Рэканструкцыя атмасферы

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Юбілей вядомага жывапісца Фердынанда Рушчыца, чые карані — родавыя і творчыя — у беларускай зямлі, адзначаны вялікай выставай у Нацыянальным мастацкім музеі. Адкрылася выстава 26 лістапада.

/i/content/pi/cult/826/17642/9.jpgВыстава займае ўвесь першы паверх музея. Складаецца экспазіцыя з чатырох адносна самастойных раздзелаў. Першы распавядае пра самога Рушчыца. Гэта спроба вобразнай рэканструкцыі атмасферы, у якой жыў і працаваў мастак. Сэнсавым і эмацыйным стрыжнем гэтага раздзела з’яўляецца адзіная ў Беларусі карціна спадара Фердынанда. Твор на выставу ўзяты з пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага.

Другі раздел — настаўнікі ды аднакурснікі Фердынанда Рушчыца па Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Тут прадстаўлена саўпраўдная мастацкая эліта імперыі памежжа ХІХ — ХХ стагоддзяў: Куінджы, Шышкін, Рэрых… Трапіць у такі асяродак — падарунак лёсу. Прыродная шляхетнаць у спалучэнні з гэтым найвыдатнейшім сумоўем ды яшчэ трывалыя маральныя прынцыпы, якіх мастак прытрымліваўся ўсё жыццё, і зрабілі Рушчыца асобай, якую некалькі сумежных народаў жадаюць бачыць у сваім нацыянальным пантэоне.

Далей — вучні Фердынанда Рушчыца. Сярод іх найбольш вядомыя Міхась Сеўрук, Пётра Сергіевіч. Самая простае ў настаўніцкай справе сказаць вучню “рабі як я”. Але талент настаўніка выяўляецца ў здольнасці выхоўваць асобы, на свайго выкладчыка непадобныя. Тых, хто засвойвае твой досвед, але ідзе ўласным шляхам. Спадар Фердынанд быў спачатку такім вучнем, а потым — настаўнікам, які паважаў чужы талент і дапамагаў яму развіцца.

Трэці раздел — сучасныя беларускія мастакі, якія ў сваёй творчасці абапіраюцца на творчую спадчыну Рушчыца — Аляксандр Грышкевіч, Уладзімір Пракапцоў, Кастусь Качан, Уладзімір Слабодчыкаў, Юрый Несцярук, Уладзімір Васюк…

І апошняя частка экспазіцыі знаёміць гледачоў з землякамі і сучаснікамі мастака. Гэта нізка фотаздымкаў родных мясцін Фердынанда Рушчыца і людзей, з якімі мастак мог сустракацца. Зроблены здымкі ў часе Першай сусветнай вайны

Ад наведвання выставы ўражанне, нібы пабываў у мемарыяльным музеі Фердынанда Рушчыца.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"