Больш жывы за ўсіх жывых? або хаджэнне векавога брэнда

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Год 2020-ты рушыць да свайго завяршэння. Здаецца, шмат памятных дат і падзей прайшло праз ягоныя дні. Я ж згадаю адну круглую дату. Сто пяцьдзясят гадоў таму, у красавіку 1870-га, нарадзіўся Уладзімір Ульянаў. Пагадзіцеся, вельмі рэдкі юбілей, бо прайшоў праз жыццё сучаснікаў нібы незаўважным, хоць штогод імя Леніна атаясамліваецца з Кастрычніцкай рэвалюцыяй, якая на постсавецкай прасторы святкуецца толькі ў нашай краіне. Але мне хацелася б падзяліцца сваімі думкамі пра гэтага чалавека не як пра палітыка і буйнога дзяржаўнага дзеяча, які 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года разварушыў увесь свет, а ў кантэксце яго непасрэднай сувязі з культурай.

/i/content/pi/cult/826/17655/27.jpgІнтэлектуальная тэрыторыя персанажа

Некаторыя цікавыя факты яго біяграфіі ў гэтым сэнсе да сённяшняга дня не страцілі сваёй актуальнасці, і раз пораз мільгаюць і ў сродках масавай інфармацыі, і ў сацыяльных сетках, і ў кніжнай прадукцыі, і ў кінематографе, і ў навуковых даследаваннях. Іншымі словамі, тэма “Ленін і культура” і сёння не састарэлая, і нават наадварот — набывае нейкі “свежы” сэнс у сувязі з грандыёзнымі сацыяльнымі і культурнымі зменамі за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, якія адбыліся ў свеце, у тым ліку і ў нашай Беларусі.

Чаго я дакладна хацеў бы пазбегнуць у маім эсэ, дык гэта ўсёй сённяшняй псеўдааб’ектыўнай мантры пра тое, што, з аднаго боку, Ленін быў амаль святым, добрым, а з другога — д’яблам, нядобрым чалавекам, і, маўляў, “у кожнага свая праўда”. Дык што гэта азначае? Што гісторыя была дарэмнай, марнай, што мільёны людзей першай чвэрці ХХ стагоддзя паміралі ў пакутах у гады станаўлення Савецкай улады па ўласнай неразумнасці, бязглуздасці, не разабраўшыся, што добра, а што не? Ды і сам гэты выбар — “добры Ленін” ці “дрэнны Ленін” — такі ж недарэчны, як пытанне ў фільме пра Чапаева: ты за бальшавікоў ці за камуністаў?

/i/content/pi/cult/826/17655/28.jpgАдпаведна, разважаючы пра Леніна ў прасторы культуры, трэба не ляпіць ацэначныя суджэнні — “чырвоны кат” ці “самы чалавечны з людзей”, а паказваць логіку сітуацый — і акцэнтаваць інтэлектуальную траекторыю персанажа не ў маральнай пустэчы, дзе толькі два палюсы — “добра” і “дрэнна”, а на карце реальнай мясціны. Вось толькі так можна зразумець, хто такі Ленін, у тым ліку ў адносінах да культуры і мастацтва.

Гаварыць пра Леніна складана, бо для многіх людзей у нашай краіне і ў свеце ён усё яшчэ, па словах Маякоўскага, “живее всех живых”. Для нас, беларусаў, ён ніяк не можа стаць “проста” гісторыяй, у тым ліку і ў адносінах да мастацтва і ўвогуле да прасторы культуры.

Цалкам сваё стаўленне да Леніна, а таксама да сацрэалізму ў цэлым, фундамент якога заклаў менавіта пераможца ревалюцыі, я перагледзеў у эпоху гарбачоўскай “перабудовы” ў 1980-я. Пасля няпростых роздумаў прыйшоў да высновы, што так званы сацыялістычны рэалізм, у прыватнасці, у выяўленчым мастацтве, выйшаў з ужытку, і што Ленін як рэвалюцыянер-ідэолаг быў утапістам, які паспрабаваў у маштабах цэлай краіны рэалізаваць свае ўтапічныя ідэі і распаўсюдзіць іх на ўвесь свет. Некаторыя свае думкі наконт гэтага я тады адкрыта мог ужо гаварыць і ў друку (газета “Літаратура і мастацтва”, пазней — у “Культуры”), на розных творчых канферэнцыях Саюза мастакоў, абмеркаваннях выстаў, на пленумах і з’ездах мастакоў, канешне, у асяроддзі сваіх аднадумцаў, куды ўваходзілі і мастацтвазнаўцы — Алег Сурскі, Алег Белавусаў, Уладзімір Бойка, і мастакі — Мікалай Гуціеў, Уладзімір Стальмашонак, Леанід Шчамялёў, Аляксандр Кішчанка... Такіх “дысідэнтаў” ад мастацкай культуры тады было зусім небагата, але яны сталі першымі на Беларусі, хто адважыўся ўзяць пад сумненне існаванне метаду сацрэалізму ў новых умовах.

І вось прайшоў час. Беларусь трыццаць гадоў таму стала дзяржавай незалежнай. Многае ў грамадстве перагледжана ва ўсіх галінах сацыяльнага жыцця, гісторыі краіны, культуры і мастацтва, палітыкі і эканомікі. Павырастала новае пакаленне, “племя младое, незнакомое”, для якога ўсе гэтыя рэвалюцыі з іх героямі, сусветныя і грамадзянскія войны, — проста сівая гісторыя, якая знаходзіцца як бы на задворках іх жыцця і выклікае менш цікавасці, чым, скажам, амерыканскія кінабаевікі, камп’ютарныя гульні, гаджэты, інтэрнэт-прастора. Віртуальны свет моладзі часцяком выцясняе рэальны...

А што змянілася ў нашых адносінах да “вечно живого Ленина”? Аказалася, што для адной групы людзей ён усё яшчэ ікона, для іншых — адваротнае. З гэтага вынікае, што яго фігура і сёння мала разгадана. У тым сэнсе, что аб’ектыўнаму погляду на ідэі і справы гэтага чалавека, які перавярнуў свет дагары нагамі, у абсалютнай большасці выпадкаў месца пакуль няма.

З-пад пэндзля і разца

/i/content/pi/cult/826/17655/29.jpgПамятаеце сусветна-гістарычны афарызм — “Ленін памёр, але справа яго жыве”? Не сакрэт, што справа Ільіча і сапраўды трывала працягвае жыць у нас, у Беларусі. Жыве ў помніках і манументах, у інтэр’ерных бюстах, у назвах вуліц і плошчаў. Ленін, які сядзіць; Ленін, які стаіць з працягнутай у светлую будучыню рукой; Ленін-бюст і Ленін паясны; Ленін на ўвесь рост і Ленін на лаўцы; Ленін-гімназіст і Ленін — кучаравае дзіця; Ленін — у бронзе, граніце, мармуры, алюмініі, гіпсе, бетоне, цэменце, дрэве. Я ўжо маўчу пра сотні Леніных у станковым і манументальным жывапісе, станковай скульптуры, графіцы, плакаце, дэкаратыўна-прыкладном і афарміцельскім мастацтве, кніжнай ілюстрацыі і гэтак далей. Большасць савецкіх мастакоў “чысцілі” сябе “пад Леніна”, дзякуючы якому атрымлівалі ганаровыя званні, добрыя ганарары, дзяржаўныя прэміі і шматлікія іншыя ўзнагароды. Ленін быў па-сапраўднаму іхнім “карміцелем”, асабліва пры стварэнні яго помнікоў і манументаў. У гэтых адносінах у Беларусі на першым плане былі нашы класікі — скульптары З.Азгур, А.Бембель, А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, П. Белавусаў, ленінскія манументальныя творы якіх і сёння ўпрыгожваюць цэнтры гарадоў Гродна, Салігорска, Барысава, Пружан, Бабруйска.

Першы гіпсавы помнік Леніну ў Беларусі з’явіўся ў мястэчку Краснаполле на Магілёўшчыне ў 1922 годзе. Аўтарам яго быў Аляксандр Грубэ, які вылепіў партрэт Леніна, якога ён бачыў на фотаздымках у часопісах і газетах. Пра гэта неўзабаве даведаліся ў Мінску, і “айцы горада” запрасілі скульптара ў сталіцу, абавязкова — з гэтым партрэтам, каб усталяваць яго ў клубе імя Карла Маркса. Грубэ доўга вёз скульптуру гужам па грунтовых дарогах амаль што на руках, бо была яна з засушанай гліны і вагой ў шаснаццаць пудоў! Нарэшце давёз. Бюст Леніна на трыбуне ўсталявалі ўрачыста, пры вялікай колькасці публікі. Гэта вам не жартачкі: першы Ленін у Беларусі! За гэты бюст Аляксандра Грубэ прынялі ў Саюз работнікаў мастацтваў, па-руску — РАБИС.

“Тут жа я атрымаў даручэнне, — калісьці распавядаў мне сам Аляксандр Васільевіч Грубэ, — зрабіць скульптуру Леніна для новага будынка Вышэйшай партшколы. Пад майстэрню адвялі невялічкі закінуты магазін, дзе цягам года працаваў над статуяй правадыра. І за гэты час блізка пазнаёміўся з мінскімі мастакамі. Менавіта ў размовах з імі і ўзнікла ідэя арганізаваць у Мінску Першую Усебеларускую мастацкую выставу...” Дадам, што ў 1930-я гады па праекце Грубэ быў збудаваны помнік Леніну ў горадзе Барысаве (знішчаны падчас вайны). А яшчэ Грубэ прыняў актыўны ўдзел ва Усесаюзным конкурсе па праектаванні помніка Леніну перад тагачаснай новабудоўляй — Домам урада БССР. Тады пераможцам выйшаў ленінградзец Мацвей Манізер.

У дзень смерці правадыра пагранічнікі Жыткавіцкага пагранатрада на Гомельшчыне сабраліся ў чырвоным кутку, выслухалі аповед камандзіра заставы Кавалёва пра рэвалюцыйны шлях Ільіча і тут жа вырашылі збудаваць яму бюст на пастаменце ў выглядзе ступенчатага куба, па баках якога размяшчаліся светлыя вокны. Пагранічнікі лічылі, што “светлыя вокны — гэта святло ленінскіх ідэй, якія азараюць працоўным усяго свету шлях да новага жыцця”. Лёс гэтага твора невядомы...

А яшчэ быў праект, створаны студэнтамі Віцебскага мастацкага тэхнікума пад кіраўніцтвам педагога Міхаіла Керзіна. Ён задумваўся як “манумент цэлай гістарычнай эпохі, звязанай з пераўтварэннем сусвету пасля Кастрычніка”. На складаным шматгранным пастаменце быў усталяваны шар — сімвал Зямлі, — вобраз, які даволі часта выкарыстоўваўся ў першых помніках Леніну. На шары павінна была размяшчацца фігура Ільіча на трыбуне, які звяртаецца з прамовай да рабочых планеты. Агульная вышыня манумента — 18 метраў. Аднак далей за праект справа не зрушыла.

Сляды на вадзе?

Мала хто ведае, але марыў стварыць музей Леніна ў Мінску і першы сакратар КПБ Пётр Машэраў. І вось тут паўстае такое пытанне: ці быў Ленін у Беларусі калі-небудзь хаця б адзін раз? Адназначна скажу — не. Але ў савецкія, дакладней — “машэраўскія” часы партыйная эліта БССР вельмі хацела знайсці хоць нейкі след, які правадыр сусветнага пралетарыяту пакінуў на нашай тэрыторыі. Спецыяльная камісія з Акадэміі навук па заданні ЦК КПБ доўга шукала такі след, каб стварыць у беларускай сталіцы буйны музей Леніна. Шукала-шукала, але знайшла толькі факт таго, што Ленін мог праязджаць праз Мінск 28 ліпеня 1900 года па шляху ў Еўропу. Гадоў сорак таму на Аршанскім вакзале беларускія чыгуначнікі ўсталявалі мемарыяльную дошку, якая апавяшчае, што праз гэты вакзал у верасні 1895 года, вяртаючыся ў Расію, і ў ліпені 1900 года па дарозе ў эміграцыю, праязджаў Ульянаў-Ленін. Стаянка цягніка была прыкладна 15 хвілін, аднак Ільіч наўрад ці выходзіў з купэ... Не ведаю, ці захавалася гэтая мемарыяльная дошка сёння... Аналагічная дошка знаходзіцца і на чыгуначнай станцыі горада Брэста, якая таксама сведчыць, што “У.І. Ульянаў-Ленін у ліпені 1900 года на шляху ў эміграцыю праязджаў чыгуначную станцыю Брэст”.

У БССР было прыкладна каля 600 помнікаў “лепшаму сябру беларускага народа” (у Мінску — 22). За гады Незалежнасці іх стала на 200 менш — у асноўным за кошт дэмантажу з терыторый розных прадпрыемстваў у сувязі з тым, што выявы прыйшлі ў заняпад. Скажам, за апошні час былі дэмантаваны вялікі па памерах помнік Леніну ў Смаргоні пад маркай “рэстаўрацыі”, а таксама знік вялікі бюст правадыра з тэрыторыі Магілёўскага завода штучнага валакна. Пагрудны бюст Ільіча прыбралі таксама і з вуліцы Пушкінскай у Брэсце. Гэта пакуль такія дробныя хады, але пра “дэкамунізацыю” ў Беларусі казаць яшчэ зарана...

Канешне, як лічыцца, лепшы бронзавы Ленін — на галоўнай плошчы рэспублікі — плошчы Незалежнасці, які дасюль кліча чырвонаармейцаў на барацьбу з белапалякамі. Няма слоў, помнік салідны, не халтурны, усё ж аўтары — класік сацрэалізму Мацвей Манізер са знакамітым архітэктарам Іосіфам Лангбардам.

Аднак, на мой чыста суб’ектыўны погляд, месца іншым, менш значным па мастацкіх вартасцях шматлікіх “леніных” — у парку-музеі мастацтва эпохі сацыялізму пад адкрытым небам, які, мабыць, калісьці і з’явіцца. Падобныя мемарыяльныя паркі-музеі сёння паспяхова існуюць. Скажам, Парк мастацтва ў Маскве, дзе можна пабачыць больш за 800 адпаведных эпохе скульптур, таксама ёсць аналагічныя паркі-музеі ў Будапешце і Сафіі. Дарэчы, у гэтым плане нам можна было б трошкі “разгрузіць” мемарыяльны музей-майстэрню Заіра Азгура, дзе знаходзяцца і манументальныя бюсты Леніна і Маркса, якія калісьці стаялі перад будынкам ЦК КПБ, і шмат іншых буйных рэвалюцыянераў розных краін і народаў.

Аднак сам Ленін у найноўшым часе пачаў жыць на планеце ўжо іншым жыццём. З прадмета шанавання ён ператварыўся ва ўдалы гандлёвы брэнд. Напрыклад, гандлёвы знак Lenin, уключаючы рускую транскрыпцыю гэтага слова, дваццаць гадоў таму быў зарэгістраваны ў Міжнароднай арганізацыі па інтэлектуальнай уласнасці кампаніяй Human Bios Gmbh з швейцарскага горада Крайцлінгена...

Барыс Крэпак, заслужаны дзеяч мастацтваў

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"