Прысніць паэтаў — што б гэта значыла?

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

90-годдзе з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча з'явілася добрай нагодай, каб паставіць на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі новы спектакль — “Наш Караткевіч”, прысвечаны асобе і творчасці майстра. А ў Тэатры юнага гледача апошнім часам адбыліся прэм’еры некалькіх спектакляў паводле паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Максіма Багдановіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Дый у анлайн-праглядзе нядаўна быў замежны спектакль “Сны Райніса”, дзе выкарыстоўваліся вершы і дзённікі гэтага латышскага класіка. Такая повязь тэатральных увасабленняў паэзіі, часам з размовай пра саміх творцаў, стварае суцэльнае дыскусійнае поле, узараць якое маглі б не адно крытыкі, але і самі гледачы. Чаму б і не? Улічваючы эпідэміялагічныя абставіны, мы вырашылі правесці абмеркаванне ў поўным сэнсе слова “віртуальна”. І адначасова крыху тэатральна. Таму запрасілі да размовы ўмоўных прадстаўнікоў розных слаёў публікі. Ну, а калі ў нас штосьці не атрымалася, будзем лічыць, што гэта… сон: маўляў, чаго толькі ў сне ні прымроіцца.

/i/content/pi/cult/827/17668/017.jpgНезадаволены старшакласнік:

— Колькі можна “душыць” нас усялякімі вершамі? Паглядзеў я “Палёты ўдваіх” у ТЮГу: падказалі, што рэжысёр ставіў малады і прасунуты — Данііл Філіповіч. Мае сябры ў Гомелі ягоную “Рыбу маёй мары” бачылі, былі ў поўным захапленні. Да нас тая “Рыба…” усё ніяк не даплыве, а “Палёты ўдваіх” — бясплатны прагляд: маўляў, палётаем, бы той Марк Шагал з Бэлай, здаецца. Хай не мастак з каханай, а двое паэтаў — усё роўна цікава. Не, ну калі яны там (у сэнсе, артысты) на стол ускараскаліся і абдымаліся, было прыкольна. І хлопец на раме аконнай хістаўся, раўнавагу трымаў. Калі дзверы адчыняліся, адтуль святло ішло: быццам прышэльцы нейкія з’явяцца. Мая дзяўчына зорачкі ўпадабала, што ў фінале запаліліся. А дзе чыя паэзія была, я не ўцяміў. Спачатку думаў, што артыстка будзе чытаць за Цётку, артыст — за Багдановіча, ажно не: яны і паўтаралі тое, што ўжо іншы сказаў, і чаргаваліся, бы на школьнай імпрэзе, дзе кожны свой стаўбец дзяўбе. А яшчэ валасы ў актрысы запомніў, яна імі туды-сюды добра матала, дый сама прыгожая.

/i/content/pi/cult/827/17668/018.jpgАдданая прыхільніца:

— Малады чалавек, як вам не сорамна! Паэзію класікаў трэба ведаць і адрозніваць самастойна: вас гэтаму ў школе павінны вучыць. Я таксама, можа, не ўсе вершы пазнала. Дый навошта? Яны ж так, для паэтычнай атмасферы. А вы, калі што, павінны былі заканспектаваць і потым у інтэрнэце пашукаць, дзе чые радкі. Затое як добра артысты ігралі! І на стале, і пад сталом, і ў мікрафон, і рукамі па стале рытм лупілі, і шапталі, і крычалі, як гавораць, “на разрыў аорты”. Ды столькі тэксту напамяць вывучылі — ім помнік за гэта ставіць трэба. А яшчэ мне знаёмая падказала, што ў той дзень гэта быў іх трэці спектакль запар: яны два ранішнікі ігралі — нейкую казку дзіцячую. Гэта ж якая нагрузка — за “тры капейчыны” заробку. Марыя Якімчук усяго першы сезон працуе. А Аляксандр Гладкі — іх зорка. Такі прыгажун! Я на ўсе яго спектаклі гатова хадзіць. І яшчэ на Генадзя Гаранскага. Вы бачылі, як ён Кастуся Каліноўскага іграе? Так пакутуе, ажно за душу бярэ. “Майго юнацтва крылы” спектакль называецца. Я Куляшова не чытала, а вось спектакль гэты бачыла, яшчэ калі ён у Доме літаратара ішоў, пакуль будынак рамантавалі. Цяпер вось аднавілі: і ТЮГ, і спектакль. А “Сны аб Беларусі” Уладзімір Савіцкі калісьці на купалаўскай сцэне ставіў — цяпер гэта іншы спектакль, абавязкова схадзіце. Столькі артыстаў занята, усе так зладжана вершы дэкламуюць — як па савецкіх часах на ўрадавых сходах, з’ездах партыйных піянеры ці камсамольцы выходзілі, у шэраг станавіліся, і кожны свае радкі без запінкі: тра-ля-ля, тра-ля-ля. Толькі замест Ільіча ці каго іншага — партрэт Купалы. Нават некалькі розных па чарзе партрэтаў з цемры выплываюць. І русалкі там, бы сп’янелыя, і Гаранскі танчыць (маўляў, мужык з кірмашу вяртаецца), і баян гучыць, і дудачка нейкая змайстраваная. І вайсковец у форме ранейшай (я ў іх не разбіраюся) у пачатку і ў канцы дырыжыруе.

Строгая настаўніца:

— Ды што вы, я б такі “спектакль-чытанне”, названы “паэтычнай містэрыяй”, нікому не параіла. Добра, што школьнік гаджэтам заняты, у бок пасунуўся, нас не чуе. Бо я ў тых “Снах…” нічога не зразумела. А вучні як запытаюць — што адкажу? “Малітвай”, што Мулявін калісьці спяваў, дырыжыруе нкуснік — і паціху так у люк з’язджае. Гучыць хор, артысты на сцэне, нкуснік, бы д’ябла, у пекла правальваецца — ды навошта і тут яму дырыжыраваць? Сцэнаграфія з намёкам на зрынутую вежу Татліна — хай сабе: хтосьці ўспрыме гэта “металаломам”, і тое няблага. Але галоўнае — чытаць і перачытваць Купалу пасля гэтага спектакля штосьці не хочацца. Іншая справа — “Міхалава зямля”: хаця б з “Новай зямлёй” Якуба Коласа знаёміць, дый артысты ўдваіх добра чытаюць. На “Казках дзядзькі Якуба” ў тым жа ТЮГу пакуль не была, нічога не скажу. А як паглядзела “Сны Райніса” ў міжнароднай праграме TEARTа (праўда, у відэазапісу з-за “кароны”) — адразу пачала і вершы, і самога паэта “гугліць”. Латвійскі нацыянальны тэатр запрасіў нашумелага расійскага Кірыла Сярэбранікава — і не пасварыў дзве нацыі: баюць, у той тэатр адразу пацягнулася рускамоўная публіка (прэм’ера была ў 2015-м) , нават з Расіі прыязджалі, хаця спектакль на латышскай з субцітрамі. Там столькі мастацкіх знаходак! І столькі тэм закранута, што тычацца любога мастака: помнік і чалавек, даследаванне падсвядомасці, уменне прыняць іншыя пункты гледжання. Дый сама сістэма эстэтычных каардынатаў іншая — выхад за межы звыклага для нас рэалізму, прычым без аніякіх “псеўдаінтэлектуальных” накручанасцяў, усё вельмі дэмакратычна. І ніхто не называе творцу “п’яніцам, гулякам, бабздыром”, як у “Нашым Караткевічу”. Можа, гэта гумар такі, цытата. Але… як можна? Бо пазначана, як і ў “Снах аб Беларусі”, 12+. Што я дзецям скажу? Піце-гуляйце, абы добрымі людзьмі выраслі?

Зноў старшакласнік:

— Думаеце, я ў 12 гадоў слова “п’яніца” не ведаў? Ну, “бабздыр” — раней такога сапраўды не чуў, але пасля спектакля запомніў. У Караткевіча ўвогуле шмат слоўцаў, сёння не распаўсюджаных, ды само іх гучанне — быццам у роце хрумсціць, такое смачнае, сакавітае. Мне “Наш Караткевіч” вельмі даспадобы! Мы яго спачатку анлайн уключылі — думалі пагагатаць усёй кампаніяй. Бо пра пісьменнікаў так заўсёды: пакуль жывы — гавораць дрэнь, а памрэ — ай-ай-ай, які цудоўны быў, у прыклад ставяць. Дзетачкі, вучыце! Вам ёсць на каго раўняцца. А тут — аніякай павучальнасці. Наадварот, дзесьці наўмысна адмоўныя выказванні, калі ў залу ўрываюцца двое крытыкаў, спрачаюцца — адразу ўзнікае жаданне таксама з імі падыскутаваць. Дый сама атмасфера — быццам гэта кавярня, артыстам куфлі піва наліваюць (ці нейкай там вады падфарбаванай — няважна), хлопцы дзяўчатам падмігваюць, музыканты граюць, хтосьці чытае фрагменты з Караткевіча, хтосьці згадвае асабістыя з ім сустрэчы. І ўсё так весела, без фальшу, падробленага піетэту і ўсялякіх высакамоўнасцяў, ад якіх моташна становіцца. А яшчэ на экране шмат цікавага: не адно партрэты, а рукапісы, малюнкі Караткевіча — ну як у Пушкіна такія замалёўкі. І вершы — не толькі пра радзіму, там і жартоўныя былі, пра заячыя радасці. Карацей, мы спачатку на камп’ютары паглядзелі, а назаўтра (добра, што пятніца была) у тэатр паехалі, каб яшчэ раз пабачыць, у зале. Трансляцыю ж нават мая маці глядзела. Зазірнула, каб нас “паганяць”, што мы ў інэце “віснем”, і сама зацікавілася. Гаворыць, я столькі новага даведалася!

Прыхільніца:

— Божа, як там Таццяна Мархель спявае! І ансамбль “Музычная арка” вельмі дарэчы, бо паміж іншага штосьці беларускае грае. Цікавы склад: флейта, габой, кларнет, ударныя і піяніна. У праграмцы напісана, што Святлана Кудзіна (фартэпіяна) — іх мастацкі кіраўнік. Мабыць, таму яе пасадзілі хоць і ніжэй (астатнія музыканты — на гэткім узвышэнні-подыуме), ды бліжэй да нас. Алена Баярава ўвогуле з залы выходзіла, а ў пачатку гаспадары кавярні запытвалі ў публікі, што мы пра Караткевіча ведаем. Такі прыём інтэрактывам называецца! Акцёры — як на падбор. У фінале не толькі мы — яны самі плакалі. Караткевіч — папраўдзе наш, у кожнага — свой. І кожная яго думка — актуальная. А колькі самаіроніі! І самае цікавае, што задума такога быццам бы “дацкага” спектакля (да пэўнай круглай даты пастаўленага) ішла не праз папярэднія загады, распараджэнні, што трэба, маўляў, абавязкова “адзначыць”, а ад саміх стваральнікаў — з самога сэрца. Не, што ні кажыце, пра класікаў трэба не толькі дыфірамбы спяваць, а ставіць штосьці менавіта такое, як Васіль Дранько-Майсюк прыдумаў (калі на паклон выходзіў, сказаў, яму Валярына Кустава дапамагала) — на мяжы ўсялякіх сінтэзаў: тэатра, дакументалістыкі, кіно, мемуараў, дзесьці нават масавай культуры. Вы ж бачыце: нават моладзь упадабала. А вы паспрабуйце яе чымсьці прывабіць, самі ж ведаеце, наколькі складана. Іншымі словамі, здароўя ўсім нам — і любым артыстам. Хай ставяць, іграюць, а мы іх падтрымаем.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"