Каб кашы было па шыю

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Лялечная адметнасць аграгарадка Індура
Дзень беларускай народнай лялькі ўжо цягам 10 гадоў святкуюць у нашай краіне 16 лістапада. Таму “фішкай” аграгарадка Індура, дзе 7 гадоў таму налічвалася вялікая калекцыя абярэжных лялек, работнікі культуры выбралі менавіта іх, а летась адкрылі ўнікальны музей “Лялька ў карагодзе жыцця”, дзе захоўваецца больш за 300 экспанатаў.

/i/content/pi/cult/827/17664/012.jpgЛялька — самая старажытная і найбольш папулярная цацка, без якой не абыходзіліся дзіцячыя гульні. І гэта далёка не ўсе ейныя «абавязкі». Лялька сустракала нованароджанага ў калысцы, прымала на сябе хваробы, засцерагала ад злых сіл. І заўжды заставалася знакам любові, абароны, добразычлівасці. А рабілі яе з тканіны, травы, саломы або кветак.

Мужная Інда

У галоўнай экспазіцыі Музея лялькі — серыя міні-карцін майстроў народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Уладзіміра Пакумейкі (Парэчча) і Ларысы Касіцкай (Азёры). У цэнтры выставы гасцей сустракае безаблічная лялька, яна вітае наведвальнікаў і жадае ўсім дабра і міру. Лічылася, што калі ў лялькі няма твару, то яна будзе абараняць дзяцей і дарослых ад ліхіх сіл, прыме на сябе боль і пакуты.

Самым важным экспанатам з’яўляецца гістарычная лялька Інда. Легенда пра паходжанне назвы мястэчка Індура звязана з паходамі на гэтыя землі крыжакоў. У каменданта замка была прыгажуня-дачка Інда. Менавіта яна першай убачыла наступ крыжакоў на родны замак. Пачала біць ва ўсе званы, аднак крыжакі ўварваліся ў замак. І тады насельнікі сталі сведкамі цуду: з’явілася Маці Божая і атуліла бялюткім покрывам царкву, якая знаходзілася побач. Пасля гэтага храм сышоў пад зямлю разам з мужнай Індай. Крыжакі так спалохаліся, што не змаглі крануць гарадзішча і яго жыхароў. Менавіта ў гонар Інды і было названа мястэчка.

Лялька Інда — вынік старанняў работнікаў Індурскага Цэнтра культуры Ірыны Рынкевіч, Ірыны Пасюк і Марыі Алешчык. Назва работы “Інда — выратавальніца свайго роду”. Ірына Рынкевіч шмат папрацавала са старымі фотаздымкамі, мастацкімі творамі, кнігамі. Таму Інда апранута ў незвычайны для нашых часоў строй XIV - XV стагоддзяў: дзве (сподняя і верхняя) кашулі з вышытым арнаментам, спадніца з пярэстай тканіны “андарак” (“понева”), нешта кшталту “навершніка” (туніка з кароткімі рукавамі). На галаве — хустка з бронзавай тасьмой (абручом), на нагах — жаночыя пінеткі з анучамі, на поясе — кінжал і скураная сумачка — абавязковыя атрыбуты жаночага строю тых часоў.

Як вуліцы ажылі

Аўтарам лялек з калекцыі “Ажылыя фотаздымкі старажытных вуліц Гродна” з’яўляецца лялечніца Таццяна Скрыпій. Напрыканцы пазамінулага стагоддзя на вуліцах горада знаходзіліся шматлікія фотаатэлье вядомых майстроў. Да прыкладу, тут доўгія гады працаваў вядомы гродзенскі фатограф, ганаровы грамадзянін горада ЗэльманКарасік, творчасць якога і натхніла Таццяну ажывіць фотаздымкі таго часу. Ажывіла і перадала калекцыю ў наш музей назаўсёды.

У лялек Таццяны вельмі цікавая гісторыя. Усе яны адлюстроўваюць гараджан тых гістарычных часоў: булачніцу, краўца, швачку, мадэльера, дворніка, доктара, фатографа…. Галоўным персанажам выставы з’яўляецца вобраз знакамітага гродзенскага фатографа — Зэльмана Карасіка.

Лялькі ўвайшлі ў жыццё Таццяны Скрыпій, калі ёй было ўжо за сорак. Аднойчы сядзела дома на бальнічным і ўбачыла ў інтэрнэце сюжэт пра выраб лялек.. Адчула, што гэта яе. Таццяна абрала тэхніку, дзе лялькі адліваюцца з пластыка і запякаюцца... у духоўцы. Касцюмы, рэквізіт (гітара, гармонік, ложак, лавачка) майстрыха шыла і вырабляла сама. З’явіліся першыя вобразы, затым — жанравыя калекцыі ў мастацкім антуражы.

На жаль, Таццяны не стала два гады таму, але яна паспела падзяліцца тонкасцямі лепкі фігурак-чалавечкаў са сваёй дачкой і майстрамі аддзела этнагафіі, фальклора і рамёстваў нашага раёна.

Ад сурокаў ды злых духаў

Цяпер — пра абярэгі. Цэлую калекцыю такіх лялек зрабіла для музея Ірына Рынкевіч.

Перад тым, як у сям’і народзіцца дзіцятка, матуля рабіла ляльку-пелянашку і падвешвала яе над зыбкай ці клала ў калысачку, каб тая бавіла і засцерагала немаўля ад сурокаў і злых духаў. Для маленькага дзіцяці, якое часта прачыналася па начах, маладыя маці выраблялі са зношанай вопраткі тры або пяць Начніц і выстаўлялі іх на акно пад месячнае святло.

А для больш дарослых быў Зайчык-на-пальчык — сябра і цацка ў адной асобе.

Першая лялька, якую дзіця павінна было зрабіць само ва ўзросце 3 — 4 гадоў, — Аддарак-на-падарунак. Лялечка дапамагала навучыць дзіця ўдзячнасці. Лялькамі больш цікавіліся дзяўчынкі. Сяброўка-лялечка Жаданніца была ў кожнай вясковай дзяўчынкі.

Вясной дзяўчаты дарылі адна адной лялькі з валасамі незвычайнага колеру. Гэтыя лялькі — Вяснушкі — мелі сілу абярэга маладосці і прыгажосці. Напярэдадні Купалля рабілі ляльку Купаўку, якую пускалі па рацэ, каб яна пацягнула за сабой усе немачы і прыкрасці. Ляльцы было суджана жыць усяго адзін дзень.

У час вяселля маладым дарылі ляльку Неразлучнікі і прамаўлялі віншаванні ці вясельныя замовы. Сакрэт сапраўдных Неразлучнікаў у тым, што іх рабілі з аднаго непадзельнага квадрата тканіны з агульнай рукой, і пры вырабе чырвоная нітка лёсу ні разу не абрывалася. Гэтая лялька захоўвалася ў куфры да смерці аднаго з сужэнцаў, і з ёй яго хавалі.

Лялька Дзесяціручка заклікана спрыяць гаспадыні ў хатніх справах. Такую ляльку, зробленую з падола сукенкі маці, сяброўкі дарылі нявесце на вяселлі, каб тая ўсё паспявала. Таксама дарылі маладой гаспадыні, каб добра гатавала, ляльку Каша, якая прыкладалася да чыгунка: крупы насыпалі па калена, вады налівалі па пояс, тады кашы атрымлівалася па шыю.

Раней свае беды і крыўду ўжо змалку можна было расказаць ляльцы Суцешніцы, якую робяць абавязкова з матчынага падола і захоўваюць у хаце да той пары, пакуль яна не зносіцца ўшчэнт. Раней гаспадыні заўжды трымалі на покуці ачышчальную ласкутную ляльку Скарбонку-Траўніцу. Мяшэчак-спадніцу набівалі духмянымі заспакаяльнымі травамі, якія мянялі раз на два гады. Калі хтосьці хварэў, то мяшэчак ставілі ля ложка, каб травяны пах адганяў ад яго злых духаў хваробы.

Пасля збору ўраджаю сяляне адбіралі самае лепшае зерне, каб напоўніць ім ляльку Зернявушку або Крупенічку. Гэта было паказчыкам таго, што сям’я ў хаце жыве працавітая, заможная. Кожную вясну лялечак разбіралі, мяшэчак прыбіралі і захоўвалі да наступнай сяўбы.

Лялька-Столбушка прыносіла поспех і багацце ў дом, з’яўлялася сімвалам працягу роду.

З саломы ды гліны

Беларуская народная лялька з саломы — адна з традыцыйных, бо гэты прыродны матэрыял можна было лёгка і проста знайсці практычна ў любой хаце. Прыёмы вырабу саламяных цацак напэўна ляжаць у традыцыі вязання саламяных снапоў падчас збору ўраджаю. Вырабам саламяных лялек у Гродзенскім раёне займаюцца Ірына Шавельская і Валянціна Краўчук, майстры народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў.

Папулярнымі сувенірамі з’яўляюцца лялькі, якія зроблены з гліны (аўтар Таццяна Рублеўская). Вядома, што найстаражытныя гліняныя цацкі, знойдзеныя археолагамі на тэрыторыі нашай краіны, адносяцца да эпохі бронзы. Лялек ляпілі жанчыны і дзяўчынкі, пачынаючы з 7 — 8 гадоў. Займаліся гэтым у вольны ад сельскіх работ час — большай часткай зімой і вясной. Яркая, жыццярадасная гліняная лялька валодае чароўнай здольнасцю ўпрыгожваць наш побыт, уносіць цяпло і радасць ва ўбранне жылля.

Сувенірныя лялькі сёння вельмі папулярныя ў Беларусі. Майстры-лялечнікі аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў, ствараючы вобраз беларускай лялькі, стараюцца адлюстраваць багатае падзеямі, характарамі, самабытнасцю і культурай жыццё беларускага народа.

Вылучылася новая плеяда майстроў-лялечнікаў. Гэта Ірына Рынкевіч, Валянціна Краўчук, Наталля Пачобыт, Вікторыя Ланеўская, Юліяна Васюхоўская, Вольга Авакумава.

Лялькі, асабліва лялькі-абярэгі, абявязкова робяцца з добрымі, светлымі думкамі. Майстар-класы ладзіць Ірына Рынкевіч. Яна пераконвае прысутных, што місія лялек куды больш шырокая, чым забаўка. Старадаўні чалавек часта “давяраў” ляльцы вырашэнне нейкіх праблем або спаўненне планаў і мар, а нашы майстры-лялечнікі абавязкова падаруюць вам і вашым дзецям добры настрой, а народная лялька, зробленая вамі, — абароніць вас ад злых сіл. Трэба ў гэта толькі верыць!

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра