Калектыў узнік у 1998 годзе, складзены са студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А ў 2002-м атрымаў дзяржаўны статус, стаўшы філарманічным. Сёння Мінскі струнны квартэт — гэта імпульсіўная Кацярына Мішчанчук (скрыпка), знешне больш спакойныя, ураўнаважаныя Алеся Тарасенка (скрыпка) і Алена Прановіч (альт), філасофска-паэтычны Эдуард Радвіловіч (віяланчэль). Але ў іх былі куды больш даўнейшыя папярэднікі — легендарны Струнны квартэт Беларускага саюза кампазітараў, які аддана папулярызаваў музыку айчынных творцаў і, самае галоўнае, удзельнічаў у яе стварэнні: музыканты замаўлялі кампазітарам новыя творы, рэдагавалі іх, каб давесці да ладу, падказвалі цікавыя ідэі. Цяперашні калектыў плённа працягвае тыя традыцыі, папаўняючы нацыянальны рэпертуар. Вось і на гэты раз — тры творы з агульных чатырох былі беларускімі, прычым належалі да розных эпох, ахопліваючы ХІХ — ХХІ стагоддзі.
У Першым струнным квартэце, напісаным Станіславам Манюшкам у 20-гадовым узросце, музыканты шчодра прадэманстравалі тэатральныя памкненні нашага славутага класіка. Дыялагічная першая частка гучала з такой тэатральнасцю фразіроўкі, быццам на музыку было перакладзена выразнае маўленне артыстаў маскоўскага Малога тэатра. Другая частка паўстала жывапіснай тэатральнай дэкарацыяй з тонка прапісаным відарысам, які можна разглядаць папраўдзе бясконца. Трэцяя — нагадала жанрава-танцавальную сцэну ў оперы. Чаму не ў балеце? Балеты ж Манюшка таксама пісаў, іх у яго тры: “Монтэ Крыста”, “На пастоі” (фрагмент яго летась паставіў наш Вялікі тэатр), “Свавольствы сатаны”. Таму што пры ўсім імпэце гэта частка ўспрымалася тым неабходным танцавальным “дадаткам”, што адцяняе яскравы фінал.
“Класічная сюіта” Уладзіміра Браілоўскага, што жыве ў Магілёве, была задумана ў 1970 годзе, падчас вучобы ў Маскве.
— Гэта былі п’есы для скрыпкі і фартэпіяна, — расказаў мне Уладзімір Веніямінавіч у прыватнай размове. — Я прысвяціў іх Алегу Кагану. Гэта потым ён стаў сусветна знакамітым скрыпачом, а тады быў проста маім сябрам: мы разам вучыліся з ім у Цэнтральнай музычнай школе пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, потым — у самой кансерваторыі, жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце. Летась я перагледзеў тыя п’есы і вырашыў выкарыстаць адтуль некаторы музычны матэрыял, надаўшы яму новае жыццё: пераасэнсаваў, выклаў і развіваў зусім іначай. І прысвяціў твор цяпер ужо памяці Алега Кагана, бо ў 1990-м ён заўчасна пайшоў з жыцця — усяго ў 43 гады.
Мінскі струнны квартэт адразу ўзяў Сюіту ў рэпертуар, асобныя яе часткі выконваў нават у замежжы, але цалкам твор прагучаў толькі цяпер — сусветная прэм’ера! Пасакалія, што змяніла ўступную Прэлюдыю, ад насцярожанай тэмы ў віяланчэлі прыйшла да магутнага поліфанічнага ўздыму. Ронда скарыла амаль пракоф’еўскай гарэзлівасцю, але з адценнем нечаканасці і амаль дэтэктыўнасці. Энергічная Жыга прывяла да моцнай па напружанасці Пастлюдыі, годнай пранікнёна трагедыйных шастаковічаўскіх фіналаў.
Да 80-годдзя беларускага кампазітара Валерыя Карэтнікава музыканты ўключылі ў праграму яго Струнны квартэт № 1. Напісаны ў 1977 годзе, твор быў упершыню выкананы ў 1980-м, на адным з канцэртаў чарговага з’езда Беларускага саюза кампазітараў, і з таго часу знаходзіцца ў рэпертуары розных пакаленняў музыкантаў. А ў 1991-м атрымаў новую рэдакцыю — і паўстаў у цяперашнім выглядзе. Насычаны разнастайным па формах руху тэматызмам, з прадбачанымі і нечаканымі кантрастамі, твор вымушае сачыць за разгортам свайго “сюжэта”, бы захапляльная кінастужка з мноствам дзеючых асоб. Нядзіва, што яго выкананне ператварылася ў гэткі “спектакль позіркаў” з выразнымі піцыката, калі гук дасягаецца не смыкам, а шчыпком.
Нарэшце, да моладзі далучыўся заслужаны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік філармоніі Юрый Гільдзюк — і раяль пад яго пальцамі заспяваў ледзь не больш адухоўлена, чым прыдатныя да гэтага струнныя. Мы пачулі Фартэпіянны квартэт знанага аўстрыйскага сімфаніста Густава Малера (1860 — 1911), напісаны ў час вучобы ў Венскай кансерваторыі. Заўжды цікава знаёміцца з ранняй творчасцю класікаў, назіраць у ёй парасткі будучага стылю. Але ў гэтым творы кампазітар хутчэй развітваецца са звыклым рамантызмам, каб знайсці яго новыя сэнсы. І захаваць мелодыю як Каралеву драмы. Раптам падумалася: шкада, што аўтар не дажыў да сучаснай кінамузыкі. Бо ў яго юначай спробе пяра столькі пачуццяў, узрушэння, шчырага хвалявання — ды пры такой музыцы любая б самая простая меладрама паўстала б шэдэўрам! Крыху “пагугліўшы” пасля канцэрта, знайшла пацверджанне сваім адчуванням: дзесяцігоддзе таму твор увайшоў у саўндтрэк аднаго амерыканскага дэтэктыўнага трылера.