Не толькі маршы духавога аркестра

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

У лістападзе студэнцкі духавы аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на чале з Максімам Расохам выйшлі да публікі з працягам канцэртнага цыкла “Вобразы вайны і міру ў творчасці беларускіх кампазітараў”. Калі першая праграма гэтага праекта, падтрыманага грантам Прэзідэнта Беларусі на 2020 год, была прысвечана кампазітарам-юбілярам (гл. “К”, № 43), дык цяперашняя дазваляе паслядоўна прасачыць развіццё духавой аркестравай музыкі нашай краіны за апошнія 75 гадоў, пачынаючы акурат з 1945-га.

/i/content/pi/cult/826/17647/16.jpgНа партытуры Пятра Падкавырава “Радасць Перамогі”, як распавёў са сцэны мастацкі кіраўнік і дырыжор калектыву Максім Расоха, была пазначана дата завяршэння гэтага маршу — 20 чэрвеня 1945 года. Адкрыццём для многіх сталі і грандыёзныя гучанні ўсяго аркестра, дзе інструменты не замінаюць адзін аднаму, і ўменне кампазітара развіваць матэрыял, прычым не толькі праз тэмбравае вар’іраванне, і сама інтанацыйнасць твора. У крайніх частках — пераможная класіцысцкая героіка як працяг бетховенскіх традыцый, нават некаторыя спасылкі на знакаміты трыумфальны Марш з оперы Дж.Вердзі “Аіда”. А ў сярэдзіне — беларуская стрыманасць пачуццяў, сцішанасць, што вымушае ўшанаваць загінуўшых “хвілінай маўчання” (заўважым, што ў пасляваенны час згадкі пра ахвяры былі не проста не прыняты, а ўвогуле забаронены), уласна беларускія інтанацыі. Між тым, кампазітар не чуў іх з дзяцінства, бо прыехаў да нас са Свярдлоўска (цяпер гэта Екацярынбург), стаў студэнтам нашай кансерваторыі, а ў вайну жыў на сваёй радзіме ў Майкопе.

Выкананне гэтага і іншых беларускіх твораў стала вынікам актыўных нотных пошукаў, праведзеных Максімам Расохам у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэта далёка не першы такі зварот музыканта да архіўных крыніц. Бо дагэтуль былі не толькі шматлікія аркестравыя, але і ансамблевыя праграмы, заснаваныя пераважна на ўласных пералажэннях беларускай музыкі для пэўных выканальніцкіх складаў. Цяперашні ж цыкл звернуты прынцыпова да арыгінальных партытур, што дазваляе напоўніцу ацаніць айчыннае кампазітарскае мысленне і яго змены ў дачыненні да духавога аркестра цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

Уважліва гартаючы аўтарскія арыгіналы, выканаўца і даследчык звярнуў увагу на заклееную назву твора Самуіла Палонскага. Паспрабаваў прыўзняць тую наклейку — і даведаўся, што пачаткова, у 1952 годзе, твор называўся “Дума пра Сталіна на тэмы беларускіх песень пра Сталіна”. Чым не музычны дакумент эпохі? Бо пры жыцці “спадчынніка Леніна” гімнічныя ўслаўленні ў ягоны гонар складаліся ў вялікай колькасці, у тым ліку калектыўна і ананімна, сімвалізуючы новы віток нацыянальнага мастацтва і фальклору, дзе героіка і эпіка няпростага часу суседнічаюць з радаснай танцавальнасцю. Інтанацыі песень мінулай грамадзянскай вайны і мелодый у гонар шчаслівага жыцця, якіх таксама стваралася багата, чуліся і ў “Беларускім маршы” гэтага кампазітара. Дырыжор дадаў, што той жа музычны матыў быў выкарыстаны ў “Фестывальным маршы” Яўгена Цікоцкага — пэўна, калісьці мелодыя была папулярнай, а сёння мы нават не ведаем, як называўся той узор ананімнага “навадзелу”.

Яшчэ адзін творца, Юрый Бяльзацкі, які насамрэч быў Ежы, бо родам з Польшчы, сёння вядомы найперш як кіраўнік Дзяржджаза БССР (дарэчы, менавіта па ягонай просьбе ў гэты калектыў, афіцыйна заснаваны 1 студзеня 1940 года, запрасілі знакамітага Эдзі Рознэра, які на той час знаходзіўся ў Львове). Між іншым, ён пакінуў пасля сябе даволі шмат твораў. Да прыкладу, музыку да фільма 1960 года “Наперадзе — круты паварот”. Вальс адтуль (а быў сыграны таксама “Маленькі галоп”) аказаўся даволі рамантычным, хаця аркестр і надаў яму рысы прыкладнога жанра, падкрэсліваючы праславутае “раз-два-тры, раз-два-тры...”

Больш за іншых звяртаўся да духавога аркестра Эдуард Казачкоў. Сярод яго твораў ёсць нават харавая кантата з удзелам менавіта такога аркестравага складу. Ураджэнец Гомеля, колішні выпускнік Анатоля Багатырова, на пасадзе ваеннага дырыжора ён аб’ехаў бязмежныя прасторы Расіі, вярнуўся ў Беларусь, а цяпер жыве ў Ізраілі. У некаторых прэзентаваных яго опусах паўстаў “прывід” знакамітага “Танца з шаблямі” Арама Хачатурана, а музычная карціна “Ля вечнага агня” з усёй яе ўрачыстасцю заканчвалася сапраўдным зваротам да вечнасці — таямнічымі званочкамі-бліскаўкамі, што быццам ляцелі з духоўным пасланнем у нябёсы. Вельмі ўразіла Канцэртная п’еса Э.Казачкова — не толькі смелым зваротам аўтара да сольнай тубы з аркестрам (для гэтага інструмента не так часта пішуць сола, а тым больш у суправаджэнні вялізнага духавога складу), але і майстэрствам выканаўцы — студэнта 3 курса Паўла Рыжко.

Завяршалася праграма музыкай ХХІ стагоддзя — зусім новымі творамі Віктара Войціка. “Па цяперашніх мерках, я “састарэлы” кампазітар, — пажартаваў ён пра сябе ў закуліссі. — Маладыя творцы ўсё больш схільныя да медытацыі, я ж імкнуся да меладычнасці”. У тым, што прыгажосць і вобразнасць не могуць састарэць, пераканала не толькі ягоная Сімфаньета, поўная танцавальна-кірмашовых і казачных тэм, але і прэм’ера Сюіты “Камедыя ў эпізодах і тварах (паводле Чэхава)” — з яе тэмбравай разнастайнасцю, нечаканымі кадэнцыямі, тонкімі спасылкамі на творчасць пісьменніка, пачынаючы з яго ранніх апавяданняў.

Ну, а тое, што канцэрты гэтага праекта пачынаюцца эфектнымі фанфарамі (дарэчы, без дырыжора), а заканчваюцца выкананнем на біс апошняга нумара — удвая хутчэй (на гэты раз ім стаў фінальны ў сюіце Галоп), ужо традыцыя. Наперадзе — фінальная трэцяя праграма цыкла і, будзем спадзявацца, выданне магнітаальбома з некалькіх кампакт-дыскаў. А яшчэ раней, 11 снежня, Максім Расоха павінен правесці вечарыну ў Гомелі з тамтэйшым Канцэртным аркестрам. Праграма “Залатая труба джаза” будзе прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння Эдзі Рознэра і 80-годдзю беларускага джаза.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"