Сінь азёраў і золата шляхты

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Персанальнай выставай “Скрозь час”, што прайшла ў мінскай галерэі “Універсітэт культуры”, 25-годдзе сваёй творчай дзейнасці адзначыла мастак па касцюмах, член Беларускага Саюза мастакоў Наталля СМАЛЯК. Больш дакладна Наталлю можна назваць мастаком па сцэнічных касцюмах — у якіх і артысты выступаюць, і якімі можна проста любавацца як творамі мастацтва. А натхненне для працы дае гісторыя, даюць традыцыі Беларусі. Гістарычныя і фальклорныя касцюмы Наталлі Смаляк неаднойчы ўзнагароджваліся ў конкурсах, вабілі гледачоў на шматлікіх выстаўках у Беларусі і за межамі. З чаго складаецца праца мастака па касцюмах, чым яна асаблівая, як узнікаюць ідэі — гаворым пра гэтае і пра многае іншае.

/i/content/pi/cult/829/17706/18.jpg— Цікава, а як чалавек становіцца не проста мастаком, а мастаком па касцюмах?

— Думаю, звычайна — з маленства малюе адзенне для лялек, прыдумляе яго. А як толькі мне дазволілі трымаць іголку ў руках, я і шыць пачала. Хоць бацька быў прафесійным мастаком — членам Саюза мастакоў, але ж спецыяльна мяне нікуды не аддавалі вучыцца, я сама гадоў у 14 вырашыла, што пайду ў гэты бок, мне падабалася працаваць менавіта з тэкстылем.

— У вас жа і бабуля рабіла адзенне, ткала…

— Дарэчы, я зараз аднаўляю яе ткацкі станок, ён нават імянны. Кажуць, бабуля яшчэ ў 60-я гады сама ткала посцілкі, абрусы. А да таго, канешне, рабіла адзенне. У роднай вёсцы Грыцкевічы Нясвіжскага раёна яна лічылася сапраўднай модніцай, бо апраналася вельмі яскрава, асабліва.

— Выставай вы адзначылі 25-годдзе творчай дзейнасці. Ад якога моманту ведзяце адлік?

— Ад першай выставы, у якой прыняла ўдзел са сваёй выпускной работай з мастацкага каледжа імя Глебава ў 95-м годзе. Гэта было дэкаратыўнае пано ў тэхніцы аплікацыі замшай. Дарэчы, выставіла я і дыпломны праект на заканчэнне Універсітэта культуры, і гэта быў ужо менавіта сцэнічны касцюм. Ад яго пайшла потым мая аўтарская серыя “Адлюстраванне”, прысвечаная рэгіянальным адметнасцям тэхнікі ручнога ткацтва. Я, калі выбірала, дзе вучыцца, адразу разумела, што, напрыклад, тэхналагічны інстытут, дызайнер адзення — не зусім маё: хацелася быць менавіта мастаком. Бо гэта ўсё ж розныя рэчы — дызайнер адзення і мастак па касцюмах. Дызайнер у першую чаргу звязаны з вытворчасцю, думае пра спажыўца. А ў мастака па сцэнічных касцюмах падыход прынцыпова іншы: перад усім мастацкі вобраз, аўтарскі погляд, фантазія. Хаця, калі гаворка ідзе аб працы па замове, то даводзіцца творчыя памкненні суадносіць з пажаданнямі заказчыка.

— Я так разумею, заказваюць касцюмы творчыя калектывы. Ці многа ў вас такіх супрац?

— Вельмі многа, каля 150-ці. Адметныя гістарычныя касцюмы я распрацавала для “Тутэйшай шляхты” — фальклорнага калектыву БДУ, народныя — для ансамбля “Медуніца” медыцынскага ўніверсітэта, ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі, народнага ансамбля танца “Белая Русь”, і гэтак далей. Многа дзіцячых калектываў і калектываў беларускіх дыяспар у Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Таджыкістане… Асабліва шчыльна я супрацоўнічаю з Польшчай — там нават праходзіла мая персанальная выстава. Былі і касцюмы для Берлінскага сімфанічнага аркестра, для беларускага рэстарана ў Бостане, для пасольства ў Францыі.

— Здараецца, калі бачыш выступленне самадзейных калектываў, якія спяваюць ці танчаць нешта народнае, то моцна здзіўляешся таму, ува што яны апрануты, — да якога народа маюць дачыненне іх касцюмы, да якой эпохі ці хаця б стылю? Знаёмая вам такая сітуацыя?

— Так, яна нярэдкая. І ад мяне падчас замоўцы патрабуюць увесці які-небудзь яркі, проста нават пякучы колер, ці яшчэ нешта падобнае. Даводзіцца пераконваць, што ў беларускім касцюме такога быць не можа. Але не заўсёды атрымліваецца — памятаю выпадак, калі я замяніла колер на больш гарманічны, дык давялося перарабляць ужо пашытыя касцюмы. Магу назваць яшчэ адну прычыну, чаму бывае немагчыма пазнаць, ці беларускі гэта касцюм і ці народны ўвогуле. Бо фінансы часта абмежаваныя, і шыецца адзін касцюм на ўсе выпадкі  — і для фальклорнага нумара, і для эстраднага. Я прадумваю такія моманты, і раблю нейкую ўніверсальную аснову, а ўжо дэталямі — поясам, галаўным уборам, яшчэ чымсьці — фармірую фальклорны ці эстрадны вобраз. Але ж на свае вочы бачыла, як потым апранаецца ўсё ўперамешку! Ды й ствараюць касцюмы часта людзі не вельмі дасведчаныя. А для таго, каб працаваць з народнымі традыцыямі, іх трэба ведаць. Ну як можна не абурыцца, калі ў галаўным уборы са стужак, што маглі апранаць толькі незамужнія дзяўчаты ў пошуках жаніха, на сцэну выходзіць ансамбль з жанчын пенсійнага ўзросту? Гэта недаравальная памылка, канешне.

— Адметная частка вашых твораў — гістарычныя касцюмы…

— Штуршок да іх стварэння мне дало супрацоўніцтва з Купалаўскім тэатрам — для спектакля “Чорная панна Нясвіжа” я распрацоўвала і выконвала дэкор касцюмаў. Давялося даследваць гэтую тэму, паглыбіцца ў гісторыю. І вось праца ў тэатры завяршылася, а ідэй засталося многа. У першую чаргу захапіла менавіта тая легенда пра чорную панну Нясвіжа — гэта канец XVI — пачатак XVII стагоддзя, і ў мяне з’явіўся свой касцюм, а потым і цэлая серыя “Чорная панна”. Заўважу, што гэта не рэканструкцыя — дакладнае паўтарэнне, а менавіта новы мастацкі твор, натхнёны мінуўшчынай. У серыі паводле падання пра белую панну Гальшан (гэта ўжо іншы гістарычны перыяд) я звярталася да больш сталага барока — там золата і белы колер. А ў аснову калекцыі “Шляхецкі скарб” паклала легенду пра скарбы, схаваныя паміж Мірскім і Нясвіжкім замкамі. У тыя часы касцюмы ў шляхты былі ж вельмі дарагія, у іх выкарыстоўваліся ніці з золата і срэбра, сапраўдныя каштоўныя камяні, і ў маёй калекцыі кожны твор названы як камень: “Чорны брыльянт”, “Мігатлівы рубін”, “Чароўны ізумруд”. Канешне, сапраўднага золата і брыльянтаў тут няма, даводзіцца прыдумляць, як іх замяніць. Такія і падобныя ім касцюмы ствараюцца менавіта для экспаніравання, для ўдзелу ў праектах і фестывалях, гэта тое, што я магу паказаць на выстаўках як мастак.

— Але больш за ўсё вы працуеце з народным касцюмам, з фальклорнай традыцыяй. І атрымліваеце за гэта ўзнагароды.

— Аўтарская серыя “Паляцела птушачка” пачалася ў 2013 годзе, а самы новы касцюм у ёй датуецца гэтым годам — праца працягваецца. Яна натхнёна традыцыямі беларускага вясельнага касцюма канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў. У аснову я паклала дзве адметныя дэталі: спадніцы-плахты і вясельныя галаўныя ўборы — разнастайныя па форме вянкі, часам з даволі складанай канструкцыяй. Плахта складалася з некалькіх кавалкаў тканіны, полак, якія па-рознаму перакідваліся праз пояс і перавязваліся: вось гэтая шматслойнасць ніжняй часткі касцюма і была ўзятая як ідэя ўсёй серыі. А таксама вясельныя вянкі, якія ў розных рэгіёнах Беларусі былі самага рознага выгляду, як правіла высокія — дзе каронай, дзе яшчэ як, у цэнтральнай Беларусі на патыліцы дык цэлы букет мацавалі, а ў Заходнім Палессі выкладвалі кветкі на галаве веерам. Кожны касцюм увабраў адпаведныя адметнасці пэўнага рэгіёна. Аздабленне выканана ў традыцыйных народных тэхніках — вышыўкі, нашыўкі тасьмой і карункамі, але колеры я не імкнулася захоўваць, гэта ўжо творчая перапрацоўка. Назва серыі “Паляцела птушачка” прыдумалася па народнай вобразнай традыцыі, як вылятала птушачка — нявеста — з роднага дома. І назвы касцюмаў адпаведныя: “Ластаўка”, “Галубка”, “Пава”, “Журавачка” і гэтак далей.

А яшчэ ёсць серыя “Адлюстраванне” паводле матываў народных строяў, у якой я перапрацоўваю ўласцівыя розным беларускім мясцінам асаблівасці тэхнікі ручнога рамізнага ткацтва. І тут, дзякуючы самой тканіне, самому матэрыялу, з якіх пашытыя касцюмы, я магла адлюстраваць і сінь глыбокіх азёраў, у якую пераходзіць блакіт неба, і чысціню празрыстых крыніц, бязмежнасць засеяных палёў і багацце лясоў.

— Вашы калекцыі маюць нямала ўзнагарод, што найперш успамінаецца?

— Самымі прыемнымі былі, магчыма, узнагароды Еўразійскага конкурсу высокай моды нацыянальнага касцюма “Этна-Эрата” ў Маскве — два гады таму мая калекцыя “Адлюстраванне” перамагла ў намінацыі “Лепшы славянскі касцюм”, а ў 2014-м “Паляцела птушачка” была адзначана дыпломам за другое месца ў гэтай жа намінацыі. А трэба разумець, што фестываль грандыёзны, ідзе некалькі дзён, і ў кожнай намінацыі спаборнічаюць да 90 канкурсантаў. Былі прызы на Міжнародным фестывалі этнічнай моды “Этна-мода” ў Санкт-Пецярбургу, былі прэміі і ўзнагароды на беларускіх конкурсах.

— А якой сваёй работай вы задаволеныя больш за ўсё, якой ганарыцеся?

— Для творцы найлепшая работа, канешне, тая, у якой удалося ўвасобіць усё задуманае. І з вопытам ты ж сам удасканальваешся, падчас глядзіш на ранейшае і думаеш — цяпер зрабіла б ужо інакш. Калі з вясельных, то сярод сваіх любімых я б вызначыла такую пару  — “Журавачку” з “Орлікам”, гэта параўнальна нядаўнія работы. А з гістарычных — “Белую панну”. Мне падаецца, у іх я змагла найбольш раскрыць задуманыя вобразы.

— Справаздачу на 25-годдзе творчай дзейнасці выставай “Скрозь час” вы зрабілі, што далей?

— Зараз мае творчыя думкі скіраваныя на тое, каб пачаць ткаць на бабуліным станку. Бо гэта дае вялікую прастору для творчасці яшчэ на самым базавым этапе — такое багацце можа быць розных перапляценняў ніцяў, колераў, матэрыялаў! Абсалютны эксклюзіў. І, канешне, хочацца, каб усе праблемы хутчэй скончыліся і можна было б ізноў на фестываль які з’ездзіць, акунуцца ў агульную творчую атмасферу, — хочацца думаць менавіта пра творчасць.

Фота з архіва Наталлі Смаляк