Дрэва вечнасці Уладзіміра Караткевіча

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

26 лістапада Беларусь будзе адзначаць дзевяностагоддзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча — аднаго з найлюбімейшых сваіх пісьменнікаў, сапраўды народнага з прычыны несумненнай непераўзыдзенай папулярнасці, якой ён карыстаецца ў чытача. Якое месца ў жыцці класіка займаў клопат аб лёсе айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны, і якім чынам ён імкнуўся заахвоціць да яе захавання ўсіх беларусаў?

/i/content/pi/cult/825/17637/27.jpgЦяжка стрымацца ад спробы ўявіць сабе, як сустрэў бы Уладзімір Караткевіч сваё дзевяностагоддзе, калі б яму пашчасціла дажыць да нашых дзён. Але навошта займацца фантазіямі, калі сёння і так відавочна, што зроблена ім пры жыцці было столькі, колькі іншы творца, магчыма, не здолеў бы зрабіць і за сто гадоў. Ідэі і каштоўнасці, закладзеныя Караткевічам, працягваюць натхняць усё новыя і новыя пакаленні беларусаў, і можна быць упэўненым, што так будзе адбывацца і ў будучыні.

Неверагодна адораны Уладзімір Караткевіч перадусім вядомы шырокаму колу чытачоў як майстар і адзін са стваральнікаў жанра беларускай гістарычнай прозы. Але, вядома, звяртаўся ён да тэмы беларускай гісторыі і ў вершах, і ў п’есах, і ў кінасцэнарыях, і ў публіцыстыцы, эсэ. Дзеянне пераважнай большасці буйных твораў пісьменніка, як празаічных, так і драматургічных, адбываецца ў часы мінулыя. Але ж калі размова ў іх і йдзе пра сучаснасць, сюжэт тым не менш усё роўна мае выразную сувязь з гістарычнымі падзеямі, а тэксты ўтрымліваюць шматлікія адсылкі да падзей сусветнай і беларускай мінуўшчыны.

Хоць Уладзімір Караткевіч і атрымаў у свой час філалагічную адукацыю, ужо ягоная дыпломная работа, абароненая ў Кіеўскім універсітэце, была прысвечаная легендам і паданням — то-бок, менавіта тым літаратурным фальклорным жанрам, якія заснаваныя на асэнсаванні і інтэрпрэтацыі звестак аб гістарычных падзеях. З часам зацікаўленасць Караткевіча гісторыяй толькі ўзрастала, і кандыдацкую дысертацыю ён планаваў пісаць аб паўстанні 1863 — 1864 гадоў… Але, як вядома, у выніку з’явіўся ўжо мастацкі твор, прысвечаны гэтым падзеям — раман “Каласы пад сярпом тваім”.

Вяртанне да Радзімы

/i/content/pi/cult/825/17637/28.jpgГісторыя для Караткевіча — гэта не толькі радкі летапісаў ды хронік, альбо звесткі з архіўных дакументаў. Вялікую ўвагу ў сваёй творчасці ён надаваў і праявам мінуўшчыны ў сучаснасці, з надзвычайнай зацікаўленасцю ставіўся да пытанняў захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Ужо ў першым сваім апублікаваным буйным празаічным творы, рамане “Нельга забыць”, які пабачыў свет у 1964 годзе ў часопісе “Полымя”, адным са скразных вобразаў з’яўляецца царква Пакрова на Нерлі, галоўны герой пастаянна вяртаецца ў думках да наведвання мясціны, дзе знаходзіцца гэты храм, і там жа адбываецца адзін з найважнейшых эпізодаў рамана. Уражанні ад гэтага выдатнага помніка старажытнарускай архітэктуры дванаццатага стагоддзя адбіліся таксама ў вершы “Дзіва на Нерлі”.

У сувязі з гэтым не варта забываць, што ладную частку сваіх маладых гадоў Караткевіч правёў за межамі Беларусі — ён пакінуў радзіму адзінаццацігадовым школьнікам, калі трапіў у эвакуацыю ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны, і вярнуўся ў родную Оршу толькі ў 1944 годзе. Пазней сем гадоў будучы пісьменнік правёў ва Украіне, дзе скончыў універсітэт і працаваў настаўнікам, а пасля яшчэ чатыры гады вучыўся на Вышэйшых літаратурных ды сцэнарных курсах і ў Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве.

На радзіме ён усе гэтыя гады бываў толькі наездамі, пераважна ў Оршы ці Рагачове, дзе жылі сваякі, альбо ў Мінску — ужо калі заняўся літаратурнай дзейнасцю. Асеў у беларускай сталіцы пісьменнік толькі ў 1963 годзе, ужо ў веку Хрыста. Акурат у 1960-х Караткевіч, карыстаючыся любымі нагодамі, аб’ездзіў амаль усю краіну, пабываў у дзясятках раёнаў, падарожнічаючы разам з сябрамі і калегамі, і на свае вочы пабачыўшы тое багацце ды разнастайнасць помнікаў даўніны, якімі багатая Беларусь.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што клопат аб лёсе гісторыка-культурнай спадчыны зрабіўся для Уладзіміра Караткевіча арганічнай часткай уласнага жыцця. Справай гонару для сябе ён лічыў і ўдзел у падрыхтоўцы “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Да першага тома гэтага фундаментальнага выдання пісьменнік напісаў частку прадмовы. Падчас падрыхтоўкі “Збору” цягам 1970-х гадоў Караткевіч не раз накіроўваўся ў экспедыцыі па даследаванні і апісанні помнікаў, якія праводзіліся супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, сярод якіх была і жонка пісьменніка — Валянціна Браніславаўна. Яна таксама прысвяціла сваё жыццё справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны, была аўтарам альбо рэдактарам многіх кніг і брашур, прысвечаных помнікам гісторыі і культуры.

Галоўны герой — замак

/i/content/pi/cult/825/17637/29.jpgАпошні свой раман, “Чорны замак Альшанскі”, што пабачыў свет у часопісе “Маладосць” у 1979 годзе, Караткевіч, як вядома, прысвяціў акурат жонцы, якая была вялікай аматаркай дэтэктываў. Тым не менш твор мае не толькі чыста дэтэктыўны сюжэт. Як сведчыць ужо сама назва, адным з галоўных “герояў” рамана з’яўляецца менавіта помнік гісторыі і архітэктуры — занядбаны таямнічы і старадаўні замак, вакол якога разгортваюцца найважнейшыя эпізоды.

Асноўнае дзеянне рамана адбываецца ў пасляваенныя гады, што дазволіла аўтару рэалістычна паказаць тагачасную сітуацыю, у якой знаходзіліся многія помнікі даўніны, і звярнуць увагу на неабходнасць іх аховы, захавання і падтрымання ў належным стане. Сюжэт рамана быццам бы і не абапіраецца на гістарычныя факты, бо амаль цалкам з’яўляецца плёнам фантазіі аўтара. Тым не менш, і апісанні “чорнага замка Альшанскага”, і сама сугучнасць назвы не пакідаюць сумневаў, што натхняўся раманіст менавіта замкам магнацкага роду Сапегаў, збудаваным у ХVІІ стагоддзі ў мястэчку Гальшаны на Ашмяншчыне. Дарэчы, калі ў часы Караткевіча гэты велічны палац сапраўды выглядаў занядбаным, то сёння актыўна адбываецца яго рэстаўрацыя і музеефікацыя, аб чым мы неднаразова згадвалі ў ранейшых нумарах “К” (гл. тэксты “Дзе карані сплятаюцца з мурамі” ў № 7 (1394) ад 16 лютага 2019 года, альбо “З замкавых сцен — позірк у будучыню” ў № 24 (1463) ад 13 чэрвеня 2020 года).

Наогул, тэмай занепакоенасці лёсаў помнікаў, клопатам аб іх будучыні прасякнуты ўвесь раман. Узяць хаця б словы, якімі прадстаўляецца ў Альшанах галоўны герой: “Я Антон Косміч. Прыехаў даследаваць Альшанскі замак і касцёл. Маю адносіны да арганізацыі па ахове помнікаў, між іншым, і гэтага вось вашага замка”. Альбо такое апісанне далейшых прыгодаў асноўных дзейных асоб твора: “І пашыбавалі мы аглядаць вёсачку і яе гістарычныя помнікі, не занесеныя, на жаль, ні ў групу 0 (“знаходзяцца пад аховай UNESCO”), ні нават у трэцюю групу (што адпавядае, мабыць, нашым помнікам мясцовай вартасці). А чаму так — не ведаю”. Муры замка для Караткевіча — не проста рамантычная дэкарацыя. Ён пераканаўча даводзіць, што ад догляду за такімі помнікамі і ўтрымання іх у належным стане залежыць дабрабыт сучаснага грамадства, спасціжэнне і вырашэнне многіх загадак мінулага, якія непасрэдным чынам уплываюць і на сучаснасць.

Месца для музея пад адкрытым небам

Не дзіва, што энцыклапедычныя веды Уладзіміра Караткевіча аб помніках беларускай гісторыі ды культуры былі запатрабаваныя не толькі ў грамадстве наогул, але і на самым высокім узроўні, тагачасным кіраўніцтвам БССР. Так, у 1976 годзе пісьменнік быў запрошаны ў Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі, дзе прыняў удзел у абмеркаванні пытання аб стварэнні музея народнай архітэктуры і быту пад адкрытым небам. Між іншым, пісьменнік звярнуў увагу прысутных на тое, якія помнікі даўніны найперш патрабуюць захавання і рэстаўрацыі. У ліпені 1977 года, калі тагачасны кіраўнік БССР Пётр Машэраў асабіста ездзіў выбіраць месца для скансэна, ён таксама запрасіў з сабой менавіта Караткевіча — нездарма ж пісьменнік яшчэ ў сакавіку таго ж года апублікаваў у газеце “Звязда” артыкул пад назвай “Наш агульны клопат”, акурат прысвечаны стварэнню беларускага музея народнай архітэктуры і быту.

Будучы скансэн пісьменнік бачыў такім: “Уявіце сабе вялізнае вадасховішча, хваёвы і лісцёвы лес на яго берагах, а ў гэтым лесе, на ўзлессі і палянах, звезеныя з усіх канцоў Беларусі будынкі... Тут — тыповы сялянскі двор з Полаччыны ці Ушаччыны, крыху далей — слуцкі або рагачоўскі двор. Уся наша рэспубліка, як на далоні, на плошчы ў нейкіх сто гектараў. На невялікай плошчы — усе праявы помнікаў народнага будаўніцтва: жылога, грамадскага, вытворчага і іншых. А паколькі людзі не жывуць і не жылі ў пустых хатах, то для хаты кожнага рэгіёна павінна быць і мясцовае ўбранства: розныя тыпы печак, мэблі, начыння, посуду, ткацтва, прадметаў быту — ад драўлянай лыжкі да гаршка, ад старых цымбалаў да сальнічкі”.

Караткевіч заклікаў усіх неабыякавых да справы стварэння беларускага скансэна складаць спісы помнікаў драўлянага дойлідства ў сваіх мясцовасцях і дасылаць іх у Мінск. І неўзабаве такі музей сапраўды з’явіўся непадалёк ад сталіцы, ля вёскі Азярцо. Наогул жа, у публіцыстыцы пісьменніка тэма аховы помнікаў уздымаецца яшчэ не раз — у нарысах “Зямля пад белымі крыламі”, “Званы ў прадоннях азёр”, “Балады каменя” і многіх іншых.

Пазіцыя абаронцы

Часы ж тады былі, як для захавання помнікаў архітэктуры, не тое каб надта спрыяльныя. Хоць у БССР і было створанае яшчэ ў 1966 годзе рэспубліканскае Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, актыўным удзельнікам якога, вядома, быў Уладзімір Караткевіч, тым не менш, грамадству не заўсёды ставала ўсведамлення каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны і разумення патрэбы яе зберажэння. Яшчэ ў сваім першым інтэрв’ю для беларускай прэсы, якое Караткевіч даў Адаму Мальдзісу для газеты “Літаратура і мастацтва” ў 1967 годзе, пісьменнік адзначаў: “Многія цудоўныя палацы і замкі стаяць у запусценні, разбураюцца. А пры жаданні ў іх можна было б размясціць пансіянаты, дамы адпачынку, санаторыі. Можна было б атрымліваць валюту ад зарубежных турыстаў. Узяць хаця б замак у Міры… Мала ў нас беражнага стаўлення да гістарычных помнікаў”.

У мемуарах сучаснікаў можна знайсці згадкі аб тым, як у 1970-х, даведаўшыся ад знаёмых пра чарговы выпадак нядбайнага стаўлення да помнікаў у тым ці іншым кутку краіны, пісьменнік мог адразу ж патэлефанаваць тагачаснаму сакратару ЦК КПБ Аляксандру Кузьміну. Кіраўніцтва рэспублікі прыслухоўвалася да меркавання Караткевіча, і часам, дзякуючы такім аператыўным паведамленням, руйнаванне таго ці іншага помніка ўдавалася своечасова спыніць. Так, у сярэдзіне 1970-х, калі ў асяродку некаторых архітэктараў і горадабудаўнікоў з’явілася ідэя цалкам знішчыць гістарычны цэнтр Мінска, каб расчысціць пляцоўку для новых пабудоў, Караткевіч асабіста дамогся сустрэчы з Пятром Машэравым і дапамог сумленным адмыслоўцам пераканаць яго ў неабходнасці захавання Верхняга горада ад разбурэння.

З болем адгукаўся пісьменнік і на пытанні, звязаныя з вяртаннем беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, вывезенай у розныя часы, з тых ці іншых прычын, за межы краіны. У 1982 годзе ён разважаў у сваіх запісных кніжках: “Тое, што не вывезена (якое права маюць музеі суседзяў на нашыя каштоўнасці), тое, што нельга вывезці (ратуша ў Мінску i Магілёве, Мірскі замак), тое знішчаецца, каб мы засталіся голыя на зямлі, каб нам нават ганарыцца не было чым. Гэта нішчаць усе: абазнаныя — з прынцыпу, народ — па неадукаванасці, apxiтэктары, каб на месцы старай жамчужыны збудаваць буйнаблочную каробку з дзвюма гарыламі i трыма каровамі на фасадзе i такім чынам уславіць сваё імя ў стагоддзях”. Застаецца толькі шкадаваць, што пісьменнік не здолеў пабачыць, як ужо пасля ягонай смерці былі адбудаваныя ратушы і ў Мінску, і ў Магілёве, а Мірскі замак сапраўды пераўтварыўся ў музей і выклікае ў турыстаў не абы-якую цікаўнасць.

Памяць дрэва, памяць каменя

Як выпускнік сцэнарных курсаў і маскоўскага Інстытута кінематаграфіі, Уладзімір Караткевіч надаваў вялізную ўвагу не толькі літаратуры, але і кінематографу, усведамляючы яго выключную ролю ў папулярызацыі мінуўшчыны народа. У 1960-я гады выходзяць на экраны кароткаметражныя навукова-папулярныя фільмы паводле сцэнароў пісьменніка. Але працай за пісьмовым сталом, вядома, справа не абмяжоўвалася — сцэнарыст абавязкова выязджаў разам са здымачнай групай, каб пракантраляваць творчы працэс і яшчэ раз наведаць дарагія сэрцу мясціны і помнікі.

У выніку такога супрацоўніцтва ў 1964 годзе з’явілася стужка “Сведкі вечнасці” рэжысёра Анатоля Забалоцкага, прысвечаная помнікам прыроды — шматсотгадовым дрэвам. “У іх няма ног, каб сысці, і зброі, каб абараніцца” — фільм уздымаў пытанні не толькі аховы спадчыны, але і экалогіі. У кадры з’яўляліся дубы, якія народныя паданні звязвалі з імёнамі Адама Міцкевіча, Напалеона, легендарнага паўстанца Крывашапкі. Прыгоды на здымках гэтай стужкі Караткевіч апісаў у апавяданні “Дрэва вечнасці”.

А яшчэ праз два гады на экраны выйшаў фільм “Памяць” Юрыя Цвяткова, стваральнікі якога паспрабавалі прадставіць гледачу ўсё багацце помнікаў мінуўшчыны, якія ўдалося адзняць у вандроўцы як па ўсёй Беларусі, так, нават, і за яе межамі — ад Заслаўя да Гудагая з заездам у Вільню, ад Гродна да Брэста, праз Навагрудак у Падняпроўе ды Падзвінне — і нават з візітам у Маскву. У выніку на экране можна было пабачыць гродзенскую Каложскую царкву, полацкі Сафійскі сабор, Нясвіжскі, Мірскі ды Навагрудскі замкі і многія іншыя перліны беларускага дойлідства.

Зорка тэлеэкрана

Не мог Караткевіч недаацэньваць і ролю, якую адыгрывала ў той час тэлебачанне. Тэлевізійныя праграмы, якія стала трансляваліся на ўсю Беларусь, маглі зрабіць для справы пашырэння ведаў аб культурнай спадчыне народа яшчэ болей, чым разавая дэманстрацыя дакументальных фільмаў. У 1976 годзе пісьменнік робіцца не толькі сцэнарыстам, але і вядучым пастаяннай праграмы “Спадчына”, якая выходзіць на беларускім тэлебачанні. У лісце да сяброў Караткевіч згадваў: “Пачаўся ў нас цыкл перадач “Спадчына”. Гэта пра мінулае Беларусі, яе музыку, кнігі, касцюмы, будынкі. Вядучы — я. Першая перадача, па Брэсту, прайшла. Шмат водгукаў. Цяпер мяркуем рабіць па Полацку і Полаччыне”.

На жаль, запісы гэтых перадач не захаваліся, і таму сёння мы не маем магчымасці азнаёміцца непасрэдна з вынікам працы іх стваральнікаў. Але, на шчасце, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь зберагліся сцэнарыі праграм цыкла “Спадчына”. Яны даюць даволі падрабязнае ўяўленне не толькі аб тэксце, але і аб меркаваным візуальным шэрагу ды музычным суправаджэнні выпускаў.

Адкрывалася перадача застаўкай, што ўяўляла з сябе падборку фотаздымкаў гістарычных і архітэктурных помнікаў таго ці іншага рэгіёна, якому была прысвечаная серыя, а музычным фонам да застаўкі грала “Спадчына” Янкі Купалы, пакладзеная на музыку Ігарам Лучанком, у выкананні мегапапулярных у той час “Песняроў”. Сам Караткевіч, які з’яўляўся ў кадры ў ролі вядучага, з лёгкасцю заваёўваў сімпатыю гледача, распавядаючы аб важных пытаннях павагі да мінулага даступнымі словамі і нават з пэўнай доляй гумару. Абаяльнасць і непасрэднасць падкупала аўдыторыю, выклікала давер і нязмушана прыцягвала ўвагу да цалкам сур’ёзных тэм, якім была прысвечаная праграма.

З цыкла “Спадчына” многія беларускія гледачы ўпершыню даведаліся не толькі пра шматлікія выдатныя помнікі беларускага дойлідства, але і пра ранейшых дзеячаў культуры, імёны якіх у тыя гады былі не так шырока вядомыя, як сёння — пра Сімяона Полацкага, Міхаіла Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшку, Ігната Буйніцкага і многіх іншых. У кадры выкарыстоўваліся карціны знакамітых мастакоў мінулага, прысвечаныя гістарычным падзеям ці асобам, а з часам у перадачы пачалі з’яўляцца і гульнявыя эпізоды, дзе акцёры выконвалі ролі гістарычных персанажаў. Такія мастацкія прыёмы, звыклыя для сучаснага гледача, у той час выглядалі даволі наватарскімі і не маглі не ўражваць аўдыторыю, асабліва яе маладзейшую частку, на якую, відавочна, і была перадусім разлічаная праграма.

След класіка ў гісторыі сям’і

Прыкладам такога цудоўнага ўздзеяння праграм цыкла “Спадчына”, дарэчы, можа служыць і гісторыя, якая здарылася ў сярэдзіне 1970-х з маім бацькам. Ён тады быў яшчэ адзінаццацігадовым школьнікам і жыў у Вілейскім раёне. Тата ўзгадвае, што аднойчы ён, прыхварэўшы, сядзеў дома ды глядзеў тэлевізар, як раптам натрапіў на нейкую дужа цікавую перадачу, дзе распавядалася аб помніках беларускай архітэктуры, ды аб тым, як кожны мусіць дбаць пра іх ахову. На экране праплывалі выявы такіх помнікаў — старажытных замкаў, палацаў, храмаў...

А трэба сказаць, што ў суседняй вёсцы Альковічы акурат стаяў дужа прыгожы, але занядбаны касцёл. Збудаваны ў 1897—1905 гадах у папулярным тады неагатычным стылі, у 1950-м ён быў зачынены — гаспадарлівыя барацьбіты супраць рэлігіі зладзілі ў велічным будынку храма зернясховішча. Да таго ж, у 1968 годзе ў званіцу колішняга касцёла трапіла маланка, здарыўся пажар. Сцены магутнага гмаху стаялі, закураныя полымем, ужо з восем гадоў, і нікому не было да іх справы.

Пад уражаннем ад тэлеперадачы бацька прыйшоў да высновы, што касцёл, несумненна, з’яўляецца помнікам, і яго варта ратаваць — аб чым і даслаў ліст у Мінск, на тэлестудыю. Сам гэты зварот, на жаль, не захаваўся. Затое збярогся ў нашым сямейным архіве іншы ліст, што з’явіўся пазней, у выніку “разбору палётаў”, які быў зладжаны ў раёне ў выніку бацькавага паведамлення. Мясцовае кіраўніцтва не надта ацаніла імпэт маладога абаронцы спадчыны, пабачыўшы ў ягоным лісце нейкую сувязь з рэлігіяй, спачуванне вернікам.

Словам, бацьку дасталося на арэхі, а ў Вілейскі райвыканкам з сельсавета быў накіраваны ліст, у якім, між іншага, зазначалася: “У гутарцы з хлопчыкам яму растлумачана, што не кожны старадаўні будынак мае гісторыка-культурную каштоўнасць, што будынак былога касцёла не ўяўляе з сябе помніка, што гэта звычайны непрыдатны аб’ект. Пазіцыя вучня не мае рэлігійнай асновы”.

Тым не менш, час паказаў, што бацька ўсё-ткі меў рацыю: неўзабаве альковіцкі касцёл быў прызнаны помнікам архітэктуры, а ў 1989 годзе — адрэстаўраваны і вернуты вернікам. Сёння пры ім дзейнічае невялікі музей, дзе можна пабачыць старадаўнія рэчы з народнага побыту: узоры ткацтва, посуд, музычныя інструменты, і нават фрагмент сапраўднага слуцкага пояса.

Разважаючы аб лёсе альковіцкага касцёла, я часам задумваўся — а ці так бы ўдала ён склаўся, калі б не той бацькаў ліст? І доўгі час мне нават да галавы не прыходзіла ўдакладніць, якая ж менавіта тэлеперадача дала штуршок усёй гэтай трагікамічнай гісторыі, так уразіўшы вясковага школьніка. Ліст, які быў тады дасланы з Альковічаў у Вілейку, датуецца менавіта 1976 годам — часам з’яўлення першых выпускаў “Спадчыны”. Такім чынам, праз клопат аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, біяграфія пісьменніка перасеклася і з гісторыяй нашай сям’і.

Спадчына пісьменніка

Адным з найбольшых набыткаў, якія перадаў і пакінуў нашчадкам Уладзімір Караткевіч, былі не толькі яго цудоўныя і захапляльныя творы, не толькі пачуццё павагі да сваёй мінуўшчыны і яе герояў, але, не ў апошнюю чаргу, і ўсведамленне каштоўнасці беларускай гісторыка-культурнай спадчыны. Прысвяціўшы ўсё сваё жыццё справе захавання і папулярызацыі народных помнікаў і традыцый, сам пісьменнік даўно заслужыў на тое, каб часткай гэтай спадчыны зрабіліся сёння таксама мясціны і рэчы, звязаныя з яго імем.

Ужо дваццаць гадоў дзейнічае ў Оршы музей Уладзіміра Караткевіча, размешчаны, дарэчы, у будынку, дзе раней быў радзільны дом, у якім будучы класік з’явіўся на свет. Робяцца пэўныя крокі па мемарыялізацыі бацькоўскай хаты на вуліцы Караткевіча ў Оршы, а таксама дома ягонага дзядзькі ў Рагачове, дзе пісьменнік часта гасцяваў і ствараў свае найлепшыя творы. Захоўваецца памяць аб пісьменніку і ў яго апошняй мінскай кватэры на вуліцы Карла Маркса, а экскурсаводы і знаўцы гісторыі літаратуры могуць падказаць цікаўным і іншыя адрасы пісьменніка ў сталіцы — на вуліцах Чарнышэўскага ды Харужай.

Уладзімір Караткевіч, вядома, заслугоўвае новых музеяў, вуліц, мемарыяльных шыльдаў. Але найбольшым помнікам яму і найлепшай узнагародай за ўсё зробленае ім для беларскай культуры будзе наша сённяшняе дбайнае стаўленне да тых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, аб лёсе якіх ён клапаціўся пры жыцці, любоў ды павагу да якіх імкнуўся перадаць усім нам.