Прывілея сапраўднага таленту

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Калі чалавек таленавіты, дык ён таленавіты ва ўсім. Вось і мастак Юрый Піскун, чыя персанальная выстава зараз адбываецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, мае не адну творчую іпастась і паспяхова рэалізуе свой талент у розных сферах.

/i/content/pi/cult/828/17686/18.jpgСёлета яму споўнілася 65 гадоў. І свой юбілей ён ужо паспеў годна адзначыць удзелам у групавой выставе сяброў суполкі “Пагоня”. Выстава тая праходзіла ў Палацы мастацтва, прысвечана была юбілею творчай суполкі і складалася з работ мастакоў, чый персанальны юбілей супаў з гадавінай стварэння “Пагоні”. Дарэчы, зараз спадар Юрый суполку ўзначальвае. І вось зараз — Нацыяныльны мастацкі…

У экспазіцыі недзе тры дзясяткі карцін. Творы выразна рэалістычныя. І ў дадзеным выпадку я маю на ўвазе не толькі іх стылістыку, але тое, што рэалізм — гэта не фатаграфічная дакладнасць, не “зусім як у жыцці”, а пазіцыя мастака, ягонае ўспрыманне свету і форма сумоўя з гледачом. Гэта, калі хочаце, здольнасць бачыць свет такім, які ён ёсць. І ў пэўных выпадках — мужнасць не закрываць вочы на відавочнае. Што ж датычыць прафесійнага майстэрства спадара Юрыя, дык тут усё як мае быць. Ягонымі майстэрскімі малюнкамі і жывапісам захапляліся яшчэ аднакурснікі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Цікава, што вучыўся Юрый Піскун спачатку на аддзяленні тэкстылю і мадэлявання адзення, і ў перспектыве мусіў стаць мастаком-мадэльерам. Але потым перавёўся на жывапіс, што для студэнтаў ягонай кафедры ды і ўсяго мастацка-прамысловага факультэта было даволі складана. Прынамсі, больш такіх выпадкаў я не памятаю. То-бок тагачасны ягоны прафесійны ўзровень адпавядаў фармату кафедры, якая паводле неафіцыйнай, але ўсім зразумелай “табелі пра рангі” мела статус элітнай.

Як прафесіянала і асобу Юрыя вельмі цаніў сёння ўжо легендарны Міхась Раманюк, з якім ён неаднойчы бываў у этнаграфічных экспедыцыях, і праз гэта дакранаўся да беларускай этаграфічнай аўтэнтыкі. Спадар Юрый сур’ёзна вывучаў і глыбока ведае беларускую народную культуру, мае навуковыя доследы па гэтай тэматыцы. Нездарма ён шчыльна супрацоўнічаў з “Песнярамі” і “Харошкамі”, хорам Цітовіча, працуючы над іх сцэнічным іміджам. Займаецца спадар Юрый, і таксама паспяхова, рэканструкцыяй гістарычных касцюмаў. Мае ён досвед і выкладчыцкай працы.

Калі б юбілейная персаналія прадстаўляла ўсю творчую дзейнасць Юрыя Піскуна, дык адной музейнай залы было б замала. Малюе і піша мастак выключна тое, што яго хвалюе, што яму дорага. Ён абыякавы да кан’юктуры мастацкага рынку. Гэта прывілея сапраўднага таленту. У гэтым сэнсе яму можна нават пазайздросціць, бо не ўсім гэта дадзена.

65 гадоў жыцця і 40 гадоў творчай дзейнасці, так акрэсліў нагоды для выставы сам мастак. Сёння спадар Юрый — мэтр. Але сутнасна ён застаўся тым студэнтам-летуценнікам, якому быў цікавы ўвесь мастацкі абшар, уся эмацыйная прастора, вартая прыкладання творчых высілкаў. Ён браўся за многае, але гэта не было распыленнем таленту. Бо за што б ні браўся, усё рабіў грунтоўна і якасна. Гэткая шматграннасць мае грунтам памкненне адчуць жыццё ва ўсіх праявах, убачыць існае з розных гледзішчаў. Такім спадар Юрый застаецца і зараз. Ён яшчэ здзвіць сяброў і калег на сваіх наступных юбілейных персаналіях.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"