Новае жыццё традыцыйных песень

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Што можна зрабіць з песнямі, запісанымі ў этнаграфічнай экспедыцыі? Заархіваваць, выставіць у публічны дасяг і на гэтым спыніцца? Ці… даць ім новае жыццё? Паглядзім на прыкладзе работ гуртоў Relikt, Vuraj і музыкі Дзмітрыя Сляповіча.

Гурт Relikt: словы народныя, саўнд фірмовы

Летась у Relikt выйшаў альбом “Дрэва жыцця”. Усе 10 трэкаў - апрацоўкі традыцыйных песень, запісаных рознымі даследчыкамі па ўсёй Беларусі. Канцэпцыяй дыска стала мастацкае адлюстраванне архетыпічнага вобраза дрэва жыцця. Для альбома падбіралі творы, якія суадносіліся б з усімі сезонамі традыцыйнага календару і этапамі жыццёвага шляху чалавека.

Мелодыі змененыя даволі моцна, на дыску складана пазнаць пэўныя рэгіянальныя варыянты твораў. Аўтэнтычныя тэксты Relikt адаптаваў для сучаснага слухача: у песнях з’явіліся прыпевы, пройгрышы і ўвогуле гучаць яны вельмі сучасна. А саўнд — фірмовы, “рэліктавы”, яго ні з чым не зблытаеш. Візітная картка гурта — незвычайныя гітарныя эфекты і шматстайная перкусія. Альбом “Дрэва жыцця” — не першы эксперымент Relikt з фальклорным матэрыялам. У нумары 49 за 2015 год “К” пісала пра альбом “Лекавыя травы”, на якім таксама гучалі апрацоўкі народных песень. Музыкі звярталіся да фальклору, бадай, ад пачатку існавання гурта.

Гурт Vuraj: публікуе апрацоўкі традыцыйных песень разам з арыгіналамі

Сёлета Vuraj выпусціў альбом Kalyna. На дыску дзве аўтэнтычныя песні і дзве іх апрацоўкі. Гэта, бадай, першы ў беларускай музыцы прыклад такога спалучэння. Звычайна даследчыкі выдаюць экспедыцыйны матэрыял, а музыкі — уласны творчы прадукт на яго аснове, рэдка пазначаючы, адкуль паходзяць арыгіналы. Vuraj даўно працаваў з фальклорам, але ў троху іншым ключы — ствараў аўтарскія версіі традыцыйных песень. На апошнім альбоме гурт вырашыў максімальна захаваць аўтэнтыку твораў — мелодыі, вымаўленне, настрой і нават традыцыйную манеру выканання. Трэба сказаць, збольшага атрымалася.

Фальклор музыкі апрацоўваюць, бадай, з самага стварэння гурта, а неяк зрабілі кампазіцыю “Да дай, Божа, цёплэ лето” з калектывам “Вытокі” вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна. Вясковыя выканаўцы нават выступілі са сталічным гуртом на сцэне аднаго з мінскіх клубаў. Альбом Kalyna — гэта вынік шматгадовай працы. Цікава, што пасля столькіх эксперыментаў музыкі прыйшлі да неабходнасці пазнаёміць слухачоў з народнымі песнямі ў іх аўтэнтычным гучанні.

Дзмітры Сляповіч: спявае разам з інфармантамі

Дзмітрый Сляповіч, даследчык і выканаўца музыкі беларускіх яўрэяў, на матэрыяле, сабраным у экспедыцыях канца 1990-х - пачатку 2000-х, абараніў дысертацыю. З 2008 года жыве ў ЗША. На сваіх канцэртных выступленнях Дзмітрый застаецца даследчыкам нават у амплуа музыкі: перад кампазіцыяй можа паказаць палявы відэаматэрыял, які стаў “зыходнікам” для аўтарскай апрацоўкі. Наведвальнікі чуюць кароткі расповед пра тое, як, ад каго і дзе запісваліся гэтыя матэрыялы. Ёсць аранжыроўкі, якія музыка грае… не спыняючы экспедыцыйнага запісу. То бок прысутныя, напрыклад, чуюць адзін куплет акапэльна ў выкананні кабет з Пінска на відэа, а потым далучаецца Дзмітрый Сляповіч з інструментам.

Свае экспедыцыйныя запісы, апрацаваныя, з субтытрамі, Дзмітрый калісьці прадаваў ў мінскім яўрэйскім абшчынным доме. Цяпер матэрыялы ні ў якім выглядзе, акрамя як на сцэне, не распаўсюджваюцца.

Усё гэта прымушае задумацца: а ці мае даследчык права хаваць сабраныя матэрыялы ў асабістым архіве ці ў архіве ўстановы, якая плаціць яму камандзіровачныя? Ёсць публікацыя яго правам ці абавязкам? А што да папулярызацыі? Не ўсе ж даследчыкі-палявікі адначасова і музыкі-практыкі. Хто павінны да каго звяртацца: музыкі да даследчыкаў ці наадварот? Ну і пытанне грошаў, канечне. Мелодыі — народныя і як бы належаць народу, але запісаў іх пэўны чалавек, часта выдаткаваўшы ў экспедыцыі немалыя ўласныя сродкі.

Можа, мы і дажывем да выхаду беларускай аўтэнтыкі на нефальклорныя сцэны, па-за межамі Беларусі таксама. Але мне здаецца, з чыста тэхнічных прычын (узрост носьбітаў традыцыі і складанасьці для іх далёкай дарогі) гэта будуць ужо гурты-пераймальнікі. Пытанне ў тым, што людзі, схільныя да эксперыментаў, звычайна не дужа глыбока “ўкапваюцца” ў аўтэнтыку, а тыя, каму “ўкапвацца” ў кайф, не дужа хочуць наватарстваваць. Таму пытанне аб месцы беларускай аўтэнтыкі ў сучаснай музыцы застаецца адкрытым.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, cупрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі