25 фольк-мадэрн-фуэтэ

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Ансамблю харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў споўнілася 25 гадоў. Сама ж навучальная ўстанова справіла сёлета сваё 45-годдзе. Падвойны юбілей! Пра дасягненні і праблемы на шляху маладых артыстаў, педагогаў, балетмайстраў мы гутарым з загадчыцай кафедры харэаграфіі, прафесарам, кандыдатам філалагічных навук Святланай ГУТКОЎСКАЙ.

/i/content/pi/cult/828/17683/13.jpg— Святлана Вячаславаўна, і поспехі і цяжкасці ў працы ансамбля, які вы склалі і ўзначальваеце больш за чвэрць стагоддзя, навідавоку. На творчым рахунку калектыву — безліч падрыхтаваных нумароў, праграм, спектакляў, удзел у фестывалях, конкурсах, урадавых канцэртах і іншых значных мерапрыемствах, шматлікія ўзнагароды, удзячнасці, прызнанне публікі і крытыкаў. Адзін толькі пералік усяго гэтага зойме не менш за некалькі старонак. Але ж склад вашага ансамбля, як і ўсялякага студэнцкага калектыву, увесь час змяняецца: выпускнікі сыходзяць — першакурснікі прыходзяць. І даводзіцца ўсё пачынаць спачатку. Як удаецца захоўваць пераемнасць?

— Сапраўды, цяперашні склад — сёмы. Раней ён змяняўся праз пяць гадоў, зараз — праз чатыры. Я не збіраю ў ансамбль лепшых студэнтаў з усіх груп, удзельнічаюць тыя, хто паступіў на народны танец. Аснову складаюць студэнты адной акадэмічнай групы, дзе я выкладаю мастацтва балетмайстра і харэаграфічны ансамбль. Лепшыя нумары, прыдуманыя і пастаўленыя нашымі выхаванцамі, пакідаюцца ў рэпертуары. Сёння ў такім без перабольшвання “залатым фондзе” каля 40 арыгінальных харэаграфічных кампазіцый, створаных на матэрыяле народна-сцэнічнага танца, сучаснай харэаграфіі і беларускага фальклору рознай жанравай і тэматычнай накіраванасці, большасць з якіх адзначаны прызамі на рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах. Праз гэта новыя пакаленні спрычыняюцца да таго, што было зроблена папярэднікамі, ацэньваюць дасягнуты раней узровень і разумеюць, на што трэба раўняцца. Вядома, узнікае і элемент гэткага спаборніцтва: маўляў, мы не горшыя! Калі ёсць нейкі адпраўны пункт, заўсёды хочацца пайсці далей, знайсці новыя далягляды і творчыя арыенціры. Аднак заўважыла, што ўсё роўна ніхто не можа пераўзысці той першы склад, на які ставіўся нумар. Бо пры гэтым улічваліся індывідуальнасці ўдзельнікаў, не толькі іх фізічныя, тэхнічныя магчымасці, але і асаблівасці характару кожнага. А гэта значыць, што трэба рушыць далей і ставіць на новы склад штосьці яму адпаведнае. Пераемнасці спрыяе і тое, што многія нашы выпускнікі працуюць на кафедры. Той жа Павел Стрэльчанка — лаўрэат міжнародных конкурсаў, адзначаны заахвочвальнай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, калісьці ўдзельнічаў у ансамблі, а цяпер з’яўляецца старшым выкладчыкам і з 2013 года працуе балетмайстрам-рэпетытарам ансамбля. Вяртаюцца выпускнікі і для таго, каб паставіць у нас свае кампазіцыі.

/i/content/pi/cult/828/17683/14.jpg— Дык гэта ж цудоўна! Мяркуйце, чарговае сведчанне вялізнай запатрабаванасці калектыву яшчэ і сярод прафесіяналаў.

— Адначасова гэта крыху трывожны званочак. Бо выпускнікам папросту няма дзе ставіць. Мы рыхтуем кожнага як артыста, педагога, балетмайстра — “тры ў адным”. Але калі выпускнік пачынае працаваць артыстам (а нашы выхаванцы працуюць ва ўсіх вядучых прафесійных калектывах — ад Музычнага тэатра да “Харошак”), магчымасць ставіць штосьці самому — знікае. Рэпертуар там даўно адладжаны, маладыя рэдка могуць прапанаваць сваё.

— Таму ў вашай кафедры вельмі адказная місія — рыхтаваць найперш кіраўнікоў аматарскіх калектываў, праз тыя ж заняткі з дзецьмі змалку прывучаць да сучаснага мастацтва, разумення ягоных асаблівасцяў.

— Усё так, ды на практыцы — крыху іначай. Прыходзячы ў прыватныя школы, маладыя спецыялісты аказваюцца закладнікамі бацькоўскіх густаў сваіх выхаванцаў. Маўляў, людзі плоцяць грошы — значыць, трэба спраўдзіць іх чаканні, даць тое, што ім бліжэй. А гэта, на жаль, часцей кітч. Калі ставіцца ўсё больш папсы, падае ўзровень балетмайстарскага мыслення, асяродак губіць неакрэплыя таленты.

— Але ж ёсць і станоўчыя прыклады?

— Вядома! У тым ліку, у замежжы. У Бельгіі працуе харэографам былы гамяльчанін, удзельнік першага складу ансамбля (дарэчы, ён падарыў нам праграмку свайго ўласнага выступлення, падпісаную ў знак прызнання знакамітым Міхаілам Барышнікавым). Яшчэ адна наша выпускніца апынулася ў Іспаніі, ставіць нумары ў дзіцячай харэаграфічнай школе на Канарскіх астравах. Хтосьці потым пераходзіць у сумежныя жанры і стылі, засвойвае новыя тэхнікі: адзін з былых выпускнікоў танцаваў у “Мулен Руж”, другая — выкладае пілатэс у Італіі. Ёсць наша выхаванка, якая пачала займацца з калясачнікамі, прыдумляе практыкаванні і цікавыя пластычныя кампазіцыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Выпускнікі, якія чагосьці дасягнулі, прыязджаюць да нас з майстар-класамі, дзеляцца вопытам, сваімі напрацоўкамі. Запрашаю я і замежных харэографаў, у нас былі сумесныя праекты з Амерыкай, Сербіяй, Францыяй.

— А тая праграмка з аўтографам Барышнікава — экспанат у ваш будучы музей?

— Хутчэй, стымул для натхнення творчай моладзі. Зразумела, на курсе не можа быць адразу дваццаць харэографаў, гэта рэдкая прафесія, творцы не нараджаюцца “па плану”. Але ж паспрабаваць трэба! І калі ў чалавека ёсць да гэтага здольнасці, яго неабходна падтрымліваць, назіраць, вучыць прафесійнаму стаўленню.

— Іншымі словамі, рабіць усё тое, што вы і робіце. Але — як навучыць пераадольваць складанасці? Пэўна, патрэбны яшчэ адпаведны характар, упартасць?

— Не толькі. Я прывучаю іх да таго, каб усё ўмелі рабіць самі. Не толькі шукаць і знаходзіць новыя ідэі і тыя пластычныя сродкі, якімі можна гэтыя вобразы, думкі выявіць, але і ўсё астатняе, што трэба для завершанага нумара.

— Маецца на ўвазе музыка, сцэнічныя строі?

— Так, кіраўнік аматарскага калектыву адказвае за ўсё. І павінен усё ўмець! Таму я вучу іх, да прыкладу, шыць, перакройваць старыя “спісаныя” касцюмы, падганяць іх да новых выканаўцаў, крыху перарабляць фасоны, дадаваць новыя дэталі - тую ж вышыўку. А яшчэ рабіць эскіз афішы, запрашальніка, займацца піар-кампаніяй. Усё гэта ім вельмі спатрэбіцца ў далейшай працы. Ну а музыка — гэта ўвогуле адзін з першапачатковых складнікаў, той падмурак, глеба, на якой потым расквітнеюць пластычныя парасткі. У нас заведзена, што ўсе дыпломныя нумары павінны быць пастаўлены выключна на беларускую музыку. І вельмі радасна, што студэнты не проста бяруць нешта даўно вядомае, а шукаюць, часам адкрываюць для нас новыя імёны маладых беларускіх музыкантаў. Я даўно думаю, як наладзіць больш плённае супрацоўніцтва паміж студэнтамі розных творчых ВНУ. Маладыя кампазітары, што навучаюцца ў Акадэміі музыкі, маглі б ствараць для харэаграфічных пастановак неабходную музычную аснову. Мастакі, дызайнеры Акадэміі мастацтваў — распрацоўваць сцэнаграфію, касцюмы. Такое яднанне творчых сіл было б на карысць усім! Бо калі ты бачыш, што твая праца запатрабавана, што яе чакаюць не адно дзеля заліку і выстаўлення адзнак, гэта надае сілы, дапамагае ўмацавацца самой думцы пра далейшыя творчыя памкненні. Нарэшце, такое супрацоўніцтва можа быць скіравана на ранняе наладжванне творчых сувязяў паміж аднадумцамі. Бо вельмі важна, каб склалася адзіная каманда, а не выпадковы набор людзей з супрацьлеглымі эстэтычнымі прынцыпамі.

— Эпідэміялагічная сітуацыя моцна вас закранула? На 2021 год перанесены IFMC — Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, дзе вы неаднойчы былі ўдзельнікамі і пераможцамі, не адбыліся іншыя запланаваныя паездкі. Здаецца, апошнім быў леташні лістападаўскі праект у Княстве Манака?

— Беларускія артысты там раней ніколі не выступалі. А летась адбыўся фестываль “Музыка, графіка, танец”, дзе наш ансамбль двойчы выступіў на сцэне Тэатра вар’етэ са спектаклем сучаснай харэаграфіі Chancel на музыку Макса Рыхтэра, які паставіў для нас харэограф з Францыі Глеб Лямянкоў. Але і ў цяперашніх умовах мы пастараліся знайсці штосьці “на карысць”. Пачалі актыўна запісваць відэа, бо раней, на жаль, гэтым амаль не займаліся. Зрабілі відэазапіс праграмы больш як на гадзіну для Латвіі, праводзілі анлайн майстар-класы. І я заўважыла, як гэта акалічнасць матывуе ўдзельнікаў, не дае ім расслабляцца. Дый сама я зацікавілася вывучэннем тэхналогій відэаданса, калі штосьці ставіцца і здымаецца на стыку танца і кіно, скарыстоўваюцца магчымасці мантажу, стоп-кадра, рапіду ды іншыя прыёмы. Нават задумалася пра тое, каб атрымаць дадатковую адукацыю ў гэтай сферы. Вось толькі часу заўжды не стае — працуем, а хочацца зрабіць яшчэ больш і лепей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"