У падвядзенні вынікаў — час новых пачынанняў

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

У панядзелак, 24 лістапада, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч правёў апаратную нараду з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. На ёй адбыліся грунтоўныя абмеркаванні бягучых спраў у сферы культуры, ад суразмоўцаў прагучалі як папярэднія справаздачы аб працы за гэты год, так разглядаліся і планы ды прапановы па накірунках дзейнасці сферы ў найбліжэйшай будучыні.

/i/content/pi/cult/826/17639/4.jpgМіністр даў даручэнне да 20 снежня прадставіць план работы міністэрства і ўпраўленняў культуры на наступны год, а таксама падвесці вынікі выканання дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” за 2016 — 2020 гады не пазней за люты 2021 года. У найбліжэйшы час таксама мусіць быць завершанае ўзгадненне праекта дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады. Была звернутая ўвага і на заўжды актуальнае пытанне закупкі і рамонту музычных інструментаў для ўстаноў адукацыі і культуры — аб выніках дзейнасці па гэтых напрамках справаздача мусіць быць прадстаўленая да канца 2021 года.

Не за гарамі ўжо зімовыя святы, і каму як не работнікам культуры дбаць аб стварэнні ў грамадзян адпаведнага ўрачыстага настрою. У гэтай сувязі асаблівая ўвага была нададзеная актуальным пытанням арганізацыі мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Новага года і Нараджэння Хрыстовага. Так, як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга, традыцыйнае навагодняе прадстаўленне для дзяцей пройдзе напрыканцы снежня ў сталічным Палацы Рэспублікі.

Бібліятэкі, музеі, школы

Кіраўнікі ўпраўленняў прадставілі таксама агляд дзейнасці па даручаных ім накірунках культурнай галіны. Так, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Наталля Задзяркоўская паведаміла, што ў сферы бібліятэчнай справы неўзабаве будзе завершаная работа над метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі нестацыянарнага бібліятэчнага абслугоўвання. Дакумент быў распрацаваны цягам года, яго з’яўленне стала вынікам праверак сеткі бібліятэк у рэгіёнах краіны.

Што тычыцца музейнай справы, напрыканцы снежня на базе Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу мае адбыцца калегія, на якой мусяць быць падведзеныя вынікі года ў гэтым напрамку працы.

Анатолій Маркевіч прапанаваў актывізаваць супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі для вырашэння пытанняў падрыхтоўкі профільных спецыялістаў і забеспячэння іх занятасці ва ўстановах культуры. Міністр звярнуў увагу і на магчымасць супрацоўніцтва са школамі: такім чынам, каб урокі па гісторыі і іншых гуманітарных дысцыплінах зрабіліся больш практыка-арыентаванымі і маглі праводзіцца на базе ўстаноў культуры (напрыклад, у музеях ды бібліятэках). Падобныя захады маглі б значна разнастаіць школьныя заняткі і падвысіць зацікаўленасць навучэнцаў мінуўшчынай Беларусі ды набыткамі роднай культуры.

Нас ведаюць за межамі краіны

Як распавяла начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і інфармацыйнага забеспячэння Вікторыя Ратабыльская, нягледзячы на тое, што ў выніку сучаснай эпідэміялагічнай сітуацыі шэраг запланаваных мерапрыемстваў у гэтай сферы быў перанесены на наступны год, тым не менш, пэўныя сустрэчы ладзяцца анлайн, у відэафармаце.

Так, 4 снежня мае адбыцца пасяджэнне міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай — такія мерапрыемствы ладзяцца раз на два гады. Сёлета на адпаведнай камісіі міністэрствам будзе прадстаўлены даклад аб супрацоўніцтве Беларусі з КНР у сферы культуры. Налета ж мае адбыцца пасяджэнне камісіі па культурным супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай, якое будзе сумешчанае з Днямі беларускай культуры ў Кітаі. Таксама працягваецца міжнароднае супрацоўніцтва з Пермскім краем Расійскай Федэрацыі.

Рэспубліка Беларусь на працягу ўжо трох гадоў стаіць на чале камісіі па культурным супрацоўніцтве Садружнасці Незалежных Дзяржаў. А ў наступным годзе Беларусь будзе старшыняваць у СНД, таму ў Мінску мусіць быць праведзены таксама Савет па культурным супрацоўніцтве краін садружнасці. 18 лістапада ў фармаце анлайн-відэаканферэнцыі адбылося пасяджэнне Савета, на якім быў прыняты шэраг цікавых рашэнняў — напрыклад, па развіцці віртуальнага музея краін СНД: Беларусь узначальвае рабочую групу па працы над гэтым праектам.

Агулам жа наша краіна мае каля 78 дзейных пагадненняў аб міжнародным супрацоўніцтве ў сферы культуры і актыўна ўзаемадзейнічае ў гэтым напрамку з Міністэрствам замежных спраў.

вырашаюць Кадры

На нарадзе таксама была звернута больш пільная ўвага і на працу з кадрамі. Начальнік аддзела кадравай работы і дзяржаўных узнагарод Аксана Лісянкова распавяла, што ў дадзены момант адбываецца фарміраванне рэзерву кіраўнічых кадраў рэгіянальнага апарата і кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры — гэтая справа мусіць быць завершаная да 1 снежня.

Анатолій Маркевіч выказаў упэўненасць, што пры рабоце з кадрамі трэба зыходзіць з практыка-арыентаванага фарміравання кадравага патэнцыялу на ўзроўні абласцей і раёнаў, і падкрэсліў важнасць кантролю над сітуацыяй у гэтым напрамку дзейнасці, пачынаючы з мясцовага ўзроўню. Таксама міністр заклікаў актывізаваць працу па падрыхтоўцы праекта новай рэдакцыі кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, занятых у галіне культуры і мастацтва.

Начальнік аддзела арганізацыйнай работы і дакументаабароту Алена Быкава у сваю чаргу паведаміла, што да 30 снежня мусіць быць унесены на разгляд Савета Міністраў дапрацаваны праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Дакумент, які рыхтуецца, ужо прайшоў шэраг узгадненняў і дапрацовак паводле заўваг і прапаноў, унесеных дзяржаўнымі органамі.

Будоўлі не спыняюцца

За год краіна ўзбагацілася цэлым шэрагам новых аб’ектаў, звязаных са сферай культуры. Начальнік упраўлення капітальнага будаўнітва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Барыс Новікаў нагадаў, што сёлета былі ўведзеныя ў эксплуатацыю спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, завершаная рэканструкцыя з мадэрнізацыяй будынка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Мінску на плошчы Свабоды.

Таксама была ўведзеная ў эксплуатацыю сістэма ацяплення ў філіяле “Ляўкі” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Аршанскім раёне. Завершаныя работы па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і стварэнні экспазіцыі Усходняга форта Брэсцкай крэпасці, падыходзяць да завяршэння аналагічныя работы на Пятым форце. Працягваюцца работы на новым комплексе будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея. Міністр выказаў намер наведаць аб’екты, работы на якіх яшчэ працягваюцца, каб асабіста азнаёміцца з надзённымі пытаннямі, якія патрабуюць вырашэння для іх паспяховай здачы ў эксплуатацыю.

Спадчына яднае свет

Думаючы пра будучыню, не варта забываць і аб набытках мінуўшчыны. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Хвір акрэсліла асноўныя напрамкі працы гэтага падраздзялення: кантроль за выкананнем заканадаўства ў азначанай галіне, улік гісторыка-культурных каштоўнасцяў, уключэнне аб’ектаў і элементаў спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а таксама ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі і выдачу дазволаў на выкананне праектных работ на аб’ектах, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Перспектывы акрэсленыя

Анатолій Маркевіч абазначыў і шэраг пазіцый, праца па якіх мусіць быць удасканаленая. Так, міністр падкрэсліў, што бюджэтныя рэсурсы, выдзеленыя дзяржавай на тыя ці іншыя накірункі дзейнасці, мусяць абавязкова засвойвацца ў поўным памеры. А аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры мусіць адбывацца з улікам зацікаўленасцей насельніцтва, без празмернага яе скарачэння.

Кіраўнік міністэрства таксама звярнуў увагу на тое, што эпідэміялагічная сітуацыя, якая склалася ў свеце на сённяшні дзень, не мусіць быць падставай ці апраўданнем для бяздзейнасці ў тых ці іншых накірунках працы ў сферы культуры. І заклікаў выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для правядзення запланаваных мерапрыемстваў у анлайн-фармаце альбо іншых формах, якія дазваляюць забяспечыць ахову здароўя грамадзян з улікам новых абставін.