Новы год не за гарамі...

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Святочныя мерапрыемствы ў рэгіёнах краіны: танцы ў фармаце open-air, індывідуальны падыход і найноўшыя тэхналогіі
Зусім хутка Дзед Мароз і Снягурка будуць адорваць дзяцей і дарослых разнастайнымі падарункамі, дастаючы іх з цудадзейнага меха, у якім змяшчаюцца ўсе нашы жаданні. Натуральна, што шматлікія навагоднія мерапрыемствы пройдуць, як ужо заведзена традыцыйна, і ва ўстановах культуры Беларусі. “К” паспрабавала разабрацца з тым, як цяпер, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, будуць ладзіцца гэтыя мерапрыемствы ў некаторых рэгіёнах краіны.

/i/content/pi/cult/828/17692/25.jpgЧай і брычка ад Дзеда Мароза

Памятаю, гадоў дзесяць таму я, разам з іншымі журналістамі “К” Дар’яй Амяльковіч і Ільёй Свірыным, упершыню наведаў адну з брэндавых устаноў не толькі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, але і ўсёй Беларусі — музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”. Дзясяткі ўнікальных фартушкоў, сабраных рупліўцамі ў музейных залах установы, натхняльная экскурсія ад дырэктара Марыі Астаповіч і нязмушаная гаворка за кубкам духмянай гарбаты пра праблемы і перспектывы музея — усё гэта запомнілася надоўга. Помніцца, дарэчы, і цяпер.

Многія з тых крэатыўных знаходак, якія мы абмяркоўвалі з кіраўніцтвам установы дзесяць гадоў таму, на сёння ўжо рэалізаваны: у музеі можна пакаштаваць чатыры гатункі хлеба, што змелены на сапраўдных жорнах у сапраўдным млыне, пакатацца на брычцы, каб пабачыць прыгожыя навакольныя краявіды, для наведвальнікаў ладзяцца майстар-класы па ткацтве. А яшчэ тут можна апрануць святочны сялянскі строй, набыць сабе прэзент у сувенірнай лаўцы і нават пераначаваць за сімвалічную плату ў невялікім музейным гатэльчыку.

Натуральна, і да навагодніх святаў сёння тут падрыхтавана адпаведная забаўляльная праграма, якая можа зацікавіць і малых дзетак, і дарослых турыстаў.

— Праўда, у сувязі з кавідам, мы вымушаны былі абмежаваць колькасць наведвальнікаў, — адзначыла мне Марыя Астаповіч. — Прымаем групу дзяцей колькасцю не больш за 10 чалавек. Звычайна было значна болей. А цяпер, можна сказаць, у нас індывідуальны падыход да кожнага госця.

Названая праграма каштуе 14 рублёў. Сюды ўваходзіць і наведванне музея ў суправаджэнні экскурсавода, і дэгустацыя гарбаты з выпечкай, і катанне на брычцы, і вулічная анімацыйная праграма, і падарунак ад Дзеда Мароза. Не варта і казаць, што падобнае баўленне часу радуе дзяцей і пакідае ў іх незабыўныя ўражанні.

— У нас сёлета, як кажуць, то густа, то пуста, — дзеліцца Марыя Астаповіч. — Напачатку года з размахам ладзілі Хрышчэнне — ахвотныя нават акуналіся ў палонцы, — потым правялі свята “Гуканне вясны”, і ўжо планавалі іншыя маштабныя мерапрыемствы. Але з красавіка ў сувязі з кавідам усё, на жаль, перапынілася: былі толькі нешматлікія індывідуальныя наведванні музея. Летам і ў верасні — кастрычніку людзей зноў было шмат, прычым вельмі многа турыстаў з Расіі, сямейных пар, а цяпер зноў усё музейнае жыццё крыху заціхла.

Разам з тым, кажа Марыя Астаповіч, бліжэй да святаў, у канцы снежня, магчыма, наведвальнікаў будзе і болей. А вось што прынясе наступны 2021 год, не ведае ніхто. Хіба ў Дзеда Мароза запытацца?

/i/content/pi/cult/828/17692/26.jpgПаштоўкі для матуль

У Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці сітуацыя з навагоднімі святочнымі мерапрыемствамі таксама досыць складаная.

— На сёння, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, мы працуем з некаторымі абмежаваннямі, — адзначыла мне дырэктар Воранаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская. — Напрыклад, у сувязі з гэтым, рэзідэнцыю Дзеда Мароза сёлета мы адчынілі непасрэдна ў РЦКіНТ. Раней яна размяшчалася ў аграгарадку Больцінікі.

Да слова, наведвальнікі ўжо могуць паўдзельнічаць у святочнай навагодняй праграме з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі: так, на першым падобным мерапрыемстве дзеці рабілі паштоўкі для любімых матуль, гулялі ў розныя гульні і, канешне, чакалі сюрпрызаў і падарункаў з вялікага меха самага любімага дзецьмі дзядулі ў чырвона-белым футры.

— Дзверы нашай рэзідэнцыі адчынены для наведвальнікаў кожны дзень з 8 снежня па 10 студзеня, а сама святочная дзея, з улікам каранавіруса, будзе ладзіцца толькі для адной сям’і і доўжыцца 20 хвілін, — кажа Ірына Камінская. — Калі бацькі выхоўваюць аднаго дзіця, уваходны білет у рэзідэнцыю Дзеда Мароза будзе каштаваць для іх 5 рублёў, калі два — 7,5 рублёў, а калі 3 і больш дзетак — 10 рублёў.

Акрамя таго, па словах суразмоўцы, навагоднія мерапрыемствы будуць ладзіцца ў аграгарадках раёна. Праўда, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, яны пройдуць у фармаце open-air, на адкрытым паветры. Што ж, гэта і зразумела.

У анлайн-фармаце

Намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці Ірына Якаўлева таксама расказала “К” пра некаторыя абмежаванні, з якімі прыйдзецца сутыкнуцца супрацоўнікам мясцовай сферы культуры ў сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, прысвечаных навагоднім святам.

— Напрыклад, дзеля святочнага канцэрта мы выкарыстаем найноўшыя тэхналогіі і правядзём яго ў анлайн-фармаце, — адзначыла Ірына Якаўлева. — Шэсце Дзедаў Марозаў, як і навагоднія гулянні, запланаваны да правядзення на вуліцы. Таксама падчас навагодніх святаў у Крычаве будзе працаваць рэзідэнцыя Дзеда Мароза — яна размесціцца ў палацы Пацёмкіна.

Але старт навагоднім мерапрыемствам у раёне ўжо пакладзены. Так, восьмага снежня ў рамках навагодняй акцыі “Новы год крочыць па планеце” творчая група з Батвінаўскага СДК і Крычаўскага РЦК правяла серыю выязных канцэртных праграм “Пад спевам зімы” ў маланаселеныя і аддаленыя вёскі Крычаўскага раёна. Жыхароў сельскіх паселішчаў святочнай праграмай павіншавалі Дзед Мароз і Снягурка, а таксама індывідуальныя выканаўцы, якія выконвалі для гледачоў і слухачоў песні зімовай і навагодняй тэматыкі.

Дадам, што мясцовы раённы Цэнтр культуры з’яўляецца не толькі галоўнай установай сферы культуры горада, але ж, вядома, і метадычным цэнтрам для сельскіх клубных устаноў. І менавіта СДК і СК раёна сёння і ёсць цэнтры традыцыйнай народнай культуры, дзе і праводзяцца святы ды абрады народнага календара.

Зразумела, што сярод іншых абрадавых святаў ладзяцца і такія, як Каляды. Па словах супрацоўнікаў ЦКС Крычаўскага раёна, абрадавыя пастаноўкі пройдуць на Каляды ў вясковых паселішчах раёна, праўда, у значнай сцэнічнай апрацоўцы і адаптацыі. А ў Крычаве правядзенне фальклорна-абрадавага мерапрыемства “Едзе, едзе Каляда!” запланавана на 7 студзеня.

Пакуль што пад пытаннем

І яшчэ адна ўстанова культуры, у якой вельмі будуць чакаць навагодніх святаў, — Відзаўская дзіцячая школа мастацтваў, што ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Як патлумачыла мне дырэктар установы адукацыі сферы культуры Вольга Шніп, на сёння правядзенне мерапрыемстваў з нагоды Новага года — пад пытаннем.

— Мы пакуль думаем над гэтым, ладзім апытанне сярод нашых вучняў і іх бацькоў, — кажа Вольга Шніп. — Звычайна навагодняе свята ў нас заўсёды праходзіла ў традыцыйным танцавальна-забаўляльным фармаце, і, канешне, шкада, калі яно будзе адмененае. Але як вырашаць бацькі, так і будзе.

У школе, да слова, на сёння навучаецца 55 чалавек па спецыяльнасцях фартэпіяна, цымбалы, баян і акардэон. Вучаць дзяцей восем кваліфікаваных педагогаў, і вучаць вельмі якасна: толькі за гэты год навучэнцы школы прынялі ўдзел у пяці творчых конкурсах абласнога і раённага ўзроўняў, дзе заваявалі шэраг прэстыжных узнагарод.

Да таго ж, наведнікі школы ўваходзяць у склад творчых калектываў, якія вядомыя не толькі на Браслаўшчыне, але і далёка за яе межамі. Гэта, напрыклад, вакальныя групы “Праменьчыкі надзеі” і “Delis”. Актыўную канцэртную дзейнасць вядзе інструментальны ансамбль настаўнікаў “Натхненне”, а ледзь не палова школьнага калектыву з’яўляецца ўдзельнікамі народнага ансамбля народнай песні “Відзаўчанка” Відзаўскага гарпасялковага Дома культуры.

Як вынікае, у розных рэгіёнах Беларусі па-рознаму падыходзяць да правядзення навагодніх мерапрыемстваў, але усюды пад увагу бярэцца неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча. І гэта цалкам зразумела, бо каранавірус, на жаль, нікуды яшчэ не знік, а культурныя мерапрыемствы адзначаюцца, пераважна, масавасцю і непазбежным скарачэннем сацыяльнай дыстанцыі. Выйсце з гэтага становішча, як бачна, ёсць: анлайн-івэнты, вулічны фармат мерапрыемстваў і абмежаваная колькасць людзей у закрытых памяшканнях. Такім чынам, новыя фарматы працы робяцца цяпер для культработнікаў будзённасцю. І гэта тое, з чым сфера культуры Беларусі будзе жыць яшчэ доўга. Але, спадзяюся, наступны Новы год мы сустрэнем ужо без масак, прывітыя вакцынай ад каранавіруса. Думаю, гэта быў бы выдатны падарунак ад Дзеда Мароза ў 2021 годзе. Так што — загадаем жаданне!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"