“Кузня” сучаснай архаікі

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Памятаеце? На досвітку ХХ стагоддзя “Рускія сезоны ў Парыжы” скаланулі сваёй неўтаймоўнай энергетыкай выхаваную на вытанчаным імпрэсіянізме Еўропу. Гісторыя, падобна на тое, паўтараецца: на досвітку ХХІ стагоддзя рамантыку Брамса, Бруха ды Чайкоўскага абвергне “Паганскае дзейства” Вячаслава Кузняцова. Прэм’ера гэтага твора, прызначанага аўтарам “для вялікага сімфанічнага аркестра і аўтэнтычных інструментаў”, павінна прагучаць 7 кастрычніка на ўрачыстым адкрыцці ІІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета.

— Тыдні тры таму, — расказаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кампазітар Вячаслаў КУЗНЯЦОЎ, — да мяне звярнуўся мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер і прапанаваў напісаць твор хвіліны на чатыры, у якім аркестр на чале з Башметам граў бы з двума фальклорнымі калектывамі — беларускім і расійскім. Я хацеў адмовіцца: маўляў, праз некалькі дзён еду на Міжнародны фестываль “Варшаўская восень”. Але потым з’явілася цікавая ідэя, я захапіўся — і праз тыдзень аддаў гатовую партытуру ў аркестр.

Нічога сабе тэмпы, падумалася. Ды як усё ж узнік “дударова-ражковы” авангард Кузняцова? Сам ён, вядома, адкажа проста: сеў ды напісаў. Але ўсе ягоныя творы вылучаюцца надзвычай арыгінальнымі аўтарскімі канцэпцыямі. І калі “разыначка” гэтага — у небывалым спалучэнні акадэмічных музыкантаў з такімі “народнымі музыкамі”, дык як дасягнуць паміж імі гармоніі? Няўжо кампазітар так і пакіне іх у супрацьстаянні? Адказы на ўсё гэта можна знайсці нават не на прэм’еры, дзе да занатаванай першакрыніцы далучаецца выканальніцкая версія, а хіба ў партытуры.

Гартаю ноты. Драматургія — папраўдзе санатна-сімфанічная. Следам за аркестравым імпульсам пачынаецца “экспазіцыя” фальклорных гучанняў — беларускага і рускага. Потым — іх перазовы. На кульмінацыі аркестр змяняе санорыку большай распеўнасцю, і ўсё завяршаецца даволі гімнічна-гарманічна. Але ж як ашчадна ставіцца творца да выканаўцаў! Ён разумее, што пры развучванні яны таксама сутыкнуцца з цэйтнотам, і бачыць у іх ледзь не “сааўтараў” — дазваляе імправізаваць на “зададзеную тэму”, якая, падобна на тое, была зададзена… імі самімі?

— Я папрасіў кіраўніка ансамбля дудароў Уладзіміра Грома, — дае сціслы каментарый В.Кузняцоў, — прайграць мне некалькі папевак, якія яны звычайна выконваюць. Абраў тыя, што былі мне неабходны: хай дудары граюць нязмушана, вольна, як гэта бывае ў народным музіцыраванні. Гром хацеў яшчэ гармонік далучыць, але я адмовіўся: навошта змешваць архаіку з ХІХ стагоддзем? Тое ж — з расійскім фальклорам: я абраў неабходныя тэмбры ражкоў і папеўку з прапанаванага мне кампакт-дыска расійскага ансамбля. Ну, а ўжо як атрымаецца — пачуем. Хвалююся, бо напісаць прасілі менавіта ўверцюру да канцэрта, і я споўніў гэтае пажаданне. Ну, не на чатыры хвіліны (іх для такога твора, безумоўна, мала) — хвілін на сем. Але калі ўбачыў на афішах, што твор пазначаны апошнім, засумняваўся, ці варта ставіць яго на фінал канцэрта. Але тут ужо, мабыць, пытанне вырашыць дырыжор…

Дырыжыраваць Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі ў гэты вечар будзе народны артыст СССР Юрый Башмет. Але першае аддзяленне канцэрта будзе не сімфанічным, а камерным: публіка пачуе ансамблевую ігру самога Башмета (альт), Наталлі Гутман (віяланчэль) і Расціслава Крымера (фартэпіяна).

Другое павінна пачацца з’яўленнем новых дзейных асоб — сусветна вядомага скрыпача Віктара Траццякова і нашага аркестра. Ну, а следам за знакамітымі “Варыяцыямі на тэму ракако” П.Чайкоўскага, трэба думаць, грымне кузняцоўская архаіка на сучасны лад.


Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Руслана АНАНЬЕВА
На здымку: В.Кузняцоў
з “архаічнай” маскай уласнага вырабу.