Больш жывы за ўсіх жывых? або хаджэнне векавога брэнда

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Вядома ж, як цывілізаваны чалавек, а не які-небудзь там “Сабакевіч”, так называлі Ільіча меншавікі, Ленін не мог застацца ў баку ад культуры і мастацтва, бо, па-першае, нарадзіўся ў інтэлігентнай сям’і, і, зразумела, быў дастаткова адукаваным чалавекам; па-другое, прайшоў першакласную гімназію і экстэрнам Пецярбургскі ўніверсітэт, прачытаў стосы кніг, у большасці сваёй хай і “палітызаваных”, паездзіў па перадавых еўрапейскіх краінах.

/i/content/pi/cult/828/17693/28.jpg“Адносіўся вельмі нервова...”

У 1901 годзе Уладзімір Ульянаў у тэатры Вены бачыў нейкую аперэту, якая, праўда, яму зусім не спадабалася. Сапраўды, па вялікім рахунку, тэатр Ленін не вельмі любіў, што і пацвярджае Крупская: “Мы рэдка хадзілі ў тэатр. Пойдзем, бывала, але мізэрнасць п’есы ці фальш ігры заўсёды рэзка білі па нервах Уладзіміра Ільіча. Звычайна, пойдзем у тэатр і пасля першай дзеі знікаем... Праўда, аднойчы даседзеў да канца...”

З іншых тэатральных рэплік. “Хадзілі мы некалькі разоў у Мастацкі тэатр, — успамінала Надзея Крупская. — <…> Ішла Горкага “На дне”... Залішняя тэатральнасць пастаноўкі раздражняла Ільіча; пасля “На дне” ён надоўга кінуў хадзіць у тэатр. Хадзілі мы яшчэ з ім неяк на “Дядю Ваню” Чэхава. Яму спадабалася. І, нарэшце, у апошні раз хадзіў у тэатр ужо ў 1922 годзе глядзець “Сверчка на печи” Дыкенса. Ужо пасля першага дзейства Ільіч засумаваў, стала біць па нервах мяшчанская сентыментальнасць Дыкенса, а калі пачалася гаворка старога лялечніка з яго сляпой дачкой, не вытрымаў Ільіч, пайшоў з сярэдзіны дзейства”.

Ну яшчэ 6 лютага 1920 года паглядзеў у Малым тэатры раннюю п’есу Максіма Горкага “Старик”, пастаўленую рэжысёрам Іванам Платонам з удзелам акцёраў Сяргея Галавіна і Веры Пашэннай, але падрабязнасці гэтага наведвання Леніным мне невядомы, акрамя таго, што ён разам з жонкай глядзеў спектакль з вельмі нязручнай ложы дырэкцыі. Іх угаворвалі перайсці на лепшыя месцы, але атрымалі адмову, маўляў, ім і тут сядзець добра. Тут жа, у Малым тэатры, 2 мая 1920 года Ленін прысутнічаў на святочным юбілейным вечары выдатнай рускай актрысы Марыі Ярмолавай у сувязі з 50-годдзем яе творчай дзейнасці, дзе абвясцілі аб прысваенні ёй першага ў краіне звання “Народная артыстка рэспублікі”.

А вось Вялікі тэатр Ленін катэгарычна не любіў і мэтанакіравана гнабіў яго, пачынаючы з канца 1917 года, калі яму прынеслі калектыўны ліст-заклік артыстаў тэатра супраць бальшавіцкага “вандалізму” ў адносінах да храмаў, помнікаў мастацтва і іншых “стогадовых святынь рускага народа”, супраць умяшання новай улады ў тэатральнае мастацкае жыццё. Зразумела, гэта не магло не прывесці Леніна ў лютасць. Як успамінаў Луначарскі, “Ленін адносіўся да Вялікага тэатра вельмі нервова, называў “куском чисто помещичьей культуры”. Зімой 1919 года па ягоным патрабаванні Саўнаркам прыняў першае рашэнне аб закрыцці тэатра. Праўда, тады тэатр абаранілі, але сур’ёзна ўрэзалі бюджэт. Аднойчы адбыўся выпадак, калі Леніну не спадабалася, што да яго ў ложу пасадзілі нейкага рабочага, і ён напісаў у Саўнаркам гнеўны ліст, у якім патрабаваў, каб у членаў урада заўсёды была асобная ложа. Мабыць, з таго часу гэта стала няпісаным законам...

Апошні акт тэатральнай драмы па пастанове Палітбюро ЦК РКП(б) адбыўся 2 лістапада 1922 года, калі Вялікі тэатр у Маскве, а таксама былы Марыінскі ў Петраградзе, былі закрыты як “цэнтры буржуазнай культуры”... Праўда, дзякуючы голасу грамадства і клопатам Анатоля Луначарскага, а таксама старшыні ВЦИКа Міхаіла Калініна і сакратара ВЦИКа Авеля Енукідзе, якія, праўда, у тэатры больш за ўсё цанілі, уласна кажучы, юных балерын, Дзяржаўны тэатр оперы і балета (так ён тады называўся) удалося захаваць пры ўмовах скарачэння субсідый з боку дзяржавы. І з пачатку 1923 года пачынаецца, так бы мовіць, “залаты век” Вялікага тэатра. Хворы Ленін пры ўсім сваім жаданні ўжо не мог спыніць гэты працэс.

/i/content/pi/cult/828/17693/27.jpgАднак потым Вялікі тэатр не забыў “бацькоўскі клопат” правадыра і вывесіў на сваёй сцяне мемарыальную дошку, якая паведамляла, што ў гэтым будынку ў 1918 — 1922 гадах Уладзімір Ільіч Ленін выступаў на розных партыйных з’ездах і пасяджэннях (ідзе пералік), і што тут 20 лістапада 1922 года на Пленуме Маскоўскага Савета адбылося яго апошняе выступленне.

Сказаць праўду, Ленін усё ж тройчы прысутнічаў на канцэртах, якія праводзіліся ў памяшканні тэатра. Але ні на адным спектаклі Вялікага тэатра Ленін так і не пабываў...

Калі ў 2011 годзе тэатр адкрываўся пасля рэканструкцыі, артысты спадзяваліся, што дошка знікне, як знік савецкі герб, як клодаўскаму Апалону прыкрылі сараматнае месца фігавым лістком. Але ўсё роўна Ленін так і застаўся вісець на сваім месцы. У гэтай сувязі не магу не ўспомніць дзіўную метамарфозу, якая адбылася ў пачатку 1950-х з ацэнкай ролі Леніна ў “ратаванні” Вялікага тэатра ад “пралеткультаўцаў” і іншых “прыхільнікаў ультралевых плыняў у мастацтве”. Аказваецца, Ленін “у самыя цяжкія для маладой рэспублікі дні” заўсёды помніў пра патрэбы Вялікага тэатра”. Вось так! І нібыта аказваў “рашучы адпор любым знішчальнікам Вялікага тэатра”. Разам з тым, ён як сапраўдны тэатральны “крытык” “перасцерагаў супраць апалагічных адносінаў да знешняй пышнасці яго спектакляў”. Наогул кажучы, некаторыя ацэнкі Леніна ў адносінах да тэатра, літаратуры, выяўленчага мастацтва і вынікі з гэтых ацэнак прыводзяць, мякка кажучы, у некаторую збянтэжанасць. Урэшце, як і некаторыя брэнды, што нарадзіліся ў матэрыяльнай і духоўнай прасторы часоў і што сталі ўжо міфамі і легендамі.

“...Должность адски трудная!”

Ленін і музыку ўспрымаў адпаведна свайму настрою барацьбіта-рэвалюцыянера і не цярпеў усялякай там слязлівай лірыкі і “вздохов под луной”.

Будучы старшынёй Саўнаркама, Ільіч напяваў такую прыпеўку: “Я была кухаркай, жарила котлеты, // А теперь в Совете издаю декреты”. Вось адкуль, відаць, з’явілася мара Леніна бачыць кухарку на чале дзяржавы! З іншых музычных рэчаў правадыр любіў напяваць барытонам «Замучен тяжелой неволей», «Варшавянку», «Вставай, подымайся, рабочий народ», «Смело, товарищи, в ногу», «День настал веселый мая», «Беснуйтесь, тираны», «Vous avez pris Elsass et Lorraine», «Soldats dix-septieme» і, вядома, “атэістычную” малітву “Интернационал».

Як успамінала ў 1927 годзе Надзея Крупская, Ленін вельмі любіў слухаць музыку, але “страшна стамляўся пры гэтым. Слухаў сур’ёзна. Вельмі любіў Вагнера. Як правіла, знікаў пасля першага дзейства нібыта хворы... Музыкальная памяць добрая. Запамінаў добра, але не вельмі хутка... Оперу любіў больш за балет. Любіў санату “Патэтычную” і “Апасіянату”...

У Парыжы Ленін любіў наведваць кафэ, дзе спявалі свае песні на дэмакратычна-бытавыя тэмы людзі, якія востра крытыкавалі буржуазную дэмакратыю і бытавыя бакі жыцця. Крупская пісала, што “Ільічу асабліва падабаліся песні Мантэгюса... Ільіч вельмі любіў напяваць яго песню “Salut a vous, soldats de 17” (“Привет вам, солдаты 17-го полка” — такі быў зварот да французскіх салдат, якія адмовіліся страляць у стачачнікаў)...” .

А яшчэ Уладзіміру Ільічу падабалася “Sonate Pathetique” Бетховена, якую яму часта іграла Інеса Арманд. Але лічыцца, што з усёй творчасці кампазітара ён аддаваў перавагу менавіта санаце “Апасіяната”. Аднойчы ўвечары 20 кастрычніка 1920 года Ленін на маскоўскай кватэры былой жонкі Горкага Кацярыны Пешкавай з задавальненнем слухаў “Апасіянату” ў выкананні Ісая Дабравейна, вядомага піяніста, дырыжора, кампазітара. Пасля апошняга акорда Ільіч сказаў: ”Ничего не знаю лучше “Аппассионаты”, готов слушать ее каждый день. Изумительная, нечеловеческая музыка. Я всегда с гордостью, может быть, наивной, детской, думаю: вот какие чудеса могут делать люди!..” Гэты водгук увайшоў у шматлікія савецкія хрыстаматыі, падручнікі, успаміны сучаснікаў, і нават быў пра той эпізод у 1963 годзе створаны мастацкі фільм рэжысёра Юрыя Вышынскага. Маналог “самага чалавечнага чалавека” пра “нечалавечую музыку” ў эпізодзе стужкі ніякага сумнення не выклікаў. Але самае цікавае тое, што ў поўнай ленінскай цытаце часцяком апускалася яе заканчэнне.

Дык вось, далей Уладзімір Ільіч на самой справе сказаў так: “Но часто слушать музыку не могу, действует на нервы, хочется милые глупости говорить и гладить по головкам людей, которые, живя в грязном аду, могут создавать такую красоту. А сегодня гладить по головке никого нельзя — руку откусят, и надобно бить по головкам, бить безжалостно, хотя мы, в идеале, против всякого насилия над людьми. Гм-м, — должность адски трудная!”

У красавіку 1980 года нарадзіўся чарговы брэнд ленініяны. Да юбілею правадыра была паказана тэлевізійная пастаноўка “Ленін слухае “Апасіянату”. І вось персанаж, падпершы пальцам падбародак, уважліва ўслухоўваецца ў мелодыю. Усё як мае быць. Але чамусьці гучыць... саната «Лунная...»! Такі ўжо недарэчны кіналяп... Атрымліваецца, што і сам Ільіч прымаў “Лунную...” за “Апасіянату”? Кіналяп другі. У 2017 годзе я паглядзеў васьмісерыйны тэлефільм Уладзіміра Хаціненкі “Дэман рэвалюцыі”. Там многа ўсяго накручана несапраўднага. Але мяне рассмяшыў адзін момант: Ленін сустракаецца з Парвусам у оперы, дзе слухае Вагнера. Нахіляючыся да Парвуса, ён вымаўляе лятучую фразу пра “нечалавечую музыку” і г.д. А нам жа даводзілі, што тое Ільіч казаў пра твор Бетховена.

Куды “паехаў” цырк?

Дарэчы, пра Леніна і кіно. Тое, што “важнейшим из всех искусств для нас является кино“, якую правадыр прамовіў за два гады да сваёй смерці, ведалі ўсе савецкія людзі. І толькі ў час перабудовы і галоснасці яны са здзіўленнем выявілі, што цытата, якая сустракаецца ў кожным кінатэатры, не цалкам адлюстроўвае тое, што сказаў Ільіч. Ленінскую думку, каб дагадзіць кіраўнікам кінематографа, сказілі двойчы...

Барыс Крэпак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Працяг будзе.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"