Насуперак абставінам з дапамогай тэхналогій

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Юная спявачка з Магілёва Арына Пехцерава была адным з фаварытаў сёлетняга фестывалю “Дзіцячае Еўрабачанне”. Але ў фінале конкурсу, які адбыўся ў нядзелю 29 лістапада, яна заняла пятае месца. Пераможцай стала 11-гадовая Валянціна Тронэль з Францыі.

/i/content/pi/cult/827/17661/010.jpgДарослае песеннае спаборніцтва “Еўрабачанне” ўвесну гэтага года не змагло адбыцца, але калі ўвосень прыйшоў час для дзіцячага, усё ўжо было прадумана і падрыхтавана: сучасныя тэхналогіі дазваляюць правесці конкурс паўнавартасна і на пару гадзін стварыць ілюзію еднасці і канкурсантаў, і публікі. Фінал меўся адбыцца ў Варшаве — Польшча і засталася гаспадыняй фестывалю. У тэлестудыі былі вядучыя, невялікая колькасць публікі і арганізатары, канкурсанты ж і іх каманды назіралі за падзеямі ў тэлестудыях сваіх краін, і па вялікім рахунку гэта не вельмі адрознівалася ад звыклых для “Еўрабачання” ўключэнняў з грын-рум. Усе нумары, праўда, ішлі не ў жывым эфіры, а ў запісе. Тэлекампаніі — члены Еўрапейскага вяшчальнага Саюза ў адпаведнасці з тэхнічнымі ўмовамі, разасланымі па краінах, павінны былі з двух дубляў адзняць нумар з жывым вакальным выкананнем конкурснай песні, і менавіта гэты адзняты канцэртны нумар і спаборнічаў пад час жывога эфіру з Варшавы. Але, нягледзячы на тое, што фармальна атрымалася паўтарыць усе звыклыя этапы трансляцыі фінальнага мерапрыемства, аднаго ўсё ж моцна не ставала — тысяч і тысяч гледачоў з іх гарачымі эмоцыямі ў вялікай зале, не ставала шыкоўнай ззяючай сцэны, якая ўсім канкурсантам давала б роўныя шанцы на ўвасабленне нумару, не ставала адчування свята. А яшчэ было заўважна, што ў адзнятых песенных відэа ў саміх канкурсантаў не хапала эмоцый і ўключанасці ў спаборніцтва, — бо запіс жа, а не жывы эфір.

Тым не менш “Дзіцячае Еўрабачанне - 2020” прайшло з захаваннем усіх традыцый, пераможца і лаўрэаты гэтак жа вызначаліся па суме балаў ад гледачоў і нацыянальных прафесійных журы. З-за пандэміі ад удзелу сёлета адмовілася рэкордная колькасць краін, і ў выніку за перамогу спаборнічалі толькі 12 канкурсантаў. Упершыню выступала прадстаўніца Германіі, і можна сказаць, што не вельмі ўдала, — 13-гадовая С’юзан Озелоф заняла апошняе месца. Хаця правальным яе выступленне ніяк не назавеш — дзяўчынка спявала добра. Падобную рэмарку я раблю для таго, каб адзначыць даволі роўны ўзровень канкурсантаў і тое, што нейкага аднаго такога бясспрэчна пераможнага, бясспрэчна ўдалага нумара сёлета не было. Ізноў жа, пры правядзенні конкурсу ўжывую на сапраўднай сцэне і з гледачамі ўражанне магло быць іншым.

Чым жа сярод усіх вызначылася пераможца Валянціна Тронэль з Францыі? А яна перамагла і па галасаванні журы, і па галасаванні гледачоў, і ўвогуле па балах значна адарвалася ад другога месца, якое дасталася Каракат Башанавай з Казахстана. Справа ў тым, што Валянціна і выглядала як 11-гадовая дзяўчынка, і песеньку выконвала жыццярадасную і рытмічную, і ў нумары вакол яе танцавалі такія ж бесклапотныя дзеці. Адметна, што і другое месца дасталася вясёламу лёгкаму нумару таксама яшчэ не вельмі дарослай дзяўчынкі Солеа з Іспаніі, хаця яе вакал і не быў дасканалым. А вось многія канкурсанты выконвалі лірычныя і нават патэтычныя, так званыя галасавыя песні. І ў асноўным выглядалі занадта сур’ёзна для сваіх 13 — 14 гадоў. Гледачы ж прагаласавалі за нешта іншае.

Магчыма, і гэтым можна патлумачыць тое, што магіляўчанка Арына Пехцерава з песняй “Пришельцы”, якую для яе напісаў лідар вядомай магілёўскай группы Nevma Даніла Забела, у выніковай табліцы апынулася толькі на пятым радку. А прадстаўніца Беларусі сапраўды лічылася адным з фаварытаў конкурсу, усе адзначалі і яе неверагодныя вакальныя здольнасці, і даволі моцную меладычную песню. (Амаль усе канкурсанты спявалі на сваіх родных мовах, кампазіцыя “Пришельцы” гучала на рускай і англійскай.) У галасаванні прафесійных журы Беларусь апынулася на трэцім месцы — па 12 балаў ёй далі Казахстан, Сербія і Польшча. А вось гледачы ацанілі беларускі конкурсны нумар недастаткова высока. Але ж дазволю сабе сказаць, што роўных у вакале нашай дзяўчынцы на гэтым конкурсе не было. І гэта Арына нават дэманстравала еўрапейскім інтэрнэт-карыстальнікам напярэдадні фіналу, выконваючы ўжывую і а капэла сваю песню: з фестывальнай трансляцыі ўсё ж не пра ўсіх канкурсантаў можна была зразумець, ці яны так добра спяваюць, ці гэта цуды тэхналагічных дасягненняў. Чаго ж не хапіла для перамогі? Магчыма, статычны і нічым не адметны нумар, падрыхтаваны беларускай камандай, не здолеў падтрымаць песню, не дадаў палётнасці выдатным спевам Арыны, а наадварот — трохі “прызямліў” іх, знізіў эмацыйны напал. Адчуваўся эканомны падыход. Ды й сцэнічны імідж — касцюм, грым — не назавеш удалымі для 12-гадовай артысткі, якая выглядала занадта дарослай і не вельмі эмацыйнай. Дапускаю думку, што калі б усе канкурсанты спявалі не ў запісе, а ў жывым эфіры на вялікай фестывальнай сцэне з добрым гукам, святлом і з непадробнымі эмоцыямі, у нашай дзяўчынкі былі б больш высокія шанцы на перамогу, бо яна сапраўдны і стабільны прафесіянал. Але ж не варта занадта гараваць па пятым месцы (а ад трэцяга яго аддзялілі толькі тры балы!) — Арына атрымала вялізную колькасць захопленых водгукаў ад еўрапейскіх гледачоў, у яе з’явілася мора прыхільнікаў у розных краінах. І здзейснілася мара юнай артысткі  — пасля ўдзелу ў расійскім тэлешоу “Голас” яна трапіла і на “Дзіцячае Еўрабачанне”. Наперадзе, несумненна, удзел у дарослым “Еўрабачанні”. Арыне толькі 12 гадоў.