Сядзіба роду Рэйтанаў

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Частка І
Пачынаючы з вясны 2013 года наша газета пільна сочыць за лёсам сядзібы Рэйтанаў, якая знаходзіцца ў вёсцы Грушаўка на Берасцейшчыне. І не проста сочыць. Сведчаннем таго могуць быць даволі рэгулярныя красавіцкія суботнікі, якія ладзяцца намі разам з Арт-суполкай імя Тадэвуша Рэйтана на радзіме гэтай яшчэ па-сапраўднаму не адкрытай для Беларусі асобы. Вядома, не толькі суботнікі ў “багажы” “К”, але і шматлікія публікацыі. У іх і Тадэвуш Рэйтан, і ягоны род, і іх славутыя землякі, і сама Грушаўка час ад часу становяцца аб’ектамі нашай цікавасці. Праўда, публікацыі, якая б ахапіла гісторыю Грушаўкі за некалькі соцень гадоў, а таксама распавяла б, што ж там адбываецца сёння, калі ідуць працы па аднаўленні сядзібы і капліцы, яшчэ не было. Таму, пабываўшы ў Грушаўцы на мінулых выходных, мы гатовы падзяліцца з чытачамі “К” сваімі ведамі і думкамі.

/i/content/pi/cult/827/17659/06.jpgГІСТОРЫЯ. XVI — XVII СТАГОДДЗІ

Першая, вядомая на сённяшні дзень, згадка маёнтка ў Грушаўцы прыпадае на 1551 год. Да гэтага часу, як сцвярджаецца ў кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён”, маёнтак уваходзіў у склад Ляхавіцкай воласці і належаў князёўне Барбары Радзівіл, будучай вялікай княжне літоўскай і польскай каралеве. У 1551 годзе Барбара Радзівіл перадала маёнтак свайму васалу — шляхціцу Залескаму, а Жыгімонт Аўгуст, муж Барбары, “дадаў яму зямлю і людзей”. Цікава, што амаль адначасова Грушаўка надаецца Жыгімонтам “гаспадарскаму двараніну П. Шлягеру” “на вечнасць” “20 службаў людзей і 5 пустоўшчын”. У 1567-м Жыгімонт пацвердзіў удаве і дзецям Шлягера ранейшае наданне. Чаму так — з цягам часу, думаю, высветліцца. Што ж да Залескага, то пра яго маецца даволі канкрэтная, хоць і сціплая інфармацыя. У “Попісу войска ВКЛ” (1565 г.), у складзе харугвы Наваградскага павета, 10 жніўня быў згаданы “Миколай Залески з Грушовъки конъ въ пан., в пр., з ощепом” (панцыр, прылбіца — З.Ю.). Каб запісацца, Мікалай Залескі, а таксама прадстаўнікі іншых паветаў прыбылі ў Ракаў. Праз два гады пад Маладзечна быў праведзены чарговы “Попіс”. 4 кастрычніка 1567 годаў у складзе той самай харугвы маецца такі запіс: “Миколай Залески самъ дома, з ымения з Грушовки выслалъ слугу Миколая Станиславовича, конь, пнцр., пр., согай., саб.” (то-бок, панцыр, прылбіца, сагайдак і шабля — З.Ю.). Адзначым, што ад першых згадак і да сённяшняга дня маёнтак меў і мае толькі адну назву — Грушаўка. Тое пацвярджаецца сотнямі розных дакументаў XVI - XX стагоддзяў, сабраных намі.

/i/content/pi/cult/827/17659/07.jpgРЭЙТАНАЎСКІ ПЕРЫЯД. XVII — XX СТАГОДДЗІ

Далейшыя звесткі пра лёс маёнтка паходзяць з другой паловы XVII стагоддзя. У 1680 - 1690-х гадах Грушаўкай валодаў слонімскі земскі суддзя Стафан Бруханскі. 14 кастрычніка 1693 года Бруханскі памёр і неўзабаве па яго смерці частка яго маёмасці — маёнтак Грушаўка, камяніца ў Нясвіжы — былі набыты дзедам Тадэвуша Рэйтана, мазырскім скарбнікам Міхалам-Казімірам. Сваім тастаментам Міхал, які памёр заўчасна (загінуў, баронячы Слуцк ад шведаў у 1706 годзе), перадаў усю сваю маёмасць малалетняму сыну Дамініку.Апошні, як і яго продкі, быў кліентам нясвіжскай галіны роду Радзівілаў. І не толькі ўваходзіў у кола самых блізкіх да Міхала Радзівіла “Рыбанькі” асобаў, а быў яго добрым сябрам і сакратаром. І сам “Рыбанька”, і яго жонка , “маці” беларускага тэатра Францішка-Уршуля Радзівіл, не раз гасцявалі ў Рэйтанаў і, здаралася, праводзілі ў сядзібе патаемныя палітычныя нарады. Зразумела, што гэтым сяброўства сем’яў не абмяжоўвалася. І Міхал, і Францішка, і іх дзеці, у тым ліку Караль-Станіслаў “Пане Каханку” не аднойчы станавіліся кумамі і асістэнтамі на хростах дзяцей гусарскага харужага, наваградскага стольніка Дамініка Рэйтана. Дарэчы, жонка Рэйтана Тарэза паходзіла са старога менскага роду Валадковічаў, якія лічыліся радзівілаўскім апірышчам на Меншчыне. З гэтай нагоды шлюб бацькі Тадэвуша ўзялі ў 1739 годзе ў менскім езуіцкім касцёле (гл. “К” №№ 42 — 44, 2019 г.) . Некаторы час таму мы пісалі пра лёс Міхала Валадковіча, малодшага брата Тарэзы, які па несправядліваму прысуду Галоўнага Літоўскага Трыбунала быў расстраляны ў Менску ў лютым 1760 года (гл. “К” №№ 6 — 8, 2019 г.).

Як можна меркаваць, надумаўшы ажаніцца, ужо далёка не маладзён Дамінік Рэйтан (напрыканцы жыцця атрымаў высокі ўрад наваградскага падкаморыя) пабудаваў у Грушаўцы новы палацык, вядомы з акварэлі мастака Напалеона Орды. Орда ў другой палове XIX стагоддзя не раз наведваўся ў Грушаўку і пакінуў яшчэ адзін малюнак, на якім адлюстравана “Мураванка” Тадэвуша Рэйтана.

Тут у Рэйтанаў нарадзілася дзесяць дзяцей, двое з якіх Барбара і Піліп, Станіслаў-Костка памерлі малымі. Сам Тадэвуш Рэйтан быў першанцам. Прыйшоў ён на свет праз год пасля шлюбу бацькоў, па ўсёй верагоднасці, напрыканцы кастрычніка (або ў самым пачатку лістапада) 1740 года. У гэты перыяд некаторым народжаным хлопчыкам давалі імя ў гонар святога Тадэвуша-Юды. Час быў неспакойны, бо на ўсходзе ВКЛ шугала полымя Крычаўскага паўстання.

Менавіта Тадэвуш пасля смерці бацькі ўвесну 1769 года стаў на чале сям’і і гаспадаром Грушаўкі. Так як трэба было падымаць на ногі малодшых братоў і займацца немалой гаспадаркай, часу на свавольствы не было. Тут у верасні 1772 года ён даведаўся пра акупацыю расійскімі войскамі ўсходняй тэрыторыі ВКЛ (сучасныя Гомельская, Магілеўская, Віцебская вобласці). Адсюль, у сакавіку 1773 года, выехаў на Варшаўскі сойм, маючы загад наваградскай шляхты “не дазволіць” Падзел.

Пасля вяртання Тадэвуша з сойма ў 1775 годзе, сойма, які яшчэ пры жыцці зрабіў яго чалавекам-легендай і нацыянальным героем, паміж малодшымі братамі Тадэвуша ў 1777 — 1778 гадах адбыўся падзел усёй маёмасці роду. Гаспадарамі Грушаўкі афіцыйна сталі малодшыя браты Тадэвуша — Антон і Станіслаў. Пасля смерці Тадэвуша (8 жніўня 1780 года) у выніку няшчаснага выпадку (пра міф самагубства намі напісана нямала) неўзабаве Грушаўка была канфіскавана Адукацыйнай камісіяй. Здарылася гэта, падаецца, з-за не самых разумных паводзінаў братоў Тадэвуша, якія вырашалі маёмасныя спрэчкі шляхам наездаў у адрозненне ад старэйшага брата. А ён хоць і быў адным з лепшых сяброў “Пане Каханку” і для ворагаў ВКЛ прадстаўляў сур’ёзную небяспеку, у маёмасных справах дзейнічаў законным шляхам. Двойчы, у 1784 і 1786 гадах паслы Наваградскага ваяводства на соймах Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый падымалі пытанне аб скасаванні санкцый, пад якімі хадзілі Рэйтаны, і пра вяртанне ім маёнтка. Урэшце, дабіліся. Перамаглі. Грушаўка засталася за Рэйтанамі.

ХІХ — ХХ СТАГОДДЗЕ

У 1818 годзе памёр наймалодшы з братоў Тадэвуша Станіслаў, які гаспадарыў у Грушаўцы, і маёнтак перайшоў да яго пляменніка Дамініка. Апошні перад тым паспеў нямала паваяваць, бо яшчэ ў 1807 годзе крадком падаўся за Нёман, каб добраахвотнікам уступіць у легіёны Генрыка Дамброўскага. У 1812 годзе ён, ужо баявы і дасведчаны афіцэр, патрапіў у Генеральны штаб Напалеона, з якім прайшоў усю кампанію 1812 года (то-бок, да Масквы і назад). На вялікі жаль, гэты бон-ваяж быў для бацькаўшчыны Рэйтанаў не самым паспяховым. Вялікая армія Напалеона вымушана была адступіць, знішчаемая раптоўнымі марозамі. Дарэчы, гісторык Анатоль Сцебурака знайшоў у адным з французскіх архіваў наградны дакумент Дамініка Рэйтана, у якім пазначана яго “нацыянальнасць” — “ліцвін”.

Атрымаўшы амністыю Дамінік Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку, дзе і пражыў рэшту жыцця. Займаўся пераважна гаспадаркай, але быў і адным з галоўных фундатараў Слуцкай гімназіі. Ажаніўся ён на дачцэ менскага віцэ-губернатара Сафіі Камінскай. Наступным уласнікам Грушаўкі стаў адзіны сын Дамініка Стафан, які заўчасна памёр у 1863 годзе. Яго жонка ненадоўга перажыла мужа і памерла ў 1864 годзе, пакінуўшы малых дзетак сіратамі. Апошнім прадстаўніком роду стаў сын Стафана і Марыі з Несялоўскіх Юзаф Рэйтан. Менавіта ён у 1880-х для сваёй будучай сям’і вырашыў пабудаваць новы сядзібны дом у Грушаўцы. Але лёс не даў яму нашчадкаў. Так разам з ім у 1910-м абарвалася гісторыя гэтага роду.

Далейшы лёс Грушаўкі вырашалі жонка Юзафа Рэйтана Аліна з Гартынгаў (яе продак быў галандцам) і яе пляменнік Генрык Грабоўскі. Грабоўскі падчас падпісання ганебнай Рыжскай дамовы, якая парвала тэрыторыю БНР паміж Польшчай і Саветамі, выступіў з палітычным дэмаршам. Выкрыкваючы “Каін Грабскі! Здраднікі! Цень Рэйтана паміж вамі!”, ён раскідваў улёткі, у якіх абвінавачваў палякаў, што яны пакідаюць палову краіны “на з’ядзенне чырвонаму Молаху”. Высока адзначыў такі ўчынак Эдвард Вайніловіч, напісаўшы Грабоўскаму адпаведны ліст. У1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, Грабоўскі-старэйшы быў забіты нейкімі мясцовымі ліхадзеямі. Аліну Рэйтан у 1940 годзе савецкія ўлады выслалі ў Казахстан, а ў 1944 годзе сына Грабоўскага забілі немцы.

Пасля вызвалення Беларусі Грушаўка была ў чарговы раз нацыяналізавана. І доўгія гады сядзібныя будынкі выкарыстоўваліся мясцовымі ўладамі пад розныя патрэбы. Застаецца яна ў дзяржаўнай уласнасці і цяпер. Дзяржава ў наш час паціху вяртае жыццё ў маёнтак пасля некалькіх дзесяцігоддзяў яго поўнага запусцення і татальнага разрабавання.

Падчас “Рэйтанаўскага” перыяду (1694 — 1939) Грушаўка “перагарнула” нямала цікавых і трагічных старонак. Былі ў яе перыяды ўздыму і заняпаду. Праходзілі праз яе, варагуючыя паміж сабой, вялікалітоўскія, швецкія, расійскія, французкія, нямецкія, польскія войскі. Бачыла яна паўстанцаў Ясінскага і Касцюшкі. Усё жыццё пражыў у Грушаўцы славуты Антон Зарэмба, які, на маю думку, з’яўляецца прататыпам Ануфрыя Заглобы, героя трылогіі Генрыка Сянкевіча (гл. “К” № 40 і 42, 2015 г.). Бывалі тут ваяр-мастак Напалеон Орда, пісьменніца Эліза Арэшка (Ажэшка), фатограф Ян Булгак і безліч іншых асобаў, вартых згадкі ў публікацыях па гісторыі маёнтка.

У працягу нас чакаюць гісторыя грушаўскага палацыка і навінкі з рэстаўрацыйнага фронту.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар