Сфармаваныя новай рэчаіснасцю

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

У Мінску ў Верхнім горадзе ў галерэі “Высокае месца” зараз экспануюцца творчыя работы прадстаўнікоў сучаснага эстонскага мастацтва. Зразумела, гэта не ўвесь культурніцкі абшар нашай суседкі па Балтыйскім рэгіёне, але даволі цікавы ў канцэптуальным сегменце — творчасць 11 маладых мастакоў, сфармаваных у рэчаіснасці новай постсавецкай Эстоніі.

/i/content/pi/cult/826/17648/17.jpgКалі я чую назву краіны, пра якую я маю хоць нейкае ўяўленне, перад вачыма паўстае знакавая для мяне выява — прыродны краявід, помнік дойлідства, твор мастацтва, нейкі артэфакт. Пры слове “Эстонія” я згадваю 1989 год, Балтыйскую асамблею ў Таліне, дзе я прысутнічаў як журналіст. Калі вяртаўся назад, дадому ў Беларусь, мы спыніліся ў прыдарожнай кавярні, пабудаванай у этнаграфічным стылі. Вось і запомнілася: падобны на беларускі, сціплы краявід, дагледжаная прырода, дзе чалавек прысутнічае хіба “за кадрам”, прыгожая ў сваёй лаканічнасці і функцыянальнасці пабудова, а перад ёй агароджаная пляцоўка. На кутах агароджы, зноў такі зробленай у адзінай стылістыцы з домам, паслядоўна загараюцца, гаснуць, загараюцца, мільгацяць агеньчыкі. І недзе на даху, трохі ў вечаровых прыцемках, лунае вялікі эстонскі трыкалор — бела-сіне-чорны.

Я невыпадкова згадаў гэты эпізод. Мне падаецца, што народнае разуменне прыгажосці выяўляецца не толькі ў эксклюзіўных музейных рэчах, але і ў побытавых дробязях. Таму для мяне ў тым эпізодзе, нібы у формуле, выявілася эстонская эстэтыка: памкненне максімальна захаваць прыроднае і гістарычна сфармаванае навакольнае асяроддзе, майстэрская, сугучная асяроддзю стылізацыя пад даўніну і выразная нацыянальная пазначанасць.

Думаю, тыя ж каштоўнасці, тую ж мастацкую філасофію спавядаюць і маладыя творцы, што прэзентуюць зараз мастацтва Эстоніі ў Мінску.

Выстава названа проста — “Новае эстонскае мастацтва. Кераміка. Жывапіс. Шкло. Тэкстыль”. На выставе 11 мастакоў, чый творчы шлях распачаўся ў ХХІ стагоддзі. Гэта Грыслі Сопе-Кахар, Ліізі Йорд, Аляксандра Паўлянкова, Каўры Калас, Йоханна Ульфсак, Карын Строхм, Антка Кійдрон, Данел Кахар, Ало Валге, Мір’ям Хін, Каспар Тамсалу.

Калі можна гаварыць пра нейкія прынцыповыя адрозненні ў творчых методыках нашых і эстонскіх мастакоў, дык я звярну ўвагу на адну акалічнасць. Нашы ідуць да абстракцыянізму, адштурхоўваючыся ад рэалістычнай глебы, а вось эстонцы зыходна мысляць абстрактнымі вобразамі, пры неабходнасці дапаўняючы іх рэалістычным кампанентам.Так мне падаецца. І яшчэ: тое, што ў нас трактуецца як эксперымент, які патрабуе праверкі часам, нашы госці трактуюць як закончаны і самадастатковы твор. Калі казаць пра жывапіс, магчыма, гэта спосаб засваення сусветнага досведу і папулярызацыі яго ў культурніцкай грамадзе.

А дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якое і за савецкім часам было эстонскім брэндам, і зараз мае добры патэнцыял і захоўвае моцныя пазіцыі. Але зноў жа пры выразным эксперыментальным чынніку. Тут ёсць рэчы і вельмі эстэцкія, і эстэтычна правакацыйныя, разлічаныя на прыцягненне ўвагі ў спадзяванні, што глядач, пабачыўшы такое, узбагаціцца новым поглядам на звыклыя з’явы.

Думаю, выстава гэтая цікавая найперш прафесіяналам. Бо нельга выключаць, што падобным будзе заўтрашні дзень нашага мастацтва. А зазірнуць у будучыню заўжды цікава, асабліва творцам гэтай самай будучыні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"