Бацькаўшчына праз сэрца Караткевіча

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Асноўная нацыянальная падзея апошніх дзён — 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Добрых пісьменнікаў у нас, што жыта ў полі. А Караткевіч — адзіны, бо для Беларусі ён нібыта анёл з белымі крыламі, што вядзе нас і накіроўвае да светлага ды мудрага жыцця. Колькі душ ён выратаваў і напоўніў іх зместам вялікай любові да Бацькаўшчыны! А колькі юнакоў ды дзяўчат выраслі і ўсвядомілі сябе пад надзейнай аховай гэтых белых крылаў! Караткевіч не проста празаік, паэт, публіцыст, сцэнарыст, філосаф і крытык. Ён ахоўнік нашага сумлення. Адам Мальдзіс у артыкуле “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” так акрэслівае жыццёвую пазіцыю свайго даўняга сябра: “Калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, то ён становіцца перакаці-полем, якому ўсё роўна, што гіне: культура, памяць, зямля”.

/i/content/pi/cult/827/17663/011.jpgГэтымі днямі ва ўсіх літаральна ўстановах культуры згадваўся талент Уладзіміра Караткевіча. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Настасся Дзедзіён распавядае нам: “Мы прэзентавалі літаратурны вітраж “І гэта ўсё мне суджана Богам”. Матэрыялы вітража знаёмяць чытача са шматгранным талентам аўтара “Зямлі пад белымі крыламі”. Кнігі, фільмы, фотаздымкі пацвярджаюць важкасць гэтай постаці. Працягнута была абласная акцыя “Чытаем разам творы Уладзіміра Караткевіча”: відэаролікі дасылалі з усіх канцоў Шчучыншчыны. Дзеці і сталыя людзі чыталі вершы “На Беларусі Бог жыве”, “Калі памірае каханне”, “У жніўны дзень”, урыўкі з твораў “Каласы пад сярпом тваім”, “Лісце каштанаў” ды іншых”.

Пра вялізную павагу да Уладзіміра Сямёнавіча піша і Тамара Круталевіч — загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі. У раёне, паведамляе Тамара Мікалаеўна, прайшла акцыя “Каб любіць Беларусь — чытайце Караткевіча”. У горадзе ладзяцца тэатралізаваныя міні-дзеі паводле літаратурных твораў класіка. У Багушэвіцкай сельскай бібліятэцы-клубе юбілей пісьменніка адзначылі з асаблівым піетэтам. Справа ў тым, што жыхары вёскі Багушэвічы ў 1863 годзе мелі дачыненне да славутага паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім. І гэты гістарычны факт, піша Тамара Круталевіч, знайшоў адлюстраванне ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”.

Памятаеце фармулёўку Караткевіча пра патрыятызм? Гэтую тэму паспрабавалі развіць у Быхаўскім раённым Цэнтры культуры. Тут у звыклым ужо фармаце анлайн прайшоў адкрыты абласны конкурс патрыятычнай песні з удзелам вакалістаў і творчых калектываў Бабруйска, Быхава, Асіповічаў, Краснаполля і Чэрыкава. Пра падзею рэдакцыі паведаміў Сяргей Леўчанка. На электронную пошту конкурсу паступіла больш за 20 творчых відэаматэрыялаў. “Лепшымі вакалістамі прызнаны: у малодшай групе — Юлія Бязрукава з цэнтралізаванай клубнай сістэмы Быхаўскага раёна, у старэйшай групе — Уладзімір Жыткоў з Бабруйскага Палаца мастацтваў; лепшым ансамблем стаў народны фальклорны калектыў “Багатуха” Быхаўскага раённага Цэнтра культуры. А Гран-пры атрымала салістка народнага вакальнага трыа “Візаві” Лізавета Тапчэўская з цэнтралізаванай клубнай сістэмы Чэрыкаўскага раёна”. Вельмі спадзяюся, што ў гэтым конкурсе знайшлося месца і для беларускіх песень.

І зноў пра Бабруйскі Палац мастацтваў. Метадыст аддзела мастацкай творчасці ўстановы Алена Нялюбіна распавядае, што ў цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Аркадзя Гайдара адбылося мерапрыемства, якое стала працягам творчага супрацоўніцтва палаца і бібліятэкі пад назвай “Свет тваіх захапленняў”. Гаворка пра майстар-клас па саломапляценні. Мерапрыемства было прызначана для вучняў гарадской сярэдняй школы № 2. Дзеці знаёміліся з гісторыяй узнікнення рамяства, з тэхналогіяй апрацоўкі саломы, убачылі неверагодныя ўзоры саламяных вырабаў. Майстар-клас ладзіла Зінаіда Рынкова — сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. І гэта таксама, я перакананы, урокі патрыятызму.

Па гэткім жа прынцыпе будуе сваю штодзённую працу загадчык сельскага клуба аграгарадка Лылойці Смаргонскага раёна Наталля Тапуць. Метадыст Смаргонскага раённага Цэнтра культуры Вольга Крывянкова піша: “У наступным годзе Наталля Мікалаеўна мяркуе адкрыць этнаграфічную экспазіцыю, дзе экспанатамі стануць побытавыя рэчы нашых продкаў.” Тапуць распрацоўвае некалькі праектаў: “Музей аднаго прадмета” і “Музей у чамадане”. Апрача гэтага стварыла шэраг відэаэкскурсій. Стварыла і стварае. А рухальнік ідэй Наталлі Мікалаеўны — павага да мясцовых традыцый. З гэтых незаўважных часам крыніц і бярэ пачатак сапраўдны патрыятызм.

Гродзенская выставачная зала — адна з вядучых устаноў абласнога цэнтра. Тут знаходзіцца месца не толькі для разнастайных мастацкіх экспазіцый, традыцыйнымі сталі сустрэчы з цікавымі асобамі, майстар-класы. Гэтым разам супрацоўнікі ўстановы запрашаюць на выставу жывапісу “Ад колеру да манахрома” Вікторыі Ільіной. Сярод яе ўлюбёных сюжэтаў — гарадскі краявід, нацюрморт, вясковае асяроддзе. Дэвізам творчасці мастачкі можа быць выраз “Самая жывапісная - графіка”.

Днямі бібліятэкары Гродзенскага раёна падзяліліся вопытам з калегамі роднай вобласці — слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі. Гаворка ішла пра традыцыі ды інавацыі ў бібліятэчнай дзейнасці. Да прыкладу, вывучаліся выставачная дзейнасць і супраца з цэнтрамі культуры. Удзельнікі наведалі Скідзельскую гарадскую бібліятэку сямейнага чытання, абмеркавалі ролю кнігі ў сям’і. Абмяркоўвалася і папулярызацыя літаратурных юбілеяў, прапаноўваліся метадалагічныя мадэлі і экспазіцыйныя прыёмы кніжных выстаў. Цікаўнасць прыцягнула і дзейнасць велабібліятэкі, якая займела ў Скідзелі вялікую папулярнасць. Наведалі ўдзельнікі мерапрыемства Абухаўскую, Індурскую, Квасоўскую сельскія бібліятэкі, багатыя сваімі творчымі рэсурсамі. І ўвогуле, аператыўнасць, даступнасць, камфортнасць — дэвіз творчай дзейнасці бібліятэкараў Гродзенскага раёна. Пра гэта распавяла Наталля Рамановіч, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, і наш актыўны пазаштатны аўтар. Дзякуй за неабыякавасць, спадарыня Наталля!

Дзмітрый Кітаёў, мастацкі кіраўнік Аршанскага раённага Дома культуры, які, як вядома, знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Арэхаўск, напісаў пра тое, што ўстанова адзначыла сваё 70-годдзе. Старэйшым калектывам установы з’яўляецца народны хор, які адзначыў сёлета 35-годдзе з моманту заснавання.

Навіна культурнай Ашмяншчыны прадстаўлена сёння актыўнасцю работнікаў культуры вёскі Кракоўка. У мясцовай установе культуры 25 лістапада прайшоў вечар карысных парад. Ужо цікава, праўда?! Дык вось, бібліятэкары і клубнікі сабралі людзей сталага веку. Кожны ўдзельнік захапіў з сабой слоік з марынадамі. Абмен рэцэптамі і стаў нагодай для смачнай вечарыны. Прысутныя не толькі частаваліся самаробнай смакатой, але нават і відэаролікі пра вырошчванне гародніны праглядвалі. Словам, у Кракоўцы жывуць чаканнямі прадвесня. Далучаюся!

І зноў Палац мастацтваў Бабруйска. Вось што паведаміла нам метадыст культурна-масавага сектара згаданай установы Ірына Аўсяннікава: “З чаго пачынаецца паэзія? З дзяцінства! Мы ўпершыню чуем і запамінаем вершы. Пасля пачынаем разумець, што паэзія — асаблівы свет, у якім душа знаходзіць адхланне. І менавіта паэзія робіць нас лепшымі, а звычайным словам надае асаблівую магію… 25 лістапада ў выставачнай зале Палаца мастацтваў Бабруйска адбыўся вечар паэзіі “І ў кожным радку кропелька душы”. Дапамог агучыць вершы ўзорны харэаграфічны калектыў “Крынічка”.

Закальцуем сённяшні агляд і завяршым яго зноў Караткевічам. Паспрабую выказаць свае вельмі суб’ектыўныя думкі. Творы Уладзіміра Сямёнавіча экранізаваны, хоць далёка не ўсе, і не надта, я б сказаў, удала. Дык мо час надышоў заняцца экранізацыяй! Беларусьфільму заўжды бракуе на якасныя нацыянальныя праекты. А тут такое літаратурнае багацце! Выкарыстаць яго з павагай — таксама праява непадманнага патрыятызму. Мы ж краіна — пад белымі крыламі Караткевіча!

Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае ды карыснае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"