Музей на Музычным завулку

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Фотапартрэт Станіслава Манюшкі, увесь архіў Барыса Герлавана з эскізамі да легендарных спектакляў Купалаўскага тэатра, архівы мастакоў, сцэнографаў і музыкантаў, новыя паступленні ў калекцыю работ стваральніка школы беларускай сцэнаграфіі Аскара Марыкса — гэты год для Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, які сёлета адсвяткаваў сваё 30-годдзе, атрымаўся багатым на цікавыя і каштоўныя набыткі. Усе іх можна будзе ўбачыць у сценах музея, што месціцца ў адметным мінскім доме па адрасе Музычны завулак, 5. Выстава ж да 130-годдзя Аскара Марыкса “На тэатральных падмостках” адкрылася ўжо 1 снежня.

/i/content/pi/cult/827/17669/019.jpgБеларускі Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў шэрагу падобных яму замежных ледзь не самы малады. На гэты момант ён з’яўляецца філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея і займае вельмі цікавы будынак з багатай гісторыяй, які сярод мінчан вядомы як Дом масонаў. Сюды музей перабраўся ў 2001 годзе, калі калекцыя экспанатаў настолькі разраслася, што старое памяшканне (зараз “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” ў Траецкім прадмесці) ужо не магло змясціць усё. Затое новы музейны будынак, у якім у 40-я гады XIX стагоддзя ў адной з кватэр жыла сям’я бацькі кампазітара Станіслава Манюшкі, даў належную прастору для таго, каб можна было не толькі захаваць артэфакты з гісторыі музыкі і тэатра Беларусі, але і найцікавейшым чынам іх прадэманстраваць публіцы.

/i/content/pi/cult/827/17669/020.jpg— Лічыцца ўдалым, калі музеі могуць выставіць хоць бы 15 працэнтаў са сваіх фондавых калекцый, — кажа дырэктар музея, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Зінаіда Кучар. — А нам сапраўды пашчасціла, бо мы можам паказаць і да 30 працэнтаў нашых багаццяў. Але ж фонды пастаянна папаўняюцца, колькасць экспанатаў расце, і выйсцем становяцца часовыя тэматычныя выставы, на якіх сярод іншага мы знаёмім публіку і з нашымі новымі каштоўнымі набыткамі.

Пастаянныя экспазіцыі прысвечаны вытокам тэатральнай і музычнай культуры на землях Беларусі, стварэнню нацыянальнай прафесійнай школы ў XIX стагоддзі, тэатру і музыцы мінулага стагоддзя. Ёсць найцікавейшыя мемарыяльныя пакоі выдатных дзеячаў беларускай сцэны, такіх як Ларыса Александроўская, Мікалай Яроменка, Стэфанія Станюта. Тэатральная гісторыя прадстаўлена ад батлеек і тэатра Радзівілаў да спектакляў і творцаў параўнальна нядаўняга часу: сярод багатых і разнастайных экспанатаў — эскізы, касцюмы, карціны, фотаздымкі, асабістыя рэчы і многае іншае. Музыка ў гэтых сценах увасоблена не толькі ў экспанатах, і нават не толькі ў інструментах — яна і гучыць, у спецыяльнай зале з выдатнай акустыкай.

Увогуле, на гэты момант музей мае да 30 тысяч экспанатаў і працягвае папаўняць свае фонды. Якраз пра тое, якія адметнасці з’явіліся ў калекцыі сёлета, мы і пагаворым. А яны такія, што імі можна і ганарыцца, і хваліцца.

Два дары ў калекцыю

Імя славутага беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі ў сценах музея, несумненна, шануецца надзвычай высока. І гэты год прынёс рарытэт, які Зінаіда Лявонаўна Кучар называе сярод галоўных сёлетніх здабыткаў, — гаворка пра фотаздымак кампазітара работы фатографа Мелеція Дуткевіча, уладальніка фотаатэлье “Клох і Дуткевіч” з Кракаўскага прадмесця Варшавы. З улікам таго факта, што з 1858 года і да смерці ў 1872 годзе Станіслаў Манюшка жыў і працаваў у Варшаве, ёсць падстава лічыць, што менавіта ў гэты перыяд і быў зроблены фотаздымак. А аналагічная картачка, толькі меншага памеру і датаваная 1870 годам, знаходзіцца ў зборах Музея літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Больш такога партрэта кампазітара няма нідзе  — ні ў музеях, ні нават на анлайн-рэсурсах.

Тут варта згадаць і тое, што летась — у год, калі ў Беларусі гучна святкавалася 200-годдзе з дня нараджэння славутага ўраджэнца Міншчыны, калекцыя музея ўзбагацілася арыгінальнай жывапіснай карцінай “Паланэз”, якую ў свой час напісаў сын кампізатара Ян Чэслаў Манюшка. І гэта таксама вельмі каштоўны экспанат — нават не толькі для музея, але і ўвогуле для нашай краіны, бо арыгінальных рэчаў, якія належалі б кампазітару ці членам яго сям’і, у нас надзвычай мала. Карціну атрымалася адшукаць у Санкт-Пецярбургу, дзе Ян Чэслаў працаваў прафесарам у Акадэміі мастацтваў, хаця сам прафесійным мастаком не быў. Але яго палатно каштоўнае не так сваімі мастацкімі якасцямі, як сувяззю са Станіславам Манюшкам.

І за абодва гэтыя рарытэты, якія зараз ужо можна ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі музея, прысвечанай славутаму кампазітару, супрацоўнікі шчыра дзякуюць аднаму чалавеку — калекцыянеру Мікалаю Сечку, дырэктару прыватнай мінскай галерэі “Дар’ян”.

— Мяне як кіраўніка музея радуе, што ўсё часцей ізноў пачынае гучаць такое ледзь не забытае слова, як мецэнат, — расказвае Зінаіда Кучар. — Прыватныя калекцыянеры даволі працяглы час не надта афішавалі сябе і свае калекцыі, а цяпер пачалі выстаўляцца. Нам пашчасціла наладзіць сувязі з калекцыянерам Мікалаем Сечкам, і гэта менавіта ён летась адшукаў карціну, намаляваную сынам кампазітара, а сёлета ўвогуле падарыў нам унікальны фотапартрэт Станіслава Манюшкі.

Славутыя сцэнографы Беларусі

Увосень у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры праходзіла выстава народнага мастака Беларусі, галоўнага мастака Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Барыса Герлавана. А гэтае імя ў беларускім тэатральным свеце з шэрагу легендарных. Як мастак-пастаноўшчык, як сцэнограф Барыс Федасеевіч стварыў вялікую колькасць выдатных і нават знакавых спектакляў — у першую чаргу ў родным Купалаўскім тэатры, у якім працуе з 1962 года, і ў іншых тэатрах Беларусі і замежжа. І вось нядаўна адбылася падзея, якая ў звычайных, непандэмічных абставінах, мусіла мець вялікі розгалас і адзначыцца нейкімі ўрачыстымі мерапрыемствамі (музей так і планаваў зрабіць), але па волі лёсу прайшла непрыкметна — увесь свой архіў тэатральных эскізаў Барыс Герлаван перадаў у музей! У размове ён прызнаўся, што многае, канешне, страчана, нейкія замежныя работы так і засталіся за мяжой, а сам ён і не надта пільна ставіўся да захавання эскізаў. Тым не менш, іх у яго сабралася так многа, што ён нават пачаў тое-сёе выкідаць. Цяпер жа музейныя супрацоўнікі ўважліва і з навуковым падыходам усё апрацуюць і пакінуць для гісторыі ў сістэматызаваным выглядзе. А гэта эскізы дэкарацый, эскізы касцюмаў, незвычайныя і нават рэвалюцыйныя для беларускай сцэнаграфіі прыдумкі. Толькі на сцэне тэатра імя Янкі Купалы Барыс Герлаван аформіў звыш за 70 спектакляў, сярод якіх усе самыя значныя і гучныя пастаноўкі свайго часу. У працы гэты сцэнограф часта ўзнімаўся да ўзроўню драматурга і рэжысёра, рабіўся паўнапраўным сааўтарам спектакля. Ягоны архіў — гэта сапраўднае багацце не толькі для даследчыкаў тэатра, але і для ўсіх мастакоў, сцэнографаў, рэжысёраў і нават акцёраў, што зараз працуюць ці, можа, яшчэ вучацца таму, каб стаць прафесіяналамі. Плануецца, што ў наступным годзе будзе выдадзены каталогработ гэтага мастака. Барыс Герлаван, які аддаў Купалаўскаму тэатру амаль 60 гадоў, меў выдатнага папярэдніка — з 1922 года галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага тэатра, што потым атрымаў імя Янкі Купалы, працаваў Аскар Марыкс, адзін з заснавальнікаў беларускай сцэнаграфіі, народны мастак Беларусі. На пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя разам з Еўсцігнеем Міровічам ён прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні першага прафесійнага беларускага тэатра. У часы Вялікай Айчыннай вайны сям’я Марыксаў, спісаўшыся з Віцебскім драмтэатрам, пераехала ва Уральск. Там Аскар Пятровіч працаваў галоўным мастаком у Другім беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-2). З 1949 года ён пачаў займацца і выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, але і выпусціў яшчэ нямала спектакляў у самых розных тэатрах Беларусі.

Сёлета адзначаецца 130 гадоў з дня яго нараджэння, і ў першыя дні снежня адкрылася выстава “На тэатральных падмостках”, на якой прадстаўлены ўнікальныя і нават пакуль малавядомыя творы. Бо якраз нядаўна музейныя фонды значна папоўніліся работамі, якія да таго захоўваліся ў Беларускім саюзе мастакоў. Сярод іх — і 9 карцін Аскара Марыкса. Самай адметнай супрацоўнікі музея называюць графічны твор “Старыя гандлёвыя шэрагі”. Музей, які мае да 300 адзінак з калекцыі гэтага мастака і сцэнографа, і раней ладзіў падобныя выставы, і нават аб’ездзіў з імі розныя краіны — завітваў і ў Браціславу, бо па паходжанні Аскар Пятровіч быў славакам, скончыў Акадэмію мастацтваў у Празе. На цяперашняй выставе “На тэатральных падмостках” можна ўбачыць і эскізы да практычна першага спектакля Аскара Марыкса ў БДТ у 1923 годзе — а гэта быў “Машэка” паводле фальклорна-гістарычнай п’есы Яўгена Міровіча.

Дарэчы, у Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры з Саюза мастакоў перададзены работы і іншых знакамітых беларускіх сцэнографаў — Васіля Галубовіча, Міхаіла Блішча, Сяргея Нікалаева і іншых. Акрамя таго, сёлета фонд папоўніўся і архівам заслужанага артыста Беларусі Аскольда Сухіна, знакамітага опернага спевака мінулага стагоддзя.

Да Новага года будзе працаваць выстава Аскара Марыкса, а ўжо зараз музей рыхтуецца да вельмі значнай падзеі, якую хоча адзначыць неяк асабліва адметна на пачатку 2021-га — 12 студзеня споўніцца 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Нешта з багатай музейнай калекцыі, прысвечанай Уладзіміру Георгіевічу і “Песнярам”, можна ўбачыць і ў пастаяннай экспазіцыі, але ж новая выстаўка павінна стаць надзвычай цікавай і прыцягальнай для ўсіх прыхільнікаў творчасці гэтага выдатнага музыканта. Так што не прамінайце ў сваіх прагулках па горадзе адрас Музычны завулак, 5 — гэты будынак напоўнены гісторыяй і загадкамі, успамінамі і эмоцыямі, музыкай і тэатрам.