Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Гэтымі лістападаўскімі днямі адбываецца шмат падзей у сувязі са святкаваннем 90-годдзя з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка, чыё імя вядома далёка за межамі нашай краіны. Насамрэч, Уладзімір Караткевіч для Беларусі, яе вядомасці ў свеце зрабіў вельмі і вельмі шмат. Бо, па вялікім рахунку, праз сваю яскравую творчасць ён прэзентаваў нашу краіну за яе межамі, і больш за тое — працягвае рабіць гэта і сёння. У гонар памяці Уладзіміра Караткевіча — усмешлівага, неверагодна таленавітага чалавека, які аддана любіў нашу Зямлю пад белымі крыламі, — некалькі ўстаноў прысвяцілі сваю творчую падзяку.

/i/content/pi/cult/826/17640/5.jpgТак, з 26 лістапада 2020 года ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі імя В.А.Грамыкі і Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча пачала работу Рэспубліканская выстава “Зямля пад белымі крыламі”.

Выставачны праект з’яўляецца адным з мерапрыемстваў у рамках юбілейнай праграмы. Яго арганізатарамі выступілі Аршанскі раённы выканаўчы камітэт, установа культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны”, а таксама грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз мастакоў”.

Экспазіцыю складаюць больш за 70 работ 45 аўтараў з розных гарадоў Беларусі. У яе ўвайшлі партрэты пісьменніка, гістарычныя карціны, пейзажы, жывапіс, графіка, скульптура.

Выстава падзелена на дзве часткі: адна частка работ экспануецца ў Аршанскім музеі Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, другая — у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі імя В.А.Грамыкі.

Адрасы для наведвання:

вул.Уладзіміра Леніна, 26 (Аршанскі музей У.С.Караткевіча),

вул.Уладзіміра Леніна, 6а, 2-гі паверх (Аршанская гарадская мастацкая галерэя імя В.А.Грамыкі).

Час работы: з 10.00 да 18.00, штодня, акрамя панядзелка.

Кантактныя тэлефоны: 8-0216-51-18-49; 56-37-50; 51-20-52.

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 24 лістапада адкрылася выстава “З кніг Уладзіміра Караткевіча”, на якой упершыню прадстаўлены кнігі з кабінета і бібліятэкі пісьменніка. Тут таксама можна даведацца, якія рэдкія выданні, рукапісы і старадрукі захоўваліся ў яго асабістым кнігазборы.

Адно з цэнтральных месцаў займаюць у экспазіцыі і экслібрысы Уладзіміра Караткевіча. Што цікава, большая іх частка самастойна зроблена пісьменнікам: разнастайныя кніжныя знакі адмыслова выкананы і падабраны для пэўных выданняў. У выявах творцам увасоблены і знакавыя постаці беларускай культуры: Скарына, Гусоўскі, і ўлюбёныя Караткевічам ветразі.

Асабліва вылучаецца ў экспазіцыі арыгінальныя пячатка і клішэ майстра беларускага слова.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве”, якая будзе працаваць з 10 лістапада да 20 снежня бягучага года. Экспазіцыя створана ў рамках сумеснага праекта з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН РБ.

/i/content/pi/cult/826/17640/6.jpgАрганізатары прапануюць усім аматарам творчасці Уладзіміра Караткевіча паміж іншага разгледзець месца i значэнне пісьменніка, паэта, драматурга ў нацыянальнай мастацкай культуры.

Жывапісныя палотны знакамітых мастакоў робяць экспазіцыю выразна-кранальнай. Тут прадстаўлены творы Уладзіміра Тоўсціка, Міхася Будавея, Леаніда Дударэнкі, ілюстрацыі Генадзя Грака і Пятра Драчова, графіка Віктара Мікіты. І, безумоўна, рукапісы твораў самаго Уладзіміра Караткевіча, фатаграфіі, малюнкі, асабістыя рэчы.

/i/content/pi/cult/826/17640/7.jpgУ Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пры ўдзеле салістаў ансамбля “Музычная арка” адбыліся паказы спектакля “Наш Караткевіч” (26, 27 лістапада).

Падчас паказаў спектакля працавала выстава “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду…”, на якой дэманстраваліся матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: кнігі, фатаграфіі і сувеніры, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменніка.

Дарэчы, святкаваць юбілейны год знакамітага беларускага пісьменніка Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пачаў яшчэ вясной. Менавіта тады з’явіўся праект “Чытаем класіку разам”. На працягу часу ў анлайн-чытанні рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” прынялі ўдзел культурныя і грамадскія дзеячы, вядомыя артысты і журналісты Беларусі.