Крэатыў ад “Арт-Мінска”

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

19 лістапада распачаўся фестываль мастацтваў “Арт-Мінск — 2020”. Ладзіцца фестываль у трэці раз. Ягоная цэнтральная пляцоўка — сталічны Палац мастацтва.

/i/content/pi/cult/825/17635/24.jpgУсяго ж у праекце задзейнічана восем пляцовак, на якіх мусіць быць разгорнута шырокая панарама сучаснага беларускага мастацтва. Звыклай урачыстай імпрэзы адкрыцця экспазіцыі ў Палацы мастацтва не было. Яно і зразумела: пандэмія. Госці вернісажу былі спрэс у медыцынскіх масках і спрабавалі нават у святочным натоўпе захоўваць дыстанцыю бяспекі.

Відаць, што над экспазіцыяй добра папрацавалі. Палац мастацтва будаваўся ў тыя гады, калі эстэтычныя запыты грамады былі іншымі. Ды і мастацтва было іншым. Таму сёння людзям, што робяць у Палацы творчыя экспазіцыі, даводзіцца часам знаходзіць неверагодныя рашэнні, каб надаць гэтай прасторы новую вобразнасць. Вось і гэтым разам атрымалася вельмі ўдала.

/i/content/pi/cult/825/17635/25.jpgТыя, хто сочыць за падзеямі ў нашай культурніцкай прасторы, адразу заўважаць, што эмацыйна-сэнсавае ядро экспазіцыі складаюць творы мастакоў, чыі імёны на слыху, хто мае сваю немалую глядацкую аўдыторыю, чыя творчасць запатрабавана ў краіне і за яе межамі. Канкрэтныя імёны не называю, каб гэта не прагучала агітацыяй за канкрэтныя творы. Рэч у тым, што на ўваходзе кожнаму гледачу даюць бланк для галасавання, на якім трэба было пазначыць тры найлепшыя на ягоны густ работы.

Як станоўчую адзначу тую акалічнасць, што ў параўнанні з ранейшымі мастацкімі імпрэзамі ў творах экспазіцыі стала меней эпатажнасці, безгустоўнай правакацыйнасці і, скажам шчыра, пэўнага дылетантызму, які маскіраваўся пад дэмакратычнасць. Нават аўтарам работ, якім па маім меркаванням не заўсёды хапае карэктнасці пры трактаванні няпростых псіхалагічных і сацыяльных калізій, не адмовіш у прафесіяналізме, у здольнасці намаляваць нешта эфектна і прыгожа.

Яшчэ мне падаецца, што абстрактнае мастацтва ў беларускай версіі нарэшце пазбаўляецца своеасаблівага комплексу непаўнавартаснасці ў дачыненні мастацтва рэалістычнага. На выставе я ўбачыў цудоўныя творы, не прывязаныя да тэмы, пазбаўленыя сюжэтнасці. Так, на іх падставе цяжка выбудаваць пэўны асацыятыўны шэраг, але пры гэтым яны прыгожыя, эфектныя і самадастатковыя паводле крытэрыяў нерэалістычнай эстэтыкі.

Праўда, былі ад пабачанага на выставе і думкі роспачныя. Некаторыя выдатныя майстры, чый почырк і творчая грунтоўнасць заўжды выклікалі маё захапленне, у кантэксце гэтай экспазіцыі глядзеліся, так бы мовіць, архаічна. Ці, можа, лепей сказаць, не крэатыўна. Бо, як мне здаецца, творцу, які выпрацаваў свой почырк, стварыў свой вобразны лад і мае ўласнае бачанне свету, няма патрэбы рэагаваць на хістанні хуткаплыннай моды.

І яшчэ важная заўвага: па ўсім відаць, што мастакі дакладна разумеюць сучасную рэальнасць і не абыякавыя да штодзённага жыцця сваёй краіны. Што ёсць добра.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"