Як упрыгожвалі ёлку на вяселлі

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Працягваем серыю матэрыялаў пра вяселле, распачатую ў “К” № 40 за 3 кастрычніка. На Гомельшчыне і паўднёвай Магілёўшчыне падчас вяселля ўпрыгожвалі ёлку. У Лельчыцкім раёне дрэўца застаецца неабходным атрыбутам і каляндарных свят: Стрэчання (Грамніцаў), Масленіцы. Такі звыклы нам сімвал сустрэчы Новага года, Раства ў лакальных беларускіх традыцыях мае значна шырэйшыя функцыі. Дарэчы, у гэтым тэксце мы пішам слова ёлка праз Ё у значэнні “ўпрыгожанае дрэўца”, а праз Е ў значэнні “проста дрэва”.

/i/content/pi/cult/826/17652/23.jpgЁлка на вяселлі

Звычайна ссякалі жывую невялікую елачку, упрыгожвалі жывымі ці штучнымі кветкамі ды іншымі прыкрасамі. Гэта адбывалася ў хаце бацькоў маладой. Ёлка сімвалізавала маладую ў яе “пераходным” да замужняга жыцця стане, яе дзявоцтва, “красу”.

У вёсцы Багрымавічы Петрыкаўскага раёна прыбраную вясельную ёлку называлі “каліна”. Такое ж найменне выкарыстоўвалася для пазначэння цнатлівасці маладой. Дружына жаніха выкупала дрэўца, потым яго ставілі перад маладымі на вясельны стол. Пасля цырымоніі ёлку маглі разарваць (верылі ў магічныя ўласцівасці частак вясельнага дрэўца) ці прыбіць на хату (пакуль не абсыпалася, потым спаліць). Такім чынам ёлка выконвала яшчэ і апавяшчальную функцыю: паведамляла аб вяселлі, якое нядаўна адбылося.

/i/content/pi/cult/826/17652/24.jpgУ вёсцы Карма Акцябрскага раёна адну вясельную ёлку ўтыкалі ў бохан хлеба (ён станавіўся падобным да каравая, упрыгожанага галінкамі-“вёльцамі”), а другую прывязвалі на дугу каню. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ёлку працягвалі выкарыстоўваць для аздаблення вясельнага транспарта, але ўжо грузавікоў.

Галінкі, якімі ўпрыгожваюць вясельны каравай, тоесныя ёлцы па сімволіцы. Іх называюць “вёльцы”, “вільцэ” — па адной з версій, ад формы, падобнай да вілаў, а па другой — ад складанага ўзаемаўплыву каранёў ел(ь)-, гіль- (голь-) (параўн. “галіна”, “галлё”) і ві-. Часам пра ўпрыгожванне вясельнай ёлкі кажуць “віць”, як пра вянок (пра сімволіку вясельнага вянка “К” пісала ў нумары 44 ад 31 кастрычніка). У адной з юр’еўскіх песень вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, дзе пяецца пра аздабленне каравая, гучыць слова “венцы”. У ваколіцах Камарына пасля вясельнай цырымоніі вёльцы прымацоўваюць на фасадзе хаты, дзе жывуць маладыя, ці нават за акном шматпавярховага дома. Здымаюць вёльцы толькі праз год пасля вяселля. Гэта жывая традыцыя, актуальная ў наш час.

У Лельчыцкім і Калінкавіцкім раёнах, упрыгожваючы вясельную ёлку, выконвалі песню з прыкладна наступнымі словамі (песня даецца з захаваннем дыялекту):

Як му ёлочку радзілі,

У Мозыр по попер ходзілі.

Мы по ельнічку ходзілі,

Свое ножэнькі томілі,

Чэрэвічкі потопталі,

Пока ёлку сподобалі.

Наша ёлка борова/

кучэрава/зэлена,

У боры росла/стояла —

шумела.

Вуліцою/дорогою йшла —

зьвінела,

У сені/у хату зайшла —

зов’яла.

На столе/дворэ стала,

заззяла,

Молоду Ганночку познала.

На нашай ёлцы сто рагоў,

За нашу ёлку сто рублёў.

Дружына маладога выкупала ёлку ў дружыны маладой.

/i/content/pi/cult/826/17652/25.jpgДрэвы ў каляндарных абрадах

Упрыгожанае каляднае дрэўца, у тым ліку хваёвае, вядома ў мясцовых традыцыях усходніх і заходніх славян, паўночна-ўсходняй Балгарыі. Аднак, такія звесткі для Беларусі сустракаюцца толькі на Гродзеншчыне. На астатняй тэрыторыі краіны маглі ўпрыгожваць хваёвымі лапкамі калядную зорку ці палонку, у якой купаліся на Вадохрышча, але невядома, ці гэта не позняя з’ява, выкліканая распаўсюджваннем навагодняй ёлкі ўжо ў савецкі час. Лічыцца, што на з’яўленне калядных ялінак у гарадах Расійскай імперыі паўплывала мода на ўсё нямецкае. У Германіі ж звычай упрыгожваць ёлку мог мець карані ў некаторых лакальных традыцыях. У СССР да 1936 года калядная ялінка была пад забаронай, а потым дазволена як частка святкавання савецкага Новага года. З гарадоў новы звычай паступова распаўсюдзіўся ў вёсках. Таму сёння, размаўляючы са старэйшымі, важна задаваць пытанне, з якога года яны памятаюць калядную ёлку ў бацькоўскай хаце, ці ўпрыгожвалі яе іх бабулі і дзядулі. У беларускай традыцыйнай культуры ролю галоўнай аздобы хаты на Каляды мог адыгрываць саламяны павук ці сноп жыта на покуці. Што цікава, у шведаў саламяны выраб кшталту беларускага павука вешалі ў хаце падчас вяселля.

Вясельную песню, кшталту прыведзенай вышэй, спяваюць і падчас упрыгожвання ёлкі на каляндарныя святы. У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна на Стрэчанне (другая назва свята — Грамніцы, адзначаецца праваслаўнымі 15 лютага) ёлку вязуць па вёсцы, водзяць, трымаючы яе, карагоды і ў канцы свята прымацоўваюць на год да прыдарожнага крыжа. Кажуць: “Шоб так, як наша ёлочка хороша, шоб наша і жызнь была такая хороша!” Старую елачку, якая была на гэтым крыжы з мінулага года, могуць спаліць адразу ж ці на Вялікдзень.

Успаміны старэйшых жыхароў Новага Палесся неаднастайныя: некаторыя ўзгадваюць, што адразу па вайне з ёлкай у руках на санках каталі жанчыну, што нядаўна выйшла замуж, некаторыя — што дзяўчыну на выданне. Кажуць таксама пра дзяцей і падлеткаў як выканаўцаў абрадавых дзеянняў. Апошні варыянт узнаўляецца да сённяшняга дня ўдзельнікамі гурта “Палескія напевы”.

У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна пад згаданую песню ёлку ўпрыгожваюць на Масленіцу. Пра дрэўца кажуць: “Это ж ёлачка як дзяўчына нарадна… сьветлая, ясная і багатая”. Красуню нясуць на гару, дзе адбываецца агульнавясковае святкаванне Масленіцы. У канцы свята ёлку зацягваюць на дуб, вакол якога водзяць карагоды пад вяснянкі.

Гуканне вясны на Масленіцу з упрыгожанай ёлкай вядома і ў іншых вёсках Лельчыцкага раёна, а таксама ў Петрыкаўскім. Вечназялёнае дрэўца трымаюць у руках ці ставяць у сярэдзіну карагода; часам ёлка ўтыркнута ў каравай. Акрамя беларускага Палесся, звычай прыбіраць ялінку на Масленіцу вядомы на Браншчыне, зрэдку сустракаецца ў заходніх славян.

Яловыя галінкі прыносілі ў хату да Вялікадня ў Бярэзінскім, Лідскім, Пружанскім, Дзятлаўскім раёнах. Іх упрыгожвалі папяровымі кветкамі, стужкамі, размаляваным яечным шкарлупіннем. У Лідскім і Дзятлаўскім раёнах замест галінак маглі ставіць маленькія велікодныя ёлачкі.

Семантыка і паходжанне рытуалаў з ёлкай

Ад Калядаў да Масленіцы доўжыцца “малая вясельніца”, калі, як і ўвосень, у “вялікую вясельніцу” ад Пакроваў да пачатку посту, царква дазваляла ствараць сем’і. На “малую вясельніцу” прыпадаюць Грамніцы. То-бок усе ўрачыстасці, калі на Гомельшчыне і паўднёвай Магілёўшчыне ўпрыгожвалі ёлку, аб’яднаныя гэтым каляндарным перыядам. Таму перасоўванне рытуалаў з дрэўцам магло адбывацца дзякуючы блізкасці па часе святаў, да якіх яны прымяркоўваліся. Аднак, блізкая і семантыка гэтых святаў: упрыгожаная ёлка пазначае “пераходныя” характарыстыкі часу, калі яе аздаблялі. На вяселлі адбываўся пераход маладых з несямейнага ў сямейны статус, Масленіца мае рысы навалецця, змены сезонаў, пераходу ад зімы да вясны, які ў беларускіх лакальных традыцыях “расцягваўся” ад Грамніц да Вялікадня.

Да “пераходнай” сімволікі ўпрыгожанай ёлкі варта прыгадаць і жывы дасюль звычай кідаць яловыя лапкі на дарогу, праводзячы памерлага ў апошні шлях. Чаму менавіта елка? Магчыма, вечназялёная расліна выкарыстоўваецца на пахаванні для абазначэння непарыўнасці жыццёвага кола. Верагодна, гэта характарыстыка дрэва абумоўлівае выкарыстанне елкі ў абрадах пераходу як жыццёвага, так і каляндарнага цыкла. Упрыгожаная ялінка адсылае да вобраза райскага дрэва.

На Палессі для тых, хто памёр, не стварыўшы сям’ю, падчас пахавання ўпрыгожвалі дрэўца кшталту вясельнага. Дрэвы на магіле, і, шырэй, іх вобразы ў фальклорных творах розных жанраў дазваляюць казаць пра сімволіку дрэва як восі Сусвету, праз якую здзяйснялася сувязь між “гэтым” і “тым” светам. Такім чынам, абрадавая ёлка з’яўляецца рытуальным варыянтам сусветнага дрэва, а ўсё, што адбываецца вакол яе, здзяйсняецца як бы ў цэнтры свету ў момант яго нараджэння, пачатку.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі