Наіўная пастараль

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

У інсітнага, ці наіўнага, мастацтва Віцебшчыны, якое сёлета атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, вялікія і даўнія традыцыі, што сягаюць у глыб стагоддзяў. І ў нашай сучаснасці сярод самадзейных мастакоў ёсць свае знакамітасці, свае мэтры. Віцябчанка Антаніна МАІСЕЕВА — адна з самых вядомых і паважаных мастачак: яна многа выстаўляецца ў Беларусі і за мяжой, карціны можна пабачыць і ў музеях. Калісьці мужа Антаніны Максімаўны — знакамітага прафесійнага мастака Ісака Бароўскага — называлі ў Віцебску адным з лепшых, а цяпер знакамітай, толькі ў галіне інсіта, стала і яна сама. Да выставы INSITUS, што гэтымі днямі з вялікім поспехам праходзіць у Віцебску, прымеркавана прэзентацыя альбома Антаніны Маісеевай “Жыццё ў карцінках”— а ад гэтых карцінак усім радасна і цёпла.

/i/content/pi/cult/826/17645/13.jpg— Унаш час выдаць альбом — не вельмі лёгкая задача і для прафесійнага мастака. Як у вас атрымалася?

— Дай Бог здароўя майму добраму сябру Віктару Фарберу і маёй “хроснай маці” ў жывапісе Людміле Вакар! Віктар Львовіч — вядомы ў Віцебску прадпрымальнік і мецэнат: калі два гады таму мы пачыналі рыхтаваць альбом, ён узяўся дапамагчы, і вось нават зараз у не самай спрыяльнай фінансавай сітуацыі не адмовіўся ад свайго абяцання. Нам удалося выдаць вялікі альбом, на добрай паперы, у цвёрдай вокладцы: у яго ўвайшло больш за 300 карцін, а яшчэ і мае невялічкія расповеды пра нейкія жыццёвыя сітуацыі, вершы. Кніга на беларускай мове, і яе стварэнне — заслуга мастацтвазнаўцы Людмілы Уладзіміраўны Вакар, якая вельмі добра разбіраецца ў інсітным, ці наіўным, мастацтве. Яна і канцэпцыю альбома прыдумала, і напісала ўступнае слова.

/i/content/pi/cult/826/17645/moiseeva-S-2.jpg— А ці даўно вы малюеце, сапраўды ніколі гэтаму не вучыліся?

— Не вучылася, і пачала маляваць толькі 20 гадоў таму, калі мне было ўжо за 50. Хаця і да таго вельмі любіла мастацтва, і муж — Ісак Бароўскі, які быў членам Саюза мастакоў — прывіў мне сапраўдную любоў да жывапісу, многа расказваў, паказваў. У 91-м годзе ён памёр, і толькі праз 9 гадоў пасля яго смерці я паспрабавала зрабіць нешта сама — бо дома і пэндзлі ляжалі, і фарбы сохлі, і кардон застаўся. А Людміла Вакар рыхтавала альбом па творчасці мужа, і аднойчы ўбачыла маю… хацелася сказаць “мазню” (смех) — пабачыла мае малюнкі. Аказваецца, яна не толькі ў прафесійным мастацтве разбіраецца, але і ў інсітным. І яна сказала: “О, гэта вельмі цікава, давайце малюйце!” І такім чынам стала накіроўваць мяне ў гэтай справе. Літаральна праз год у мяне адбылася ўжо персанальная выстава, потым я ўступіла ў наш віцебскі клуб мастакоў-аматараў “Контур”. Так яно і пайшло.

Я сама хацела проста выказацца праз жывапіс, напісаць тое, што мне ў жыцці запомнілася, тое, што для мяне дорага. А дорагі мне і сабачкі з коцікамі, і кароўкі з козачкамі. Усіх я любіла, усіх шкадавала. Вось іх і пачала маляваць. А людзям гэта аказалася вельмі цікавым.

/i/content/pi/cult/826/17645/moiseeva-S-4.jpg— І козачкі, і сялянскія сюжэты, і любоў да прыроды — гэта з вашага вясковага дзяцінства?

— Канешне, усё ідзе з дзяцінства, як у любога чалавека. Я нарадзілася пасля вайны на хутары Сякірына, заканчвала школу ў Астроўне — гэта ўсё тут, у Бешанковіцкім раёне. Адвучылася ў Ленінградзе ў інстытуце культуры і 36 гадоў адпрацавала ў Віцебску бібліятэкарам. На хутары мы жылі ў старой дзедавай хатцы, і зімой у халадэчу козачак дык бралі ў дом, і я зусім малой адна з імі заставалася. Браты і сястра — у школу, а я з козачкамі дома, яны як сяброўкі мне былі. Потым коней вельмі палюбіла, а як кароўка ў нас свая з’явілася — дык проста шчасце! Праз многа-многа гадоў я іх усіх намалявала па памяці. І карціна “Вёсачка маёй калыскі” прысвечана Сякірына. І хоць у Астроўне родных у мяне ўжо не засталося, я часта ездзіла туды да маёй блізкай сяброўкі, і па вяртанні заўсёды малявала новыя карціны. У мяне і “Пасадка бульбы” ёсць, і “Уборка сена”, і сялянскае вяселле. Многім падабаецца і “Маленькая гаспадыня вялікага двара” — там дзяўчынка сядзіць на ганку і абдымае вялікую курыцу. Ці з даўніх мая любімая “Па раннім снезе” — гусі ідуць да вады. Гэтую карціну калісьці забралі на выставу ў Маскву, так і не вярнулі.

/i/content/pi/cult/826/17645/moiseeva-S-3.jpg— Жывёліны — даволі значная частка вашай творчасці. Кажуць, што ў вас даволі рэдкая манера — у кожнага героя свой характар, свой “выраз твару”. Вы іх, мабыць, вельмі любіце.

— Вось мы з вамі размаўляем, а побач са мной ляжыць мая Найдачка, такі ўжо харошы сабачка! Яму 13 гадоў, і па яго позірках я падчас дакладна ведаю, што ён хоча сказаць. Канешне ж, я напісала некалькі яго партрэтаў. Потым коціка маладзенькага, які паміраў з абадраным хвосцікам, мы знайшлі, а вырас такі беленькі прыгажун: таксама герой маіх карцін. Ці на двары, як выходжу з сабакам гуляць і катоў падкарміць дваровых, то з аднаго боку яны бягуць за ежай, а з другога — вароны сядзяць, чакаюць сваёй чаргі: і такая карціна ў альбоме ёсць. А калі быў свіны грып і свінак забівалі, мне іх так шкада было, што я напісала з вялікім болем два творы з парсючкамі.

Ды й у самых розных маіх сюжэтах знаходзіцца месца для жывёлін! Бо яны ж заўсёды побач з людзьмі, яны ўпрыгожваюць наша жыццё, без іх было б неяк пуста. Вось, напрыклад, “Вяртанне з лыжнай прагулкі” — я бягу на лыжах, са мной бяжыць і сабака. Ці “Масленіца” — вялікая работа, часта кажуць, што яна ў мяне адна з лепшых, я малявала яе ў нашым Мазурыне — побач з людьмі там і сабака.

Але нямала ў мяне і розных іншых, гарадскіх сюжэтаў. Зараз заканчваю працу над адным — “Уборка снегу”: я выбрала, каб на карціне была наша вуліца Чэхава. Вельмі люблю алею па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, і таксама напісала. Ці ёсць такі даволі значны твор — “На катку ля амфітэатра”. І іншых “гарадскіх” нямала.

— Цяпер можна сказаць, што вы знайшлі сваё прызванне ў выяўленчым мастацтве. А бібліятэкарства было прызваннем?

— Несумненна! Мне вельмі падабалася — а працавала я ў бібліятэцы 57-га вучылішча будаўнікоў. Я ж сама па сабе чалавек актыўны, дзейны — і розныя вечарыны ладзіла, і мастакоў да нас запрашала, і пісьменнікаў з паэтамі. Выдатны быў час! Тады ж за ведамі, за інфармацыяй, у тым ліку і культурнай, людзі прыходзілі ў бібліятэку — вельмі важнае для іх месца.Мы для нашых вучняў і святы арганізоўвалі, і чытацкія канферэнцыі, і многае іншае.

— У сэнсе, вы былі не такім бібліятэкарам, які толькі кніжкі выдае.

— Не-не-не, дакладна не такім.(смех) Ды й зараз я не вельмі спакойная пенсіянерка. Увесь час хочацца куды-небудзь паехаць, штосьці зрабіць, штосьці паглядзець… Я ж потым, ужо на пенсіі, і 12 гадоў адпрацавала музейным наглядчыкам у нашым краязнаўчым музеі.

— Ваша любоў да кнігі, любоў да літаратуры выявілася і ў серыі вельмі адметных партрэтаў пісьменнікаў.

— Першымі я напісала партрэты Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава — гэта, можна сказаць, уладары маіх думак. Пазней з’явіліся і Рыгор Барадулін, і наш віцебскі Давыд Сімановіч. Калісьці мяне моцна натхніла паездка ў Оршу ў музей Караткевіча — я там пабачыла партрэт, створаны нашым віцебскім мастаком Алегам Скавародкам, паглядзела на Днепр, на родны дом пісьменніка. І ўсё гэта ўклалася ў карціну. А Быкава я напісала з фрагментамі яго твораў пра вайну. Сам Васіль Уладзіміравіч стаіць ля бярозкі, з аднаго боку ваенная дарога, з другога — дарога да дому і маці, што чакае. За аснову партрэта Рыгора Барадуліна, дзе ён у нацыянальным строі, я ўзяла яго родныя Ушачы, ад якіх ідзе дарога быццам у Мінск, у якім паэт жыў. У апошнія гады я неяк па-новаму ацаніла сваіх любімых беларускіх пісьменнікаў, стала нават болей захапляцца — бо сапраўднае разуменне з узростам прыходзіць.У мяне ёсць карціны і з Ганнай Ахматавай — я была на яе дачы ў Камарове, і з Пушкіным, і з Бродскім — іх я таксама люблю. Хачу напісаць Лермантава.

/i/content/pi/cult/826/17645/moiseeva-S.jpg

— Нават партрэты пісьменнікаў у вас такія нейкія трохі казачныя, напоўненыя цеплынёй і светам.

— Мабыць, так адлюстроўваецца маё стаўленне — бо я іх усіх люблю, можа, нават трошкі ідэалізую. І яшчэ ў мяне многа работ прысвечана Марку Шагалу: хіба ж гэта магчыма — жыць у яго горадзе і не прысвяціць што-небудзь? Я смела ўзялася за гэтую тэму, калі яшчэ і пісаць не надта ўмела, — і ў мяне з’явілася “Вяртанне Марка Шагала”. Карціну адразу набыў музей наіўнага мастацтва ў Маскве: увогуле, у гэтым музеі зараз чатыры мае работы ёсць, і ў польскім музеі чатыры. А потым я напісала і трыпціх пра Марка Шагала. Мастакі мяне хвалілі, і нават мастацтвазнаўца Яўгенія Маркаўна Кічына, якая моцна паспрыяла вяртанню імя Марка Шагала на Радзіму, казала мне — пішыце, пішыце яго, у вас гэта атрымліваецца!

— А ці здаралася вам як наіўнаму мастаку сустракацца з нейкай пагардай ад прафесійных творцаў, ці казалі вам нешта кшталту таго, што маляваць вы не ўмееце і дарма гэта робіце?

— Людзі трапляюцца розныя, але я ў асноўным сутыкалася з добрым стаўленнем. Прафесійныя мастакі заўсёды прыязна выказваліся — можа, таму, што ў нас, самадзейных, яны не бачаць канкурэнтаў? (смех) Але ім сапраўды бывае цікава. Мастацтвазнаўцы дык і хваляць. Вось Міхась Цыбульскі, кандыдат навук, пра мяне і ў газеце пісаў. Пабачыў колісь маю карціну з двума даберманамі, і кажа — як цікава, як смела, як цудоўна! Маўляў, усё не як у прафесіяналаў, але ніхто з іх так і не здолеў бы напісаць.

Мне, канешне, прыемна, але ж пішу я не для таго, каб мяне нехта хваліў. Па-першае, мне самой гэта вельмі цікава. Па-другое, калі мае карціны падабаюцца людзям, калі ім ад іх становіцца лёгка на душы і жыццё падаецца не такім змрочным, то гэта проста выдатна. У мяне дзе як што выставіцца — а нядаўна ў нашай бібліятэцы імя Караткевіча была падборка маіх козачак, ці ў дзіцяча-юнацкім цэнтры “Маладзік” стаялі карціны — дык мяне потым просяць, каб я іх не здымала, каб яны яшчэ падолей пабылі. Вось гэта тое, што прыносіць сапраўдную радасць, — калі я сама магу прынесці людзям радасць.