Масумян Бэла Амікаўна

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім народнай артысткі Беларусі Бэлы Масумян у сувязі з яе смерцю — паведамляе прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/828/17679/5.jpgАляксандр Лукашэнка адзначыў, што Бэла Масумян пражыла яркае і насычанае жыццё, дасягнула прафесійных вышынь. Свой лёс яна звязала з тэатральным мастацтвам, прысвяціўшы яму ўсе душэўныя сілы, талент і натхненне.

«Створаныя ёй бліскучыя і незабыўныя вобразы нязменна ўражвалі публіку глыбінёй характару, абуджалі самыя светлыя і добрыя пачуцці. Памяць пра гэтага шчырага і абаяльнага чалавека назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах», — гаворыцца ў спачуванні.

8 снежня 2020 года пасля цяжкай і працяглай хваробы на 84-м годзе жыцця памерла вялікая актрыса, легенда беларускага тэатра — народная артыстка Беларусі Бэла Масумян.

Яе смерць — вельмі цяжкая і незаменная страта для ўсіх нас, для сяброў і мільёнаў прыхільнікаў яе неабсяжнага таленту, велізарная страта для Мастацтва, служэнню якому яна прысвяціла ўсё сваё жыццё.

Бэла Масумян нарадзілася 15 верасня 1937 года ў горадзе Паўлаград (Днепрапятроўская вобласць Украіны). У 1961 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр тэатра і кіно» (курс народнага артыста Д.А.Арлова). У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага працавала з чэрвеня 1961 года.

Бэла Масумян — выканаўца роляў драматычных гераінь. Яе творчую манеру адрознівалі эмацыйнасць, схільнасць да рамантычнай афарбоўкі і псіхалагічнай глыбіні вобразаў. Выбітны талент актрысы дазваляў ёй прыўносіць у кожную ролю ўласнае філасофскае асэнсаванне чалавечага быцця. Бэла Масумян унесла вялікі ўклад у беларускае тэатральнае мастацтва.

Высокім узроўнем майстэрства Бэлы Масумян характарызуюцца галоўныя ролі, сыграныя ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага: Тамара — «Праводзіны белых начэй» В.Пановай, Вера — «Пад адным небам» А.Маўзона, Варюуха — «Паднятая цаліна» М.Шолахава, Гітэль Москі — «Двое на арэлях» У.Гібсана, Майя  — “У дзень вяселля” В.Розава, Зоя — “Фізікі-лірыкі” Я.Воўчак, Гелена — «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, Людміла — “Дзеці Ванюшына” С.Найдзёнава, Рыта Асяніна — “А зоры тут ціхія” Б.Васільева, Мадлена Бежар — «Мальер» М.Булгакава, Наташа — «Сам-насам з усімі» А.Гельмана, Вольга — «Аб’ява ў вячэрняй газеце» Е.Паповай, Аліса — «Іграем Стрындберга» Ф.Дзюрэнмата, Глуханемая — «Бабье царства» Ю.Нагібіна, Маша — «Тры сястры» А.Чэхава, «Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.О’Ніла, Скрыпачка — «Метэор» Ф. Дзюрэнмата, Этель Тейер — «На Залатым возеры» Э.Томпсана, Старая актрыса — «Рулетка» Э.Радзінскага (па матывах Ф.Дастаеўскага), Ніна — «Букееў і кампанія» М.Горкага, Мядзведзева — “Дзівакі” М.Горкага, Кенгуру — «Я веру ў гараскопы» А.Карэліна, Валянціна — «Валянцінаў дзень» І.Вырыпаева, Маці Ліды — «Я твая нявеста» В.Астаф’ева, Беціна — «Перад заходам сонца» Г.Гауптмана, Агда — «Сунічная паляна» І.Бергмана, Элінор Аквітанская — «Леў зімой» Дж.Голдмена, Клара Цаханасьян — «Загадкавы візіт» Ф.Дзюрэнмата, Люсі Купер — «Вечнасць на дваіх» У.Арлова, Я.Робіса, Лэдзі Маркбі — «Ідэальны муж» О.Уайльда, Маўра Тарасаўна Барабошава — «Праўда — добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, Тэафілія — “Пане Каханку” А.Курэйчыка, Місіс Хігінс — «Пігмаліён» Б.Шоу, Чэрылл Кейсі — «Гарачыя матулі» Д.Крыстнера, Яна (Лізавета) — «Ён і яна» У.Арлова, Я.Робіса, Ружовая Дама — «Оскар і Ружовая Дама» Э.-Э. Шміта і многія іншыя.

За час свайго творчага шляху Бэла Масумян была ўдастоена шматлікіх прызоў і ўзнагарод: Ганаровае званне «Заслужаная артыстка БССР» (1968 г.), Ганаровае званне «Народная артыстка Беларусі» (1995 год), Медаль Францыска Скарыны “За заслугі ў галіне культуры Беларусі” (2007 г.), Вышэйшы прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Хрустальная Паўлінка” (2009 г.), Медаль Саюзнай дзяржавы “За супрацоўніцтва” (2011 г.), Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2012 г.), Ганаровая грамата Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта (2012 г.), Ганаровы знак Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2012 г.), Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2016 г.).

Мы ўсе смуткуем і цяжка перажываем страту легендарнай актрысы і выдатнага чалавека.

Маркевіч А.М., Кавальчык С.М., Герасімовіч Э.І., калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага./i/content/pi/cult/828/17679/6.jpg