Як маладая канчаткова станавілася жонкай: цэлы год

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Завяршаем серыю матэрыялаў пра вяселле, распачатую ў “К” № 40 за 3 кастрычніка. Ідзе Піліпаўскі пост, блізяцца Каляды. Праектуючы гадавы сямейны цыкл на каляндарны, можна сказаць, што гэта пара, калі маладая, выйшаўшы замуж у Вялікую Вясельніцу, паступова звыкалася са сваім новым сямейным становішчам. Наперадзе яе чакалі вялікія святы — Каляды і Масленіца — на якія ў першы год замужжа жанчына заставалася ў асаблівым статусе.

/i/content/pi/cult/829/17699/9.jpgЗавяршэнне пераходу маладой жонкі ў новы стан: пост, Каляды, памінальныя дні

У папярэднім нумары мы пачалі расповед пра завяршэнне пераходу маладых у новы статус сямейных людзей, які пасля вяселля расцягваўся на год ці да нараджэння першага дзіцяці. У гэты час для мужа было, бадай, толькі адно знакавае свята — Масленіца — якое ён мог адзначаць не зусім так, як у наступныя гады свайго сямейнага жыцця. У “К” № 49 за 5 снежня апісана шанаванне маладога зяця падчас наведвання цешчы. Ніжэй — расповед пра некаторыя масленічныя рытуальныя дзеянні, аб’ектам якіх магла стаць маладая пара, але часцей жонка.

У адрозненне ад мужчыны жанчына ў першы год сямейнага жыцця святкавала не так, як у пазнейшы перыяд, не толькі Масленіцу. Сустракаюцца яшчэ звесткі пра асаблівасці адзначэння Дзядоў, Радуніцы і Калядаў. Гэта даты, калі, як верылі нашы продкі, уся сям’я павінна быць у зборы пры святочным стале. У некаторых лакальных традыцыях маладая жонка ішла на памінальныя трапезы і на Вялікую куццю ў бацькоўскую хату, бо, відаць, яшчэ лічылася не канчаткова прынятай у род мужа, у большай ступені часткай сям’і, дзе нарадзілася. Такім чынам выконвалася патрабаванне рытуальнай цэласнасці роду ў знакавых пунктах года (лічылася, што да трапезы далучаюцца і душы дзядоў).

Падчас Піліпаўскага посту жанчыны збіраліся на попрадкі па хатах. Звычайна замужнія працавалі асобна ад незамужніх, сярод апошніх магло быць некалькі суполак па ўзросце. Маладая жонка пераходзіла ў кампанію да сямейных “баб”. У пост спявалі псалмы, выконвалі песні з матывамі чакання Калядаў, якія пазней маглі гучаць і як калядныя: “Ай, Калядачкі, вы барзджэй-барзджэй…”; “Нам Піліпаўка надакучыла, нас Піліпаўка падзамучыла…”; “Ах, і дай, Божа, нам Каляд даждаць”.

У песнях, што даследчыкі вызначаюць і як “перадзімовыя”, і як “піліпаўскія”, гучаць матывы нядаўняга замужжа. Гэтыя творы ўтрымліваюць наўпроставы зварот да дзяўчыны, якая нібыта рана выйшла замуж. Яна параўноўваецца з зімой, што “раненька настала”. У песні, аднак, даводзіцца, што і зіма прыйшла, і шлюб узяты ў час. Магчыма, функцыя гэтых тэкстаў — своеасаблівая “песнетэрапія” для маладой жанчыны, якой складана звыкнуцца са сваім новым станам. Вось адзін з такіх тэкстаў, запісаны ў колішнім Клімавіцкім павеце:

— Ды зіма, зімачка ты сцюдзёная,

Чаго рана наставала?

— Я не раненька, я не позненька —

Ужо мая пара прыйшла.

Лісточак апаў, зямельку ўслаў —

Ужо мая пара прыйшла.

— Чаго ты, дзевачка, чаго ты, красная,

Малая замуж зайшла?

— Я ж не маленька, не вялічачка —

Ужо мая пара прыйшла.

Татачка аддае, свякорка бярэ —

Ужо ж мая пара прыйшла.

Масленічнае шанаванне маладой сям’і

Сем’і, што ўтварыліся на працягу апошняга года, станавіліся аб’ектамі розных абрадавых дзеянняў на Масленіцу. Адмыслова для маладых здзяйсняліся некаторыя віды рытуальных абыходаў. Яны маглі суправаджацца спецыяльнымі песнямі-віншаваннямі. У большасці выпадкаў масленічныя віншаванні звернуты да маладухі, радзей — адначасова да яе мужа, паводле адзінкавых сведчанняў — выключна да яго. Такія песні пачынаюцца найчасцей зваротам да “маладой маладзіцы”, часам яе называюць па імені. У адзінкавых фіксацыях спявачкі звяртаюцца спачатку да мужа маладухі, але потым усё роўна да яе самой:

“Добры вечар, Колечка-Колечка!

Ці дома твая Валечка-Валечка?

Мы к ёй прышлі гуляці-гуляці,

Добрыя песні спяваці-спяваці:

Вынесі сыра, вынесі сыра —

Родзіш сына….”

Сустракаецца таксама зварот да ўсёй вялікай сям’і, часткай якой былі маладыя:

“Добры вечар… добрым людзям…

Мы к вам ідзём

Маладая, маладая ты, Ганначка,

Выйдзі… к нам на вулку…”

Песні для маладухі часта ўтрымліваюць радкі “Вынесь сыра — родзіш сына, / Вынесь мачку — родзіш дачку”. Сыр як абрадавая страва сустракаецца ў беларусаў на Юр’я, Тройцу, Купалле, Пятра, зажынкі, абрады сямейнага цыкла. Асабліва частыя матывы сувязі сыра з нараджэннем хлопца, з маладым мужчынам. У некаторых выпадках сыр як рытуальная страва забяспечвае сувязь паміж жывымі і нябожчыкамі. Тое, што сыр выступае і як сімвал плоднасці, і як сродак сувязі з тагасветам, у традыцыйнай логіцы цалкам апраўдана, бо менавіта памерлыя продкі забяспечваюць дабрабыт жывых. Мак, які ў тэксце песень звязваецца з нараджэннем дачкі, у беларускім фальклоры таксама ўвасабляе плоднасць і мае дачыненне да іншасвету.

Судзячы па тэкстах песень, тых, хто віншаваў, частавала і дзякавала ім сама маладуха. Паводле сучасных запісаў, песню такога тыпу маглі выконваць і для бацькоў кагосьці з маладой сям’і: “Просяць, каб спявалі, нават тады, калі маладыя адсутнічаючь. У Кошкінай не было маладых, яны былі ў Мінску, а песню пелі, і ім ставілі гарэлку…” (вёска Міхейкава Круглянскага раёна).

Абыходы маладых сем’яў маглі здзяйсняць незамужнія дзяўчаты ці замужнія жанчыны. Віншаванне магло працягвацца застоллем у хаце. У вёсцы Маслёнкі Крупскага раёна лічылася, што чым больш падабаецца свёкрам нявестка, тым лепш яны частуюць спявачак.

Як форму шанавання маладзіцы варта разглядаць масленічны звычай “трэсці падушкі”, што фіксуецца ў Шклоўскім і Крупскім раёнах: гурт жанчын краў ці пагражаў скрасці ў маладухі падушкі, а маладая іх частавала, каб аддалі. У вёсцы Вялікае Замошша Шклоўскага раёна жанчыны, скраўшы падушкі, рабілі выгляд, што мочаць іх: “Быў у нас такі абычай. У тых, хто свадзьбу гулялі на Каляды, на Масленку забіралі ў гэтых маладых падушкі. Іх трэба было выкрасці патаемна, штоб ніхто не прымеціў. А потым падушкі гэтыя везлі ад калодзежа. Там жа бралі вёдра і вылівалі ваду збоку, міма падушак. Гэта называлася “мачыць падушкі”. Калі па дарозе ад калодзежа сустракалі кагосьці з вёдрамі, хто па ваду ішоў, выварачвалі яму вёдра і зазывалі з сабой на гулянку. А падушкі маладыя павінны былі адкупіць. І вечарам, калі саглашаліся хазяіны, усе неслі свае харчы, і маладыя ўжэ адкуплівалі свае падушкі. Гулялі ўсёй вёскай, аж весела ж было! Калі аддавалі падушкі, гаварылі: “Ну то ж спіце ўжэ сёння на падушках!” А калі не было чым частаваць, то падушкі забіралі сабе тыя, хто ўцягнуў”. Маніпуляцыі з падушкамі маладухі на Масленіцу фіксуюцца таксама ў вёсцы Ельніца Барысаўскага раёна, там іх “вязалі”.

Падушка ў шматлікіх абрадах выступае як сімвал плоднасці і шлюбу: на ёй можа адбывацца пасад маладой, падушкі ўваходзяць у пасаг, пад падушку кладуць розныя рэчы з мэтай варажбы; вядомая моладзевая гульня “Падушачка”, што завяршаецца пацалункамі. Падчас масленічных рытуалаў з падушкамі маладуха пацвярджае факт свайго шлюбу перад жаночай грамадой, наноў выкупляючы свой пасаг і забяспечваючы сабе дабрабыт і плоднасць. Такім чынам, праз маніпуляцыі з падушкамі на Масленіцу маладзіца працягвала свой пераход у статус замужняй жанчыны.

Ушанаванне маладой сям’і магло таксама набываць форму рытуальнага разування жонкі ці мужа. Змена абутку сімвалізуе змену сацыяльнага статусу маладых. У беларускім фальклоры прасочваецца таксама выразная шлюбная і эратычная сімволіка абутку. Дзеянні, звязаныя з масленічным ушанаваннем маладых, канцэнтруюцца на памежжы Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

Завяршаючы серыю артыкулаў пра вяселле, хочацца адзначыць, што гэты абрадавы цыкл, з аднаго боку, адкрыты да запазычанняў, а з другога боку — часта захоўвае архаічныя элементы (асабліва ў сельскай мясцовасці). Апошнімі гадамі запатрабаванымі становяцца гарадскія “вяселлі ў беларускім стылі”. Часам маладыя хочуць проста “што-небудзь народнае”, а часам спрабуюць узнавіць традыцыйнае вяселле мясцовасцяў, дзе маюць карані. У любым выпадку вясельная тэматыка ніколі не страціць актуальнасці.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,

супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і

літаратуры НАН Беларусі.

Фота аўтара.