэатральнай галіне асабліва падкрэслівае вялікую ролю ў аматарскіх аб’яднаннях менавіта кіраўнікоў. І вельмі шкадуе, што на ўсіх іх не хапае, не ўсе адукаваныя рэжысёры маюць жаданне ехаць у глыбінку. А яшчэ адзначае, наколькі больш каштоўная ўдача аматарскай пастаноўкі ў параўнанні з прафесійнай, бо ў самадзейных тэатрах кіраўнік, як правіла, і за рэжысёра, і за сцэнографа, і за мастака па святле і гэтак далей. Дык вось, рэжысёр і кіраўнік студыі “Рытм” Кобрынскага Палаца культуры Таццяна Дрык, чый спектакль “Казкі Дзеда-Барадзеда” перамог у дзіцячай катэгорыі, сама калісьці школьніцай прыйшла ў студыю “Рытм”, потым скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, і вось ужо сем гадоў кіруе студыяй, якая ў Кобрыне славіцца мноствам бліскучых казачных пастановак. Дзяцей-акцёраў Таццяна Дрык называе сваімі калегамі і лічыць, што галоўнае — даць ім магчымасць раскрыцца, паказаць сябе. Можа, і таму пастаноўкі атрымліваюцца такімі жыццярадаснымі і нязмушанымі.

Пінскаму каледжу мастацтваў, як кажуць, сам Бог вялеў любіць тэатр, і пастаноўка народнага эксперыментальнага тэатра-студыі “Пілігрым” паводле кнігі Рычарда Баха “Чайка з імем Джонатан Лівінгстан” была адной з самых цікавых і прафесійных у конкурсе — яна заняла другое месца ў дарослай катэгорыі. Спектакль пабудаваны на пластычных эцюдах саміх артыстаў, і рэжысёр у пастаноўкі, такім чынам, калектыўны.

Увогуле, намінацыі былі самыя розныя — напрыклад, адзначаліся і лепшыя спектаклі ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Натуральна, што сёлета, калі святкавалася 75-годдзе Перамогі, аматарскія калектывы не маглі не звярнуцца да гэтай даты. Лепшай стала пластычная візуалізацыя Дзмітрыя Скаваронскага і Наталлі Мацавіла “Дарогай дзіцячых слёз”, якую прадставіла ўзорная тэатральная студыя “Чароўны ліхтар” Брэсцкага гарадскога Цэнтра культуры.

Усіх, паўтаруся, не згадаеш, але напрыканцы мы пагаворым пра галоўнага пераможцу ў дарослай катэгорыі — ім стаў спектакль “Mea culpa” паводле п’есы Віктара Понізава ад народнага тэатральнага калектыву “Дом Дыягена” Ляхавіцкага ГДК, рэжысёр і выканаўца адной з галоўных роляў — Арцём Бадак. Ізноў жа, запрашаю на Youtube паглядзець пастаноўку — стваральнікі прадстаўляюць яе як “правакацыйную фантасмагорыю”. Метадыст БГКЦ Юлія Данілюк расказвае, што гэты калектыў даволі малады, але імкліва набываючы аўтарытэт і папулярнасць. Толькі два гады таму ён атрымаў званне народнага, а ў фестывалі “Тэатральнае Палессе” перамагае ўжо другі раз запар. Гэта яўны лідар у аматарскай тэатральнай сферы Брэстчыны.

— Ляхавіцкі тэатр стаў для мяне сапраўдным адкрыццём, — кажа старшыня журы Аляксандр Лукашэнка. — Шчыра прызнаюся, гэта першы раз, калі я паглядзеў спектакль і захацеў пачытаць п’есу, захацеў яшчэ падумаць, паразважаць. Гэта сапраўдны тэатральны спектакль. Больш за тое, я вам скажу, што такія пастаноўкі, дзе практычна толькі дзве дзеючыя асобы, і не кожнаму прафесійнаму тэатру падуладныя — бо няма ні за каго, ні за што схавацца. А тут гледача гадзіну трымаюць у напружанай увазе. А калі я даведаўся, што рэжысёр Арцём Бадак — гэта і адзін з акцёраў, то я проста, як кажуць, зняў капялюш.

Арцём Бадак — рэжысёр яшчэ малады, чатыры гады таму скончыў Гродзенскі каледж мастацтваў, а раней сам іграў у баранавіцкім народным тэатры “Эксперымент”. Тэатр “Дом Дыягена” мае двух кіраўнікоў, больш вопытны — акцёр і рэжысёр Міхаіл Стрыжоў, і якраз гэтая акцёрская пара і разыграла гісторыю ў спектаклі “Mea culpa”.

Не думаю, што камусьці трэба тлумачыць, наколькі важна займацца творчасцю і людзям, што па сваёй працы з ёй не звязаныя, наколькі важна існаванне аматарскіх тэатраў у вёсках і гарадах, дзе прафесійных тэатраў няма, — гэта як не варта абмяркоўваць, ці патрэбна культура ўвогуле. І такія конкурсы, як “Тэатральнае Палессе”, канешне, ацэньваюць спектаклі з пункту гледжання прафесіяналізму, хто больш падобны на сапраўдны тэатр. У той жа час метадыст Юлія Данілюк адзначае, што для іх у Цэнтры галоўнае — арганізаваць культурны вольны час сваім землякам. Але ж любому творцу хочацца быць лепшым, хочацца атрымліваць прызнанне і перамогі, і фестываль “Тэатральнае Палессе” дае магчымасць не заставацца ў вакууме і адчуваць сябе часткай адной вялікай тэатральнай, культурнай суполкі.