Студэнцкія тэатры збіраюцца на фестываль у Мінску

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Даты 17-га сезона міжнароднага фестывалю студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар, БДУ — 2020” пераносіліся некалькі разоў. І вось нарэшце з 2 па 5 снежня ён пройдзе на мінскіх сцэнах і ў анлайн-прасторы. Сёлета ўваход на ўсе спектаклі вольны — а гэта будуць пастаноўкі выключна беларускіх калектываў. Замежныя ўдзельнікі пакажуць свае работы анлайн. Яшчэ сярод новаўвядзенняў гэтага года — вызначэнне толькі аднаго пераможцы, уладальніка Гран-пры.

/i/content/pi/cult/826/17653/_opt.jpeg“Тэатральны куфар, БДУ — 2020” прымеркаваны да 100-годдзя авангарднага мастацкага аб’яднання УНОВИС, якое стварыў у Віцебску Казімір Малевіч. І адкрыецца фестываль адпаведным спектаклем — “Уна дачка Казіміра”. У лютым гэтага года пастаноўка ўпрыгожыла маштабнае святкаванне дня нараджэння УНОВИС у Віцебску, і госці, сярод якіх была і ўнучатая пляменніца славутага мастака Івона Малевіч, высока яго ацанілі. Супрэматычны неБалет “Уна дачка Казіміра” віцебскага Народнага маладзёжнага тэатра “Кола” натхнёны супрэматычным балетам, які быў паказаны ў Віцебску ў лютым 1920 года ў адзін вечар з футурыстычнай операй “Перамога над Сонцам”. У спектаклі тэатра “Кола” душа дачкі Малевіча Уны ажывае разам з яго віцебскай работай. Спектакль можна будзе пабачыць 2 снежня а 17-й гадзіне на пляцоўцы Ліцэя БДУ па вуліцы Ульянаўскай у Мінску.

Увогуле, у фестывальнай праграме 12 спектакляў — аматарскіх і прафесійных — з Беларусі, Расіі, Ірана і Бразіліі. Зразумела, што ў параўнанні з мінулымі гадамі геаграфія ўдзельнікаў значна скарацілася, але, нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з пандэміяй, атрымалася сабраць даволі адметныя работы.

У дзень адкрыцця “Тэатральнага куфара” на другой сцэне — у арт-прасторы HIDE па вуліцы Кастрычніцкай — сваю пастаноўку пакажа і гаспадар фестывалю Народны студэнцкі драматычны тэатр БДУ “На балконе”: гэта будзе спектакль “Баладзіна” паводле п’ес славутага польскага паэта і драматурга Юльюша Славацкага. А на закрыццё 5 снежня тэатр БДУ запросіць на прэм’еру — “Азірніся ў гневе” паводле твораў Джона Озбарна. Рэжысёр абодвух спектакляў — Андрэй Саўчанка.

Цягам фестывальных дзён свае работы пакажуць тэатральныя майстэрні “Па факце” і “Студыёзы” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. “Тэатр дакумента” Ганны Сулімы, які таксама прадстаўляе БДУКіМ, прапануе паглядзець перформанс “Запісная”, заснаваны на няскончаным дзённіку вязня гродзенскага гета. Сярод удзельнікаў фестывалю — Заслужаны студэнцкі “Тэатр АРТ” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і тэатральная майстэрня “АГА” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Замежныя ўдзельнікі, чые пастаноўкі будуць паказаны на Youtube-канале фестывалю, — Companhia nova de teatro з Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія), Is theater group з Тэгерана (Іран) і тэатр-студыя “32” з Таганрога (Расія).

Звычайна “Тэатральны куфар, БДУ” акрамя аднаго галоўнага прыза ўручаў мноства іншых у самых розных намінацыях. Сёлета ж будзе вызначаны толькі ўладальнік Гран-пры, прычым вызначаны не прафесійным журы, а самімі гледачамі, якім прапануецца пасля прагляду спектакля запоўніць спецыяльныя бюлетэні.

“Тэатральны куфар” ладзіцца ў БДУ з 2004 года і традыцыйна збірае ў конкурсе да 20 тэатраў. Увогуле, за гады ў фестывалі прынялі ўдзел 230 тэатраў з 65 краін свету. З 2006 года “Тэатральны куфар, БДУ” уваходзіць у Міжнародную асацыяцыю ўніверсітэцкіх тэатраў. І сёлета яго тэатральная традыцыя не перарвалася. Усе паказы на мінскіх сцэнах пройдуць з выкананнем неабходных санітарна-эпідэміялагічных рэкамендацый.