Зямля Фердынанда Рушчыца

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

У адным з апошніх нумароў “К” (№ 46, 2020 год) мы зрабілі анонс публікацыі, у якой запланавалі распавесці нашым чытачам пра намер аднаўлення сядзібы старога беларускага роду Рушчыцаў у Багданаве. Сядзіба гэта вядома перш наперш тым, што тут нарадзіўся і памёр вялікі мастак Фердынанд Рушчыц (1870 — 1936). 10 снежня мы адзначым 150-ю гадавіну з дня яго нараджэння. “Намер аднаўлення” з канца 2014 года даволі рэгулярна з’яўляецца на старонках беларускіх СМІ, у тым ліку і нашай газеты. Ці адбыліся якія-небудзь зрухі на зямлі Рушчыца, ці “намеры” пакуль застаюцца “намерамі”, — пра ўсё гэта ў нашым матэрыяле.

/i/content/pi/cult/826/17644/11.jpgПлан такі

1 лістапада 2014 года ў “К” выйшла публікацыя Барыса Крэпака “Я пабачыў “Зямлю” вачыма Рушчыца”. У ёй асвятляўся візіт у Беларусь унука мастака, таксама Фердынанда Рушчыца. Падчас сустрэчы з тагачасным міністрам культуры Беларусі адбылася размова пра “…перспектывы будучага адраджэння маёнтка Багданаў, аб далейшым увекавечанні памяці мастака...” Пазней, у размове са спадаром Крэпаком, Рушчыц-малодшы так прадставіў перспектывы праекта: “ І хачу дажыць да таго дня, калі ўбачу адроджаную, абноўленую сядзібу Рушчыцаў, дзе будуць працаваць культурна-адукацыйны цэнтр, ладзяцца дзіцячыя і “дарослыя” міжнародныя пленэры, выстаўкі, творчыя канферэнцыі, сустрэчы за “круглым сталом”, турыстычныя мерапрыемствы. Разумею, што гэта патрабуе шмат намаганняў. Я вельмі разлічваю на дапамогу спецыялістаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, на Міністэрства культуры вашай краіны, на спонсараў і мясцовыя ўлады — словам, на ўсіх тых людзей, для каго імя майго дзеда штосьці значыць. Канешне, гэта праект будучага. Трэба будзе прайсці некалькі ўзроўняў падрыхтоўкі, каб дайсці да сутнасці такіх акцый, бо, на жаль, мала што захавалася ад былога маёнтка сям’і Рушчыцаў. І ад адраджэння па захаваных чарцяжах дома мастака ды ўсёй сядзібы да “прэзентацыі” гэтага цуду — дыстанцыя немалая. Але хачу верыць, што за наступную пяцігодку нешта з’явіцца. А пакуль, ведаю, беларускім Міністэрствам культуры хутка будзе зацверджаны адпаведны Аргкамітэт, які зможа ўзяць усе пытанні па далейшым ушанаванні памяці Фердынанда Рушчыца, уключаючы арганізацыю выстаўкі твораў мастака з музейных фондаў Польшчы, Літвы, Расіі, прыватных калекцый, праектаванне работ па аднаўленні багданаўскай сядзібы Рушчыцаў з Культурна-адукацыйным цэнтрам, па падрыхтоўцы альбома аб творчасці мастака і г.д…”

Сапраўды, ад сядзібы Рушчыцаў сёння практычна нічога не засталося, хіба сціплыя вясковыя могілкі, дзе пахаваны прадстаўнікі роду, ды падмуркі іхніх дамоў. Ну, яшчэ — ручай і старыя дрэвы. Але, калі ўспомніць, як адраджалася сядзіба Ільі Рэпіна ў віцебскім Здраўнёве ды іншыя знакамітыя архітэктурныя і культурныя “артэфакты” ў нашай краіне, то ёсць надзея, што мы дажывем яшчэ да аднаго свята ў нашай вялікай духоўнай прасторы…”

/i/content/pi/cult/826/17644/12.jpgЗроблена за пяць гадоў

Што і казаць, думкі слушныя і план годны рэалізацыі. Але прайшоў год, і з нагоды 145-й гадавіны з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца ў аграгарадку Багданава Валожынскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё музея яго імя, які размесціўся ў школе. У “Мінскай праўдзе” з’явілася публікацыя, у якой адносна планаў аднаўлення сядзібы казалася наступнае: “Пачаць аднаўленне сядзібы плануецца з стварэння Фонду Фердынанда Рушчыца і апякунскага савета... Намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Пётр Бібік падкрэсліў: мясцовая ўлада сумесна з усімі зацікаўленымі бакамі і папячыцельскім саветам прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца рэалізаваць праект рэканструкцыі і радавога гнязда майстры ў максімальнай ступені. Усё, што засталося ад былой сядзібы мастака, месца яго пахавання, фрагменты парку, тэрыторыя былога касцёла ў Багданаве ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь”.

Пайшоў адлік пяцігодкі, якая засталася да святкавання юбілею мастака. Напачатку 2017 года, 17 сакавіка, з’явіўся матэрыял і на БЕЛТА. Намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік паведаміў, што да юбілею мастака планавалася “адрэстаўраваць сядзібу ў Валожынскім раёне, а таксама сямейнае пахаванне. У сядзібе павінны былі з’явіцца адукацыйны цэнтр, выставачныя залі, арт-кавярня”.

18 мая 2018 года на сайце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі было размешчана інтэрв’ю з дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімірам Пракапцовым, які распавёў пра некаторыя планы святкавання ў 2020 годзе юбілея мастака. Згадвалася і сядзіба “ Плануем таксама з цягам часу зрабіць рэканструкцыю фамільных могілак Рушчыцаў і аднавіць сядзібу (яна згарэла падчас Вялікай Айчыннай вайны), каб стварыць на Валожыншчыне культурна-адукацыйны цэнтр імя Фердынанда Рушчыца”.

Напачатку 2019 года навіны набылі рысы канкрэтыкі. З’явіліся адразу два матэрыялы — ”У гэтым годзе плануюць аднавіць сядзібу Рушчыцаў у Багданава” і “В Беларуси возрождаются усадьбы двух великих художников — Наполеона Орды и Фердинанда Рущица” (“Рэспубліка”). У публікацыі “Рэспублікі”, ад 28 лютага, быў выказаны спадзеў, што “Усадебный комплекс Наполеона Орды в Ивановском районе и дом Фердинанда Рущица в Воложынском — всё это скоро может стать явью. Восстановление родовых имений этих двух великих художников, урожденцев нашей земли — в ближайших планах государства и частных инвесторов”. “К слову, за сохранение историко-культурного наследия болеют душой и некоторые частные инвесторы, в том числе зарубежные... Но все же больше это забота нашей страны, в том числе местных органов власти”.

20 лістапада 2020 года на АНТ выйшаў сюжэт, у якім распавядалася пра тое, што “Беларусь рыхтуецца адзначыць 150-годдзе з дня нараджэння пейзажыста Фердынанда Рушчыца. Гэтам разам пра аднаўленне сядзібы было сказана коратка: “У планах аднавіць сядзібу Рушчыцаў у Багданаве”.

З апошніх Навін

26 лістапада ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі адбылося адкрыццё мастацкай выставы, прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. У сваёй прамове, прысвечанай гэтай знакавай падзеі, дырэктар музея спадар Уладзімір Пракапцоў згадаў пра планы аднаўлення сядзібы і пра некаторыя пытанні з гэтым звязаныя.

Скарыстаўшыся момантам, задалі мы пытанне адносна планаў аднаўлення сядзібы Рушчыцаў і міністру культуры спадару Анатолію Маркевічу. Спадар Маркевіч, перш наперш падкрэсліў вельмі значны высілак уладаў Валожынскага раёна ў справе захавання спадчыны Рушчыцаў. Што ж да пытання аднаўлення сядзібы, то, на яго думку, неабходна арганізаваць выезд у Багданава, каб на ўласныя вочы ўбачыць, што з сябе зараз прадстаўляе колішняе котлішча Рушчыцаў. Пасля гэтага можна будзе весці размову аб далейшай супрацы і тых захадах, якія неабходна будзе прадпрыняць.

Па каментарый мы звярнуліся і да спадара Вікенція Адамовіча, які з’яўляецца начальнікам упраўлення культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама.

Па словах спадара Адамовіча, у справе аднаўлення сядзібы роду Рушчыцаў зацікаўлены літаральна ўсе. І перш за ўсё ўлады Валожынскага раённага, Мінскага абласнога выканкамаў, вядома, і Дзяржаўны мастацкі музей. Вялікую зацікаўленасць да аднаўлення сядзібы мае і ўнук мастака Фердынанд Рушчыц, які ўжо перадаў для музейнай экспазіцыі ў Багданава некаторыя дакументы. Але для рэалізацыі праекта, зразумела, патрэбна дапамога ўсёй дзяржавы, бо аднавіць сядзібу сіламі аднаго Валожынскага раёна проста немагчыма.

На сённяшні момант, аб чым казаў падчас адкрыцця і спадар Пракапцоў, першасная задача, — атрымаць рашэнне вышэйшых дзяржаўных уладаў, аб перадачы пад музей-сядзібу трох гектараў зямлі. Без гэтага немагчыма распачаць працы па аднаўленні сядзібнага комплексу. Пакуль жа актыўна шукаюцца крыніцы фінансавання. І, зразумела, працягваецца збор матэрыялаў, датычных сядзібы і роду Рушчыцаў.

Гістарычная даведка:

Да паловы XVI стагоддзя землі, на якіх пазней з’явіўся маёнтак Багданаў, уваходзілі ў склад уладанняў князёў Альгімонтавіча-Гальшанскіх. Каля 1525 года апошняя гальшанская князёўна выйшла замуж за Паўла Сапегу, прадстаўніка кодзенскай лініі гэтага роду. Сын Паўла, брэсцкі і смаленскі кашталян Багдан, да 1559 года заклаў, акрамя Гальшан, другі маёнтак, які атрымаў назву ад імя ўладальніка — Багданаў. Пасля смерці Багдана Сапегі (1593 год) гаспадары мяняліся даволі рэгулярна — Валовічы, Пацы, Данілевічы. Ад апошніх, у 1742 годзе, Багданаў набыў Тамаш Ляховіч-Чаховіч. Унук Тамаша, маршалак ашмянскага павета Казімір Чаховіч (памёр у 1834 годзе), пабудаваў побач са старым домам з лістоўніцы (прыкладна 1690 года) камяніцу-скарбоўню. З якой Рушчыцы, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, прыклаўшы пэўныя намаганні па перабудове, зрабілі двухпавярховы палацык, які меў назву “Мур”. Першым з Рушчыцаў у Багданаве пасяліўся дзед мастака, адвакат Фердынанд. У 1825 годзе ён ажаніўся з дачкой гаспадара Ганнай Чаховіч, якая прынесла яму ў пасаг фальварак Вайганы, які побач з Багданавым. Але, з нейкіх складанасцяў, Казімір Чаховіч вымушаны быў закласці Багданаў. У 1836 годзе цэнтральны маёнтак Чаховічаў быў выстаўлены на аўкцыён, у якім перамог “прамы нашчадак” — Рушчыц. Так Багданаў і наваколлі на сто гадоў сталі ўласнасцю гэтага роду. Тут нарадзіўся мастак Фердынанд Рушчыц, тут і памёр. Тут былі створаны ці не ўсе жывапісныя творы, якія прынеслі яму сусветную славу.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар