У госці да цешчы: на пярэзвы і бліны

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Працягваем серыю матэрыялаў пра вяселле, распачатую ў “К” № 40 за 3 кастрычніка. “Вялікая вясельніца”, якую ў праваслаўных распачынаюць Пакровы, а ў католікаў — завяршэнне збору ўраджаю, сканчваецца напярэдадні каляднага посту. У католікаў ён наступіў 15 лістапада, у праваслаўных — 28-га. Завяршэнне пераходу маладых у новы статус сямейных людзей пасля вяселля расцягвалася да года ці да нараджэння першага дзіцяці. Вось якія згадкі ёсць у крыніцах канца 19 стагоддзя і на працягу ўсяго 20-га.

/i/content/pi/cult/828/17691/24.jpgАдразу пасля вяселля праведаць родных

Праз тыдзень пасля вяселля, у нядзелю, маладая сям’я, якая звычайна сялілася ў бацькоў мужа, ехала да бацькоў жонкі ці аб’язджала гасцей, што прысутнічалі на свяце. Маглі, наадварот, наведваць маладых у хаце бацькоў мужа. Гасцяванні па выходных маглі доўжыцца і некалькі месяцаў. Паслявясельныя паездкі маладых звалі “пярэзвы”, “перазоў”, “пярэзыўкі”, “гасціна”. Казалі таксама “ездзіць на пірагі” — і тут можна правесці паралель з масленічным “ездзіць на бліны”.

У Барысаўскім павеце (вёскі Скуплін і Пабярэжжа) “перазоў” лічыўся апошняй вясельнай бяседай. Запрашалі ў асноўным жанатых, якія прыходзілі са сваёй ежай. Спявалі адмысловую песню:

“У нас сягодня перазоў,

Сам Бог перайшоў

З святой Тройцай, з Прачыстай,

З усімі святымі, з шчасцем і доляй.”

Гучалі і вясельныя песні, тыя ж, што выконвалі прыданкі.

У мястэчку Халопенічы таго ж Барысаўскага павета “на перазоў” клікалі гасцей, якія былі на вяселлі. Гэта рабіў хто-небудзь са сватоў або блізкіх сваякоў маладых.

“На пярэзвы” да родных свата ішлі ў Гомельскім павеце. Перахадзіўшы ўсе пярэзвы, родныя мужа збіраліся ў сватаў двор “на папялішча”, дзе рытуальна завяршалі вяселле свавольствамі (пра тое, як адбываліся вясельныя бясчынствы, мы пісалі ў “К” № 40 за 3 кастрычніка і № 42 за 17 кастрычніка).

Згадкі пра візіт бацькоў жонкі да маладых праз тыдзень пасля вяселля зафіксаваны ў Рэчыцкім і Мазырскім паветах, у сераду пасля вяселля — у Віцебскім і Пінскім. У вёсцы Рудск Пінскага павета “перазоў” (бацькі, сваякі і вясельныя госці) ехаў да маладой ў сераду пасля вяселля, спяваючы адмысловыя “пярэзвяныя” песні. Везлі нявесце кавалак каравая. Пасля перазова пачыналіся “гасціны” — візіты маладых з бацькамі мужа да бацькоў жонкі, потым візіт бацькоў жонкі ў адказ...

У Ашмянскім, Слонімскім, Мсціслаўскім паветах у нядзелю пасля вяселля маладыя ехалі да бацькоў жонкі. Тыя аддавалі ім пасаг — свойскую жывёлу і іншае, што нельга было ўзяць з сабой у скрыні падчас вяселля. На застолле склікалі суседзяў.

У Слуцкім павеце праз тыдзень пасля асноўнай часткі вяселля ехалі да бацькоў маладой і дзялілі там другі каравай.

Адпаведна сучасным запісам, у Глускім раёне праз тыдзень пасля вяселля маладыя з бацькамі мужа, сватамі, бліжэйшымі роднымі ехалі да бацькоў жонкі, а яшчэ праз тыдзень бацькі жонкі з роднымі рабілі візіт у адказ.

У Пружанскім раёне “гасціна” магла адбыцца і праз некалькі тыдняў пасля вяселля, спачатку ў бацькоў жонкі, потым — мужа. У Полацкім раёне гасцяванне праз тыдзень пасля вяселля называлі “пярэзыўкі”. Яны адбываліся ў хаце мужа. На пярэзыўках бацькі ўпершыню сустракаліся з дачкой пасля вяселля.

У Пухавіцкім раёне пярэзвы складаліся з застолля, спеваў і танцаў. Звесткі пра паслявясельныя звычаі Любанскага раёна рупліва сабраў Сяргей Выскварка. Там казалі — “ездзіць на пірагі”. Маладая пякла-варыла-парыла, паказваючы сябе такім чынам як добрую гаспадыню. “Калі свякруха добрая была, — апавядае Сяргей Выскварка, — то дапаможа пірагоў напекчы. А то, бывае, сядзе, рукі складзе — працуй, нявестка”. Піражкоў ці маленькіх булачак маладая набірала ў фартух. Госці дарылі падарункі, кідалі ёй у фартух грошы ці цукеркі і бралі за гэта выпечку. Такія дзеянні сімвалізавалі пажаданне маладой пары дзяцей і багацця, бо фартух асацыюецца з самой жаночай сутнасцю, плоднасцю. Сяргей Выскварка тлумачыць: калі даруюць посуд, то лепш пакласці туды трохі зерня, каб жыццё маладых было заможным, “не пустым”.

У Любанскім раёне падчас пярэзваў маладым апошнім разам спявалі вясельныя песні. Падчас “пірагоў” нявеста распярэзвалася, аддавала свякрусе свой пояс і не мела права завязаць яго, пакуль не зацяжарае. “А ведаеце, як у вёсцы сачылі! Выйшла ў поясе... Ага!...” — эмацыйна расказвае Сяргей Выскварка.

Масленічныя гасцяванні

На Масленіцу маладая сям’я, якая ажанілася на працягу апошняга года, магла выпраўляцца да бацькоў жонкі. Адной з функцый такіх паездак было ўсталяванне сувязей нядаўніх маладых з соцыумам у іх новым, сямейным статусе. Падчас такога візіту ў цэнтры ўвагі аказваўся малады зяць, што яскрава бачна ў расповедах інфармантаў. “Мой Іван казаў: “Ну, Дмітрыеўна, пуйдом к цёшчы на бліны”… То жэ ж ешчэ пажаніліса першы год...” (вёска Семежава Капыльскага раёна); “Калі ў якой сям’і быў первы год зяць, то цешча пякла бліны і прыглашала на іх зяця з сям’ёй” (Гомельшчына); “Еслі першы зяць, то на Масленку звалі” (Магілёўшчына); “Пад вечар у апошні дзень <Масленіцы> маладыя, шо нядаўна пажаніліся, каталыся на вазку, наведвалі бацькоў маладой” (вёска Кустын Брэсцкага раёна); “Гуляюць. Як послесвадзебный банкет спажыўляюць. Гукаюць родных, як перва Масленка ў маладажонаў за паўгод, цёшча зяцю галаву масліць маслам, каб масьліна жылі” (вёска Сялец Мсціслаўскага раёна). З дапамогай выкарыстання рытуальнай ежы — масла — адбывалася “праграмаванне” добрага жыцця маладой пары.

У Клімавіцкім раёне масла ў рытуалах маслення зяцю галавы саступае месца адэкалону, але часам для характарыстыкі дзеяння па-ранейшаму выкарыстоўваецца дзеяслоў “масліць”: “Цёшча зяцю галаву мажэць дзікалонам, масліла яго, каб дачку не абіжаў, эта паложана маслам мазаць, а счас адзікалонам мажуць” (вёска Кісялёва Буда Клімавіцкага раёна). Магчыма, прамежкавым этапам трансфармацыі рытуальнага дзеяння стала выкарыстанне адэкалону як падарунка (ад зяця цешчы і наадварот): “Была Масьленка. Матка пазавець мяне з зяцем, галаву памажэць. Маслам. Во, а ён купіць адзекалону, платок, зяць. І падарыць ёй. Пяюць за сталом ўсякія песьні, хто якую захочэць. А цёшча ж як зяцю мажэць на галаву, дык пела” (вёска Хадунь Клімавіцкага раёна); “Цешча зяця ўгашчала, і зяць цешчу завець. І падарак пріносіць зяцю. Дзікалонам галаву мазала” (вёска Абольцы Талачынскага раёна). Гасцяванні зяця і цешчы маглі быць узаемнымі: “У чацьвер гэта цёшча ішла да зяця на бліны. У пятніцу... у пятніцу — наабарот, зяць ішоў да цёшчы на бліны” (вёска Абольцы Талачынскага раёна).

У Чэрыкаўскім раёне пад словам “масліць” разумелі “арганізоўваць застолле”: “Масьленка, цёшча далжна галаву масьліць. Ну, гарелку ставіць. “Пайдзём — гаваріт — к цёшчы галаву масьліць” (вёска Гронаў). Трансфармацыя рытуалу ў застолле без адмысловых дзеянняў, але з захаваннем назвы — не ўнікальная для Масленіцы з’ява. Тое ж назіраецца для абрадаў “пячы ката” і “цягнуць каляду на дуб”.

Звычай гасцявання зяцёў у цешчы — пераважна ўсходнебеларускі, з асобнымі фіксацыямі ў Заходняй Беларусі. Запрашэнне зяця да цешчы ўспрымала як яго шанаванне: “Зяця звалі на первый дзень, эта такі пачот быў, што к цешчы на бліны на Масленіцу” (вёска Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна). Звычай наведваць цешчу на Масленіцу працягваўся і ў наступныя гады пасля вяселля. Прынамсі, даволі шмат запісаў не маюць акцэнту на тым, што зяць нядаўна ажаніўся. Магчыма, шанаванне маладых сем’яў злілося з гасцяваннем і атрымала такім чынам сваё развіццё.

“Пярэзвамі” маглі зваць і масленічныя гасцяванні, не звязаныя з маладымі сем’ямі. У вёсцы Курганне Рагачоўскага раёна расказваюць: “На Масленіцу хадзілі па пярэзвах. У пачатку Масленіцы збіраліся 6 — 7 двароў. Першы вечар святкавалі ў самага старэйшага гаспадара. На другі вечар пераходзілі да другога і г. д. У апошні вечар ішлі да самага маладога з усіх гаспадароў, якія святкавалі Масленіцу разам. У гэтыя дні спявалі і танцавалі”. Гасцяванне, “кірмашы” на каляндарныя святы — з’ява, вядомая па ўсёй Беларусі.

Як бачым, паслявясельныя звычаі шырока распаўсюджаныя і сваёй разнастайнасцю не саступаюць уласна вясельным. Таму даследаванне іх набывае асаблівую актуальнасць у нашыя дні, калі інфарманты прынамсі 1930-х гадоў нараджэння яшчэ могуць распавесці падрабязна пра ўласныя вяселлі, што праходзілі адпаведна старажытным звычаям.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара.